Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
Амарыліс — у перакладзе значыць «чырвоная лілея».
Стар. 35. Эхо — у старажытнагрэцкай міфалогіі чорная німфа, увасабленне рэха, што чуваць у гарах і цяснінах.
Паводле аднае версіі, самааддана і без узаемнасці закахалася
ў Нарцыса, сына рачнога бога, уся высахла і зрабілася нявіднаю, ад яе астаўся адзін голас.
Паводле другое версіі, раўнівая Гера, расшукваючы сярод німфаў свайго памаўзлівага мужа, была затрымана доўгімі размовамі Эхо і, раззлаваўшыся, жорстка пакарала яе за гэта — тая перастала гаварыць і магла толькі паўтараць канчаткі сказаных у яе прысутнасці слоў. Яшчэ адну версію міфа пра Эхо гл. кн. III, раздзел 23.
Стар. 37. Метымнейцы — жыхары Метымны, найбольшага пасля Мітылены горада на востраве Лесбасе.
Стар. 44. ...карабель жа ваяводы вёў дэльфін...— У старажытных грэкаў былі пашыраны павер’і пра дэльфінаў як разумных істот, што спагадаюць людзям на моры, засцерагаюць іх перад бураю, паказваюць ім дарогу і г. д.
Стар. 45. ...зрабіўйіы з зялёнага лісця ложа...— Старажытныя грэкі банкетавалі не седзячы, а лежачы на баку.
Стар. 46. ...прапяяў яму адзін сіцылійскі казапас... — Згадка пра сіцылійскага пастуха невыпадковая: старажытнагрэцкая ідылічная паэзія якраз і ўзнікла ў Сіцыліі.
Стар. 51. ...ні нават аафскі снег... — Землі на поўнач ад Чорнага мора, якія насялялі скіфы, у антычнай літаратуры служылі за прыклад марозных і снежных краёў.
...злавесныя птушкі...— старажытны грэк жыў увесь час сярод вешчых знакаў. Конь захроп па дарозе ў горад, скрыпнуў адметна воз ці мацней падзьмуў вецер і г. д.— усё нешта наперад казала яму пра тое, што мела адбыцца.
Было болып за дзесятак розных відаў варажбы: алектрыямантыя (як паводзяць куры пры ядзе), іхтыямантыя (як плаваюць у вадзе рыбы), пірамантыя (як гарыць агонь), гідрамантыя (як цячэ вада), кледанамантыя (якія міжвольныя рухі ў чалавека, у якім вуху зазвінела, як ён чхнуў), хірамантыя і г. д. Сярод іх ці не першае месца займала арнітамантыя — варажба па палёце птушак.
Ужо з’яўленне тых ці іншых птушак было для старажытнага грэка добрым або ліхім знакам, бо птушкі, асабліва драпежныя, неслі людзям волю багоў. Арол — Дзеўсаву, ястраб, крумкач — Апалонаву, варона, сава, чайка, чапля — Афініну, дзяцел — Арэсаву. Разабрацца ў прарочых складанасцях мог толькі спецыяльны варажбіт. Стаўшы тварам на поўнач, ён сачыў, з якога боку надляталі птушкі. 3 правага боку — вяшчалі спагаду багоў, з левага — іх непрыхільнасць. Мелі значэнне не толькі кірунак, але вышыня, хуткасць лёту, уклад ног, крык (умелы варажбіт мог адрозніць шэсцьдзесят чатыры адценні крыку крумкача), і з усяго гэтага выводзілася канчатковае меркаванне.
Таямніцы варажбы перадаваліся вусным спосабам — ад бацькі да сына.
Стар. 54. Іакх — боства нявысветленага паходжання; часта атаясамлівалася з Дыянісам.
«Эвоэ!» — культавы ўсклік на святкаваннях Дыяніса.
Стар. 55. Ітыс — паводле старажытнагрэцкага міфа, сын фракійскага цара Тэрэя і афінскай царэўны Прокны.
Тэрэй, здрадзіўшы з жончынай сястрою Філаменаю, выразаў ёй язык, упэўнены, што цяпер яго Прокна ніколі не даведаецца пра здраду.
I тады Філамена выткала дыван, на якім паказвала, што з ёк> ўчыніў Тэрэй. Сёстры ў помсту цару забілі Ітыса. А пасля, баючыся кары, упрасілі вярхоўнага Дзеўса абярнуць іх у птушак. I цяпер штовясны яны, ужо салавей і ластаўка, пяючы, аплакваюць няшчасную Ітысаву долю. Тэрэй жа быў абернуты ў ястраба ці ва ўдода (розныя варыянты міфа).
Стар. 59. Мэліі ■— німфы, якія нарадзіліся з зямлі, акропленай крывёю Урана.
