Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
У вобразах Шапятовіча, а таксама Сашы, Грамыкі, Лялькевіча і некаторых іншых закладзены тыя здаровыя, народныя пачаткі, якія дазволілі ім захаваць у гады культу свае найлепшыя якасці, не паграшыць супраць сумлення, не страціць веры ў заўтрашні дзень. Пасля, калі ў краіне змяніліся грамадскія і палітычныя ўмовы, на долю менавіта гэтых людзей выпалі далейшыя намаганні, звязаныя з ліквідацыяй вынікаў культу ў вёсцы і горадзе, з аднаўленнем законнасці, з уздымам сельскай гаспадаркі. Але гэта пасля, гэта за рамкамі твора, хоць ужо і ў ім закладзена пэўная накіраванасць у логіцы развіцця характараў і падзей.
Карціна за карцінай праходзіць перад чытачом вясковае жыццё вясны сорак шостага года. Прама скажам: нялёгкае гэта жыццё, аднак мы разумеем, чаму I. Шамякін не мог яго абысці ў сваёй творчасці. Пісьменніцкае і грамадзянскае сумленне аўтара не дало яму магчымасці змоўчаць аб тым, што было неверагодна цяжкім у жыцці народа. Густ мастака, яго грамадзянская пазіцыя даюць магчымасць зразумець і прыняць самую нялёгкую праўду. Некаторыя сцэны аповесці захапляюць глыбінёй пранікнення ў сутнасць з’яў, другія не пакідаюць чытача абыякавым сваёй вернасцю праўдзе, якая ўжо стала гісторыяй. Немагчыма забыць эпізод на ворыве, калі жанчынам дапамагаюць цягаць плуг Шапятовіч і Грамыка («Ну, мужчынкі, хопіць, сказала яна (Ліза)... Рукі нам адсохнуць,
калі мы на вас... араць будзем»); або падпіскі на заём, калі Марына Старосціна весела згаджаецца падпісацца на «колькі хочаце» усё роўна ў яе плаціць няма чым. Мы разумеем роспачны гнеў інваліда Рыгора Прышчэпы, нястрыманасць якога так дорага яму абышлася. Дзе-нідзе, праўда, аўтару здраджвае адчуванне меры, ды, пэўна, і адчуванне псіхалогіі, і тады з’яўляюцца надакучлівыя паўторы, пераціскі (як у інтымных сцэнах Пятра і Сашы, развагах Шапятовіча наконт сваёй ролі сакратара). He здаецца мне натуральным увогуле важны для аповесці «прыгожы сімвал» моста. I асабліва засмучае сцэна вызвалення Шапятовіча, надзіва неверагодная ў гэтым праўдзівым творы. Але, да гонару I. Шамякіна, гэта, бадай, адзіны няўдалы эпізод у аповесці, якая даволі пераканаўча сцвярджае тую відавочную ісціну, што ўлада праўды над талентам сапраўднага мастака непахісная.
Недахопы аповесці прыватныя, і аб іх, можа, і не варта гаварыць, калі мець на ўвазе галоўнае, у чым безумоўная ўдача твора, багатага на думкі, канфлікты, грунтоўныя вобразы адным словам, крута замешанага і ёмістага. Прыгадваючы тут нядаўняе меркаванне крытыка Б. Бур’яна, выказанае ім у «ЛіМе», і не ставячы, аднак, пад сумненне жанравую прыналежнасць «Сэрца на далоні», хочацца тым не менш адзначыць, што «Мост» заключае ў сабе ўсе патэнцыі, неабходныя для паўнакроўнага і востраканфліктнага рамана.
Прачытаўшы гэтую аповесць, разумееш, як далёка адышліся мы ад тых нялёгкіх часоў, на якія прыйшлася маладосць, дзяціпства ці сталасць нашых сучаснікаў. Так, нялёгкія былі часы. Шмат чым з перажытага ў іх можна ганарыцца, але ёсць і такое, чаго трэба саромецца. Аднак, як кажуць, ад перажытага нікуды не дзенешся, яно частка нашага лёсу, хацелі б мы таго або не. А літаратура ў аднолькавай меры не мае права забывацца як на добрае, так і на дрэннае ў жыцці. I ў святле гэтага меркавання робіцца зразумелы аўтарскі выбар. Безумоўна, выбар гэты варты яго літаратурнага ўвасаблення. Іван Шамякін напісаў высокамастацкі праўдзівы твор, значэнне якога для нашай літаратуры відавочнае як у адносінах да мінулага, так і да будучага, бо гэта твор, апрача многага іншага, яшчэ і ў імя таго, каб:
-	ніколі не чулі дзеці, як іхніх сумленных бацькоў называюць «ворагамі народа»;
-	навек пазбыліся людзі голаду і нястач, якія прыніжаюць і калечаць іх чалавечую сутнасць;
-	навек асудзілі яны і ўзненавідзелі хціўцаў і віноўнікаў людскіх слёз Капылоў;
-	назаўжды вывеліся пачвары былога Булатавы;
-	нікому не давялося перажыць тое, што выпала на долю вясковай дзяўчыны Вольгі.
