Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
КНІГА ДРУГАЯ
1. Як толькі ноч рассеялася і сонца прывяло новы дзень, я адначасова развітаўся са сном і з ложкам. Чалавек я наогул неспакойны і бязмерна прагны да ўсяго небывалага і цудоўнага. Апынуўшыся ў цэнтры Фесаліі, якая на ўсім свеце славіцца як радзіма магічнага майстэрства, трымаючы
ў памяці тое, што гісторыя, расказаная добрым спадарожнікам Арыстаменам, пачынаецца з гэтага горада, я з цікавасцю аглядаў усё навокал, усхваляваны жаданнем, змяшаным з нецярплівасцю. Любы прадмет у горадзе выклікаў у мяне падазрэнне, і не было ні аднаго, які б я прымаў за тое, чым ён быў сапраўды, Усё здавалася мне ператвораным зламыснымі намовамі ў іншы від. Нават камяні, па якіх я ступаў, здаваліся мне акамянелымі людзьмі, птушкі, спевы якіх слухаў, таксама людзьмі, толькі ўкрытымі пер’ем; дрзвы навокал гарадскіх сцен — таксама людзьмі, але прыкрытымі лісцем; і крынічная вада, здавалася мне, выцякала з людскіх целаў. Я ўжо чакаў, што статуі і карціны пачнуць рухацца, сцены гаварыць, быкі і іншыя жывёліны прарочыць, і з самога неба, з дзённага свяцільніка пачуецца раптам прароцтва.
2. Вось так усё наўкола разглядаю і ледзь не млею ад пакутлівай цікаўнасці, аднак не бачу ніякай прыкметы хуткага здзяйснення сваіх спадзяванняў. Блукаю, як п’яны, з вуліцы ў вуліцу і незнарок трапляю на рынак. Тут я заўважаю нейкую даму, акружаную шматлікімі слугамі, і прыспешзаю крокі, каб яе дагнаць. Багатая вопратка, упрыгожаная золатам і каштоўнасцямі, сведчыла, што гэта была знакамітая матрона. Побач з ёй ішоў пажылы мужчына, які, заўважыўшы мяне, крыкнуў:
«Клянуся Геркулесам, што гэта Луцый!» Ён абняў мяне і зараз жа пачаў шаптаць штосьці матроне на вуха. «Чаму ж ты,— кажа,— сам не падыдзеш і яе прывітаешся са сваячкай?» «Я не асмельваюся,— адказваю яму,— вітацца з жанчынамі, якіх не знаю». I ў той жа час, зачырванеўшыся і апусціўшы галаву, адступаюся. Але тая, спыніўшы на мне свой позірк, прамовіла: «Вось яна, высакародная сціпласць дабрадзейнай Сальвіі, яго маці, ды і ва ўсім яго выглядзе надзвычайнае да яе падабенства: адпаведны рост, стройнасць без хударлявасці, не вельмі яркі румянец, светлыя кучаравыя валасы, блакітныя зыркія і бліскучыя вочы, зусім як у арла, твар, адкуль ні глянь,— кветнік маладосці, чароўны і свабодны поступ».
3. «Я цябе, мой Луцый,— працягвала яна,— выняньчыла вось гэтымі рукамі. Бо як жа інакш? Я не толькі сваячка, а і малочная сястра тваёй маці. Абедзьве мы з роду Плутарха, адна была ў нас карміцелька, і выраслі мы разам, як дзве сястры. Розніца між намі толькі ў становішчы: яна выйшла замуж за вельмі знакамітага чалавека, а я за землеўласніка. Я тая Бірэна, імя якой ты напэўна не раз чуў ад
сваіх выхавальнікаў і напэўна запамятаў. Прымі ж з даверам маю гасціннасць, ці інакш, лічы мой дом сваім». Перастаўшы ў часе гэтай прамовы чырванець, я адказваю: «Не будзе прыгожа, цётачка, без прычыны адмаўляцца ад гасціннасці Мілона. Але я буду наведваць цябе так часта, як мне дазволяць мае справы. Іншым разам, калі б сюды ні прыехаў, нідзе, апроч цябе, не спынюся».
Тым часам, абменьваючыся кампліментамі, мы апынуліся каля дома Бірэны, які быў за некалькі дзесяткаў крокаў.
