Поле памяці
Постаці і падзеі беларускай мінуўшчыны
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Полымя
Памер: 176с.
Мінск 1999
Ёсць меркаванне, якое, хутчэй, носіць легендарны, чым навуковы характар, што Оршу заснавалі... скіфы,
чые сляды археолагі іншым разам знаходзяць на поўдні Беларусі, у тым ліку ў Падняпроўі. «Жывапісная Расія», 12 тамоў якой выйшлі ў свет у 1881—1901 гадах пад рэдакцыяй знакамітага вучонага П. СямёнаваЦяньшаньскага, так апісвае герб Оршы, нададзены ёй у 1781 годзе: «...у блакітным полі пяць стрэл, таму што гэты горад пабудаваны яшчэ старажытнымі скіфамі, якія такой зброяй пахвальна валодалі...».
Наўрад ці скіфскі след у гісторыі Оршы можна абмяркоўваць усур’ёз, хаця некаторыя даследчыкі лічаць ранніх славян, у першую чаргу ўсходніх, спадкаемцамі скіфаў. Давайце лепш перанясёмся ў VI стагоддзе, калі ўжо існаваў Кіеў і, як ужо было адзначана, вельмі верагодна, быў Полацк,
У 1873 годзе на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі Чаркасова (15 кіламетраў. на паўночны ўсход ад Оршы), на левым беразе ракі Пачаніца, ва ўрочышчы з сімвалічнай назвай Замчышча (ці Гарадок) было знойдзена старажытнае гарадзішча, якое пазней было дэталёва абследавана (у 1928 годзе — Сяргеем Дубінскім, у 1971 — Леанідам Побалем і ў 1989 годзе — Вольгай Ляўко). Гарадзішча мела магутны культурны пласт больш чым у тры метры і датавалася VI—XI стагоддзямі.
У Чаркасова мы яшчэ вернемся, а пакуль адзначым двафакты: адзін — малавядомы, адругі — вядомыдастаткова. У VI—IX стагоддзях па тэрыторыі крывічоў і радзімічаў (па Заходняй Дзвіне і Дняпры) праходзіў так званы «Austrvegr» — «усходняя дарога» або «ерусалімскі шлях», па якім паломнікі са Скандынавіі і Англіі падарожнічалі ў Святую зямлю. Паломніцкія «дэлегацыі» часам налічвалі па некалькі тысяч чалавек. Цэлых пяць стагоддзяў да хрышчэння нашых продкаў пілігрымы бесперапынна рухаліся па мясцінах, дзе сёння стаяць Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў, Рагачоў. Вядомы факт, што ў 1103 годзе па «ўсходняй дарозе» ішлі на поўдзень крыжакі на чале з дацкім каралём Эрыхам Добрым.
Недзе ў прамежку паміж 800 і 830 гадамі пачаў актыўна дзейнічаць Вялікі водны шлях «з варагаў у грэкі», які праходзіў па ўжо згаданым вышэй маршруце. У рэгіёне паміж Віцебскам і Оршай у той час існавалі волакі, якія злучалі Заходнюю Дзвіну і Дняпро. Вядо-
Паход князя Брачыслава на Ноугарад Вялікі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу
ма, што ў свой час вышэй Оршы, па Дняпры, у бок Гнёздава цягнуліся на ўсход парогі. Такія ж парогі ішлі па Заходняй Дзвіне, на ўсход ад Віцебека. Такім чынам, Віцебск і Орша кантралявалі абодва канцы (дзвінскі і дняпроўскі) найбольш зручнага волака, які з Заходняй Дзвіны — праз Лучосу і Аршыцу — вёў у Дняпро. Пра актыўную дзейнасць шляху «з варагаў у грэкі» ў ваколіцах Оршы сведчаць, напрыклад, арабскі манетны скарб VIII стагоддзя, знойдзены паблізу вёскі Засценкі. і назва возера ГІярэвалачна — у басейне Аршыцы.
Прыведзеныя вышэй факты даюць падставы сцвярджаць, што ўжо з VI стагоддзя мясцовасць, дзе сёння знаходзіцца Орша, была даволі бойкім рэгіёнам, дзе, вядома ж, існавалі буйныя паселішчы.
Упамінанне аб існаванні Оршы ўжо ў сярэдзіне IX стагоддзя сустракаецца ў Усевалада Ігнатоўскага, які пісаў у «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі», што «яшчэ да закліканьня вядомых нам князёў-варагаў (862) пачалі тут складацца воласьці-княствы». Сярод згаданых у летапісе валасцей Ігнатоўскі назваў і Ар шанскую. На жаль, невядома, які летапіс меў на ўвазе слынны вучопы, але, па Ігнатоўскаму, ужо ў сярэдзіне IX стагоддзя Орша існавала і была цэнтрам удзельнага княства.
