Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
народ, заключает в себе множество сторон, которые не только повесть, целая лнтература не нсчерпает».
Прашу прабачэння за доўгую цытату, але мне здаецца, што сказанае Няіставым Вісарыёнам мае самыя непасрэдныя адносіны не толькі да Гогаля, але і да нашай сучаснай літаратурнай практыкі. Калі б нашы выдаўцы і крытыкі часцей чыталі Бялінскага ды лічыліся з яго аўтарытэтам, можа б, яны зразумелі ўсю недарэчнасць шмат якіх уласных прэтэнзій да літаратуры, якія болей за сто гадоў таму разбіў вялікі крытык-дэмакрат. Гэта ж праўда, што з 1847 года, калі былі напісаны гэтыя словы, у нашай літаратуры не шмат змянілася, па-ранейшаму ў яе адрас усё тыя ж папрокі. Варта напісаць не надта прывабнага генерала, як адразу ж раздаюцца абвінавачванні ў падрыве прэстыжу савецкіх палкаводцаў; варта намаляваць адмоўны персанаж чыгуначніка, як ужо пішуць пра паклёп на слаўных савецкіх чыгуначнікаў. Абскурантызм з поваду знявагі гонару мундзіра ў апошні час набыў пагрозлівы характар. Я мог бы прывесці красамоўныя прыклады з уласнай практыкі, з жыцця ўсім нам вядомага Аляксея Карпюка, які за наіўную спробу напісаць праўдзівую літаратурную аўтабіяграфію свайго, я б сказаў, гераічнага жыцця паплаціўся ўжо шмат чым і, мабыць, паплаціцца яшчэ.
У кожнай прафесіі важнейшае значэнне мае думка спецыяліста, майстра пэўнага рамяства, але не ў літаратуры. У адносінах да літаратуры здарылася так, што ісціна вызначаецца па прынцыпу субардынацыі. Як кажуць, чым вышэй пасада, тым бліжэй да Бога. У канцы пятага дзесятка гадоў Савецкай улады мы марым аб тым жа, пра што ў свой час клапаціўся Луначарскі, які яшчэ ў 1931 годзе казаў, што «вопрос надо ставнть не так, чтобы Центральный Коміітет ппсал лозунгн, а гшсателн подыскнвалм нллюстрацнн к нпм, а так, чтобы партня, Центральный Коммтет средн другнх ннформацнонных матерналов чнталн н гшсателей н получалн от нлх нмпульсы для свонх постановленнй н лозунгов».
Напісаць добры твор нялёгка ва ўсіх адносінах, але яшчэ цяжэй яго надрукаваць. Гэта ж факт, што ў нас лёгка друкуюцца толькі пасрэдныя творы, тыя, у якіх нічога няма, якія падобны на сотні папярэдніх, ужо выпрабаваных выдаўцамі і крытыкай. А тое, што не адпавядае афіцыйным устаноўкам, сустракаецца з недаверам і пераадольвае магутнае супраціўленне ва ўсіх сферах. Практычна аўтар апынаецца перад дылемай: або прыняць патрабаванні выдавецтва і спаскудзіць твор, або той ніколі не пабачыць свету. Нярэдка ў выдадзеным творы
дужа няшмат застаецца ад аўтара і ягонай канцэпцыі. Дзіўны і незразумелы гэты ўзаконены недавер да таленту, недавер, які абразлівы сам па сабе для кожнага літаратара і прыніжае літаратуру.
I тым не менш мы мусім пісаць. Мы стаім на парозе вялікіх падзей нашай гісторыі. У нас ёсць пра што пісаць і ніколі не было недахопу талентаў. Літаратура пачалася не ўчора і скончыцца не заўтра. Беларуская літаратура не толькі тое, што выдадзена ў ведамстве Захара Пятровіча. Дзённікі і нататкі Даўжэнкі, Нікалаевай, Кузьмы Чорнага, шматпакутныя творы Гарэцкага, рукапісныя творы ўсіх часоў і народаў не менш літаратура, чым шматтомныя шэрагі ў ледэрынавых вокладках. I мне здаецца, што трэба пісаць не толькі пра жыццё народа, але і пра жыццё літаратуры. Варта памятаць, што Лукаш Бэндэ ўвайшоў у нашу культуру гэтак жа назаўжды, як і тыя пакутнікі, якіх ён загубіў. Трэба часцей напамінаць пра той горкі вопыт нашай культуры. Асабліва для тых, хто ўсё яшчэ не страціў ахвоту ў падкутых ботах пагойсаць на яе здратаваным агародзе.