4. У цудоўным атрыуме, у кожным з чатырох яго кутоў узнімалася па калоне, упрыгожанай выявай багіні з пальмавай галінкай. Распусціўшы крылы, багіні заставаліся нерухомымі, і здавалася, што, ледзь дакранаючыся кволай ступнёй да няўстойлівай апоры — рухомага шара, яны толькі на імгненне спыніліся на ёй і гатовыя зноў падняцца ў паветра. Сярэдзіну пакоя займала Дыяна, цудоўна высечаная з пароскага каменю, у вопратцы, якая, магло здацца, развявалася ў імклівым руху насустрач тых, што ўваходзяць, наводзячы ім сваёй веліччу пашану. 3 абодвух бакоў акружалі яе, таксама каменныя, сабакі. Вочы іх гараць, вушы настаўленыя, ноздры раздзьмутыя, зубы вышчараныя. Калі дзе-небудзь паблізу пачуецца брэх, дык здасца, што ён выходзіць з тых каменных горлаў. Выдатны скульптар выявіў сваё майстэрства найярчэй у тым, што пярэднія лапы сабак ускінуліся ў паветра разам з высока паднятымі грудзьмі, і яны як быццам бягуць, хоць іх заднія лапы абапёртыя на зямлі. За плячамі багіні ўзвышалася скала ў выглядзе грота, упрыгожаная мохам, травой, лістамі, галінкамі, то вінаградам, то кустамі на камянёх. Цень, які адкідае статуя ў пячору, рассейваецца бляскам мармуру. Па ўскраі скалы віселі выдатна вырабленыя яблыкі і вінаград, у якіх мастацтва спаборнічала з прыродай. Здавалася, што іх можна будзе сарваць і з’есці, калі парой вінаграднага збору пазалоціць іх восень спелым колерам.
Калі нахілішся да струменьчыка, які выбягае з-пад ног багіні і цурчыць звонкай плынню, паверыш, што гэтым гронкам апроч іншай праўдападобнасці дабаўлена трапяткая жывасць руху, як быццам яны вісяць на сапраўднай лазе.
Сярод гушчару — Актэон, высечаны з каменю, напалову ўжо ператвораны ў аленя. Ён уважліва глядзіць на багіню — сочыць, калі Дыяна пачне купацца, і яго адлюстраванне адбіваецца і ў мармуры грота, і ў басейне.
5. Пакуль я так няспынна гляджу на ўсё гэта з вялікай
прыемнасцю, Бірэна кажа: «Усё, што бачыш, лічы сваім». Пасля гэтага адпраўляе ўсіх, каб пагаварыць са мной без сведкаў.
Калі мы засталіся адны, яна сказала: «Гэта багіня, дарагі Луцый, зарука, што я за цябе вельмі трывожуся і баюся і як роднага сына хачу выратаваць ад небяспекі. Сцеражыся, ой сцеражыся злога майстэрства і злачынных чараў гэтай Памфілы, жонкі Мілона, які, як кажаш, з’яўляецца гаспадаром тваёй кватэры. Яна ў нас славіцца першай ведзьмай, якая ўмее выклікаць душы нябожчыкаў. Нашэпча на палачку, на каменьчык ці на якую іншую дробязь, і ўсё зорнае скляпенне скіне ў пекла, і ўвесь свет апусціцца ў спрадвечны хаос. Як толькі ўбачыць прыгожага юнака, адразу захапляецца ягоным выглядам і прыкоўваецца да яго душой і вачыма. Спакушае яго, авалодвае яго сэрцам і навек звязвае яго ланцугамі ненасытнага кахання. А калі хто супрацівіцца і пагрэбуе ёю, зараз жа ператварае яго ў камень, у жывёлу, у любога звера або і зусім знішчае.
Вось дзеля чаго я хвалююся і баюся за цябе і раджу табе асцерагацца. Яна няспынна пакутуе юрам, а ты па ўзросту і прыгажосці ёй падыходзіш...»
Гэтак усхвалявана вяла са мной гутарку Бірэна.
6. А я, і так поўны цікаўнасці, як толькі пачуў даўно жаданае слова «магія», дык замест таго, каб пазбягаць падкопаў Памфілы, пачаў усёй душой імкнуцца за любую цану аддаць сябе пад яе ўплыў, гатовы стрымгалоў кінуцца ў бездань. He помнячы сябе ад нецярплівасці, я вырываюся з рук Бірэны, як з кайданоў і, хутка сказаўшы «бывай», імчуся ў дом Мілона. Паскараючы крок, як дурнаваты, кажу сам сабе: «Дзейнічай, Луцый, не будзь разявакам і трымайся! Вось табе жаданы выпадак, цяпер можаш здаволіцца даўно чаканымі цудоўнымі казкамі. Адкінь дзіцячыя страхі і горача бярыся за справу, толькі ўстрымайся ад абдымкаў сваёй гаспадыні і лічы свяшчэнным ложак сумленнага Мілона! Аднак трэба асабліва пастарацца каля служанкі Фаціды! Яна ж і з твару прынадная, і рэзвага нораву, і вострая на язык. Учора вечарам, калі ты валіўся ад сну, як жа клапатліва правяла яна цябе ў спальню, ветліва ўклала ў пасцель, добра і старанна накрыла і, пацалаваўшы ў лоб, пайшла, некалькі разоў азірнуўшыся. Што ж, удачы мне! Што будзе, тое будзе, папрабую шчасця з Фацідай!»
