Поле памяці
Постаці і падзеі беларускай мінуўшчыны
Святаслаў Асіноўскі
Выдавец: Полымя
Памер: 176с.
Мінск 1999
Думаецца, што абодва меркаванні якраз не выключаюць адно другое: у 1092 годзе ў Полацку сапраўды лютаваў нейкі паморак (калі мець на ўвазе
Віленская царква Святога Духа.
Тут гараджане ратаваліся падчас эпідэміі чумы 1661 г.
ўспамін пра «язвы», то, хутчэй за ўсё, гэта была чума), а летапісцы засведчылі, што «полацкія дзівосы» былі божай карай за «грахі нашы і няпраўды», якія навёў бог на людзей полацкіх, «наказваючы ім пакаянне мець і пазбавіцца ад граху, і ад зайздрасці, і ад іншых злых спраў непрыязных».
Занатоўваючы падзеі XV—XVIII стагоддзяў, летапісы досыць часта ўзгадваюць паморкі на абшарах Вялікага княства Літоўскага. Аналіз летапісаў прыводзіць да высновы, што розныя пошасці, якія час ад часу лютавалі тут, па сваіх негатыўных наступствах саступалі, бадай што, толькі ваенным бедствам. Дарэчы,
досыць часта гэтыя няшчасці крочылі па нашай зямлі поруч.
Каб мець лепшае ўяўленне аб, так бы мовіць, эпідэміялагічным становішчы ў тагачасным Вялікім княстве Літоўскім, перагорнем разам з вамі старонкі лета пісаў...
«Летапіс Панцырнага і Аверкі» сведчыць: «Року 1424. Такі цяжкі быў паморак, што Уладзіслаў Ягела з князем Вітаўтам хаваліся ў лясах».
Працягвае жудасны мартыралог «Яўрэінаўскі летапіс»: «Лета 1434... I многа ліха ў той год учынілася ва ўсёй зямлі Літоўскай... і паморкі былі моцныя».
А вось сведчанне з «Хронікі літоўскай і жамойцкай»: «Року 1448. Голад быў вельмі вялікі ў Літве, такі, што людзей па сёлах елі сабакі, свінні, ваўкі, мядзведзі, памёріпых, што не было каму хаваць, бо пасля голаду паўстаў паморак вялікі і ў самім месце Смаленску трупы людскія сабакі цягалі, і з голаду вялікага людзі людзей елі, таксама маці дзяцей сваіх».
Звяртае на сябе ўвагу запіс з «Летапісу Рачынскага»: «Лета божага нараджэння 1506. Кароль Аляксандр расхварэўся, бо яго паморак парушыў». Адсюль не выключана, што ўладар Вялікага княства Літоўскага стаў ахвярай чарговай эпідэміі, што наведала ў той час Літву.
Вельмі верагодна, што паморак каштаваў жыцця яшчэ аднаму знакамітаму чалавеку. Спалучым у адно цэлае два летапісныя факты. «Хроніка літоўская і жамойцкая» сведчыць, што ў 1530 годзе «...у Вільні пошасць маравая... панавала». Яе дапаўняе «Яўрэінаўскі летапіс»: «Пасад і горад Віленскі гарэў лета божага нараджэння 1530-га... А князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі памёр лета божага нараджэння 1530-га, жніўня месяца».
Калі верыць Вітаўту Чаропку, Канстанцін Астрожскі памёр 8 жніўня 1530 года ў Тураве. Але .Auer Лойка ў рамане-эсэ «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае» сцвярджае, што славуты палкаводзец сканаў «у Віленскіх палацах падчас мору».
Занатаваны паморкі і ў «Баркулабаўскім летапісе»: «Року божага нараджэння 1588...у збожжы няўрод.
' голад моцны, дарагоўля мбцная, паморкі, пошасці... Таго ж року 88 у месце Віленскім там у тых краях, таксама ў Кіеве і ў многіх краінах вялікі паморак быў».
Віленскі паморак 1588 года, дарэчы, стаў свайго роду зорным часам для тамтэйшых езуітаў, якія выказалі невымерную самаахвярнасць, змагаючыся з наступствамі эпідэміі. Ратуючы хворых, мужныя манахі самі амаль усе сталі ахвярамі эпідэміі.
Страшнымі паморкамі быў пазначаны ў Вялікім княстве Літоўскім пачатак XVII стагоддя. Няўрод 1601 года, голад наступнага 1602-га далі свой жудасны плён, які засведчыў «Баркулабаўскі летапіс»: «Таго ж року 1603. У месце Віленскім, у Менску, у Радашковічах, на Оршы, у Шклове і па іншых многіх замках быў паморак вялікі ў пост Піліпаў; а ў якіх замках паморку не было, у тых месцах па дарогах, па вуліцах стражу вялікую дзень і ноч мелі аж да Раства Хрыстова...».
