Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл
Лонг, Апулей
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 284с.
Мінск 1991
красу атрымала, гэты — я табе даю ў знак твае перамогі. I суддзі вашы падобныя: той жа быў пастух авечак, а я казапас».
Гэта сказаўшы, паклаў ён яблык у складкі адзення на грудзях; і калі ён падышоў блізка, яна пацалавала яго, так што Дафніс ані не каяўся, што так адважна лез на гэтую вышыню: бо атрымаў ён даражэйшае, чым нават залаты яблык,— пацалунак.
КНІГА ЧАЦВЁРТАЯ
1
3 Мітылены прыйшоў раб, які належаў таму гаспадару, што і Ламан, і прынёс вестку, што незадоўга да збору вінаграду прыедзе іх гаспадар, каб паглядзець, ці не прынёс шкоды яго палям напад метымнейцаў.
Лета ўжо канчалася, набліжалася восень, і Ламан рыхтаваўся да прыезду гаспадара, каб тут усё яму цешыла вока. Ён пачысціў крыніцы, каб вада была чыстая; вывез гной з двара, каб цяжкі дух не дакучаў; дагледзеў сад, каб ён меў прывабны выгляд.
2
А сад быў надзіва прыгожы, нібы царскі. Цягнуўся на цэлы стадый, а ляжаў на высокім месцы, маючы чатыры плетры ўшыркі. Можна падумаць, шырокае поле. Дрэвы ўсялякіх парод былі тут: яблыні, мірты, грушы і гранаты, а таксама фігі і алівы; а ў другім месцы высокія вінаградныя лозы абвівалі яблыні і грушы, чарнеючы гронкамі, нібы спрачаючыся з пладамі; гэта былі садовыя дрэвы. Але і былі кіпарысы і лаўры, платаны і хвойкі. Усе іх замест вінаграднай лазы абвіваў плюшч, і яго вялікія чорныя пучкі нагадвалі вінаградныя гронкі. Пладовыя дрэвы стаялі ўсярэдзіне, нібы пад аховаю: іх абступалі непладовыя, нібы агароджа, зробленая рукамі людзей; а ўсё разам аточваў нізенькі мур. Усё было акуратна падзелена і размерана, і дрэвы раслі роўна адно ад аднаго. А ўгары голле перапляталася, змешваючы лісце; так што
створанае прыродаю, здавалася, было зробленае мастаком. Былі і градкі кветак; адны ўзрасціла самасеем зямля, другія — умельства; кусты руж, гіяцынты і лілеі — з працы рук, фіялкі, нарцысы, гусіныя лапкі зрадзіла зямля. Улетку тут быў цень, увесну — кветкі, увосень — плады, і на ўсякую пару свая раскоша.
3
Адсюль адсланяўся шырокі від на раўніну і можна было згледзець пастухоў, якія пасвілі жывёлу; адсюль адсланяўся і прыгожы від на мора і можна было ўбачыць, як праплывалі караблі; так што і гэта прыдавала прывабнасць саду. А ў самай сярэдзіне па даўжыні і шырыні яго стаяла капліца Дыяніса і ахвярнік; ён абвіваўся плюшчом, капліца — вінаграднай лазою. Усярэдзіне капліцы былі намаляваны карціны з жыцця Дыяніса: роды Семелы, сон Арыядны, Лікург скаваны, Пентэй разарваны. Былі і пераможаныя індыйцы і тырэнцы, перакінутыя ў дэльфінаў; усюды сатыры вінаград тапталі, усюды вакханкі танцавалі. He абмінулі і Пана: сядзеў на скале, іграючы на сірынзе як бы агульную песню і для тых, што вінаград тапталі, і для тых, што танцавалі.
4
Гэты сад старанна даглядаў Ламан, сухое голле падразаў, вінаградныя лозы падвязваў. Дыяніса ён упрыгожыў вянкамі; да кветак правёў ваду. Была там крыніца, якую знайшоў для кветак Дафніс. Гэтая крыніца хоць служыла кветкам, усё ж называлі яе Дафнісавай крыніцаю. Ламан загадаў Дафнісу, каб ён як мага лепш адкарміў коз, бо гаспадар, сказаў ён, абавязкова захоча пабачыць іх, прыехаўшы пасля доўгай адлучкі. Але Дафніс быў упэўнены, што і так яго пахваляць за коз, бо лік іх, як ён іх узяў, падвоіўся; і воўк ніводнае не ўхапіў, і былі яны тлусцейшыя за авечак; але каб гаспадар ахватней згадзіўся на яго шлюб, усё старанне і руплівасць скіраваў на статак, выганяючы яго, ледзь на золак займала, і прыганяючы позна ўвечары. Два разы вадзіў на вадапой, расшукваў найлепшыя пашы ў тутэйшых мясцінах. Парупіўся і пра місы, каб былі новыя, і каб даёнак было шмат, і большыя
пляцёнкі для сушэння сыроў. Яго дбайнасць да таго дайшла, што і рогі алеем намазваў і воўну расчэсваў. Можна было падумаць, што бачыш святы Панаў статак. Ва ўсёй гэтай рабоце яму дапамагала і Хлоя; занядбаўшы сваю ўласную атару, яна праводзіла больш часу каля яго коз, так што Дафніс думаў, што толькі з-за яе яны так цудоўна выглядаюць.