7. Так разважаючы, дайшоў я да Мілонавых дзвярэй, галасуючы, як гаворыцца, за сваю прапанову. Але дома не застаю ні Мілона, ні яго жонкі, а толькі маю дарагую Фаці-
ду. Яна рыхтавала сваім гаспадарам рагу, прыемны пах якога я пачуў ужо здалёк. Апранутая была яна ў палатняную туніку, падперазаную высока пад грудзьмі прыгожым чырвоным поясам, і спрытнымі ручкамі размешвала цеста ў гаршку, а яе гэтыя кругавыя рухі суправаджаліся частымі ўздрыгваннямі, і ад таго яе клубы плаўна, ледзь прыкметна пакалыхваліся, а спіна яе цудоўна хвалявалася і хісталася. Захоплены гэтым відовішчам, я аслупянеў, стаю і дзіўлюся; узрушыліся і мае члены, якія былі дагэтуль у супакоі. Нарэшце я звяртаюся да яе: «Як цудоўна, як міла патрасаеш ты, прыгожая Фаціда, гэтай каструляй і сваімі ягадзіцамі! Якую цудоўную рыхтуеш ежу! Тройчы шчаслівы той, каму ты хоць пальцам дакрануцца да яе дазволіш!» На гэта дзяўчына, наколькі прыгожая, настолькі развязная, кажа: «Адыдзіся ад майго агню, бядак, бо калі нават найменшая мая іскра цябе запаліць, дык ушчэнт згарыш! Тады ніхто, апроч мяне, агню твайго не патушыць, бо я не толькі каструлі, але і ложак патрасаць умею!»
8. Сказаўшы гэта, глянула на мяне і засмяялася. Аднак я не адышоўся, пакуль усю яе не агледзеў, прытым найболыц мяне цікавілі яе твар і валасы. На іх глядзеў я раней хцівымі вачамі пры людзях, імі цешыўся пасля ў сваім пакоі. Прычына гэтай маёй асаблівай увагі ясная і зразумелая, бо гэта частка цела заўсёды адкрытая і найперш трапляе нам на вочы, і чым для рэшты цела служаць расквечаныя вопраткі, тым для твару валасы — яго прыроднае ўпрыгожванне. Часта жанчыны, каб паказаць усю сваю красу, скідаюць адзежу або ўзнімаюць яе, адхінаючы голую прыгажосць, аддаючы перавагу ружоваму колеру цела перад залатым бляскам адзення. Аднак калі б (жудаснае ўяўленне, няхай нас багі бароняць ад намёкаў нават на яго здзяйсненне), калі б у самых прыгожых жанчын зняць з галавы валасы і пазбавіць іхні твар прыроднай красы, то няхай любая будзе хоць самой Венерай, акружанай грацыямі і купідонамі, падперазанай сваім поясам, хай пахне кінамонам і струменіць бальзам, калі будзе лысая, дык нават свайму Вулкану не зможа падабацца.
9. А што скажаш, калі валасы маюць прыемны колер і бляск і пад праменнем сонца мацней пачнуць праяўляць ззянне або спакойны водбліск і мяняць свой чароўны выгляд — то палымнець золатам, то апускацца ў далікатны мядовы цень, то крумкачовай чарнатой спаборнічаць з апярэннем галубіных грудзей? Што скажаш, калі напамаджаныя арабскімі мазямі, раздзеленыя зубамі вострага грэбеня
на дробныя пасмы і сабраныя назад, пачнуць прыцягваць зрок каханага, адбіваючы яго аблічча накшталт люстэрка ці яшчэ мілей? Што скажаш, калі, заплеценыя ў мноства кос, яны раскладваюцца на галаве або, адкінутыя, шырокай хваляй ападаюць па плячах? Адным словам, прычоска мае такое вялікае значэнне, што ў якую б дарагую вопратку з золатам і каштоўнасцямі жанчына ні апранулася, чым бы ні ўпрыгожылася, калі не спарадкавала сваіх валасоў, прыбранай назвацца не можа.