• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

    Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2014
    140.81 МБ
    Толькі вучыцца там доўга не давялося: у 1940 годзе адмянілі стыпендыі, і гэтая акалічнасць зноў вярнула мяне ў вёску. Невясёлым было тое вяртанне, але з яго пачыналася сталасць.
    Перад самай вайной апынуўся ва Украіне, у ліпені жніўні капаў акопы, з арміяй адступаў да Варонежа, зазнаў шмат трывог за сябе, за Радзіму і за лёс чалавецтва таксама. Пасля быў год звышчалавечага напружання ў вайсковым вучылішчы: дзесяцігадзінныя заняткі, земляныя работы і начныя дзяжурствы на абаронных заводах, якія люта бамбілі немцы. Нарэшце ўсё скончылася паспешлівым выпускам, пагонамі малодшага лейтэнанта і радаснай перспектывай фронту. Аднак на фронце ўсё аказалася куды болей цяжкім і складаным. У першым жа баі загінуў сябра, з якім я прыехаў з вучылішча, нямецкія танкі разграмілі наш полк. Да перамогі было далёка, ваяваць вучыліся трудна, часта на ўласных памылках і стратах. Як нялёгка далася яна нам наша перамога, аб тым яшчэ не сказалі ўсяго ні гісторыя, ні мастацтва. Відаць, яшчэ не прыйшоў мастак, які здолеў бы ўзняць з глыбіні мінулага ўсю агромністасць людскіх выпрабаванняў. Часам я думаю, што і чалавецтва яшчэ не да канца ўсвядоміла, чаго яно пазбылася ў мінулай вайне, што набыло і колькі каштавалі тыя яго набыткі. Што датычыць мяне, дык даводзілася і наступаць і абараняцца, акружаць і выходзіць з акружэнняў. Быў два разы паранены, ляжаў у шпіталях, ваяваў у артылерыі і пяхоце, якую ніколі не перастану лічыць вялікай пакутніцай і гераіняй вайны адначасна. Аднаго толькі ўласна перажытага хапіла б на многія кнігі. Вайна выдалася неверагодна цяжкай і крывавай. Зрэшты, гэта элементарна і не патрабуе ніякіх доказаў. Сталінград для краіны быў аднойчы ў вайну, а для салдата на пярэднім краі ён здараўся куды як часта. I ўсё ж трэба было намагчыся, каб выжыць і галоўнае перамагчы, бо пагібель часам была як здрада жывым. Салдат з усяе сілы павінен быў біцца за сябе і таварышаў, тым самым ён змагаўся за Радзіму, бо сам быў часткай Радзімы і народа, у імя жыцця і свабоды якіх і вялася тая вайна. Затое нічога ў нашым жыцці не магло параўнацца з той радасцю, якую давялося перажыць у самую сонечную вясну Перамогі. Гэта была найвышэйшая ўзнагарода за ўсе пакуты вайны, за пралітую кроў і за слёзы таксама.
    Усю вайну і яшчэ дзесяць год пасля яе быў далёка ад Беларусі, але светлы вобраз роднага краю мацярынскай пяшчотай жыў у маім сэрцы. Радзіма клікала ў снах, трывожыла ў марах, напамінала аб сабе паўзабытай матчынай
    мовай. Першыя апавяданні напісаўу 1951 годзе, знаходзячыся на афіцэрскай службе ў радах Савецкай Арміі. Здарылася тое, мусіць, з прычыны незадаволенасці шмат якімі з кніг аб вайне, пабудаванымі па шырока распаўсюджаных у той час літаратурных схемах. Але тая першая спроба пяра не хутка ўбачыла свет, і не толькі таму, што час быў мала для яе прыдатны, але і па прычыне вечнае неадпаведнасці «должного н сушего», калі ісціна знаходзілася ў занадта высокім бастыёне, каб з першага наскоку ўдалося яе дасягнуць. Пасля напісаў болей, узяўся за аповесці. Некалькі рэчаў лічу няўдалымі, у іншых, здавалася, быў блізка да мэты, на якую нацэліўся. Але цяпер бачу, што ўсё той жа бастыён вялікае праўды аб вайне паранейшаму сурова высіцца ў аблоках мінулага, і каб дабрацца да яго вяршыні, пэўна, мала аднае настойлівасці. I ўсё ж якой бы ні была яна непрыступнай, тая вяршыня, трэба караскацца на яе, бо, як пісаў Генрых Бёль, чалавек перастае быць мастаком не тады, калі стварае слабы твор, а ў той момант, калі пачынае баяцца ўсялякай рызыкі.