5
Калі яны былі так занятыя, з горада прыйшоў другі пасланец з наказам як найхутчэй збіраць вінаград; і сам, казаў ён, тут астанецца, пакуль з вінаградных гронак не наробяць сусла, а пасля ён вернецца ў горад, каб прывезці з сабою гаспадара ўжо на заканчэнне збору вінаграду. Гэтага Эўдрама — так называлі яго, бо бегаць і была яго работа,— прынялі як толькі маглі і зараз жа пачалі збіраць вінаград, насіць гронкі ў націсі, сусла зліваць у бочкі, а найлепшыя з вінаградных гронак зразалі разам з лазою, каб тыя, што прыедуць з горада, мелі ўяву пра ўраджай і ад яго асалоду.
6
Калі Эўдрам ужо збіраўся вярнуцца ў горад, даў яму Дафніс нямала; а даў яму гасцінцаў, на што і стаць было казапасу: добра адціснутыя сыры, маладзенькае казляня, казліную шкуру з белаю густою воўнаю, каб узімку, бегучы, на сябе накінуць. Эўдрам узрадаваўся, пацалаваў Дафніса і паабяцаў, што скажа гаспадару толькі добрае пра яго. Так ён адышоў у прыязным настроі; а Дафніс у неспакоі пасвіў далей разам з Хлояю чароды. Ды і яна мела шмат страху: падлетак, які дагэтуль звык бачыць толькі коз, горы, сялян, Хлою, павінен быў упершыню ўбачыць гаспадара, толькі імя якога ён чуў раней. Таму яна і турбавалася за Дафніса, як ён сустрэнецца з гаспадаром, і пра шлюб душа яе непакоілася, ці не дарэмна мрояць яны аб ім. I ўвесь час яны цалаваліся і абдымаліся так цесна, нібы зрасліся; але пацалункі ў іх былі баязлівыя і абдымкі сумныя, нібы ўжо гаспадар быў тут, і яны са страху павінны былі ад яго хавацца. А да гэтага надарылася ім яшчэ і такая бяда.
7
Быў там Лампіс, грубы валапас. Ён таксама сватаў Хлою ў Дрыяса і ўжо шмат падарункаў прынёс, каб прыспешыць вяселле. Але даведаўшыся, што Дафніс ажэніцца з ёю, калі ўладар дазволіць, ён пачаў шукаць спосабу, каб разгневаць супроць іх гаспадара; ведаючы, што таго вельмі радуе сад, надумаў ён як мага яго знішчыць і знявечыць. Калі ссекчы дрэвы, то выдасць стук і яго зловяць; таму надумаўся ён спляжыць кветкі. Ён дачакаўся ночы, пералез цераз агароджу і адны з іх вырваў, другія — паламаў, а рэшту растаптаў, як свіння. I непрыкметна ўцёк.
Назаўтра раніцаю прыйшоў Ламан у сад, каб паліць кветкі вадою з крыніцы. Убачыўшы такое спусташэнне ўсяе мясціны — работа не грабежніка, а толькі ворага! — ён тут жа разарваў свой кароценькі хітон і моцным крыкам пачаў клікаць багоў; так што Міртала, кінуўшы тое, што мела ў руках, выбегла з хаты, і Дафніс, які толькі што выгнаў коз, прыбег; убачыўшы, яны закрычалі, а закрычаўшы, заплакалі.
8
Хоць жальбою кветкам не паможаш, але яны плакалі са страху перад гаспадаром; і чужы б хто, трапіўшы сюды, заплакаў, бо гэтая мясціна была збэшчаная, а ўся зямля збітая ў гразь. А тыя з кветак, што ўцалелі ад руйнавання, і далей цвілі і зіхацелі і былі ўсё яшчэ прыгожыя, нават палеглыя на зямлю. I ўсё яшчэ садзіліся на іх пчолы і няспынна гулі, як бы яны аплаквалі іх. А Ламан у роспачы ўсклікаў: «Бяда гэтым кустам ружаў! Як іх наламалі! Бяра градкам фіялак! Як іх здратавалі! Бяра гіяцынтам і нарцысам! Што за нягодны чалавек вырваў іх! Вернецца вясна, а яны не распусцяцца; будзе лета, а яны красавацца не будуць; увосень нікога яны вянком не прыбяруць. I ты ж, уладару Дыянісе, не злітаваўся над няшчаснымі кветкамі, сярод якіх ты жывеш, на якія ты глядзіш, з якіх часта я табе вянкі плёў і цешыўся імі? Як, як пакажу цяпер гэты сад гаспадару? Што ён скажа, калі гэта ўбачыць? Загадае павесіць мяне, старога чалавека, на першай хвойцы, як Марсія; а можа, і Дафніса, думаючы, нібыта яго козы гэта зрабілі».