Здаецца, што адны толькі гэтыя мэты здольны надаць гонар кожнаму добраму твору, і ўжо ва ўсякім разе іх дастаткова, каб зрабіць выдатнай невялічкую аповесць.
[1965]
У ПОШУКАХ ІСЦІНЫ
Вечны горад сустракаў дэлегатаў чарговага кангрэсу Еўрапейскага таварыства пісьменнікаў (КОМЕС) летняй цеплынёй і сонцам. Над столікамі вулічных кафэ і тратарый, ствараючы прыемную прахалоду, віселі стракатыя тэнты, пешаходы на гарадскіх вуліцах аддавалі перавагу зацененаму боку, а ў зялёным убранстве рымскіх бульвараў не ўгадвалася яшчэ і аддаленых прыкмет восені. I тым не менш паўднёвае сонца ўжо страціла свой летні імпэт. Сярод старажытных камяніц горада не дужа даймала спёка, а што датычыць залы для пасяджэнняў на via Nazionale, дык тут дзякуючы навейшым дасягненням тэхнікі круглыя суткі падтрымлівалася аднолькавая тэмпература і патрэбная свежасць паветра. Шэсць дзён у гэтым памяшканні на розных еўрапейскіх мовах гучалі немяркоўныя і гарачыя, доўгія і кароткія, напісаныя загадзя і скатаныя экспромтам прамовы ў абарону і супраць літаратурнага авангарда ўчора і сёння.
Але з самых першых выступленняў стала відавочна, што ў сучасны момант ні ў адной літаратуры не існуе больш-менш дакладнага літаратурнага вызначэння прадмета дыялога. Добрая палавіна прамоўцаў рабіла беспаспяховыя спробы сфармуляваць паняцце авангарда, некаторая частка, аднак, з самага пачатку аб’явіла гэтую спробу беспаспяховай. Так, бельгіец Гафо сказаў, што сапраўдны авангард сучаснасці можа вызначыць толькі гісторыя. Мы бачым авангард учарашняга, але сённяшні авангард можа быць вызначаны толькі заўтра.
I тым не менш для ўдзельнікаў кангрэсу было даволі важна хоць бы ў агульных рысах уявіць сутнасць таго, што ўключае
ў сябе гэты тэрмін. Трэба адразу зазначыць, што справа гэта аказалася даволі складанай.
На Захадзе азначэнне літаратурнага авангарда ўвабрала ў сябе настолькі шматзмястоўныя і рознахарактарныя літаратурныя паняцці, што стварылася рэальная прадпасылка разбурэння берагоў гэтага паняцця. Сапраўды, як пісала напярэдадні кангрэсу лонданская газета «Таймс», «авангард у тым яго выглядзе, у якім прадстаўлены цяпер... ахоплівае ўсе ступені таленту і адсутнасць таленту. Няма болей сэнсу разглядаць яго як адзінае цэлае, састаўныя часткі якога маюць аднолькавую каштоўнасць».
Відаць, у значнай меры газета мае рацыю. Сучасны літаратурны авангард, пачынаючы ад самага фармалістычнага свайго крыла летрызму з яго лідэрам Ісідорам Ісу ахоплівае сабой творчасць такіх вельмі розных пісьменнікаў, як Бекет, Жане, Оруэл, Олбі, Хакслі, Франц Мона, аўтараў школы «новага рамана» і іншых аж да Камю, Сартра і Іянеска, філасофія і асабліва драматургія якіх мае вельмі значны сацыяльна-палітычны змест і некаторымі сваімі бакамі ўшчыльную набліжаецца да рэалізму. I хоць няма фармальных і іншых відавочных адзнак прыналежнасці да гэтай плыні, усе названыя мастакі, а таксама іх прыхільнікі сыходзяцца на адным страце веры ў здольнасць чалавека вырашыць праблемы грамадства. Іх роспач дасягнула той ступені, калі, як пісаў Дж. Віктар у «Палітыкел эферс» органе кампартыі ЗША, яна распаўсюджваецца не толькі на чалавецтва ў цэлым, але і на кожнага чалавека паасобку.
