Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
многае іншае. Гэтатак. Наватарскія і праўдзівыя творы задаюць шмат клопату, куды прасцей было з такімі рэчамі, як «Святло над зямлёй», «Шырокія гарызонты», але чаго ж варты тады людзі, якія выракліся свае шчырасці, страцілі прынцыповасць і ператварыліся ў прыказчыкаў кан’юнктуры.
Для таго, каб літаратура ў меру сваіх сіл дапамагала грамадству на яго шляху да прагрэсу, мала аднаго адлюстравання існуючага (хоць важнасць станоўчага ў літаратуры бясспрэчна), трэба яшчэ і адмаўленне ганебнага, рабскага, якое прыніжае чалавечую годнасць. Двуадзінасць гэтай канцэпцыі, відаць, ні ў каго не выклікае пярэчання, але меру аднаго перад другім у кожным канкрэтным выпадку павінен вырашыць толькі аўтар у адпаведнасці са сваім эстэтычным густам, сваім характарам, стылем сваёй творчасці, урэшце ў адпаведнасці з тэмаю і матэрыялам. Тут вялікую важнасць набываюць магчымасці аўтарскага самавыражэння, якое толькі і можа ўдыхнуць у твор самабытнасць і без якога творы становяцца блізнятамі, асабліва калі мець на ўвазе аднолькавасць ідэйных поглядаў і метаду творчасці.
Менавіта з гэтай прычыны шматлікія творы культаўскага часу былі такія нівеліраваныя, як спіты чай, пазбаўленыя паху і смаку, і менавіта з прычыны найбольшага аўтарскага самавыражэння так свежа загучалі вобразы ў творах маладзейшых I. Пташнікава, Б. Сачанкі, М. Стральцова, В. Адамчыка, У. Дамашэвіча. (Безумоўна, прычына таго не толькі ў самавыражэнні, але і ў таленце, таксама як і ў тым, што маладзейшыя ў найменшай меры зведалі на сабе многае, што поўнаю доляй дасталося за гады культу старэйшым.) Як бы там ні было, здавалася б, усім нам варта было б толькі радавацца гэтай светлай маладой з’яве ў літаратуры. Аднак жа і тут не абышлося без «праработкі», без вокрыкаў і недаверу. I няўцям гэтым праработчыкам, што «заганныя», «неўладкаваныя», «рэфлекціруючыя» героі Б. Сачанкі, напрыклад (нават тая ж славутая брыгадзірша, што бегае да студэнта ў каноплі), з куды большым выклікам працуюць на выхаванне чалавечага ў чалавеку, чым цэлая кагорта зусім станоўчых, але і зусім нежывых, па сутнасці, надуманых і фальшывых персанажаў з шматлікіх кніг нарысаў, якія амаль што нечытаныя ўхваляюцца, па зялёнай вуліцы і ў дарагім афармленні выдаюцца, ахвотна рэцэнзуюцца і затым мёртвым грузам марнеюць на складах кнігагандлю. А колькі там абсалютна «правільных» герояў і колькі там станоўчага!
Дарэчы, хіба можна патрабаваць ад літаратуры, як і наогул ад кожнага з мастацтваў, неадкладных вынікаў яе ўздзеяння? Толькі людзі зусім далёкія ад разумення прыроды мастацтва могуць так утылітарна і вузка ставіцца да найскладанейшага з чалавечае дзейнасці і прынароўліваць яго творы да патрэб дня, моманту, кан’юнктуры. Гэта ж агульнапрызнаны, хоць на першы погляд і парадаксальны факт, што, напрыклад, «Ганна Карэніна», створаная, як вядома, па-за метадам сацрэалізму і да таго ж на тэму жыцця чужога нам класа, дапамагае ў выхаванні чалавека непамерна лепш, чым напісаныя з улікам усіх, але часам сумніцельных патрабаванняў сучаснасці шмат якія тоўстыя раманы нават і апошніх год.
