• Газеты, часопісы і г.д.
  • Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл  Лонг, Апулей

    Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою | Метамарфозы, ці Залаты асёл

    Лонг, Апулей

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 284с.
    Мінск 1991
    89.24 МБ
    дзеля Мемфіскіх тайнаў і Фароскіх сістраў. Дай на кароткі момант выкарыстаць сонечнае ззянне і ў навек заплюшчаныя вочы ўлі частку святла. Мы не наракаем і не адымаем ад зямлі таго, што ёй належыць, але, каб пацешыцца адплатай, просім кароткага вяртання да жыцця».
    Прарок, якога ўзрушылі гэткія ўмольванні, палажыў нейкую травіцу на вусны нябожчыку, а другую на яго грудзі. Пасля, павярнуўшыся на ўсход, пачаў маліцца да святога Сонца, што ўзнімалася над гарызонтам. Выгляд яго ў гэты час быў варты глыбокай пашаны, што вельмі добра падрыхтавала ўвагу прысутных да чаканага цуду.
    Я ўціскаюся ў натоўп і, стаўшы на высокім камені за катафалкам, сачу за ўсім цікаўным вокам. I вось пачынаюць узнімацца грудзі, вены пачынаюць біцца, напаўняецца духам цела, і нябожчык падняўся і загаварыў: «Навошта, скажыце мне, навошта таго, хто прыняў летэйскі напітак, плыў ужо па стыгійскіх балотах, вяртаеце да спраў мімалётнага жыцця? Спыніся, малю цябе, спыніся і адпусці мяне ў мой супакой!»
    Вось што сказаў голас, які выйшаў з цела.
    Аднак прарок з яшчэ большым жарам гаворыць: «Чаму ж ты не раскажаш народу па парадку, з чаго ты памёр? Ці ты не ведаеш, што я магу паклікаць фурыяў сваімі заклінаннямі, і яны пачнуць цябе мучыць?» Той слухае са свайго ложа і, глыбока ўздыхнуўшы, паведамляе: «Злымі чарамі маладой жонкі загублены я і змушаны прыняць смяртэльны келіх. Сваё вясельнае неастылае яшчэ ложа саступіў я пралюбадзею».
    Тут гэта знакамітая жонка, зусім набраўшыся нахабства, задалася блюзнерскай думкай адмаўляць відавочныя доказы мужа. Народ хвалюецца, адны патрабуюць, каб гэта нягодніца была жывая пахаваная разам з мужам, а другія даказваюць, што не трэба верыць ілжывым словам трупа.
    30.	Аднак гэтыя спрэчкі былі спынены новай гутаркай юнака. Уздыхнуўшы яшчэ глыбей, ён загаварыў: «Дам, дам я вам доказы сваёй праўдзівасці і выкрыю тое, пра што, апроч мяне, ніхто не ведае і не здагадваецца». I тут, паказваючы на мяне пальцам: «Калі пры маім целе быў гэты пільны вартаўнік і цвёрда стаяў на варце, старыя ведзьмы, ахвочыя да маёй тленнай абалонкі, прымаючы з гэтай прычыны розныя постаці, неаднаразова стараліся ашукаць яго руплівасць і ўрэшце, напусціўшы соннага туману, акунулі яго ў глыбокае забыццё, пасля чаго клікалі мяне па імю. I вось ужо мае застылыя суставы і пахаладзелыя часткі
    цела намагаюцца адказаць павольнымі рухамі на загады магічнага штукарства. Тады чалавек, у сапраўднасці жывы, але толькі да амярцвення сонны, без ніякага падазрэння ўстае, адклікаецца на сваё імя, бо мы з ім аднолькава завёмся, і самахоць ідзе, быццам нежывы цень. Хоць дзверы ў пакой былі моцна замкнёныя, аднак там знайшлася адтуліна, праз якую адрэзалі яму спярша hoc, а пасля і вушы. Такім чынам, замест мяне знявечаны застаўся ён. А каб замесці сляды, ашуканкі прыстаўляюць яму зробленыя з воску вушы, падобныя да адрэзаных, і падобны да яго ўласнага нос. Вось ён, няшчасны, тут, побач з ва,мі; ён атрымаў плату не за сваю працу, а за сваё калецтва».
    Напалоханы гэтымі словамі, я пачынаю абмацваць свой твар: хапаюся за нос, і ён застаецца ў мяне ў руцэ, праводжу рукамі па вушах, і яны адвальваюцца. Калі прысутныя пачалі паказваць на мяне пальцамі і ківаць галовамі, калі ўзняўся смех, я, абліваючыся халодным потам, даю нырца між людскіх ног і ўцякаю. А пасля таго я стаў калекам і пасмешышчам, не мог ужо вярнуцца ў родны дом. Расчасаўшы валасы, каб яны ападалі з абодвух бакоў, я схаваў шрамы ад адрэзаных вушэй, а адсутнасць носа сарамліва стараюся хаваць пад гэтым пластырам, прыціскаючы яго да твару».
