• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    I з гэтымі словамі, абхапіўшы Сакрата за шыю, я пачаў яго цалаваць. Аднак назойлівы смурод ад кечысці, якой мяне тыя ламіі залілі, даў яму ў нос, і ён моцна мяне адпіхнуў. «Адчапіся,— кажа,— ты смярдзіш, як начны гаршчок!» I весела пачаў мяне распытваць, адкуль гэты смурод. А я, няшчасны, адмахнуўшыся так-сяк наспех прыдуманым жартам, бяру яго пад руку і кажу:
    «Хадзем! Чаму б нам не скарыстаць для падарожжа ранішні халадок?» Забіраю свой клунак, і, расплаціўшыся з карчмаром, выпраўляемся ўдвух у дарогу.
    18.	Былі мы ўжо даволі далёка, калі ўзышло сонца і зрабілася відна. Цяпер я ўважліва разглядаў шыю майго сябра, тое месца, куды, як я сам бачыў, уваткнулі меч, і сам сабе падумаў: «Дурань, да чаго ж ты быў напіўся, калі табе прымроіліся гэтакія дзівосы! Вось Сакрат цэлы і здаровы. Дзе яго рана? Дзе губка? I дзе нарэшце той свежы і глыбокі шрам?» Пасля кажу яму:
    «Нездарма спрактыкаваныя медыкі лічаць, што цяжкія кашмарныя сны з’яўляюцца вынікам абжорства і п’янства! Напрыклад, учора я лішне разоў прыкладваўся да кубка, і вось была ў мяне жудасная ноч са страшнымі кашмарамі. Да гэтага часу мне здаецца, быццам увесь я заліты і апаганепы людской крывёю». На гэта ён адказаў з усмешкай: «Не крывёю, а мачой! Ды і мне самому снілася, быццам мяне зарэзалі. I горла балела, і здавалася, што сэрца з мяне выдзіраюць. Назат і цяпер духу не хапае і калені трасуцца, крок вялы і на падмацаванне хочацца чаго-небудзь з’есці!»
    «Вось табе,— кажу,— снеданне!» I адначасова здымаю з плячэй свой радец і падаю яму хлеб і сыр.
    «Давай,— кажу яму,— сядзем тут пад гэтым платанам».
    19.	Мы селі і пачалі разам сілкавацца. Гляджу я на яго, як ён прагна есць, і бачу, што рысы яго твару завастраюцца, твар смяртэльна бляднее і сілы пакідаюць яго. Жывы колер твару так адмяніўся, што мне здалося, быццам зноў набліжаюцца да нас начныя фурыі, і ад страху адкушаны мною хоць і маленькі кавалачак хлеба засеў у мяне ў горле і не мог ні апусціцца ўніз, ні падняцца ўверх. На дарозе было мала прахожых, і мяне апанаваў страх. Хто ж па-
    верыць, што забойства аднаго з двух падарожных адбылося без удзелу другога?
    А між тым Сакрат, наеўшыся ўдосталь, адчуў смагу. Ён жа з’еў добрую палову дабрэннага сыру. Паводдаль ад платана працякала ціхая рэчка, падобная на стаў, што блішчыць, як шкло або серабро.
    «Вунь,— кажу,— прагані смагу жывой вадкасцю гэтай крыніцы». Ён устае, скідае з сябе верхнюю вопратку, знаходзіць зручнае месца на беразе, становіцца на калені і, нахіліўшыся, прагна цягнецца да вады. Але, як толькі ён дакрануўся да плыні, рана на яго шыі адкрываецца, губка выпадае з яе, і разам з ёй і некалькі кропель крыві. Амярцвелае цела звалілася б у ваду, каб я, схапіўшы за нагу, з вялікай цяжкасцю не выцягнуў яго на высокі бераг. Тут я, аплакаўшы свайго няшчаснага спадарожніка, засыпаў яго навек зямлёй. А сам у вялікім страху, трасучыся за сваю бяспеку, уцякаю і рознымі пустэльнымі і кружнымі шляхамі, быццам я сапраўды забіў чалавека, мінаю радзіму і родны дом, добраахвотна зрабіўшыся выгнанцам. Цяпер, ажаніўшыся, зноў жыву ў Этоліі».
    20.	Вось што расказаў Арыстамен.
    Аднак ягоны спадарожнік, які з самага пачатку недаверліва ставіўся да апавядання і не хацеў яго слухаць, сказаў:
    «Няма большай выдумкі і бязглуздзіцы, чым гэтая мана!» Пасля звярнуўшыся да мяне: «I ты, з вопраткі і выгляду адукаваны чалавек, верыш гэтым казкам?»
