Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
5. Дык вось, калі я трохі пазней, чым звычайна, вяртаўся з вячэры і быў нецвярозы, што і з’яўляецца маім сапраўдным злачынствам, ад якога не адракаюся, каля дома вашага паважанага суайчынніка Мілона, дзе я спыніўся на кватэры, убачыў нейкіх раз’юшаных разбойнікаў, якія ламалі дзверы, і з лютасцю выцягвалі старанна змайстраваныя засаўкі, і згаворваліся паміж сабой загубіць гаспадароў. Адзін з іх, самы спрытны, каржакаваты, падахвочваў іншых: «Гэй, хлопцы, нападзём на сонных, як і належыць мужчынам, хутка і моцна. Прэч усякае марудства, усякую вяласць! Даставайце мячы, і няхай па ўсім доме гуляе забойства! Хто спіць, няхай загіне! Мы выйдзем цэлыя, калі ў доме не застанецца нікога ў жывых!» Праўду кажучы, квірыты, пры сустрэчы з такімі галаварэзамі, усведамляючы абавязак сумленнага грамадзяніна і адчуваючы немалы страх за сваіх гаспадароў і за самога сябе, узброены кароткім мячом, які быў у мяне з сабой на выпадак падобнага здарэння, я хацеў напалохаць іх і змусіць уцячы. Аднак гэтыя лю-
тыя злачынцы, сапраўдныя варвары, і не збіраліся ўцякаць. Яны пачалі нахабна супраціўляцца, хоць бачылі ўмаіх руках зброю.
6. Пачынаецца сапраўднае змаганне. Правадыр банды накінуўся на мяне з усіх сіл і, схапіўшы мяне абедзвюма рукамі за валасы і закінуўшы маю галаву назад, хацеў разбіць яе каменем. Але пакуль ён крычаў, каб падалі яму камень, я прабіваю яго цвёрдай рукой, і ён валіцца дагары. Затым другога, які кусаўся, учапіўшыся мне за ногі, прабіваю меткім ударам між лапатак, а пасля пранізваю наскрозь грудзі трэцяму, які стрымгалоў на мяне рынуўся. Гэтак, вярнуўшы супакой і абараніўшы дом маіх гаспадароў і грамадскую бяспеку, я не толькі лічу сябе ні ў чым не вінаватым, а нават думаў, што заслугоўваю пахвалы ад грамадзян, тым больш што нават цень абвінавачання ў якім-небудзь злачынстве не клаўся на мяне ніколі. I на радзіме заўсёды ўсе лічылі мяне чалавекам сумленным, бо чыстае сумленне ставіў я ўсюды вышэй за любую выгаду.
Цяпер я не магу зразумець, чаму справядлівая расправа, зробленая мною з гэтымі гнюснымі разбойнікамі, накладае на мяне гэтае абвінавачанне, хоць ніхто не зможа даказаць, што раней між намі мела месца варожасць або што я з імі знаёмы, ні тым больш няма мовы аб якойнебудзь нажыве, якая вытлумачыла б гэта злачынства»,
7. Закончыўшы, я зноў заліўся слязьмі і, выцягваючы ў вялікім горы свае рукі, выпрошваю то ў адных, то ў другіх у імя іх самых дарагіх прыхільнасцяў грамадзянскай літасці.
Мне пачадо ўжо здавацца, што ў прысутных прачнулася спачуванне, што ўсе расчулены, бачачы жаласлівыя слёзы, я ўжо паклікаў у сведкі ўсеабдымныя вочы Сонца і Справядлівасці і ход маёй справы збіраўся аддаць у рукі найвышэйшай боскай волі, як раптам, трохі прыўзняўшы галаву, бачу, што ўвесь натоўп надрываецца ад смеху і нават мой добры гаспадар Мілон рагоча на ўсё горла. Тады я падумаў: «Вось яна, вернасць! Я зрабіўся дзеля ратавання гаспадара забойцам, мне пагражае смяротнае пакаранне, а ён не толькі не просіць за мяне і не прыносіць мне сваёй прысутнасцю ніякай уцехі, а нават рагоча над маёй бядой!»
8. У той момант прабягае праз сярэдзіну тэатра нейкая заплаканая, у жалобе жанчына з дзіцём на руках, а следам за ёй другая ў жудасных лахманах, старая і такая ж збедаваная і ў слязах. Абедзве трасуць аліўкавымі галінкамі і, стаўшы абапал месца, дзе ляжалі накрытыя нябожчыкі,
падымаюць плач і галашэнне: «Заклінаем усіх грамадзянскай літасцю і для ўсіх агульным правам на спачуванне! Злітуйцеся над ганебна зарэзанымі юнакамі і над нашым удаўством, дайце нашай адзіноце пацеху і адплату ці хоць акажыце дапамогу гэтаму немаўляці, ужо з малых гадоў абяздоленаму, і кроў гэтага забойцы няхай стане ахвярай выкупу перад вашым законам і пастановамі грамадзянскай маральнасці!»