Магчыма, гэтыя словы не ўсім спадабаюцца. Можа, замест іх камусьці хацелася б пачуць ад мяне пакаянне ў духу Го Ма-жо. Але ў наш час такія пакаянні, як гэта красамоўна засведчыў А. Макаёнак, не шмат чаго варты. Таму не будзем крывіць душой. Мы не ворагі народа і не падрывацелі асноў Савецкай улады, адданасць якой у свой час засведчылі ўласнай крывёй. Да таго ж мы не патрабуем незвычайнага, мы толькі просім болей цярпімасці. Пастаўце сябе на нашае месца, і вы зразумееце, што выбар у нас невялікі: або літаратура, або нелітаратура. Сярэдзіны няма.
У заключэнне хачу адзначыць, што, нягледзячы на шмат якія невясёлыя выказаныя тут думкі, я веру ў стваральную сілу літаратуры і ў добразычлівасць тых, хто пастаўлены ёю кіраваць. Яшчэ хачу падзякаваць шмат якім пісьменнікам, што праявілі ўласную мужнасць і пісьменніцкую салідарнасць з поваду вядомага выпаду ў мой адрас. Покуль мы будзем з’яднаны па важнейшых пытаннях нашага жыцця і будзем гаварыць пра тое адкрыта, беларускі народ можа спадзявацца на добры лёс сваёй літаратуры.
[1966]
УРОКІ жыцця
Прынята лічыць, што тыя, каму выпала закончыць мінулую вайну бліскучай перамогай над ворагам, вярнуліся ў мірнае жыццё ўзброеныя сваім у многім універсальным вопытам барацьбы з самым дасканалым і магутным злом на зямлінямецкім фашызмам. Безумоўна, гэта ў значнай ступені ўнікальны, коштам крыві здабыты жыццёвы вопыт, які і дагэтуль дае пакаленням пэўную дальнабачнасць як у паўсядзённым жыцці, так і на крутых, «заносных» паваротах гісторыі. Нярэдка здараецца, што і тыя, хто маладзей і не ўдзельнічалі ў вайне ў прамым сэнсе, бачаць у гэтым вопыце своеасаблівы маральны арыенцір сярод пэўных складанасцей жыцця.
Менавіта прадстаўніком пакалення, загартаванага ў вайне і жыццёвых нягодах, здаецца гераіні аповесці А. Адамовіча «Вікторыя» былы партызан, пачынаючы літаратар Дубовік. Вырасшы далёка ад фронту, хоць і ў поўнай меры адчуўшы на сабе яго дыханне, Віка перажывае серыю асабістых няўдач, выкліканых ускладненнем яе адносін з кіраўніцтвам інстытута, у якім яна вучылася, няўдалым замуствам, расчараваннем у каханні. У гэты даволі цяжкі для дзяўчыны перыяд канфліктаў з жыццём адбываецца яе знаёмства з Дубовікам, і таму зразумела імкненне Вікі знайсці колькі-небудзь магчымую душэўную раўнавагу, заканамерны яе парыў да яснасці, глыбіні і сілы, увасабленнем якіх ёй здаецца Дубовік.