Яшчэ да Ігнатоўскага, у 1910 годзе, гэты ж гістарьвіны момант разглядаў у «Кароткай гісторыі Белару-
сі» Вацлаў Ластоўскі, які сцвярджаў, што Аршанскае княства згадвалася, сярод іншых, ужо ў X стагоддзі.
У 1021 годзе кіеўскі князь Яраслаў Мудры ўступіў полацкаму князю Брачыславу Ізяслававічу Віцебск і Усвяты. Якое дачыненне мае гэта падзея да аршанскай мінуўшчыны? Некаторыя даследчыкі, напрыклад, лічаць, што менавіта ў гэты час Брачыслаў мог заснаваць Оріпу як адзін з памежных фарпостаў на ўсходзе По лацкага княства.
Знакаміты краязнавец Мікола Ермаловіч звязвае Оршу з 1060 годам, калі, як ён лічыць, полацкі князь Усяслаў Брачыславіч (Чарадзей) прыняў удзел у па ходзе кіеўскіх князёў на торкаў — угорскае качавое племя, за што князі, магчыма, перадалі ў яго валоданне Оршу і Копысь.
I вось, нарэшце, 10 ліпеня 1067 года... «Аповесць мінулых гадоў» так апісвае падзеі гэтага дня: «...месяца ліпеня ў 10 дзень, Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад (сыны Яраслава Мудрага.—A. С. ), цалаваўшы крыж святы да Усяслава, гаварылі яму: «Прыдзі да нас, і не ўтворым табе зла». Ён жа, спадзеючыся на цалаванне крыжа, пераехаў у ладдзі Дняпро. Да Ізяслава ў шацёр прыйшоў, і там схапілі Усяслава на Ршы каля Смаленска, пераступіўшы крыж. Ізяслаў жа прывёў Усяслава ў Кіеў, пасадзіў у поруб з двума сынамі...».
Усяслаў Полацкі з сынамі. Мініянюра Радзівілаўскага летапісу
Летапісец даволі прыблізна вызначыў месца, дзе Усяслаў з сынамі быў узяты ў палон. Як вядома, ад сучаснай Оріпы да Смаленска — каля 110 кіламетраў. Напрыклад, аўтар знакамітай «Гісторыі дзяржавы Расійскай» Мікалай Карамзін лічыў, што ў летапісе ідзе гаворка аб больш блізкай да Смаленска мясцовасці, якая мае назву Аршанскі Ям і знаходзіцца каля Краснага.
Вядомы расійскі гісторык Васіль Тацішчаў у сваю чаргу пісаў, што Усяслаў «прыехаў лодкаю па Дняпры да Оршы, дзе Яраславічы стаялі». На думку ж расійскага вучонага I. Барсава, Усяслаў каля вусця Аршыцы, дзе знаходзіўся дзядзінец Оршы, пераправіўся на левы бераг Дняпра, да стану Яраславічаў, і тут быў схоплены іх дружыннікамі.
Нечаканым з’яўляецца меркаванне сучаснага даследчыка А. Мяцельскага, які лічыць, што ў 1067 годзе горада Оршы наогул... не было: на яго месцы знаходзілася невялікае неўмацаванае паселішча, якое толькі ў XII стагоддзі пачало пераўтварацца ў горад.
Тут трэба зазначыць, што археалагічныя раскопкі Аршанскага гарадзішча, праведзеныя ў 1928 годзе Аляксандрам Ляўданскім, у 1964 годзе — Георгіем Штыхавым, у 1965—1968 гадах — Юрыем Драгуном і ў 1987—1989 гадах — Вольгай Ляўко, сведчаць: тут з XII стагоддзя існавала паселішча. Але, напрыклад, той жа Штыхаў лічыць, што яно і сапраўды бьіло невялікім.
А як жа тады сведчанні Ігнатоўскага і Ластоўскага аб Оршы, якая ў IX—I стагоддзях была цэнтрам княства?
Давайце паразважаем на гэты конт. А пачнем з равесніка Оршы — Мінска, які згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 3 сакавіка 1067 года, калі адбылася знакамітая бітва на Нямізе, пасля якой Усяслаў якраз і накіраваўся пад Оршу, на сустрэчу з Яраславічамі.