    «Я,— адказваю яму,— нічога не лічу немагчымым, і памойму, усяляк можа са смяротным чалавекам здарыцца. I са мной, і з табой, і з кожным іншым здараюцца дзіўныя і амаль неймаверныя справы, якім, калі расказаць іх недасведчанаму, ніхто не паверыць. Але я клянуся Геркулесам, што гэтаму чалавеку веру і ўдзячны яму вялікай удзячнасцю за тую асалоду, якую ён нам зрабіў цікавай гісторыяй. Я без натугі асіліў гэту цяжкую і доўгую дарогу. Здаецца нават, што і конь мой цешыцца, што, не турбуючы яго, я да самых гарадскіх варот даехаў на сваіх вушах».
    21.	Тут закончылася наша падарожжа і разам з тым наша гутарка, бо абодва мае спадарожнікі павярнулі ўлева да недалёкага хутара, а я, увайшоўшы ў горад, падышоў да першай, якая мне трапілася, карчмы і пачаў распытваць пажылую гаспадыню. «Гэты горад,— кажу,— называецца Гіпата?» Яна пацвердзіла. «Ці не ведаеш ты Мілона, аднаго з найбольш знатных тут людзей?» Яна засмяялася.
    «Сапраўды,— кажа,— найпершым грамадзянінам тут лічыцца Мілон. Яго ж дом самы першы за гарадскімі варотамі».— «Пакінь жарты, добрая цётка, і скажы, калі ласка, што ён за чалавек і дзе жыве?» — «Бачыш,— кажа,— крайнія вокны, што глядзяць на горад, а з другога боку побач брама на завулак выходзіць? Там гэты Мілон і жыве. Гэта страшэнны багацей, набіты грашыма, але скупы да крайнасці і ўсім вядомы як чалавек самы подлы і крывадушны. Ён займаецца ліхвярствам, пад заклад золата і серабра дзярэ вялікія працэнты, адданы толькі нажыве, запёршыся ў сваёй хаце, жыве там з жонкай, якая раздзяляе з ім ягоную прагавітасць. Ён трымае толькі адну служанку і заўсёды ходзіць, як жабрак». На гэта я, засмяяўшыся, падумаў: вось дык карысную і прадбачлівую рэкамендацыю даў мне на дарогу Дамея. Да такога чалавека ён мяне накіраваў, у гасцінным доме якога не трэба будзе баяцца ні чаду, ні кухоннага смуроду.
    22.	Дом аказаўся побач, я падыходжу і пачынаю стукаць і крычаць у наглуха зачыненыя дзверы. Нарэшце нейкая дзяўчына адзываецца. «Гэй, ты,— кажа,— чаго грукочаш у дзверы? Пад які заклад хочаш узяць пазычку? Хіба ты адзін не ведаеш, што, апроч золата і серабра, у нас нічога не прымаюць?» «Пазыку? Ну не. Зыч мне,— кажу,— чаго-небудзь лепшага і хутчэй кажы, ці ўдому твой гаспадар?» «Вядома,— адказвае яна,— а навошта ён табе патрэбен?» «Я прынёс яму пісьмо ад Дамеі з Карынфа». «Зараз далажу,— адказвае,— пачакай мяне тут». Сказаўшы гэта, зноў замкнула дзверы і пайшла. Праз некалькі хвілін адчыніла і кажа: «Запрашаюць».
    Уваходжу і бачу, што гаспадар ляжыць на канапцы і збіраецца палуднаваць, а каля ягоных ног сядзіць жонка. Ён паказаў мне пустое крэсла. «Вось,— кажа,— калі ласка». «Дзякую»,— кажу і перадаю яму пісьмо ад Дамеі. Хутка прачытаўшы яго, ён кажа: «Я ўдзячны майму Дамеі за тое, што ён прыслаў мне такога гасця!»
    3 гэтымі словамі ён загадвае жонцы адступіць мне сваё месца. Калі я пачаў сціпла адмаўляцца, ён схапіў мяне за крысо. «Сядай,— кажа,— другіх крэслаў у мяне няма. Мы асцерагаемся злодзеяў і таму не набываем рэчаў у дастатковай колькасці». Я выканаў ягонае жаданне. Тады ён кажа: «I па далікатнай манеры трымацца, і па гэтай амаль дзявочай сціпласці я зрабіў вывад, што ты нашчадак высакародных продкаў, і мой Дамея ў сваім пісьме мне тое самае паведамляе. Дзеля гэтага, прашу, не грэбуй сціпласцю
    нашай хаціны. Вось гэты пакой побач будзе табе досыць прыстойнай кватэрай. Будзь ласкавы, спыніся ў нас. Гонар, які зробіш майму дому, узвысіць яго, а табе надарыцца магчымасць ісці за слаўным прыкладам: задавальняючы сябе сціплым памяшканнем, ты будзеш пераймаць Тэзея, знакамітага цёзку твайго бацькі, які не пагрэбаваў простай гасціннасцю старой Гекалы.— I, паклікаўшы прыслужніцу, кажа: — Фаціда, забяры рэчы госця і палажы іх асцярожна ў той пакой. Пасля прынясі з каморы алею для націрання, ручнік выцерціся і ўсё іншае, а таксама звадзі майго госця ў лазню, бо ён стаміўся пасля такой далёкай і цяжкай дарогі».