У наш час трэба хіба што заплюшчыць вочы, каб перастаць бачыць няўтольную цягу да праўды ва ўсіх сферах інтэлектуальнай творчасці. Без праўды немагчыма мастацтва. I тут, вядома, не абысціся без пошукаў новай формы, якая б з найбольшай ёмістасцю акумулявала і з найменшымі стратамі данесла б да мільёнаў гэтую праўду. У выяўленчым мастацтве нараджаецца новы, адметны ад шматгадовага стыль адлюстравання рэчаіснасці, асноўны характар якога можна характарызаваць як максімальна набліжаны да жыцця рэалізм. Агрубленасць сілуэтаў, своеасаблівы, пазбаўлены натуралістычнага «прыгоства» каларыт, знарочыстая імітацыя няўмеласці, нязграбнасці ў графіцы ёсць не што іншае, як імкненне да непасрэднасці, аб’ектыўнасці, да перадачы істотнага, унутранага ў чалавеку. У гэтым, вядома, шмат ідзе ад рэакцыі на пампезна-прылізаны стыль культу, калі не столькі чалавек, колькі яго палажэнне, «удобствы» яго дабрабыту былі прадметам мастацтва. Адзінства імкненняў да праўдзівага не можа не з’ядноўваць нас, літаратараў і мастакоў, і шкода, што мы ўсё ж дрэнна ведаем творчасць адзін аднаго, скупа ўзаемаўзбагачаемся, часта ўзаемаабыякавыя да нашых пошукаў. Крыўдна бачыць у кніжках і часопісах ілюстрацыі, якія не толькі не дапамагаюць уяўленню чытача, а скажаюць яго, бо здараецца, відаць, калі мастакі не чытаюць тое, што ілюструюць, дзе ўжо тут унікаць ва ўнутраную сутнасць вобразаў. Мы плацім ім тым жа.
Некалькі месяцаў ужо вісіць на рэспубліканскай мастацкай выстаўцы карціна М. Данцыга «Навасельцы». Варта хоць крыху пастаяць перад гэтым творам нават чалавеку, недасведчанаму ў тонкасцях мастацтва, каб зразумець, што твор гэты выдатны ў многіх адносінах, а галоўнае ў сваёй ціхай, сціплай і сардэчнай праўдзівасці. Толькі светлай душы, чуйнай да
чалавечых боляў і радасцей, дадзена было падгледзець такую, на першы погляд, звычайную сцэнку жыцця і гэтак таленавіта і лаканічна ператварыць яе ў мастацкі твор. У гэтай карціне радуе яе дакладна і без прэтэнзій выражаная сучаснасць ва ўсім. Я не ведаю ў беларускім жанравым жывапісе нічога, дзе б з большым майстэрствам спалучалася сучаснае і ў каларыце, кампазіцыі, лаканізме сродкаў, і ўрэшце ў глыбокай яе чалавечнасці, як бы сканцэнтраванай з асабліваю сілай у фігуры дзяўчыны. Навокал ёсць нямала добрых работ («Хлеб» М. Савіцкага, «Вясна» А. Малішэўскага і інш.), аднак «Навасельцы» М. Данцыга лепшая за ўсё. Але ці заўважыў гэта хто з нас, літаратараў, ці паспрабаваў хто напісаць пра гэты твор у друку (як гэта зрабіў у «ЛіМе» выкладчык А. Скір), ці напісаў хто аб ёй у «Советскую культуру», якая ў інфармацыі аб выстаўцы сярод пераліку шматлікіх твораў гэтай работы нават не ўпамінае.
Эстэтычная глухата да лепшых нашых здабыткаў, грамадзянская абыякавасць у пытаннях элементарнае справядлівасці не ўзбагачае наш інтэлект, калі не сказаць болей. У гэтым сэнсе нельга не заўважыць пісьменніцкую і проста грамадзянскую інертнасць некаторых нашых старэйшых літаратараў да пытанняў сучаснай нацыянальнай літаратуры. Мякка кажучы, здзіўляе іх абыякавасць да хвалюючых і кардынальных літаратурных праблем, умяшанне ў якія іх, людзей з аўтарытэтам і вялікім вопытам, засцерагло б агульную справу ад шматлікіх хібаў. Сапраўды, хто і дзе з старэйшых надрукаваў артыкул аб надзённых пытаннях нашага мастацтва, хто з іх прывёў каго маладзейшага ў літаратуру, дапамог у пачатку шляху? За апошнія 10-12 год вядомы толькі адзін выпадак некаторай такой зацікаўленасці гэта рэцэнзія Піліпа Пестрака на першы зборнік Рыгора Барадуліна. Яшчэ некалькі слоў аб маладых надрукаваў Міхась Лынькоў. Болей падобных прыкладаў, здаецца, няма. Некаторыя ў гэтых адносінах бачаць старую, як свет, праблему бацькоў і дзяцей, але, здаецца, у наш час і ў нашай краіне няма такой праблемы ў шырокім яе разуменні ёсць другая, вузейшая праблема некаторых беспрынцыпных, запалоханых за доўгія гады культу бацькоў, і хіба што здараецца абыякавых да народнага лёсу дзяцей. Пры іншых сваіх якасцях і бацькі, і дзеці ідуць поплеч і разам змагаюцца за чалавечае ў чалавеку.
