Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Так, сапраўды, цяжка было знайсці «пазітыўныя элементы» на зямлі, што гарэла пад нагамі захопнікаў. Ужо вясной 1942 года адзін з падначаленых таго ж Розенберга даносіў свайму шэфу: «Сёння партызанская вайна ахоплівае ўсю Беларусь, амаль усе лясы запоўнены партызанамі, некаторыя часткі раёнаў знаходзяцца пад іх уладай. Нападу падвяргаюцца цэлыя гарады. Нападаюць на нямецкія ваенныя атрады і на грамадзянскія ўпраўленні, праводзяць мітынгі сярод грамадзянскага насельніцтва. Партызанская вайна пагражае ператварыцца ў тылавы фронт нямецкай арміі».
Трэба аддаць яму належнае фашысцкі прыслужнік цвяроза глядзеў на рэчы і бачыў далёка. У глыбокім нямецкім тыле сапраўды гарэў другі фронт партызанскай вайны, якая няўхільна перарастала ва ўсеагульную вайну супраць фашызму.
Айчынная вайна для Беларусі сапраўды з'явілася вайной агульнанароднай з яе першага дня і да самой перамогі. Тры гады беларускі народ правёў на яе пярэднім краі ў літаральным сэнсе гэтага слова, ні дня не ведаючы хоць бы адноснай
бяспекі. Фронт барацьбы з гітлераўцамі праходзіў па кожнай ваколіцы, па кожным падворку, па сэрцах і душах людзей. Агульнанародная вайна азначала, што кожны быў воінам з усімі яго абавязкамі і вынікамі, незалежна ад узросту, полу, нягледзячы на тое, меў ён зброю і страляў у акупантаў або толькі сеяў збожжа і гадаваў дзяцей, кожны быў воінам. Таму што і зброя, і збожжа, і падросшыя дзеці, ды і само існаванне кожнага беларуса ў выніку былі накіраваны супраць акупантаў.
Беларускі народ пад кіраўніцтвам партыі камуністаў у найкарацейшыя тэрміны сфарміраваў паўмільённую партызанскую армію, узброіў яе, забяспечыў харчам, адзеннем, фуражом і цяглом. На тэрыторыі цэлых раёнаў на працягу ўсёй вайны функцыянавалі органы Савецкай улады, баявыя брыгады партызанскіх зон месцамі супрацьстаялі знятым з фронту рэгулярным нямецкім войскам. Немцы вельмі хутка зразумелі, што гэты невялікі і міралюбівы народ выселіць з яго тэрыторыі не ўдасца ні пры якіх абставінах, як не ўдасца і анямечыць, і акупанты ўзялі пачварны курс на яго ліквідацыю.
Усведамляючы штохвілінную небяспеку, якая пагражала фашыстам з лясоў і вёсак лясной стараны, яны ў сваім страху дайшлі да ашалеласці і гатовы былі забіваць кожнага. I калі яны не забілі ўсіх, дык толькі таму, што не ў стане былі зрабіць гэта фізічна. Каб забіць усіх, перш за ўсё трэба было іх перамагчы. А гэта аказалася звыш магчымасцей гітлераўцаў, і яны забівалі, помсцячы за свае няўдачы на фронце і ў баях з партызанамі, забівалі тых, хто дапамагаў або толькі мог дапамагчы партызанам. Тры гады няспынна гінулі людзі, і гэта была цяжкая плата народа за сваю незалежнасць, якая абышлася Беларусі ў два мільёны дзвесце трыццаць тысяч чалавечых жыццяў.
Акупанты былі не супраць спаліць кожную беларускую вёску, ператварыць у руіны кожнае мястэчка, кожны пасёлак. Вядома, «падставы» для гэтага ў іх меліся, бо не было на беларускай зямлі самай маленькай вёсачкі, якая б не паслала ў лес хоць бы некалькі сваіх партызан, каб затым забяспечваць іх неабходным, даваць ім прытулак у халодны час, дапамагаць разведкай. Ваявалі нават дзеці (Марат Казей) і глыбокія дзяды (браты Цубы). Разам з партызанамі яны разбуралі чыгункі, знішчалі тэлефонную і тэлеграфную сувязь, палілі масты, рабілі лясныя завалы, днём і ноччу вялі разведку...