    [1965]
    УЛАДА ПРАЎДЫ
    Іван Шамякін даўно і грунтоўна праявіў сваю пісьменніцкую схільнасць да самых надзённых тэм сучаснасці. Шэраг апавяданняў і ўсе ягоныя раманы прысвечаны таму, чым жыў наш народ на пэўных этапах пасляваеннага развіцця, што яго непакоіла, клапаціла, што з’яўлялася неадкладнай праблемай часу. Сюды адносіцца нават і «Глыбокая плынь», твор увогуле аб мінулай вайне, але які пісаўся ў той час, калі вайна яшчэ не стала мінуўшчынай, калі яна даволі рэчаісна прысутнічала ва ўсім ва ўкладзе, побыце, а галоўнае у душах і розуме людзей.
    I тым не менш ёсць у Івана Шамякіна кніга, якая здаўна служыць аўтару як бы сувязной з нядаўнім мінулым, са сваёй маладосцю і з’яўляецца своеасаблівай пісьменніцкай данінай памяці аб найбольшых выпрабаваннях, што выпалі на долю нашага народа. Кніга гэта «Трывожнае шчасце», цыкл невялікіх аповесцей, які час ад часу папаўняецца. Апошнім, пятым па ліку, творам стала аповесць «Мост», надрукаваная ў «Полымі» (шосты і сёмы нумары за гэты год).
    Што ж гэта за аповесць, на які час народнага жыцця прыпадае яе выяўленчая ўвага, наколькі ўзнятае пісьменнікам блізка да галоўнага і вялікага з людскіх імкненняў і выпрабаванняў?
    Адразу, амаль з першых радкоў, разумееш, што год, выбраны пісьменнікам для мастацкага даследавання, бадай ці не самы цяжкі і складаны з усяго, што давялося перажыць народу ў той час.
    Праўда, вясна сорак шостага года яшчэ поўнілася настроем пераможнага фіналу найвялікшай у свеце вайны. Людзі патроху аплаквалі яе ахвяры. Вярталіся з франтоў салдаты. У большасці на грудзях ззялі баявыя ўзнагароды, за плячыма была здабытая ў цяжкіх выпрабаваннях людская годнасць, сцверджаная ў баях справядлівасць і ўсведамленне запрацаванага спакою і адпачынку. Але аказалася, што для адпачынку няма падстаў. Мір і стваральная праца прынеслі свае, не менш складаныя, чым у вайну, праблемы разбураныя вёскі, неўладкаванае жыццё, голад, недахоп самага элементарнага, а яшчэ тыя нялюдскія з’явы, якія цяпер прынята вызначаць як культаўскія. Так, гэта быў час, калі нармальныя чалавечыя ўзаемаадносіны часам парушаліся, калі насаджаўся недавер. Што і казаць цяжкі быў час. Ад людзей патрабавалася бадай не менш мужнасці і не меншай стойкасці іх веры ў лепшае, чым у гады вайны. Для прадузятага крытыка гэтага, мабыць, будзе дастаткова, каб усумніцца ў такім болей чым рызыкоўным аўтарскім выбары. Але, мне здаецца, не трэба спяшацца з вывадамі, лепш прасачыць, як і з якіх пазіцый аўтар узяўся за гэты складаны жыццёвы пласт.
    Чым далей чытаеш аповесць, чым глыбей пранікаеш у вобразную сістэму і разумееш усю прычыннасць і вынікі падзей, тым усё болей пераконваешся ў безумоўнай грунтоўнасці аўтарскай пазіцыі, якую ў даным выпадку з найбольшай трапнасцю можна вызначыць як вернасць жыццёвай праўдзе. У гэтым галоўная і вырашальная вартасць твора. Праўда жыцця вымагала ад аўтара пэўнай рызыкі і пэўнай мужнасці, яна ж патрабавала немалое «аддачы» аўтарскага таленту, яна ўрэшце з'явілася тым пробным каменем, на якім Івану Шамякіну яшчэ раз давялося прадэманстраваць свае мастацкія здольнасці. I зрабіў ён гэта з поспехам.