9
Яшчэ гарачэйшыя слёзы пры гэтым паліліся, і не кветкі аплаквалі яны, а саміх сябе. I Хлоя аплаквала Дафніса, як бы яго ўжо меліся павесіць, і малілася, каб уладар не прыязджаў, і перажывала цяжкія дні, нібы ўжо бачыла, як лупцуюць Дафніса. I калі ўжо ноч надышла, Эўдрам прынёс вестку, што старэйшы гаспадар прыедзе праз тры дні, а яго сын будзе заўтра. Яны зноў пачалі разважаць над тым, што адбылося, і, падзяліўшыся сваімі страхамі з Эўдрамам, папрасілі ў яго рады; ён, спагадаючы Дафнісу, параіў расказаць усё маладому гаспадару і абяцаў ім сваю дапамогу пры гэтым, бо як малочны брат быў у яго ў пашане. I калі надышоў дзень, яны так і зрабілі.
10
Астыл прыехаў конна, і з ім яго парасіт, таксама конна. У Астыла быў першы пушок на падбародку, а Гнатан — так звалі нахлебніка — даўно ўжо галіў бараду. Ламан з Мірталаю і Дафнісам, прыпаўшы да ног маладога гаспадара, прасілі паспагадаць няшчаснаму старому і адвесці ад яго, ні ў чым не вінаватага, гнеў свайго бацькі; і Ламан тут жа расказаў яму ўсё. Паспагадаў просьбе Астыл, пайшоў у сад і, убачыўшы панішчаныя кветкі, паабяцаў ім, што сам папросіць бацьку дараваць і зверне віну на коней: нібыта яны, прывязаныя там, разгуляўшыся, сарваліся з прывязі, адны кветкі паламалі, другія — здратавалі, трэція — збілі. За гэта Ламан і Міртала пажадалі яму ўсялякага дабра, а Дафніс прынёс гасцінцы: казлянят, сыры, птушак з птушанятамі, гронкі вінаграду на лозах, яблыкі на галінках. Сярод гэтых гасцінцаў было і духмянае лесбаскае віно, з усіх мацункаў найлепшае.
11
Астыл пахваліў гасцінцы і пайшоў паляваць на зайцоў, бо дзяцюк ён быў багаты, жыў заўсёды ў раскошы і прыехаў у вёску, каб зазнаць адменнай уцехі. Гнатан жа, чалавек, які ўмеў толькі есці ды піць, абы набрацца, а набраўшыся, распуснічаць, і ў якога толькі і было ўсяго што губа, чэрава ды тое, што пад чэравам, старанна раз-
гледзеў Дафніса, калі той прынёс свае гасцінцы, і, схільны ад прыроды да хлопцаў, знайшоўшы красу, якой і ў горадзе не знайсці, надумаў узяцца за Дафніса, спадзеючыся лёгка ўгаварыць гэтага казапаса.
Наважыўшыся так, ён пайшоў не з Астылам на паляванне, а туды, дзе пасвіў Дафніс, кажучы, што хоча коз паглядзець, а напраўду — Дафнісам палюбавацца. I, каб расчуліць, ён хваліў яго коз, папрасіў яго сыграць на сірынзе пастушыную песню і сказаў, што ён хутка даб’ецца для Дафніса волі, бо ўсё можа зрабіць.
12
Гнатан, убачыўшы, што прыручыў хлопца, падпілыіаваў яго ўночы, калі ён гнаў з пашы коз, і, падбегшы, спярша пацалаваў, а потым папрасіў, каб той дазволіў яму ззаду тое, што козы дазваляюць сваім казлам. Доўга не мог уцяміць Дафніс і нарэшце адказаў, што ён добра ведае, як казлы скачуць на коз, але ніхто ніколі не бачыў, каб казёл ускокваў на казла, а баран замест авечкі — на барана, ні пеўні замест курэй на пеўняў, тады Гнатан, пусціўшы ў ход рукі, хацеў узяць яго гвалтам. Але Дафніс штурхнуў п’янага, які ледзь трымаўся на нагах, паваліў на зямлю і ўцёк, як алянятка, пакінуўшы там ляжаць таго, каго весці дадому пад руку мог мужчына, а не хлопчык.