Летапіс малюе жахлівыя карціны эпідэміі: «страшна было бачыць, як па вуліцах, па дарогах, па гумнах, у равах сабакі мёртвых многіх целы елі», «па пяць, па трыццаць у яму хавалі», «страх бачыць гневу божага».
Згаданы вышэй паморак, відаць, так уразіў летапісца, што некалькі наступных гадоў той, быццам не верачы ў адсутнасць якіх бы то ні было катаклізмаў, штогод занатоўваў: «Той рок з ласкі божай быў здаровы на людзі...». Але ўжо ў 1608 годзе яму давялося запісаць: «Многа дзетак малых з воспы памёрла».
Многія віленчукі ратаваліся ад «чорнай смерці» ў храмах і там паміралі. Пахаванні ахвяр чумы (відаць, эпідэміі 1661 года) да сённяшняга дня захаваліся ў сутарэннях царквы Святадухава манастыра.
Пачатак наступнага XVIII стагоддзя быў азмрочаны не толькі крывавай віхурай Паўночнай вайны, але і прышэсцем заўсёдных спадарожнікаў ваенных бедстваў — паморкаў. Іх занатаваў ужо згаданы «Летапіс Панцырнага і Аверкі». Пошасць 1709 года выкасіла 10 тысяч жыхароў Львова. Праз год ахвярамі паморку сталі 26 тысяч гданьскіх месцічаў і
Паморак у Вільні ў 1710 г. Малюнак Ф. Пелікана з гравюры ксяндза Карэнгі. 1798 г.
Спаленне яўрэяу 14 лютага 1493 г. у Сен-Вельтэне Гравюра з «Нюрнбергскіх хронік». 1493 г.
12 тысяч насельнікаў Варміі. У гэты ж час «чорная смерць» прыйіпла і на нашу зямлю. Летапісец засведчыў: «Року 1710. Маравая пошасць лютавала ў Віцебску год цэлы»; «у Вільні хрысціян вымерла 20 тысяч, жыдоў чатыры тысячы».
Паморак вясны 1708 года ў Вільні згадвае Адам Кіркор у «Жывапіснай Расіі»: «Зноў голад, маравая пошасць, пажары! Адных езуітаў загінула 117 чалавек. Налічваюць да 34 000 загінуўшых жыхароў. Людзі елі сабак, кошак, мышэй. У ваколіцах злоўлена 8 чалавек, якія, забіўшы сваіх жонак і дзяцей, з’елі іх трупы, а потым нападалі на праезных, забівалі і пажыралі».
Апісанне ўсіх гэтых жудасцей можна было б працягваць яшчэ: прыкладаў, на жаль, стае. Але самае страшнае тое, што няшчасныя людзі былі зусім безабаронныя перад паморкамі. «Чорная смерць» забірала столькі ахвяраў, колькі ёй было патрэбна. Тая ж чума ў бубоннай сваёй форме (яе распаўсюджвалі пацукі) забірала 80 працэнтаў захварэўшых, а ў
лёгачнай (яна перадавалася ад чалавека да чалавека) — усе 100 працэнтаў.
Падчас эпідэмій звар’яцелыя ад жаху людзі ў лепшым выпадку лічылі паморкі божай карай, а ў горшым — спісвалі іх на яўрэяў, якія, быццам бы, склалі змову і атручваюць калодзежы, каб знішчыць усіх хрысціян. Вынікам людскога невуцтва і жывёльнага жаху былі жудасныя яўрэйскія пагромы. Напрыклад, падчас паморку ў французскім горадзе Сен-Вельтэн 14 студзеня 1493 года 2000 яўрэяў, «вінаватых» у ім, спалілі жывымі.
Дарэчы, менавіта пасля эпідэміі чумы XIV стагоддзя, а канкрэтна — з 1350 года яўрэям у Заходняй Еўропе дазвалялі жыць толькі ў спецыяльна вызначаных гарадскіх кварталах, якія атрымалі назву гета. Тагачасны пераслед яўрэяў, дарэчы, выклікаў іх масавыя перасяленні ў Полыпчу і Вялікае княства Літоўскае, дзе цемрашалаў, відаць, было менш.
Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што людзі ўсё ж такі спрабавалі ажыццяўляць нейкія прафілактычныя меры падчас эпідэмій. Каб пазбегнуць заражэння чумой, у Сярэднявечнай Еўропе, напрыклад, абкурвалі памяшканні, палячы палын, мяту, дзягілевы корань, ягады ядлоўцу, або выкарыстоўвалі камфару. о
Продкі ж беларусаў падчас паморкаў звычайна апелявалі да Бога, а то і да звышнатуральных сіл, якія, на іх думку, толькі і маглі абараніць іх ад страшнай бяды. Калі чалавека апаноўвала якая-небудзь пошасць, напрыклад, тая ж чума, мясцовы шаптун тварыў над ім замову: «Чума-чумішча, ведзьма-вядзьмішча, сучка-сучышча, ідзі ты на мох, на балоты, на сухі лес, на чортавую люльку, ад раба божага, ад ягонай жоўтай косткі і чырвонай крыві. Хух, святы дух!».
Існавалі і другія сродкі, так бы мовіць, калектыўнай абароны ад паморкаў. Прадвесцем бяды лічылася так званая маравая панна — маладая жанчына з чорнай хусткай у руцэ, якая, быццам бы, лятала па небе над асуджаным на паморак населеным пунктам. Найперш бяда пагражала той хаце, у вакно ці дзверы
якой маравая панна прасуне руку і ўзмахне хусткай. Таму людзі падчас эпідэмій старанна зачынялі дзверы івокны.
Ратаваліся і па-іншаму. Дзяўчаты, сабраўшыся познім вечарам у адной з хат, павінны былі за ноч саткаць палатно, з якім з узыходам сонца яны хадзілі з тужлівым спевам вакол вёскі. Пасля пад палатном, якое трымалі ў руках, разводзілі касцёр з трэсак, прынесеных з кожнага двара. Праз своеасаблівую вогненную браму павінен быў прайсці кожны жыхар, Напрыканцы на кастры спальвалі і само магічнае палатно.
Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя з маравой паннай змагаліся з дапамогай абворвання паселішчаў. У саху запрагалі трох голых цнатлівых дзяўчат, якія ў суправаджэнні старых жанчын, што ўзнімалі неверагодны лямант, каб адагнаць маравую панну, павінны былі пракласці вакол вёскі баразну.
Былі і больш «цывілізаваныя» сродкі абароны ад эпідэмій: усталяванне на рагах паселішча так званых збярог-камянёў з выбітымі на іх шасціканцовымі праваслаўнымі крыжамі. Адзін з такіх валуноў захаваўся каля вядомай вёскі Крэва. Лічыцца, што яго ўсталявалі падчас эпідэміі халеры 1871 года.
На жаль, усё гэта даламагала мала. Заразіўшыся чумой або халерай, чалавек быў, за рэдкім выключэняем, асуджаны на смерць.
Больш-менш паспяхова змагацца з паморкамі людзі навучыліся толькі ў другой палове XIX стагодцзя, а пра перамогу над яекаторымі з гэтых страшных хваробаў урачы загаварылі яшчэ праз некалькі дзесяцігоддзяў. Але ці можна быць упэўненым, што гэтыя перамогі — канчатковыя?..
Ёсць сведчанні аб эпідэміях, што адбываліся на Беларусі і не ў такі ўжо далёкі час. Так, напрыклад, у 1893 годзе параходы з Кіева завезлі ў Пінск халеру. Эпідэмія хутка распаўсюдзілася па Мінскай губерні, ахапіўшы Пінскі, Бабруйскі, Рэчыцкі, Мазырскі, Ігуменскі, Барысаўскі і Навагрудскі ўезды. Было выяўлена 1311 хворых, 527 з іх (40 працэнтаў) памёрлі.
Эпідэмія халеры, якая распаўсюдзілася па той жа Мінскай губерні ў 1910 годзе, уразіла 1315 чалавек.
Ахвярамі паморку на гэты раз сталі 456 чалавек (кожны трэці з захварэўшых).
Лічбы, безумоўна, не такія жахлівыя, як у XIV— XVIII стагоддзях, але досыць красамоўныя. I ў недалёкім мінулым стагоддзі паморкі былі страшным бедствам. Але, на шчасце, мясцовыя ўлады і медыкі навучыліся іх лакалізаваць...
Дарэчы, з паморкам звязана і гісторыя ўзвядзення аднаго з адметных архітэктурных помнікаў беларускай сталіцы — касцёла святога Роха.
Далёка не ўсе ведаюць, што якраз святы Рох вядомы ў католікаў як абаронца людзей і жывёл ад паморкаў. Мінскі краязнавец Васіль Каляда занатаваў наступнае паданне. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Мінску лютавала халера, якая забрала шмат ахвяраў. Многіх з памерлых хавалі на каталіцкіх могілках. Пасля аднаго з адпяванняў ксёндз, зняўшы рызу, паклаў на яе некалькі залатых манет. Тое ж зрабілі і прысутныя парафіяне. Хутка на рызе вырасла цэлая залатая горка з ахвяраваных грошай. На іх і пабудавалі ў 1861—1864 гадах касцёл, асвечаны ў гонар святога Роха.