    Натуральна і проста ўвайшоўшы ў гушчыню тагачаснага вясковага жыцця, аўтар адразу ставіць чытача перад шматлікімі праявамі побыту і адносін, здаецца, ні мала не клапоцячыся ні аб сюжэтнай займальнасці, ні аб псіхалагічнай значнасці апавядання. Але гэта такое жыццё і такі выбраны ракурс яго
    адлюстравання, што аповесць захапляе адразу. Шчырасць аўтарскай інтанацыі, непадробная жыццёвасць калізій трывала і надоўга бяруць чытача ў свой палон. He ідэалізуючы характары і не згушчаючы фарбаў, аўтар скупа і ярка малюе знаёмыя (не па літаратуры, а з самога жыцця) вобразы сельскіх кіраўнікоў Грамыкі, Бабкова разам з іх нялёгкімі клопатамі, вартасцямі і заганамі. I чытачу блізкія і зразумелыя перажыванні калгаснага старшыні Панаса Грамыкі, у якога столькі спраў і, здаецца, невырашальных цяжкасцей. Узяць хоць бы выпадак з насеннаю грэчкай, якую перад самай сяўбой украў Сцяпан Бандарэнка, каб пракарміць сваіх галодных дзяцей. Вядома, са злодзеямі заўжды расправа была кароткай, асабліва ў той час, але не так проста Грамыку пакараць Сцяпана, калі той з'яўляецца братам старшынёвай жонкі. I мы разумеем Грамыку, які цалкам ва ўладзе вясковых узаемаадносін, дзе такія моцныя сваяцкія сувязі, дзе пасадзіць злодзея проста, але як потым «Сцяпанавай жонцы штодня ў вочы глядзець?», у якой, дарэчы, яшчэ і пяцёра дзяцей? Аўтар не развязвае гэтай сюжэтнай сітуацыі. Ды, зрэшты, ці абавязкова гэта для літаратуры, ці не дастаткова будзе і таго, што яна па-мастацку даследуе грамадскія праблемы н сумленна завастрае на іх увагу людзей.
    Такіх і іншых праблем у аповесці шмат. Некаторыя з іх ужо адышлі ў нябыт, другія змянілі характар, але шмат якія застаюцца надзённымі і сёння. I ў гэтым сэнсе аповесць Івана Шамякіна працягвае сваё жыццё ў сучаснасці. Безумоўна, цяпер ужо нішто не пагражае былым партызанам, удзельнікам заходняга Супраціўлення, даўно не збіраюць па хатах пазыку. Але хіба ўжо вывеліся і прыхільнікі «валявога» кіраўніцтва накшталт Анісімава, і балбатуны-ўпаўнаважаныя, падобныя на Рабіновіча? Хіба ўжо няма ў нас хцівых прыстасаванцаў тыпу Капыла? Ды і ці ўсе ўжо пазбавіліся бытавой неўпарадкаванасці і дасягнулі дабрабыту і культуры? Што ж датычыць канфліктаў са сферы асабістых узаемаадносін людзей, няўдач у каханні і г. д„ дык, мабыць, яны застануцца назаўжды.
    Вобразы сельскіх кіраўнікоў, як амаль і заўсёды ў творах Шамякіна, вылеплены ўпэўненай рукой мастака. I Лялькевіч, і Анісімаў, і Рабіновіч, нягледзячы на тое, што яны з’яўляюцца на старонках аповесці не часта, пераконваюць сваёй рэальнасцю таксама, як і Булатаў, Грамыка, Бабкоў. Асабліва дакладна, хоць і вельмі стрымана, з тактам і мерай пададзены Булатаў, гэта тыповае параджэнне культу, загадкавы і страшны чалавек. Страшны ён і небяспечны ў роўнай меры. Логіка яго ўчынкаў нікому незразумелая, хада думак і прычыннасць намераў -
    непранікнёныя, але кожнае яго з’яўленне ў вёсцы не праходзіць дарма для яе жыхароў.
    Сталасць пісьменніцкага мыслення праявілася ў шмат якіх эпізодах і вобразах. Больш таго, мне здаецца, што адлюстраванне некаторых праяў культу асобы ў пэўнай меры дае падставу разглядаць гэты твор як наватарскі ў нашай літаратуры. На некалькіх яго старонках пісьменнік пераканаўча даказаў, што нават і ў той час, калі імя і аўтарытэт Сталіна былі свяшчэннымі і непахіснымі для краіны, калі пакланенне яму стала нормай штодзённых паводзін кожнага, нават і тады знаходзіліся ў грамадстве людзі, якія, мякка кажучы, не ўхвалялі многае з ягонай палітыкі. He мадэрнізуючы ў гэтым сэнсе гісторыі і не навязваючы персанажам сучасных поглядаў, Іван Шамякін робіць чытача сведкам асуджэння той палітыкі сакратаром райкама Лялькевічам, болей чым крытычных выказванняў з боку Панаса Грамыкі, не кажучы ўжо аб пэўным стаўленні да рэпрэсій жонкі Шапятовіча Сашы. He, не быў ён і тады ў вачах народа беззаганным і беспамылковым, як гэта спрабуюць цяпер сцвярджаць некаторыя аўтары.