Дрыяды — драўляныя, г-. зн. лясныя німфы.
Гэлеі — балотныя німфы.
Стар. 62. ...дбае іншы бог...— гэта значыць Эрас.
Драхма — «жменя», старажытнагрэцкая мера вагі (4,366 г) і сярэбраная манета. Такія грошы — тры тысячы драхмаў — рабілі адразу Дрыяса заможным.
Стар. 63. ...выбіваць малацілыіымі дошкамі калоссе...— Згаданы тут спосаб малацьбы палягаў на тым, што валы цягнулі па калоссі (грэкі зжыналі толькі каласы, салома аставалася на полі і ішла на ўгнаенне — яе спальвалі) драўляныя дошкі даўжынёю два з палавінай метры з замацаванымі знізу жалезнымі зубамі ці вострым каменнем. Часам паганяты сам станавіўся на дошкі, каб абцяжарыць іх. Пустое калоссе адкідвалася віламі з трыма зубамі, пасля чаго збожжа веялі на ветры драўлянымі шуфлікамі накшталт вясла (сіты ўжываліся рэдка).
Стар. 65. Горы — багіні пораў года, яснага надвор’я, ураджаю, юнацтва і красы; спадарожніцы багоў, пераважна Афрадыты.
Афрадыта — багіня кахання і красы, маці бога кахання Эраса. Паводле адной версіі міфа, дачка Дзеўса і Дыёна, паводле другой — нарадзілася з марскіх хваль і зефірам пасля была перанесена на востраў Кіпр (адсюль яе эпітэт Кіпрыда). Платон адрозніваў Афрадыту Уранію (Нябесную) — увасабленне каханнл і Афрадыту звычайную — увасабленне цялеснага, пажадлівага кахання. Мужам Афрадыты быў бог агню і кавальства кульгавы Гефест, якому яна здраджвала з Арэсам, богам вайны. Калі Гефест даведаўся пра гэта ад Геліяса, бога сонца, ён расставіў сеткі, якія і схапілі каханкаў у чуллівай паставе. Скліканыя Гефестам на месцы злаўчынку багі выказалі, аднак, замест абурэння захапленне ЧУДоўнаю параю.
Тут, у аповесці, маецца на ўвазе спрэчка пра залаты яблык — «яблык разладу» — трох багінь — Афрадыты, Геры і Афіны.
Стар. 66. ...той жа быў пастух авечак...— Парыс.
Плетр — адна шостая стадыя, г. зн. калд 31 м.
Стар. 67. Ахвярнік у антычныя часы знаходзіўся не ўсярэдзіне капліцы, а перад ёю.
Семела.— Міфы пра Дыяніса расказваюць, што ён нарадзіўся ад Дзеўса і яго каханкі Семелы. Дзеўсава жонка Гера, каб адпомсціць Семеле, прыняла выгляд яе карміліцы і ўзбудзіла ў яе жаданне пераканацца навочна, што яе каханы сапраўды бог, за якога ён сябе выдае, а таму папрасіла Дзеўса, каб ён з’явіўся перад ёю ва ўсёй боскай велічы з громам і маланкамі. Вымушаны клятваю, ён паўстаў перад ёю ў полымі перуноў, і смертная Семела не вытрымала нябеснага агню. Паміраючы, яна заўчасна нарадзіла Дыяніса, якога, аднак, уратаваў Дзеўс, уклаўшы сабе ў сцягно, а калі надышла пара, пусціў яго на свет.
Арыядна— дачка крыцкага цара Мінаса, якая дапамагала Тэсею забіць страшыдла Мінатаўра; яму афінянс мусілі пасылаць штогод гапебную даніну — сем хлопцаў і сем дзяўчат. Яна дала каханаму клубочак нітак, які і вывеў Тэсея з лабірынта, дзе жыў Мінатаўр і адкуль ніхто дагэтуль з-за дзіўна заблытаных калідораў не мог знайсці выйсця (адсюль выраз «нітка Арыядны»). Тэсей пасля ўцёк з кахання на востраў Наксас, дзе пакінуў яе, калі яна спала. Там яе знайшоў Дыяніс і ажаніўся з ёю.
Лікург — фракійскі цар, які забараняў святкаванне вакханалій. Разгневаны Дыяпіс зняволіў яго ў пячоры.
Пентэй — малады фіванскі цар, які таксама выступаў супраць вакханалій. Дыяніс за гэта пазбавіў розуму яго маці, і тая, прыняўшы свайго сына за дзікага звера, разам з яго сёстрамі і іншымі вакханкамі разарвала яго.
...пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў...— Паводле міфаў, Дыяпіс, ідучы на Усход, пакарыў Індыю. Маракоўпіратаў, якія хацелі схапіць і прадаць у няволю Дыяніса, што пад выглядам прыгожага дзецюка пераплываў з імі на караблі праз Эгейскае мора, ён абярнуў у дэльфінаў. Тырэнія, ці Этрурыя — вобласць у Італіі.
Стар. 68. Эўдрам — грэцкае імя, якое можна перакласці: «хуткі ў бегу».
Стар. 69. Марсій — сатыр, які, знайшоўшы кінутую Афінаю флейту, адважыўся спаборнічаць у ігры з Апалонам, але быў пераможаны. Абражаны Апалон садраў з яго скуру і павесіў у пячоры. Гэтая скура нібы трымцела з радасці, калі ігралі на флейце.
Стар. 70. Парасіт — прафесійны нахлебнік. Ці не каля кожнай багатай сям’і ўвіваўся такі дзяньгуб, які, забаўляючы гаспадара, жыў на яго кошт.
...духмянае лесбаскае віно...— Лесбаскае віно славілася сваім водарам і слодыччу.
Стар. 72. Дэметра — дачка Крона і Рэі, багіня-апякунка земляробаў; у мастацтве яе паказвалі са снапом у руках, ёй прысвячалася свята ўраджаю.
Лаамедант — цар Троі, Прыямаў бацька; Апалон у яго на працягу года пасвіў статак у пакаранне за забойства.
Хітон — у старажытных грэкаў вузкая кашуля без рукавоў, якая надзявалася на голае цела; хламіда — шырокі плашч, яго накідвалі паверх хітона.
Стар. 74. Анхіс — малаазійскі цар, у якога, калі ён аднаго разу пасвіў статак, закахалася Афрадыта. Багі, разгневаўшыся на Афрадыту за тое, што яна ўвесь час спасылае ім каханне да людзей, а сама ні разу не кахала смертнага, прымусілі яе закахацца ў Анхіса, ад яго і нарадзіўся ў яе Эней. Афрадыта забараніла Анхісу раскрываць таямніцу іх кахання, але Анхіс не ўтрываў і за гэта быў скалечаны маланкаю.
Бранх — прыгожы, малады пастух, улюбёнец (паводле іншых міфаў, сын) Апалона, які абдарыў яго ўменнем прадбачыць будучышо.
Ганімед — фрыгійскі (траянскі) царэвіч, сваёю красою так моцна ўразіў Дзеўса, што быў выкрадзены Дзеўсавым арлом (або самім Дзеўсам, які перакінуўся ў арла) і ўзнесены на Алімп; там цар багоў зрабіў яго сваім віначэрпам.
Стар. 76. Мойры — багіні лёсу; паводлс міфа, іх тры: адна прадзе
нітку жыцця, другая вымае, не гледзячы, лёс, што выпаў чалавеку, трэцяя абцінае нітку жыцця.
Стар. 82. Харэгія — абавязак, які ўскладаўся на багатага грамадзяніна — на свой кошт наняць, адзець і навучыць хор да свята.
Трыерархія — выправа за свой кошт трыеры для дзяржавы; трыера — судна з трыма радамі весляроў.
Стар. 83. Філапемен — па-старажытнагрэцку значыць «той, хто любіць пастухоў», «пастухалюб», а Агела — «чарада», «атара».
ПЕРЛЫ РАМАНА
Маналог Хлоі (I, 14)
Слоўная сутычка Доркана і Дафніса (I, 16)
Маналог Дафніса (I, 18)
Лета (I, 23)
Дафніс разглядвае сонную Хлою (I, 25)
Казка пра туркаўку (I, 27)
Эрас у садзе (II, 4—6)
Сіла кахання (II, 7)
Абвінавачванне Дафніса (II, 15)
Дафнісава скарга (II, 22)
Панічны страх (II, 25)
Казка пра Сірынгу (II, 34)
Мім (II, 37)
Дафнісава размова з самім сабою (III, 6)
Размова Дафніса і Хлоі ўзімку на дварэ (III, 10)
Вясна (III, 12)
Казка пра Эхо (III, 23)
Ябльік кахання (III, 33)
Плач па спустошаным садзе (IV, 8)
Гнатанава скарга (IV, 16)
Хлоіны нараканні (IV, 27)
Пастушынае вяселле (IV, 38)
АПУЛЕЙ
ПРАДМОВА
Аўтар гэтай кнігі Апулей нарадзіўся ў горадзе Мадаўра на мяжы Гетуліі і Нумідыі ў сучасным Алжыры. Дата яго нараджэння вызначаецца аб’ектыўнымі звесткамі і на падставе яго творчасці. Агульнапрыняты гісторыкамі год 124/125 н. э.