Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
Апулей быў сынам заможнага высокага рангу чыноўніка і атрымаў добрую адукацыю. Вучыўся ён адразу ў родным горадзе, а пазней у Карфагене, дзе выявіў схільнасць да рыторыкі і філасофіі.
Атрымаўшы пасля бацькавай смерці значны спадак і свабоду дзеяння, выехаў у Афіны. Там, далучыўшыся да школы платонікаў, працягваў вывучаць філасофію, а пасля таго шмат падарожнічаў, наведаў розныя далёкія правінцыі імперыі і ўрэшце прыбыў у Рым. У сталіцы дасканала авалодаў лацінскай мовай і пачаў выступаць у судзе ў якасці адваката. Аднак жьіццё ў вялікім горадзе вымагала значных сродкаў, дык калі запас іх вычарпаўся, а заробак аказаўся недастатковым, прыйшлося яму вярнуцца на радзіму ў Мадаўру. Тут ён пражыў некалькі гадоў, займаючы ў гарадской управе значныя пасады.
Аднак схільнасць да падарожжаў не пакідала яго ўвесь час, і ён нарэшце выбраўся ў Александрыю, але ў дарозе цяжка захварэў і мусіў спыніцца ў невялікім горадзе Эе ў Трыпалі. Тут сустрэўся з мясцовым жыхаром, былым сваім калегам па вучобе ў Афінах, Панціянам і пры яго садзеянні ці мо спакусіўшыся спакойным бязбедным жыццём прыстаў у прымы да яго маці Пудэнтылі. Гэта жаніцьба прынесла яму шмат непрыемнасцяў. Удаве было ўжо больш за сорак гадоў, і хцівыя сваякі (малодшы сын і брат нябожчыка мужа Пудэнтылі) абвінавацілі Апулея ў тым, што быццам ён, маладзейшы за жонку на гадоў 15, адурманіў яе чарамі, каб завалодаць маёмасцю.
Абвінавачанне ў магіі было ў той час вельмі небяспечным, яно пагражала смерцю. Апулей паспяхова абараніўся ад зробленых яму на судзе закідаў і апісаў гэты працэс у сваім выдатным творы пад загалоўкам «Апалогія».
I ўсё ж у пазнейшыя часы за ім замацавалася слава мага. Садзейнічала гэтаму, як відаць, не столькі «Апалогія», колькі яго славуты раман «Метамарфозы, ці Залаты асёл», у якім як у фабуле аснаўнога зместу, так і ў дадатковых устаўленых навелах многа містычна-магічных тэм.
Творчасць Апулея дайшла да нас не поўнасцю, але яго літаратурная спадчына пераконвае чытача, што гэта быў чалавек высокаадукаваны, выдатны знаўца рыторыкі і мовы, здольны і дасціпны пісьменнік. Яго творы паведамляюць нам шмат цікавага пра побыт, умовы жыцця і норавы старажытных людзей.
Раман «Метамарфозы» больш вядомы пад загалоўкам «Залаты асёл». Эпітэт «залаты» даваўся звычайна творам, якія мелі вялікі поспех. Твор складаецца з 11 раздзелаў (кніг), напісаных ад першай асобы. Кампазіцыя яго вельмі складаная. У асноўную фабулу ўплецены 12 навел, большасць якіх носіць авантурнакрымінальны і эратычны характар. З’яўленне твора адносяць на гады 170—175 н. э. Герой рамана, месца дзеяння, легенды і павер’і грэцкія, толькі мова яго лацінская.
Дата смерці Апулея таксама невядомая. У пазнейшы перыяд жыцця ён выбраў сабе сталым месцам жыхарства горад Карфаген, дзе карыстаўся вялікай павагай і славай выдатнага прамоўцы і займаў пасаду вярхоўнага жраца. Яшчэ пры яго жыцці ў горадзе былі пастаўлены дзве яго статуі, аднак верагоднага вобраза Апулея няма. Захаваўся адзін медальён IV ці V стагоддзя з яго імем. Адлюстраваны ён там такім, якім малюе яго абвінаваўчы акт, цытаваны ў «Апалогіі» -— правільны, да нейкай ступені жаночы, твар, акружаны доўгімі густымі кучаравымі пасмамі.
Пятро Б і т э ль
МЕТАМАРФОЗЫ, ЦІ ЗАЛАТЫ АСЁЛ
КНІГА ПЕРШАЯ
1. Вось я хачу збаяць табе, чытач, розныя мілецкія казкі, якія павінны пацешыць твой слых прыемным лепятаннем, калі толькі ты пажадаеш зірнуць на егіпецкі папірус, спісаны завостранай нільскай трысцінкай. Ты надзівуешся з ператварэнняў людзей у іншыя формы існавання і з вяртання іх у свой папярэдні стан. Я пачынаю. «Але хто ён такі?» — запытаеш. Паслухай, раскажу коратка.