Пасля гэтага старэйшы суддзя падняўся і звярнуўся да народа: «Злачынства, якое заслугоўвае сур’ёзнага пакарання, не адмаўляе і той, хто яго зрабіў, аднак у нас застаўся яшчэ адзін клопат — знайсці супольнікаў гэтага страшнага ўчынку, бо зусім немагчыма паверыць, каб адзін чалавек мог справіцца з трыма такімі дужымі маладымі людзьмі. 3 гэтай прычыны прыйдзецца нам здабыць прызнанне катаваннямі. Слуга, які быў з ім, схаваўся, і так склаліся ўмовы, што толькі ён сам пры допыце можа назваць сваіх хаўруснікаў, каб мы канчаткова пазбавіліся ад гэтай лютай хеўры».
9. Неўзабаве прыносяць, па грэцкім звычаі, агонь, кола і розныя бізуны. Мой адчай расце ці нават падвойваецца: значыць, не ўдасца незнявечанаму памерці. А тая старая, што ўсю маю душу перавярнула сваім плачам, кажа: «Добрыя грамадзяне, перш чым вы гэтага разбойніка, забойцу маіх дзетак прыб’яце да крыжа, дазвольце адкрыць целы забітых, каб, убачыўшы іхнюю маладосць і прыгажосць, вы яшчэ больш прасякнуліся справядлівым абурэннем і праявілі бязлітаснасць, якой заслугоўвае гэта злачынства».
Гэтыя словы былі сустрэты воплескамі, і суддзя загадвае мне самому адкрыць забітых. Праз тое, што я доўга адмаўляюся выстаўляць нанова напаказ трупы, каб не аднаўляць у памяці ўчарашні выпадак, за мяне, па загаду суддзі, з асаблівай настойлівасцю бяруцца стражнікі і нарэшце, адарваўшы ад боку маю руку, змушаюць выцягнуць яе да трупаў. Нарэшце, пераможаны неабходнасцю, я здаюся і, зразумела, супраць сваёй волі, адхінаю пакрывала.
О добрыя багі, што за відовішча! Што за цуд! Якая раптоўная перамена ў маім лёсе! Я ж лічыў сябе ўжо ўласнасцю Празерпіны і дамачадцам Орка, і раптам справа паварочваецца зусім інакш, і я, анямелы, застываю. He магу знайсці адпаведных слоў, каб апісаць гэты незвычайны малюнак — трупы пабітых аказаліся трыма надзьмутымі бурдзюкамі з прасечанымі ў розных месцах дзірамі, якія, наколькі прыпамінаю сваю ўчарашнюю барацьбу, адпавя-
даюць тым месцам, куды я наносіў разбойнікам раны.
10. I вось цяпер тыя, што хітра стрымліваліся ад смеху, далі рогату поўную волю. Некаторыя адны адных радасна віншавалі, іншыя, схапіўшыся рукамі за жывот, стараліся супыніць боль у страўніку. Навесяліўшыся ўдосталь, усе выходзяць з тэатра і аглядаюцца на мяне. А я, як узяў у рукі тое пакрывала, так і стаяў адзервянелы, нерухомы, як камень, ці статуя, або калона ў тэатры. I стаяў я так, пакуль не падышоў да мяне мой гаспадар Мілон і не ўзяў мяне за руку. Ён, нягледзячы на маё супраціўленне, на слёзы і частае ўсхліпванне, пацягнуў мяне за сабой, скарыстаўшы сяброўскі прымус. Выбіраючы зацішнейшыя вуліцы, нейкім кружным шляхам вёў ён мяне да свайго дому, стараючыся гутаркай разагнаць маю змрочнасць і, усё яшчэ дрыготкага, супакоіць. Аднак той крыўды і абурэння, якія заселі ў маім сэрцы, ён не мог затушыць ніякім чынам.