Па версіі Эдуарда Загарульскага, Мінск узнік у XI стагоддзі ў сутоцы Нямігі і Свіслачы. Але ёсць і другое, менш вядомае меркаванне, якое належыць беларускаму гісторыку А. Ясінскаму і падтрымліваецца Георгіем Штыхавым і маскоўскім археолагам Леанідам Аляксеевым. Ясінскі лічыць, што Менск быў перанесены з гарадзішча на рацэ Менка, што знаходзіцца ў
16 кіламетрах на паўднёвы захад ад Менскага замчышча, пасля таго, як у 1084 годзе Уладзімір Манамах разбурыў горад, той, што знаходзіўся не на Нямізе, а на Менцы. Такім чынам, сучасная сталіца Беларусі — як бы працяг даўнейшага Мінска.
А пры чым тут Орша? — спытаеце вы... Вельмі нават пры тым, калі ўспомніць ужо згаданае гарадзішча VI—VIII стагоддзяў у Чаркасове, а яшчэ — звярнуцца да арабскай геаграфічнай літаратуры. Каля 920 года арабскі вучоны Аль-Істархі, спасылаючыся на не дайшоўшыя да нас крыніцы VIII—IX стагоддзяў, называў тры раннефеадальныя цэнтры старажытнай Русі VIII— IX стагодцзяў — Куявію (Кіеўскую зямлю), Славію (зямлю наўтародскіх, ці ільменскіх, славян) і, нарэшце, Артанію, або Арсанію ці Арту. Вось што пісаў АльІстархі: «...Яшчэ племя завецца Артаніяй, а цар яго жыве ў Артыі». 3 гэтай самай Артаніі людзі «спускаюцца па вадзе» (верагодна, па Дняпры) у Куяву (Кіеў). Патрапіць у Артанію вельмі цяжка, бо тутэйшыя насельнікі заоіваюць іншаземцаў.
Дзе ж знаходзілася легендарная Артанія-Арсанія? Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ў міжрэччы Заходняй Дзвіны і Дняпра, паміж Славіяй і Куявіяй, і атаясамляюць яе з Полацкай зямлёй. Паводле апісанняў арабскіх географаў, цэнтр Арсаніі — Арта, ці Арса— знаходзіўся недзе ў басейне Дняпра. Арабскія і персідскія аўтары па-рознаму перадаюць назву гэтага горада: першыя — як «Ар-са», другія — як «У-ртаб>>.«Арса» — «Орша» — сугучча вельмі паказальнае, што наводзіць на пэўныя развагі. А ці не Орша была той самай легендарнай Арсай VIII—IX стагоддзяў?
Сучасная Орша, размешчаная пры зліцці Аршыцы з Дняпром, відаць, не магла, аб чым сведчаць археалагічныя раскопкі. Але ў XI стагоддзі (успомнім Мінск) на гэта месца мог быць перанесены на дняпроўскі бераг другі горад, што да гэтага знаходзіўся ў іншым месцы. Дзе? Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што або каля вёскі Лучоса, якая знаходзіцца ў вярхоўях Аршыцы і Лучосы, дзе ў свой час былі знойдзены чатыры скарбы арабскіх дырхемаў VIII—IX стагоддзяў агульнай вагой каля 40 кілаграмаў, або каля згаданай ужо вёскі Чаркасова, дзе ў 1873 годзе былі выяўлены рэшткі стара-
жытнага ўмацаванага паселішча VI—VIII стагоддзяў. Вельмі верагодна, што тая ці другая Арса-Орша і была «перадыслацыравана» на бераг паўнаводнага Дняпра.
Але трэба заўважыць, што гэту версію падтрымліваюць далёка не ўсе. Ёсць даследчыкі, якія лічаць, што Арса знаходзілася далёка ад Падняпроўя і нават ад Беларусі: на поўдні Украіны ці на Паўночным Каўказе.
Цікавымі з’яўляюцца археалагічныя даследаванні, праведзеныя ў Чаркасове Вольгай Ляўко. Аналізуючы іх вынікі, археолаг прыйшла да высновы, што ў XI стаіоддзі Чаркасова, як цэнтр акругі ці пагоста, спыніў сваё існаванне, і яго функцыі перайшлі да крэпасці, што да таго часу з’явілася ў сутоцы Аршыцы і Дняпра. дзе і сёння стаіць старажытная Орша. Але яна лічыць, што ў дадзеным выпадку можна гаварыць аб пераносе з паселішча каля Чаркасова ў паселішча на Дняпры менавіта адміністрацыйных (валасных) функцый, а не самога паселішча.
Прыведзеныя вышэй разважанні даюць магчымасць спалучыць легенды і рэаліі і выказаць меркаванне, што Орша, вельмі верагодна, з’явілася на нашай зямлі paHeft, чым лічыцца сёння.
Калі? Хочацца спадзявацца, што адказ на гэта пытанне з часам будзе знойдзены.