    24.	Слухаючы гэтыя загады, я ўспомніў пра характар і скупасць Мілона і, маючы намер цясней з ім зблізіцца, кажу: «У мяне ёсць усё неабходнае ддя падарожжа. I лазню я сам знайду. Галоўнае, каб мой конь, які так усю дарогу стараўся, не быў галодны. Вось вазьмі, Фаціда, гэтыя грошы і купі за іх аўса і сена».
    Калі рэчы былі зложаны ў маім пакоі, я накіраваўся ў лазню, але перш трэба было паклапаціцца аб харчах, дык іду на рынак. Бачу шмат разложанай дабрэннай рыбы. Пачаў таргавацца, і замест ста нумаў мне адпусцілі яе за дваццаць дынараў. Я ўжо збіраўся ісці, ды нечакана сустракаю свайго сябра Пыфія, з якім калісьці вучыўся ў атыцкіх Афінах.
    Спярша ён досыць доўга не пазнае мяне, а пасля кідаецца да мяне, абымае і сардэчна цалуе. «Ах мой Луцый,— кажа,— як доўга мы з табой не бачыліся, сапраўды, ад таго часу, як рассталіся з Кліціем, нашым настаўнікам. Што занесла цябе сюды?» «Заўтра,— кажу,— даведаешся, але што гэта? Цябе можна павіншаваць? Вось і лікраты, і розгі — увесь чыноўнічы набор!» «Харчамі займаемся,— адказвае,— і выконваем абавязкі эдзіла. Калі хочаш што купіць, дык магу быць карысным». Я адмовіўся, бо ўжо зрабіў запас рыбы на вячэру. Аднак Пыфій, заўважыўшы кашолку, пачаў ператрасаць маю рыбу, каб лепш яе разгледзець, і пытаецца: «А па колькі ты плаціў за гэту дрэнь?» «Ледзь,— кажу,— уламаў рыбака аддаць мне за дваццаць дынараў».
    25.	Пачуўшы гэта, ён хапае мяне за руку і зноў вядзе на рынак. «А ў каго купіў,— пытаецца,— гэта смецце?» Я паказаў старога, які сядзеў у кутку. Тут ён накінуўся на яго і пачаў распякаць бедака па-эдзільску: «Так вы абыходзіцеся з нашымі сябрамі і наогул з усімі прыезджымі!
    Прадаяце паршывую рыбу па гэтакай цане! Вы даведзяце гэты горад, кветку фесальскай вобласці, што ён апусцее, як скала! Але дарма вам гэта не пройдзе! Ты даведаешся, як пад маім кіраўніцтвам абыходзяцца з ашуканцамі!» I, высыпаўшы з маёй кашолкі рыбу на зямлю, загадаў свайму памочніку стаць на яе і растаптаць нагамі. Задаволіўшыся такой строгасцю нораваў, мой Пыфій дазваляе мне ісці і кажа: «Мне здаецца, мой Луцый, што гэтакая ганоба будзе гэтаму старому дастатковым пакараннем».
    Здзіўлены і збянтэжаны гэтым здарэннем, кіруюся ў лазню, пазбаўлены дзякуючы дасціпнай выдумцы свайго энергічнага сябра і грошай, і вячэры. Памыўшыся, вяртаюся ў дом Мілона і іду проста ў свой пакой.
    26.	Тут служанка Фаціда кажа:: «Кліча цябе гаспадар». Ведаючы ўжо Мілонаву паўстрыманасць, я ветліва тлумачу, што, маўляў, дарожная стома больш патрабуе сну, чым ежы. Атрымаўшы такі адказ, ён сам уваходзіць і, абняўшы мяне, цягне да сябе. Я то адмаўляюся, то далікатна ўпіраюся. А ён кажа: «Не выйду без цябе!» I клятвай пацвярджае гэтыя словы. Я неахвотна падпарадкоўваюся яго ўпартасці, а ён зноў вядзе мяне да сваёй канапкі, усаджвае і пачынае: «Ну, як маецца наш Дамея? Як яго жонка, дзеці, хатнія?» Расказваю пра ўсіх і кожнага паасобку. Распытвае дакладна пра мэты майго падарожжа. Усё грунтоўна яму расказваю. Старанна выпытвае пра мой родны горад, пра яго самых знакамітых жыхароў, а ў канцы нават пра нашага ўладара, пакуль не заўважыў, што, вельмі змораны цяжкой дарогай, я ўтаміўся доўгай гутаркай і засынаю пасярод фразы. Замармытаўшы нешта незразумелае, нарэшце адпусціў ён мяне ў спальню. Так пазбыўся я агіднага старога і яго балбатлівага галоднага пачастунку, змораны сном, павячзраўшы не стравай, а толькі казкамі. Вярнуўшыся ў свой пакой, я аддаўся жаданаму сну.