11. Праз нейкі час прыходзяць у наш дом суседзі са сваімі адзнакамі ўлады і стараюцца мяне ўласкавіць такімі разважаннямі: «Нам былі добра вядомыя, пан Луцый, і тваё высокае становішча, і старажытнасць твайго роду, бо па ўсёй правінцыі разносіцца слава аб высакароднасці вашай сям’і. А тое, што прыйшлося табе перанесці і што так моцна цябе засмучае, зроблена не дзеля таго, каб цябе абразіць. Выкінь з галавы гэту непрыемнасць і гані са сваёй душы смутак. Гэтыя гульні, якія мы ўрачыста і ўсенародна спраўляем кожны год у гонар найлітасцівейшага бога Смеху, заўсёды ўпрыгожваюцца якой-небудзь новай выдумкай. Гэты бог вельмі прыхільны як да аўтара, так і да выканаўцаў відовішча ў яго гонар. Ён будзе з любасцю спадарожнічаць табе і не дапусціць, каб ты смуткаваў, і тваё чало заўсёды будзе раз’яснена бесклапотнай радасцю.
Увесь наш горад за зробленую яму паслугу прысудзіў табе высокае званне: ты запісаны ў лік яго патронаў і вынесена пастанова ўзняць тваю бронзавую статую».
На гэта я адказваю: «Дзякую табе, самы знакаміты і непараўнальны сярод гарадоў Фесаліі. Удзячнасць мая роўная і той вялікай пашане, аднак статую раю пакінуць для людзей больш за мяне знакамітых і дастойных».
12. Пасля гэтага сціплага адказу я стараюся ўсміхацца і прыняць, наколькі магчыма, весялейшы выгляд і ветліва развітваюся з суседзямі. А тут прыбягае нейкі слуга і гаворыць: «Цябе кліча твая сваячка Бірэна і напамінае, што настае пара банкету, на які ты ўчора абяцаў прыйсці». Спалохаўшыся самога ўспаміну пра яе дом, я адказваю: «3 ax-
вотай выканаў бы я жаданне цётачкі, калі б не быў звязаны словам. Мой гаспадар Мілон заклінаў мяне богам сягонняшняга дня і прымусіў даць абяцанне абедаць у яго. I сам ён нікуды не ідзе, і мне ісці не дазваляе, дык я прашу прабачэння».
Ледзь гэта я сказаў, як Мілон, узяўшы мяне пад сваю апеку, павёў у лазню, куды загадаў прынесці ўсё патрэбнае нам. Каб чым найменш трапляць на вочы і пазбегнуць кпінаў сустрэчных, я ішоў, прытуліўшыся да яго. Ад сораму не памятаю ўжо, як я мыўся, як націраўся і як вярнуўся дамоў. Гэтак я губляўся і бянтэжыўся, калі ўсе паказвалі на мяне вачыма, кіўкамі і нават пальцамі!
13. Нарэшце, праглынуўшы спехам сціплую вячэру і спаслаўшыся на боль галавы, які быў выкліканы маім няспынным плачам, прашу дазволу на адыход адпачываць і атрымліваю яго. Кінуўшыся на ложак, прыпамінаю ў скрусе здарэнні мінулага дня,аж пакуль, паклаўшы спаць сваю гаспадыню, не з’яўляецца мая Фаціда.
На гэты раз яна не падобная сама да сябе — ні вясёлага твару, ні жвавай гутаркі, панурая, з глыбокімі зморшчкамі на лбе. I вось нясмела, з цяжкасцю вымаўляючы кожнае слова, яна гаворыць: «Я і толькі я была прычынай тваіх непрыемнасцяў,— і тут выцягвае з-за пазухі нейкую дзяжку і, падаючы мне, дадае: — Вазьмі, прашу цябе, і адпомсці нявернай жанчыне, а нават налажы яшчэ большае спагнанне. Але толькі не падумай, што я знарок навяла на цябе гэту напасць. Багі не дапусцяць, каб праз мяне прыйшлося табе хоць крыху папакутаваць. I калі што-небудзь будзе табе пагражаць, няхай будзеш ты выбаўлены з небяспекі цаной маёй крыві! Дык вось, па волі злога лёсу тое, што я рабіла паводле чужога загаду і з іншымі намерамі, павярнулася на тваю шкоду».
14. Тады я пад уплывам сваёй прыроджанай дапытлівасці, жадаючы высветліць скрытую прычыну здарэння, кажу: «Гэта пуга, прызначаная для пакарання цябе самой, самая паганая і самая ненавісная, і я перш парэжу яе і парву на шматкі, чым дакрануся да тваёй пуховай, малочнай скуры. Але ты раскажы, які твой праступак пакіравала зменлівасць лёсу на маю шкоду. Клянуся табе тваёй найдаражэйшай мне галавою, што я не магу паверыць нікому і нават табе самой, калі б ты казала, што нібы ты задумала нешта на маю згубу. А прытым неспадзяваны выпадак, калі б ён нават і аказаўся варожым, не можа цябе зрабіць вінаватай». Закончыўшы гэта, вочы маёй Фаціды, вільгот-