Так, гітлераўцы былі не супраць таго, каб знішчыць у Беларусі ўсіх і ўсё, каб на дзесяцігоддзі ліквідаваць усялякія ўмовы для існавання беларусаў, хаця ў іх і не хапала для таго
сілы і магчымасцей. I ўсё ж за тры гады вайны яны змаглі сцерці з твару беларускай зямлі 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак.
Незвычайны разгар усенароднай вайны супраць гітлераўцаў, зразумела, не з’яўляецца толькі вынікам жорсткасці апошніх, як часам лічаць на Захадзе. Таксама няправільна было б звязваць масавае знішчэнне насельніцтва Беларусі і яе матэрыяльных каштоўнасцей з разгортваннем партызанскай барацьбы, хоць абодва гэтыя фактары даволі цесна звязаны паміж сабой. Таксама як наш народ арганічна не мог стрываць чужаземнага панавання на сваёй зямлі, нямецкі фашызм не мог пагадзіцца з малейшым непадпарадкаваннем акупіраваных народаў. Вынікам быў смяртэльны паядынак дзвюх палітычных і сацыяльных сістэм, дзвюх ідэалогій.
Справядлівая справа перамагла.
Пры ўсёй грамаднасці ўласных намаганняў і страт беларусы ведаюць, што ім адным, без паўсядзённай дапамогі і падтрымкі з боку іншых народаў краіны, ніколі б не выстаяць у гэтай жорсткай барацьбе. Толькі вялікае братэрства савецкіх народаў забяспечыла ім неабходную дапамогу і дало сілы выстаяць у самую іх трудную гадзіну. Сотні тон грузаў зброі і боепрыпасаў дастаўляліся на партызанскія аэрадромы з Вялікай зямлі, у савецкі тыл эвакуіраваліся цяжкапараненыя. Дзеяннямі партызанскіх зон на працягу ўсёй вайны клапатліва кіраваў адзіны цэнтр Штаб партызанскага руху ў Маскве. Усё гэта памнажала сілы народа ў барацьбе і ўмацоўвала яго волю да перамогі.
На беларускай зямлі ў агні партызанскай вайны гартавалася вялікая дружба братніх савецкіх народаў. У адзіным партызанскім страі змагаліся з ворагам беларусы і рускія, украінцы і яўрэі, азербайджанцы і грузіны, літоўцы і таджыкі. Нярэдка здаралася, што, аказаўшыся сведкамі нечуванай самаадданасці народа, на яго бок пераходзілі людзі з лагера ворага, прадстаўнікі народаў Еўропы, ашуканствам уцягнутыя у вайну. Так, менавіта ў Беларусі прынялі сваё гераічнае рашэнне дваццаць італьянскіх салдат, якія адмовіліся страляць у мірных жыхароў і за гэта былі расстраляны фашыстамі. На нашай зямлі здзейснілі свае подзвігі легендарнай храбрасці чэх Ян Налепка і нямецкі антыфашыст Фрыц Шменкель. Сотні славакаў, венграў, румын, прыгнаных фашыстамі на нашу зямлю са зброяй у руках, павярнулі гэтую зброю супраць сваіх прыгнятальнікаў.
Беларусы будуць вечна ўдзячны гераічнай Савецкай Арміі, сотні тысяч салдат якой аддалі сваё жыццё за гонар і
незалежнасць нашай Радзімы. Каля шматлікіх абеліскаў над іх магіламі ніколі не вянуць жывыя кветкі знак вечнай памяці ўдзячнага ім народа.
...Сумна і разам з тым велічна днём і ноччу, у вецер і непагоду разносіцца над Белай Руссю звон Хатыні. Бясконцы людскі паток. Моўчкі стаяць людзі ля вянка памяці, пакладзенага на месца пахавання попелу хатынцаў, моўчкі чытаюць яны зварот мёртвых да жывых чорныя словы на мармуры: «Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі, каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала!»
I кожны моўчкі падпісваецца пад чорнымі літарамі на белым мармуры, пад словамі клятвы жывых:
«Родныя вы нашы, у смутку вялікім, схіліўшы галовы, стаім перад вамі. Вы не скарыліся лютым забойцам у чорныя дні фашысцкай навалы. Вы смерць прынялі, ды полымя сэрцаў вашай любові да Савецкай Радзімы навек незгасальна. Памяць пра вас у нас назаўсёды, як неўміручая наша зямля і як вечна яркае сонца над ёю!»