Антычная Гімета, Эфірэйскі перашыек і Спартанская Танара, землі шчаслівыя, бессмяротныя праз яшчэ шчаслівейшыя кнігі — гэта мая старасвецкая радзіма. Тут авалодаў я атыцкай гаворкай, і гэта з’явілася першай заваёвай майго дзяцінства. Пасля таго я прыбыў у Лаціум і з вялікімі цяжкасцямі, без ніякай дапамогі адолеў родную мову квірыдаў. Дзеля гэтага ў першую чаргу прашу мне прабачыць, калі ў маім стылі сустрэнуцца іншамоўныя або простанародныя звароты.
Але ж гэтыя чаргаванні гаворак адпавядаюць здольнасці імгненных ператварэнняў, пра якія я наважыў напісаць. Пачынаем грэцкую казку.
Увага, чытач, будзеш задаволены.
2. Аднойчы ехаў я па справах у Фесалію, адкуль родам была мая маці і дзе наш род быў у пашане, бо паходзіў ён ад знакамітага Плутарха праз ягонага пляменніка філосафа Секста.
Ехаў я на мясцовым белым кані, а калі ён, мінуўшы горныя крутасці, спускі ў даліны, росныя лугі і ўробленыя палі, змарыўся, а мне ад доўгага сядзення захацелася выпрастаць ногі, тады я спешыўся, абцёр потнага каня лістамі, пагладзіў яго па вушах, адпусціў вуздэчку і павёў, каб даць яму магчымасць натуральным спосабам аблягчыць свой стомлены страўнік. I калі мой конь, згінаючы галаву,
саскубваў траву на сенажаці, уздоўж якой ступаў, я дагнаў двух спадарожнікаў, што ішлі недалёка перада мной. I перш чым даведацца, аб чым яны гутараць, я пачуў, ях адзін з іх, рассмяяўшыся, кажа:
«Змоўкні і пазбаў мяне ад гэтых казак, наколькі недарэчных, настолькі пустых».
Пачуўшы гэта, я, ахвотны да ўсякіх навін, кажу:
«Наадварот, працягвай. Дазвольце і мне ўдзельнічаць у вашай гутарцы. Я не ад цікаўнасці, а хачу ведаць, калі не ўсё, дык чым найбольш, прытым прыемнае і забаўнае апавяданне палегчыць нам узыход на круты пад’ём».
3. Той, што пачаў, адказвае: «Ну! Усе гэтыя выдумкі так падобныя да праўды, як бы нехта пачаў даказваць, што магічныя нашапты могуць прымусіць быстрыя рэкі плысці назад, мора суцішыцца, вецер спыніцца, сонца не рухацца, месяц затуманіцца, зоры падаць, дзень знікнуць, ноч падоўжыцца».
Тады я кажу больш упэўнена: «Ты, што пачаў апавяданне, канчай яго, будзь ласкаў, калі табе не надакучыла». А пасля другому: «А ты, заткнуўшы вушы, адмаўляеш тое, што можа быць праўдай. Клянуся Геркулесам, ты сабе не ўяўляеш, што толькі прадузятасць змушае нас прымаць за махлярства тое, што новае для слыху, ці незвычайнае для вока, або недаступнае нашаму разуменню. А калі прыгледзецца лепей, дык можна ўбачыць, што ўсё гэта цалкам зразумелае і нават лёгкае ў выкананні.
4. Вось, напрыклад, яшчэ ўчора вечарам, калі мы з сябрам елі навыперадкі пірог з сырам і я захацеў глынуць трохі большы, чым звычайна, кавалачак, раптам мяккая і ліпучая ежа завязла ў мяне ў горле і так заняло мне дых, што я ледзь не памёр. А вось нядаўна ў Афінах каля Пярэстага порціка бачыў я на свае вочы, як фокуснік глытаў вастрыём уніз найвастрэйшы баявы меч. А пасля таго за мізэрныя грошы ўваткнуў сабе ў кішкі вострым канцом паляўнічую піку. I вось на акуты канец перавернутай пікі, якая вытыркала з горла фокусніка, ускочыў прыгожы хлапчук і, усім надзіва, пачаў выкручвацца ў танцы, быццам быў без сухажылляў і без касцей. Сапраўды, спрытней не магла абвіцца вакол палкі з абсечанымі сукамі змяя бога лекараў. Аднак даволі! Закончы, прашу цябе, сябра, тую гісторыю, якую ты пачаў. Калі твой таварыш не хоча верыць, дык я паверу за двух і ў першай сустрэчнай харчоўні пачастую цябе снеданнем. Вось такую атрымаеш узнагароду».