I разам з тым шмат што ў творчасці авангарда, асабліва драматургія т. зв. «абсурдыстаў», здабыло даволі шырокую папулярнасць на Захадзе. У значнай меры гэта можна вытлумачыць тым, што лепшыя прадстаўнікі авангардызму пры ўсёй абмежаванасці свайго метаду ўздымаюць кардынальныя праблемы чалавечага існавання. Так Іянеска ў п’есе «Насарог», нягледзячы на пэўную зацененасць і абцяжаранасць формы, паспяхова выкарыстоўваючы метад алегорыі і гіпербалы, са значнай мастацкай сілай паказвае небяспеку фашызацыі грамадства, а ў другой сваёй п’есе «Забойца» ставіць карэнныя праблемы біялагічнага быцця. Драматург Олбі ў п’есе «Здарэнне ў звярынцы» высока ўзнімае выкрываўчы пафас супраць дробнабуржуазнага светапогляду. Жане даследуе праблемы каланіялізму і праблемы карупцыі, a Бекет драматызуе нікчэмнасць паўсядзённага існавання без перспектыў у прывіднай атмасферы ілюзій. Праўда, грунтоўна
займаючыся сацыяльнымі праблемамі часу, драматургія гэтых і некаторых іншых аўтараў авангарда не толькі не шукае спосабаў іх вырашэння, а наадварот усімі сродкамі даводзіць непазбежнасць паражэння ўсялякай спробы ў даным напрамку. I гэта звычайны і натуральны вынік усёй авангардысцкай плыні, у ідэйным субстраце якой ляжыць даволі пашыраная цяпер на Захадзе філасофія экзістэнцыялізму з яе вельмі абмежаванымі пазітыўнымі магчымасцямі.
У самым пачатку дыскусіі на кангрэсе з вялікай і выдатна аргументаванай хоць і не бясспрэчнай прамовай выступіў французскі пісьменнік і філосаф Жан Поль Сартр. Ён значна расшырыў рамкі размовы, адразу і рашуча павярнуўшы ўвагу яе ўдзельнікаў да праблем т. зв. новых культур, культур народаў Афрыкі і Усходу. На думку Сартра, галоўная і найпершая задача авангарда узбагачэнне мовы (ва ўмовах Захаду) і стварэнне мастацкай мовы нанава ў краінах, што абуджаюцца да самастойнага развіцця; тая функцыя ў гэтым сэнсе, якую ў Еўропе выканалі Джойс, Кафка, а ў рускіх Салжаніцын, яшчэ чакае сваіх місіянераў у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы, народы якіх у сілу розных гістарычных прычын не прымаюць нашай сучаснай культуры і заклапочаны цяпер «зборам чарапкоў» сваёй страчанай культуры. У сучасных умовах, сказаў Сартр, асабліва важна знаходзіць сувязі культур нават і шляхам разрыву з традыцыямі мінулага. У краінах Афрыкі, напрыклад, роля пісьменніка, значна больш актыўная, чым у краінах старой культуры, дзе гэтае пераадоленне традыцый куды больш цяжкое. Там жа больш магчымасцей і для авангарда, бо мова каланізатараў стала ўжо сродкам адчужэння, і пісаць для гэтых людзей значыць амаль нанава ствараць літаратурную мову. Авангард нашага часу, сказаў у заключэнне Сартр, вызначаецца не столькі тым, што ён стварае, колькі тым, што ён адмаўляе. Сапраўдным авангардам мінулага быў, на думку прамоўцы, дадаізм, а сюррэалізм гэта тое самае значнае, што мы маем за апошні час.
Сустрэтае з вялікай увагай выступленне Ж. II. Сартра разам з працяглымі апладысментамі ў многіх удзельнікаў кангрэсу выклікала і жаданне спрачацца. Пісьменнікі-рэалісты, пагаджаючыся з сацыяльнай накіраванасцю прамовы славутага філосафа, не маглі падзяліць яго фармалісцкіх густаў і схільнасцей.