Хатынь адна, але сэнс гэтага слова вялізны. Перш за ўсё гэта светлая памяць аб тых, хто заслужыў найбольшае права жыць, але каго няма з намі. Хатынь гэта мільёны ахвяр мінулай вайны. Гэта усе, і што не менш важна, гэта яшчэ і кожны.
Першага верасня ў школах Беларусі на ўроках мужнасці такія ўрокі праводзяцца ў кожнай школе настаўнікі расказваюць вучням аб гісторыі Хатыні. Чуйныя дзіцячыя сэрцы ахвотна раскрываюцца насустрач даўняму подзвігу, які робіцца для іх першым і галоўным урокам года.
3 дня адкрыцця мемарыяла тысячы людзей пабывалі ў Хатыні, але людскі паток да гэтага свяшчэннага месца не спыняецца ніколі. Сюды ідуць тыя, хто быў асуджаны нямецкім фашызмам на смерць, але са зброяй у руках адстаяў сваё права жыць, хто быў асуджаны не нарадзіцца, але наперакор усяму нарадзіўся і жыве. Сюды прыязджаюць многія людзі з Захаду і Усходу, якія жадаюць зразумець, чаму мы не толькі выстаялі, але і перамаглі ў мінулай вайне.
Хатынь жыве не толькі ў народнай памяці, але і ў штодзённых справах народа. Аб ёй пішуць у газетах, здымаюцца фільмы, складаюцца вершы і паэмы. Хатынь дае чалавецтву просты, як ісціна, і вечна мудры ўрок пільнасці. Чалавецтва павінна памятаць аб смяртэльнай пагрозе, якой яно пазбегла
ў недалёкім мінулым, і штодзённа клапаціцца пра будучыню. На зямлі, на жаль, ніколі не было недахопу ва ўладарных авантурыстах, заўсёды спелі на ёй цёмныя сілы агрэсіі, ахвочыя пажывіцца за кошт міралюбства іншых. У наш жорсткі час недастаткова любіць мір трэба ўмець яго абараняць.
Гітлераўскі фашызм разгромлены ў адкрытым баі, чалавецтва перамагло самага заклятага ворага. Але праклятае насенне рэваншызму яшчэ не знішчана. Затаіўшыся на Захадзе, жывуць пастарэлыя каты Хатыні і соцень іншых беларускіх, рускіх і ўкраінскіх вёсак. У цішы шыкоўных кабінетаў яны асэнсоўваюць свае промахі ў мінулай вайне і плануюць новыя «бліцы» на новай тэхнічнай аснове. У сакрушальным разгроме сорак пятага ўцалелі і некаторыя з нямецкіх памагатых, якія спрабуюць «маральным» і прававым камуфляжам прыкрыць свае крымінальныя злачынствы ў гады вайны. Але не будзе апраўдання іхнім злачынствам, як не будзе і даравання. Тое, што зроблена імі на беларускай зямлі, дараваць немагчыма.
...Выдатна архітэктурна выкананы мемарыял Хатыні захоўвае для чалавецтва назву кожнай спаленай беларускай вёскі, кожны мёртвы хатынскі двор, кожнае імя хатынца. У жалобным бетонным мартыралогу праходзяць імёны дарослых, падлеткаў, дзяцей Яскевіч Антон Антонавіч, Яскевіч Алена Сідараўна, Яскевіч Віктар, Яскевіч Ванда, Яскевіч Вера, Яскевіч Надзя (9 год), Яскевіч Уладзік (7 лет), Яскевіч Толік (7 тыдняў), і так усе 149 забітых.
Усе, апроч аднаго Іосіфа Іосіфавіча Камінскага, які выпадкова выратаваўся з палаючага, набітага людзьмі хлява і ў бронзе паўстаў цяпер з мёртвым сынам на выцягнутых руках. У гэтых ягоных руках усё і сум, і трагізм, і бязмежная воля да жыцця, якая дала беларусам магчымасць выстаяць і перамагчы...
[1971]
АЛЯКСАНДР ТВАРДОЎСКІ
Ён доўга і цяжка хварэў, неймаверна пакутуючы, і ўсе, каму дарагая літаратура, не пераставалі сачыць за гэтым амаль двухгадовым адзінаборствам вялікага чалавека са смерцю, у якім, як гэта ні прыкра і ні балюча, урэшце перамагла смерць. Ніколі ўжо больш мы не пабачым ягоную мажную постаць,