У гэтай сувязі хочацца выказаць, мабыць, і не дужа новае меркаванне папрок, у прыватнасці, нашай паэзіі, захапленне якой поспехамі касмічных дасягненняў часам адрываецца ад
рэальнага. Я не маю намеру пярэчыць супраць касмічнае тэмы наогул, але пры гэтым думаецца, што наўрад ці варта забывацца на тую старую ісціну, што найбольшая вартасць мастацтва чалавек. Літаратура ўсё ж не касмагонія, а, як вядома, чалавеказнаўства. Што датычыць вызначэння духу часу, дык ён, відаць, у большай меры ўвасабляецца ў навіслай над светам ядзернай пагрозе. Нягледзячы на перыядычныя часовыя палёгкі, свет прадаўжае жыць пад задыякам вадароднае бомбы.
Літаратура справа старая. Вопыт шматлікіх пакаленняў яе стваральнікаў усіх нацый шмат чаму вучыць, варта, мабыць, часцей азірацца назад, варушыць гістарычныя прыклады, і ў мінулым знойдзецца многа адказаў на праблемы сучаснага. Было б толькі жаданне праўды жыцця. Служыць народу можна парозна.му, з рознаю мерай аддачы, і калі ўжо казаць пра матыў пераадолення, закрануты ў сваім артыкуле Б. Бур’янам, дык, відаць, шмат каму з тых, хто становіцца літаратарам, перш за іншых трэба намагчыся, каб пераадолець у сабе і жабрака, і ўласніка, і раба. 3 гэтага і пачынаецца мастацтва.
Складаны наш век, складаныя часам да невырашальнасці яго праблемы. Лясканне зброі часта парушае спакой і цішыню вялікаю крывёю заваяванага міру. I ў такі час, ясна ўсведамляючы сваю пісьменніцкую адказнасць перад чалавецтвам, вельмі хочацца творамі апраўдаць так цяжка здабытае права на праўду, без якой горкі смак жыцця і анемічна мастацтва.
За выключэннем некаторых прыватнасцей, варты падтрымкі багатыя слушнымі думкамі артыкулы М. Стральцова, Б. Бур’яна, I. Навуменкі, В. Тараса, А. Мальдзіса і іншых. Гэта радуе, калі пісьменнікі выразна разумеюць свой абавязак і поўны рашучасці яго выканаць. У гэтым добры грунт пад заўтрашні дзень нашай літаратуры.
[1963]
1964
ТАЛЕНАВІТАЯ АПОВЕСЦЬ
На першы погляд, сітуацыі, раскрытыя ў гэтай аповесці1, вельмі не новыя. За апошні час напісана нямала падобных кніжак, нямала было спроб разабрацца ў сутнасці праблемы вёскі і ўступлення ў жыццё падлеткаў. I ўсё ж я з вялікай радасцю за таварыша па пяры вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што дагэтуль мы не мелі на нашай беларускай паліцы такіх па якасці твораў аб нашай самай надзённай сучаснасці, дзе б з гэткай праўдзівасцю, тактам, з гэткай сардэчнасцю і веданнем справы быў узняты цэлы пласт сучаснага вясковага жыцця са шматлікімі яго радасцямі, засмучэннямі і клопатамі. Толькі чалавеку сялянскаму сыну, якому «да камяка ў горле» блізка сучасная вёска, які ездзіць туды не госцем і не з камандзіроўкай у кішэні, а вырас там і цяпер жыве яе клопатамі, могуць з такой паўнатой і багаццем душэўных праяў адкрыцца разнастайныя характары, у тым ліку і такія, якіх не было ў ёй да вайны, а некаторых, можа, і год 10-15 назад, і якія з’яўляюцца толькі цяпер, у 60-я гады XX стагоддзя. 3 даўно не адчуваным захапленнем вясковай тэмай чытаючы гэты твор, я не знайшоў у ім ніводнага вобраза, логіцы характару якога захацелася б запярэчыць. Радасна засведчыць, што ўсе яны, пачынаючы ад бясспрэчнага аўтарскага адкрыцця Янкі Сітова да эпізадычнай асобы ўчастковага, які ў двух-трох абзацах з'яўляецца ў апошнім раздзеле, кандэнсацыя выразнай аўтарскай думкі і выпісаны з майстэрскай дакладнасцю.