Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Справа не ў словах і вызначэнні тэрмінаў, сказаў у адказ некаторым апалагетам авангардызму А. Твардоўскі. Галоўная труднасць нашага дыялога ў тым, што авангард не
прадставіў прадмета (твораў) для абмеркавання. Для мяне галоўнае і рашаючае ў мастацкім творы, кажа Твардоўскі, гэта неабходнасць яго паяўлення ў літаратуры. Ці мог ён не быць? Эксперымент сам па сабе, можа, і не благая з’ява, але ўся справа ў тым, ці прыме ў ім удзел чытач. «Працэс» Кафкі і «Насарог» Іянеска пры ўсёй ускладнёнасці іх формы маюць значны сацыяльны змест, і гэта робіць іх даступнымі і важнымі для нас. Мастак не можа не мець сваіх абавязкаў перад грамадствам. У якасці прыкладу высокага ўсведамлення гэтых абавязкаў А. Твардоўскі называе «Чуму» Камю і «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя.
Аб важнасці і складанасці праблем авангарда гаварылі шматлікія прамоўцы прадстаўнікі розных краін. Нягледзячы на сваё суб’ектыўнае стаўленне да гэтага напрамку, амаль усе яны, як прыхільнікі авангарда (француз М. Надо, італьянец Барэлі, бельгіец Гафо, румын Ботэз), так і яго прынцыповыя праціўнікі (савецкі крытык Б. Сучкоў, югаслаў Давыдчоў, француз Вейдле) сыходзіліся на тым, што гэтая літаратурная плынь пакуль што і ў значнай меры знаходзіцца ў стане пошукаў, эксперыменту і яшчэ не стварыла твораў, якія б давалі магчымасць скласці канчатковае ўяўленне аб ёй. В. Аксёнаў у сваім выступленні адстойваў права мастака на сумленны эксперымент, найбольш яскравым прыкладам якога ён называе творчасць вядомага італьянскага кінарэжысёра Ф. Феліні. Але французскі крытык і мастацтвазнаўца Ул. Вейдле не пагадзіўся з гэтай думкай савецкага пісьменніка. Ен выказаў меркаванне, што залішняя павага да тэрміна «эксперымент» ідзе ў наш час ад моднага цяпер навукапаклонства. Але ж і ў навуцы эксперымент гэта толькі спосаб праверкі гіпотэзы, а не мэта пошукаў.
Некаторыя з літаратараў слушна гаварылі на кангрэсе пра небяспеку дыскрэдытацыі станоўча новага ў літаратуры з боку ілжэавангарда, а таксама пра беспадстаўныя нападкі на яго рознага роду філістэраў. Але і авангард групавы з’ява непажаданая, як сказаў Карэл Лайцінен (Фінляндыя), бо можа прывесці да моды, якая сама па сабе супрацьпаказана мастацтву.
Трэба зазначыць, што як прыхільнікі авангарда, так і яго праціўнікі выказалі на кангрэсе шмат слушнага. Няма таксама сумнення ў тым, што ва ўсёй разнастайнасці заходняга авангарда, пры цэлым шэрагу самых розных ягоных хібаў і несумяшчальных адна з другой якасцей, працуе нямала шчырых і сумленных людзей, некаторыя з якіх разглядаюць
сваю творчасць як своеасаблівы бунт супраць буржуазнага грамадства і яго культуры. У гэтым сэнсе заслугоўваюць увагі словы французскага авангардыста Марыса Надо, які сказаў, што кожны мастак хоча быць наватарам і ў гэтым сэнсе ён шукае, рызыкуючы сабой.
Так, у мінулым і зараз лепшым з прадстаўнікоў прагрэсіўнай літаратуры на Захадзе даводзіцца нялёгка. На адным з пасяджэнняў кангрэсу генеральны сакратар таварыства вядомы італьянскі крытык Джон-Карла Вігарэлі паведаміў, што ў той самы час, калі ў Рыме пачаўся еўрапейскі дыялог пісьменнікаў, у заходнегерманскім горадзе Дзюсельдорфе фашысцкія і абскурантысцкія элементы распачалі раз’юшаную кампанію супраць аднаго з прагрэсіўных літаратараў ФРГ Гюнтара Граса. Быў падпалены дом пісьменніка і спалены на гарадской плошчы ягоныя кнігі, таксама як і кнігі Эрыка Касцера, Франсуазы Саган і іншых пісьменнікаў.
3 той жа трыбуны кангрэсу партугальскія дэлегаты, апелюючы да Еўрапейскага таварыства, расказвалі аб лёсе сваіх суайчыннікаў пісьменнікаў Партугаліі і Мазамбіка, якіх арыштоўваюць, судзяць, саджаюць у турмы. Кангрэс прыняў спецыяльны зварот да ЮНЕСКА і партугальскага ўрада з поваду фактаў тэрору супраць літаратуры.