    31.	Калі Тэлефрон закончыў гэту гісторыю, разагрэтыя віном сабутэльнікі зноў пачалі рагатаць. Пакуль яны патрабавалі звычайнай замочкі ў гонар бога Смеху, Бірэна кажа мне: «Заўтра дзень, які ад заснавання нашага горада лічыцца святочным дзеля таго, што ў гэты дзень мы адзіныя на свеце ўшаноўваем вясёлымі і радаснымі абрадамі святога бога Смеху. Сваёй прысутнасцю ты зробіш нам гэтае свята яшчэ прыямнейшым. Як добра было б, каб і ты прыдумаў у гонар гэтага бога што-небудзь дасціпнае і забаўнае, каб мы ўшанавалі яго яшчэ больш самааддана і глыбока». «Выдатна,— кажу,— як загадаеш, так і будзе. I клянуся Геркулесам, што мне хацелася б прыдумаць нешта такое, што годна і цалкам задаволіла б гэтага вялікага бога».
    Пасля, калі мой слуга напомніў, што час ужо позні, і я зразумеў, што ўжо дастаткова нагрузіўся віном, хутка падымаюся і, пажадаўшы Бірэне ўсяго найлепшага, няўпэўненай паходкай вяртаюся дамоў.
    32.	Але як толькі выйшлі мы на двор, нечакана вецер тушыць наш факел, што асвятляў нам дарогу, і мы ў поўнай цемры ночы пасоўваемся амаль вобмацкам і, пазбіваўшы ногі аб каменне, ледзь трапілі дамоў. Калі ж мы, моцна
    трымаючыся адзін за аднаго, падыходзілі да дома, раптам бачым, што тры нейкія здаравенныя постаці ломяцца ў нашы дзверы, не толькі не збянтэжаныя нашым з’яўленнем, але стараючыся адзін перад адным грукатаць мацней і часцей. Такім чынам, яны здаліся мне разбойнікамі, прытым самымі лютымі. Дык дастаю свой меч, які браў з сабой і нёс пад вопраткай для падобнага здарэння, і не марудзячы кідаюся на іх і аднаго за другім, з кім ні схаплюся, забіваю, глыбока ўтыкаючы меч. I вось яны, пакрытыя мноствам ран, канаюць ля маіх ног.
    Закончыўшы бітву, у час якой ад гоману і грукату прачнулася і Фаціда, убягаю ў дом і, ледзь ловячы дых, абліты потам, стомлены, як быццам змагаўся не з трыма разбойнікамі, а забіў Герыёна, кідаюся на ложак і адразу засынаю.
    КНІГА ТРЭЦЯЯ
    1.	Ледзь толькі Аўрора пусцілася па небе, як ноч, кіруючы ружовай рукой сваіх упрыгожаных чырвонымі фалерамі коней, вырвала мяне з салодкага спакою і перадала дню. Пры ўспаміне аб учарашнім злачынстве маю душу агарнуў жудасны неспакой. Спусціўшы з ложка ногі і абхапіўшы калені пераплеценымі пальцамі рук, я сядзеў скурчаны і горка плакаў, уяўляючы сабе і гарадскую плошчу, і суд, і прыгавор, і самога ката. Ці ж можа знайсціся такі мяккі і добразычлівы суддзя, які б мяне, заплямленага жорсткасцю трайнога забойства, апырсканага крывёю гэтулькіх грамадзян, прызнаў невінаватым? Вось якое слаўнае падарожжа так упэўнена вываражыў мне халдзей Дыяфан!..
    Гэтыя думкі штораз вярталіся, я аплакваў сваю горкую долю, калі раптам пачуўся моцны грукат у дзверы, і ля ўвахода ў дом узняўся крык.
    2.	Услед за гэтым расхінаюцца пад моцным націскам дзверы, і ўвесь дом напаўняецца чыноўнікамі, іхнімі прыслужнікамі і разнашэрсным натоўпам. Два ліктары, па загаду чыноўнікаў, усклалі на мяне рукі і павялі без ніякага з майго боку супраціўлення. I ледзь толькі ўвайшлі мы ў бліжэйшы завулак, як усе жыхары, высыпаўшы з дамоў, цесным натоўпам рушылі за намі. I хоць я ішоў з сумна апушчанай галавой, жадаючы праваліцца скрозь зямлю,
    аднак, глянуўшы крадком убок, заўважаю штосьці вартае вялікага здзіўлення: спаміж тысяч людзей, якія нас акружалі, не было ніводнага, хто б не надрываўся ад смеху. Тым часам, абхадзіўшы ўсе вуліцы, пачынаюць вадзіць мяне па ўсіх завулках і завуголлях, як звычайна водзяць жывёліну, прызначаную багам на ахвяру, каб адкупіцца ад якіх-небудзь прадказаных нябеснымі сіламі небяспек. Нарэшце прыводзяць мяне на форум і ставяць перад трыбуналам.