Вобраз Вікторыі галоўная складанасць у вырашэнні звышзадачы аповесці. Увасобленая чуйнасць і сумленне, Віка ў дачыненні да сябе і бліжняга прад’яўляе такія маральныя патрабаванні, што задаволіць іх магчыма толькі з пазіцый крыштальнай сумленнасці, вялікай мужнасці і самаадданай барацьбы са злом, што ўжо само па сабе не проста. I тут аказваецца, што той, ад каго ў гэтым сэнсе трэба было б чакаць учынкаў, адпаведных пастулатам ягоных вераванняў, на справе сутыкаецца з недастатковасцю, калі не сказаць бездапаможнасцю свайго жыццёвага вопыту. У сілу даволі пераканаўча прасочанай узаемаабумоўленасці Дубовіку даволі нялёгка прыняць да дзеяння маральны максімалізм, так арганічна ўласцівы Вікторыі. Былы партызан, які мераў кожнага адпаведна таму, «які б ён быў там, побач са смерцю», Дубовік у іншых, але не ў меней складаных, чым на вайне, сітуацыях мірнага жыцця па сутнасці аказваецца няздольным да
актыўнага дзеяння. Прычын для гэтага можа аказацца некалькі, аднак па крайняй меры адну з іх трэба шукаць у характары героя аповесці. Справа ў тым, што. многія з маральных крытэрыяў, якія для яго былі абсалютна бясспрэчныя ў вайне, у новых умовах, страціўшы сваю адназначнасць, набылі куды большую адноснасць. Да таго ж, як гэта няцяжка заключыць з аповесці, у сілу новай прафесіі Дубовіка недзе аказалася парушанай яго натуральная сувязь з асяроддзем, якое ў свой час зрабіла значны ўплыў на фарміраванне яго характару. У выніку аказваецца, што элементарная выразнасць ягоных учынкаў, характэрных для партызанскага мінулага, проста перастала быць верагоднай у цяперашні час, калі маральную сутнасць ягонай асобы ў значнай меры стаў вызначаць прымат слова, а не справы. «Спачатку бе слова», «Сёння важней зразумець, чым зрабіць» вось крэда, засвоенае Дубовікам нашых дзён. Але гэтыя прынцыпы наўрад ці могуць задаволіць там, дзе арудуюць беспрынцыпныя «макарушкі», якія самае святое з нашага жыцця выдатна прыстасоўваюць для ўласнай выгады.
У такіх умовах патрэбна дзеянне, патрэбна паслядоўная барацьба за нашы ідэалы, у імя якіх было праліта столькі крыві. Канчаткова і рашуча зламаць «макарушак» можна толькі справай, бо «выкрыты фальш гэта яшчэ не праўда», як сцвярджае адзін з персанажаў аповесці. I хоць Дубовік не без падстаў лічыць неабходным спачатку «зразумець чалавека ўчарашняга, угадаць заўтрашняга», але ў пагоні за гэтым разуменнем, па сутнасці, саступае з пазіцый, заваяванне якіх вельмі нятанна абышлося ў мінулым.
У выніку нялёгкі саюз Вікі з Дубовікам аказваецца не ў стане даць ёй жаданую апору і, наўрад ці ўзбагаціўшы яе маральна, распадаецца. Што ж датычыць Дубовіка, дык для яго Віка нечаканы, хоць і ў многім дэтэрмінаваны ўрок, які значна расшырыў круг яго адчування і яго разумення, «Хіба жыццё каго-небудзь чакае? нібы духоўна ачнуўшыся і на многае зірнуўшы інакш, пытаецца Дубовік у фінале і адказвае: У яго свой расклад». Безумоўна, жыццё не чакае, і Дубовік прыходзіць да некалькі нечаканага для сябе вываду: нягледзячы на свой значны ўніверсалізм, ваенны вопыт яго ў новых гістарычных умовах па меншай меры недастатковы. Зло ў яго няспынным прыстасаванні да абставін жыцця якасна змянілася, павінны змяніцца і метады барацьбы з ім. Усё значна ўскладнілася, толькі наша непрымірымасць павінна заставацца ранейшай. У гэтай сувязі выяўляецца, што Вікторыя, будучы
маладзейшая за Дубовіка на цэлую вайну, у сваёй, хай да канца не ўсвядомленай, у многім жаночай нецярпімасці да зла, мабыць, і старэйшая, больш мудрая за Дубовіка.
Нягледзячы на некаторую камернасць даследуемага мастаком матэрыялу, аповесць гэтая заключае ў сабе надзвычайны па канцэнтрацыі згустак грамадзянскасці. Прыкметна, калі не сказаць моцна, выяўляючы сваю прыхільнасць да тэмы вайны, А. Адамовіч здолеў нібыта зліць у адзін два розныя пласты часу. Свабодная архітэктоніка твора дазволіла аўтару лёгка перамешваць малюнкі сучаснасці з матывамі вайсковага мінулага. Старонкі, якія адносяцца да партызанскай барацьбы, бадай што самыя лепшыя ў аповесці. Вельмі ўдала ўпісваецца ў яе і паездка герояў на партызанскае свята, неабходная ў аповесці ў якасці своеасаблівага звароту да мінулага Дубовіка. Многія сцэны і вобразы з гэтай сустрэчы як бы маральна прасвятляюць герояў, адлюстраванае святло ад якіх дабром і мірам пранікае ў душу чытача. Пасля гэтага раздзела асабліва разумееш Дубовіка, вобраз вайны для якога «не сціраецца з памяці, а ўразаецца з кожным годам глыбей, як вяроўка ад цяжкае ношы».