Тыдзень напружанай дыскусіі на via Nazionale, вядома, не прынёс ні паражэння апалагетам авангарда, ні перамогі традыцыяналістам. Зрэшты, гэта і не было задачай кангрэсу. Галоўнае і самае важнае заключаецца ў тым, што прадстаўнікі розных літаратур ва ўмовах шчырасці і даверу зрабілі новыя крокі па шляху збліжэння вельмі неаднолькавых, часам разнаполюсных пунктаў погляду на праблемы даволі пашыранага ў свеце сучаснага літаратурнага авангардызму. Пры гэтым амаль ва ўсіх выступленнях выказвалася думка аб тым, што ў сучасных умовах як ніколі важна камунікацыйнае значэнне літаратур.
[1965]
ПЯРОМ АНАЛІТЫКА
Кожны, хто сочыць за развіццём беларускай прозы і трымае руку на яе не заўсёды роўным пульсе, у апошні час не можа не адзначыць некаторага супакаення яе эмоцый, пэўнай запаволенасці яе дыхання.
Сапраўды, у апошнія некалькі год было апублікавана нямала ўдалых твораў, адгрымелі і сціхлі крытычныя баталіі вакол «Птушак і гнёздаў», «Каласоў пад сярпом тваім», аднадушна былі ўхвалены «Людзі на балоце» і «Сэрца на далоні». Тыя, з маладзейшых аўтараў, якія азадачвалі крытыку ў пачатку свайго творчага шляху, набралі моцы і працуюць роўна. Здаецца, у бліжэйшы час сенсацый не прадбачыцца. Беларуская проза набыла даволі салідны ідэйна-мастацкі капітал, збольшага асэнсавала яго і цяпер нібы запаволіла сваю хаду, можа, у нядоўгім, але прынцыповым роздуме як рухацца далей?
Пэўна вядома звароту да старога не будзе. Колішнія эталоны, што ў якасці такіх не дажылі нават да сённяшняга дня, наўрад ці да,могуцца таго, каб пачаць новае жыццё ў будучым. Зноў жа, ці варта спадзявацца на тое, што ў хуткім часе з’явіцца нейкі літаратурны месія, які адрыне традыцыі і павядзе літаратуру па зусім новым, адметным ад папярэдняга шляху. Значыць, застаецца сучасны метад і ўзровень, дасягнуты дагэтуль, плюс папраўка на канкрэтныя ўмовы развіцця. У гэтым той вектар, які вызначыць лёс нашай літаратуры на нейкі час будучыні.
Але якая будзе гэтая папраўка? 3 якім знакам і ў якой абсалютнай велічыні? He прэтэндуючы на якое б там ні было прароцтва, цікава паразважаць пра гэта.
Найбольш дзеяздольнае, на мой погляд, у сучасны момант сярэдняе пакаленне літаратараў. Яно стварыла, мабыць, самае значнае ў нашай прозе. Яно даволі пераканаўча засведчыла сваёй творчасцю тую выказаную Стэндалем ісціну, што мастацтва патрабуе моцных страсцей. Вайна і ўсе звязаныя з ёй катаклізмы далі яму ў гэтым сэнсе выдатны жыццёвы матэрыял. Моцныя пачуцці рухаюць учынкамі герояў Адамовіча, Асіпенкі, Брыля, Карпюка, Кулакоўскага, Навуменкі, Шамякіна. Пэўныя хібы майстэрства, што мелі месца ў творах названых аўтараў, даволі шчасліва кампенсаваліся аўтарскай страснасцю, сапраўднай любоўю і непадробнай нянавісцю. Шчырасць і паўнагучнасць пачуцця напоўнілі дзясяткі найлепшых кніг пра вайну.
Але мне здаецца, што за апошні год-два ў нашай літаратуры назіраецца некаторы спад творчай актыўнасці ў гэтай тэме. Справа, мусіць, у тым, што дасягнуты за апошнія гады даволі глыбокі пласт праўды аб вайне, гэта, зрэшты, і заканамерна, вычэрпваецца. Тыя, хто меў што сказаць у гэтым плане выказаліся. Далейшае, болей змястоўнае і значнае, чакае на
новым, болей глыбокім гарызонце мастацкага адлюстравання. Для пранікнення туды патрэбны, відаць, больш магутныя таленты, з большай, чым раней, грамадзянскай смеласцю. Але тыя, хто ваяваў, дарэчы, як і ўсе на зямлі, не бессмяротныя. Значыць, літаратура наша апынаецца перад альтэрнатывай: вельмі значнае і, можа, самае важнае пра мінулую вайну або будзе сказана ў бліжэйшыя дзесяць дваццаць гадоў, або наогул ніколі не з’явіцца на свет. Гэтае меркаванне, на мой погляд, бясспрэчнае, бо вялікую праўду аб мінулай вайне суджана выказаць толькі яе ўдзельнікам або сведкам. Іншым гэта не дадзена. Іншыя могуць стварыць нават геніяльныя творы, але гэта ўжо будзе з поваду вайны, а не яе горкай і крывавай праўдай.