    А тут ужо на падвышэнні расселіся суддзі, і грамадскі вяшчальнік загадаў усім замоўкнуць, як раптам усе ў адзін голас пачынаюць крычаць, што разбор такой важнай справы з прычыны шматлюднасці неабходна перанесці ў тэатр. I вось народ кінуўся туды бязладным натоўпам, і не прайшло і хвіліны, як усе прызначаныя гледачам месцы былі занятыя. Некаторыя ўхапіліся за калоны, іншыя павіслі на статуях, павысоўваліся па пояс з вокнаў, з адтулін у дахах. Так нясцерпнае жаданне ўбачыць усё сваімі вачамі змушала забываць пра небяспеку. А мяне, як якую-небудзь ахвяру, праводзяць вартаўнікі цераз прасцэніум і ставяць пасярод архестры.
    3.	I вось зноў чуецца голас вяшчальніка, які выклікае абвінаваўцу. Падымаецца адзін стары, і пасля таго як для вымярэння працягласці яго прамовы налілі ў нейкую судзінку з вузенькай, бы ў рэшаце, адтулінкай вады, што пачала выцякаць кроплямі, ён так звяртаецца да народа:
    «Паважаныя квірыты, справа тут датычыць не дробязяў, а спакою ўсяго народа, і яна павінна паслужыць добрым прыкладам на будучыню. 3 гэтай прычыны, для захавання грамадскай годнасці кожнаму з вас паассбку і ўсім разам належыць паклапаціцца, каб ахвяры крывавай бойні, узнятай гэтым агідным забойцам, у якой ён загубіў столькі грамадзян, не засталіся без адплаты. He падумайце, што ў мяне ёсць асабістая варожасць да злачынцы і сваю строгасць я праяўляю з нянавісці. Я — начальнік начной варты і лічу, што да сягонняшняга дня ніхто не мог папракнуць мяне ў недастатковай пільнасці. Я дакладна раскажу вам, у чым справа і што здарылася мінулай ноччу. Дык вось, калі ў час трэцяй варты абыходжу я з надзвычайнай пільнасцю горад, аглядаючы кожны дом, заўважаю гэтага лютага юнака, які, дастаўшы меч, сее вакол сябе смерць, і ўжо тры ахвяры ягонай раз’юшанасці развітваліся ля яго ног з жыццём, валяючыся ў крыві. А ён сам, не без прычыны ўстрывожаны ўсведамленнем сваёй віны, адразу пусціўся
    наўцёкі і, выкарыстаўшы цемру ночы, схаваўся ў нейкім доме, дзе і прабыў усю ноч.
    Аднак, дзякуючы боскаму наканаванню, якое не пакідае нераскрытым ні адно злачынства, дачакаўшыся раніцы, перад тым, як ён мог бы даць драла, я прыклаў усё старанне, каб прывесці яго сюды і даць вам магчымасць вынесці справядлівы прысуд. I вось стаіць перад вамі заплямлены гэтулькімі забойствамі падсудны чужаземец, злоўлены на месцы злачынства. Дык вынесіце ж без вагання прысуд гэтаму чужаземцу, які зрабіў такое ліхадзейства, за якое вы і свайго грамадзяніна строга пакаралі б».
    4.	Пасля таго як змоўк голас майго абвінаваўцы, вяшчальнік звярнуўся да мяне з пытаннем, ці хачу я гаварыць у сваю абарону. А я ў той час мог толькі плакаць, думаючы, клянуся Геркулесам, не столькі пра грозную прамову, колькі пра сваё загубленае сумленне. Нарэшце найшла на мяне з вышыняў мужнасць, і я пачаў гаварыць:
    «I самому мне вядома, як цяжка чалавеку, якога абвінавачваюць у забойстве, стоячы над трупамі трох грамадзян, пераканаць такое мноства людзей у сваёй невінаватасці, хоць і гаварыў бы ён праўду ці добраахвотна прызнаўся ў злачынстве. Аднак, калі ваша памяркоўнасць адпусціць мне трохі ўвагі, я без цяжкасці дакажу вам, што не з уласнай віны рызыкую я цяпер жыццём, а ваша цалкам зразумелае абурэнне і нянавісць за праступак, якога я не зрабіў, узніклі з чыста выпадковых абставін.