5. А ён адказвае: «Прапанову вашу лічу справядлівай і добрай, але мне давядзецца нанова пачаць сваё апавяданне. Дык перш паклянуся вам Сонцам, гэтым богам, які ўсё бачыць, што расказ мой праўдзівы і дакладны. I вы самі пераканаецеся ў гэтым, як увойдзеце ў бліжэйшы Фесальскі горад; там гавораць пра гэта ўсе, бо ўсе гэта бачылі. Аднак дазвольце перш сказаць вам, хто я такі і адкуль родам. Завуся я Арыстамен і паходжу з Эгіны. Паслухайце таксама, з чаго я жыву: езджу я ў розных кірунках па Фесаліі, Этоліі і Бэоцыі з мёдам, сырам і іншым таварам для карчмароў. Даведаўшыся аднойчы, што ў Гіпаце, найбуйнейшым горадзе Фесаліі, прадаецца нядорага смачны і свежы сыр, я падаўся туды, каб закупіць яго ўвесь. Аднак, як гэта нярэдка здараецца, трапіў туды благім часам, і надзеі на заработак мяне ашукалі. Напярэдадні ўсё закупіў гандляр Лупус.
Стомлены дарэмнай спешкай, вырашыў я схадзіць вечарам у лазню.
6. Раптам бачу свайго сябра Сакрата! Ён сядзеў на зямлі, акрыты толькі напалову нейкім старым парваным плашчом, амаль не падобны да самога сябе — так адмянілі яго беднасць і худзізна. Ён стаў падобным да тых пасынкаў лёсу, якія сядаюць на скрыжаваннях вуліц і просяць міласціну. Хоць я добра яго знаў і вельмі з ім дружыў, але, убачыўшы ў гэткім стане, засумняваўся і падышоў бліжэй. «Сакрат,— кажу,— што з табой? Што ў цябе за выгляд? Што за мізэрны стан? А ўдому ж цябе ўжо аклікалі памерлым і аплакалі. Паводле загаду суддзі правінцыі дзецям тваім прызначаны апекуны, а твая жонка, пасля памінкаў ад бясконцага жалю і гора ледзь не выплакаўшы вачэй, ужо чуе ад родзічаў прапановы развесяліць дом радасцю новага шлюбу. I раптам бачу цябе тут, на нашу надзвычайную ганьбу, прывідам з таго свету!»
«Арыстамен,— адказаў ён,— сапраўды, не ведаеш ты каварства лёсу, яго нетрывалай ласкі і зменлівасці». Сказаўшы гэта, прыкрыў сваё даўно пачырванелае ад сораму аблічча палатаным і падзёртым плашчом, адхінуўшы частку цела ад пупа да адзнакі прыналежнасці да мужчынскага полу. Я не мог глядзець на гэты жаласны стан майго сябра, падаў яму руку і памог падняцца на ногі.
7. Аднак ён, як быў з накрытай галавой, кажа: «Пакінь, няхай лёс удосталь нацешыцца з ахвяры, якую стварыў на здзек».
Я змушаю яго ісці са мной, хутка апранаю ці, дакладней
сказаць, прыкрываю ягоную галізну адной з дзвюх маіх апратак, якую зняў з сябе, і вяду яго ў лазню. Там старанна рыхтую мазі і націранні, здымаю з яго вялікі слой бруду і, як след вымыўшы, сам вельмі стомлены, вяду яго, падтрымоўваючы, да сябе, саграю пасцеляй, частую ежай, падмацоўваю келіхам, забаўляю гутаркай.
Ужо пачаў ён размаўляць і жартаваць, ужо пайшлі жарты і кпіны, хоць і нясмелыя, ды раптам, цяжка з глыбіні грудзей уздыхнуўшы, ён моцна стукнуў сябе кулаком па лобе і выкрыкнуў:
«О я няшчасны! Захапіўшыся гладыятарскімі відовішчамі, што тады вельмі славіліся, у якія ж я заблытаўся беды! Як табе вядома, прыехаўшы ў Македонію па даходнай справе, якая мяне там затрымала больш як на дзевяць месяцаў, я накіраваўся назад з даволі ладным набыткам. Калі быў ужо недалёка ад Ларысы, дзе мне хацелася пабачыць гладыятарскія відовішчы, у самотнай глыбокай цясніне напалі на мяне разбойнікі. Яны забралі ўсё, удалося толькі выратаваць жыццё. У такім адчайным стане падаюся я да старой, але яшчэ бадзёрай удавы, карчмарыхі Мярое. Расказваю ёй, чаму так доўга не быў дома, пра тое, як вяртаўся і як быў абрабаваны. Яна спачувальна праслухала ўсю маю гісторыю, накарміла дарма добрай вячэрай і ўрэшце, пабуджаная пажадлівасцю, узяла мяне да сябе ў ложак. I вось маё няшчасце гатова! 3 гэтага часу не магу ад яе адчапіцца. Усадзіў у яе ўсё: і лахманы, якія мне пакінулі бандыты, і грошы, якія зарабляў, працуючы грузчыкам, калі была яшчэ сіла, аж пакуль гэта добрая жанчына і нядоля не давялі мяне да гэтага стану, у якім ты мяые толькі што бачыў».