Сказанае, такім чынам, у большай меры датычыць сярэдняга і старэйшага пакаленняў стваральнікаў літаратуры. А якая ж тады роля моладзі? Тых, што нарадзіліся пасля вайны і цяпер дружна ідуць у літаратуру і будуць ісці, трэба спадзявацца, яшчэ болей напорыста? Мне здаецца, што эмацыянальны зарад іх творчасці рэзка зніжаецца. I гэта заканамерна: жыццё набыло іншыя рытмы, канфлікты яго знікаюць з паверхні, зло нярэдка так спрытна камуфлюецца пад дабро, што іх цяжка адрозніць. Але разам з эмацыянальнасцю знікае і значнасць твора, таксама як і яго займальнасць. Мастацтва страчвае свае найпершыя якасці. I тады, як гэта часта здараецца, творы замешваюць на сурагатах: прыблізнасцях пачуцця, эрзацах любові і нянавісці. Аўтар быццам бы захапляецца, любіць і ненавідзіць, а чытач застаецца абыякавы. Колькі па гэтай прычыне загублена найлепшых намераў, часам і пры несумненных здольнасцях!
Шчырасць у мастацтве нельга падрабіць. Пачуццё нельга выдумаць. Значнасць не вырасце з дробязнасці. Могуць сказаць: дык што ж у маладзейшых пакаленняў мастакоў менш творчых магчымасцей? Я думаю, што не. Проста яны ў яго свае, адметныя ад папярэдніх. Можа быць, яны якасна іншыя і, несумненна, больш складаныя. Яны ляжаць крышку ў іншым кірунку. У кірунку аналітыкі.
Сапраўды, калі пара голых эмоцый мінае, дык часы рамантызацыі даўно ўжо скончыліся. Фальшывая ўзнёсласць, сентыментальнасць, слюнявае сюсюканне ў паказе чалавечых лёсаў даўно вычарпалі сябе. У такой сталай літаратуры, якой робіцца наша, ім няма месца. Свет, што раздзіраецца між дабром і злом, чакае не элегічных песнапенняў, а лекара і выратоўцы. У сярэдзіне XX стагоддзя людзі на зямлі не меней, чым калі-небудзь раней, заклапочаны ўсё той жа
адвечнай праблемай як жыць? Цяпер, у атамную эру, гэтая праблема набывае асаблівае значэнне. На карту пастаўлены лёс чалавецтва і лёс мастацтва. I ў гэтым сэнсе мастацтва рызыкуе, як не рызыкавала ніколі: або яно па.можа людзям знайсці выйсце з таго тупіка, у які яны забрылі, або страціць усё.
Здаецца, агульнавядома, што найпершы абавязак літаратуры ускрываць гнойныя раны чалавецтва і тым дамагацца іх вылячэння. (Вядома, гэта складаная справа, і для яе патрэбны таленты геніяў. Але геніі не з’яўляюцца на голым месцы. Кожны папярэдні талент прыступка для наступнага. Генію ў мастацтве папярэднічаюць сотні нягеніяў, якія ў выніку і падрыхтоўваюць магчымасць яго паяўлення.)
I таму перавага скальпелю аналітыка. Удумлівага, самаахвярнага, мужнага і бязмежна праўдзівага. Напачатку, можа, не так ужо і важна форма, у якой, на жаль, маладыя бачаць звычайна заруку поспеху. Стыль для такіх усё. Але стыль не ўсё і нават не палавіна. Стыль толькі сродак. Аднак сродак нішто без мэты. «Калі пісьменнік празмерна непакоіцца аб стылі, урэшце ў яго не застаецца нічога, апроч стылю», сведчыць такі выдатны майстар літаратуры, як Уільям Фолкнер. Праўда, гэта не трэба разумець як вызваленне пісьменніка ад патрабаванняў і законаў мовы. Бліскучы стыль гэта здорава! У ім віртуознасць пісьменніка. Але найвышэйшае майстэрства ўсё ж заключаецца ў тым, каб у творы яно не адчувалася.