Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
выхаду ў свет «Трэцяй ракеты» адзін з рэцэнзентаў скардзіўся на тое, што ў многіх маіх апавяданнях «смерць нібыта стаіць у цэнтры ўвагі аўтара». Гэта не падабалася крытыку, які, мабыць, хацеў, каб апавяданні аб вайне заканчваліся толькі перамогай над ворагам, малой крывёй і магутным ударам.
Але, на жаль, на вайне смерць была пастаянным спадарожнікам усіх і тых, хто перамог і выжыў, і хто загінуў у баях. Смерць і абавязак у сваім няспынным змаганні былі тым вызначальнікам, які непадзельна ўладарыў над душамі байцоў, незалежна ад іх інтэлекту адукацыі, узросту, бо ўсе яны былі аднолькава смяротныя і як грамадзяне ўсе выконвалі аднолькавы абавязак абаронцаў Радзімы. Праўда, усё кепскае хутка забываецца. Мы выдатна памятаем нашы перамогі, але мы часам можам забываць нашыя няўдачы, «катлы», у якія траплялі не толькі нямецкія, але і нашы дывізіі. Вядома, цяпер ніхто ўжо не рве па сабе валасы, успамінаючы перажытае, але ў радасці мірнага жыцця зусім недарэчы бяспамятнасць, няўважлівыя адносіны да памяці тых, хто мог быць, але каго ўжо няма паміж намі. Нельга ніколі забыць тысячы магіл адзіночных і брацкіх (такіх, як у польскім горадзе Крэйцбургу, дзе на ваенных могілках пахавана разам 6300 савецкіх воінаў), магіл, якія густа ўсеялі ўсю Еўропу. Іх нельга забыць таму, што ў іх ляжаць тыя, хто сумленна заслужыў права на мірныя радасці, але аддаў людзям сваё найвялікшае права жыць.
I абсалютна справядліва пісаў Георгій Гулія, што ўпартая цяга некаторых чытачоў і крытыкаў да шчаслівых канцовак ёсць не што іншае, як рэцыдыў шматгадовай прывычкі, народжанай тэорыяй і практыкай бесканфліктнасці ў нашай літаратуры. Але ж кнігі на тэму мінулай вайны не «пацешнае чціва», тыя, у каго «пашальваюць нервішкі» і хто не трывае ўпамінанняў аб смерці, могуць выбраць сабе што-небудзь іншае.
Мы сказалі многае з вялікай праўды аб вялікай вайне, але сказалі яшчэ не ўсё. I перш за ўсё гэта адносіцца да так званай «горкай праўды», не пазнаўшы якую, немагчыма праўдзіва адлюстраваць для гісторыі гэтую найвялікшую з войнаў. Замоўчванне «горкай праўды» можа саслужыць кепскую службу народу. Усе памятаюць, якімі нечаканымі былі нашы першыя няўдачы на франтах у сорак першым годзе, якую траўму ў свядомасці нашых людзей пакінула часовая непераможнасць нямецкіх армій. I той факт, што нямецкія полчышчы наступалі на вялізным фронце ад Балтыкі да Чорнага мора, часам выклікаў збянтэжанасць і непаразуменне. Адсюль узнікаў празмерны страх здрады, якая ў той год
мроілася нам на кожным кроку. Усяго гэтага можна было б пазбегнуць, калі б мы ведалі свае слабасці і слабасці сваёй арміі да 22 чэрвеня, а не пачулі пра іх толькі 7 лістапада з вядомага даклада Сталіна.
У апошні час сярод некаторай часткі рэдактараў з’явілася невыказная пагарда да тэмы вайны, тэндэнцыя адхрысціцца ад клопатаў і разнатолкаў, звязаных з ёю, забыць усё цяжкое, памылковае і задаволіцца толькі апісаннем гераічнага штурму рэйхстага або наступлення на Волзе. Пэўная прадузятасць доўгі час не давала магчымасці нашай літаратуры адлюстраваць самы цёмны і трагічны пачатковы перыяд вайны. Грамадзянскае сумленне былых ваеннапалонных доўга знаходзілася пад сумненнем, магчымасць іх гераічнай барацьбы ў палоне наогул не прызнавалася. I з гэтай прычыны памятнае выступленне С. С. Смірнова з нарысамі аб абаронцах Брэсцкай крэпасці прагучала адкрыццём у нашай літаратуры. Пазней выйшлі іншыя кнігі, мемуары, напісаныя былымі зняволенымі канцлагераў; падзеяй у літаратуры з’явілася выдатнае апавяданне М. Шолахава «Лёс чалавека». У 1958 годзе выйшла з друку аповесць кіеўскага пісьменніка М. Пархомава «Мы расстраляны ў сорак другім», зусім нядаўна надрукаваны ў «Новом мі-іре» апавяданні С. Славіча «Ты і я нас многа», аповесць М. Бірзе «I пад лёдам рака цячэ», апавяданні I. Навуменкі і М. Лупсякова. Гэтыя творы аб мінулай вайне прагучалі нова і сучасна, яны не заляжаліся на паліцах кніжных магазінаў, у бібліятэках яны самыя зачытаныя. Ці не сведчыць гэта аб імкненні народа пазнаць пра вайну ўсю праўду «горкую», «салодкую», такой, якая яна ёсць на самой справе? Ці не ў гэтым даніна павагі да памяці забітых, вернасць іх запаветам?
Памяць пра іх жыве ў народзе. Маці ніколі не забудуць сваіх дзяцей, дзеці сваіх бацькоў. Душэўныя раны баляць доўга і многім не зарубцавацца ніколі. I думаецца: якія з сучасных чалавечых эмоцый па сваёй глыбіні і сіле можна параўнаць з горам людзей, жорстка абпаленых вайной?
Беларуская зямля ў гады вайны стала тым агнявым плацдармам, дзе праходзіла выпрабаванне дружбы розных народаў. Людзі розных нацыянальнасцей доўгія гады змагаліся побач, радаваліся аднымі радасцямі, сумавалі адным сумам; жылі і паміралі разам. У цяжкі час нарадзілася баявое братэрства беларусаў і чэхаславакаў. Гэта на нашай зямлі нядоўга, але гераічна біўся з ворагам храбры чэх Ян Налепка, а наш сціплы зямляк, сельскі кінамеханік з-пад Віцебска, былы дэсантнік Аляксандр Грынеўскі стаў ганаровым грамадзянінам чэшскага
горада Фрыштык. Як жа можна дазволіць завянуць гэтаму братэрству цяпер, у час новага ўздыму германскага рэваншызму, як можна лічыць пазбаўленымі сучаснага значэння народныя слёзы, калі злачынцы не пакараны і зноў абдумваюць сваю чорную справу.
У канцы лета 1960 года ў рэдакцыю абласной газеты «Віцебскі рабочы» прыйшло калектыўнае пісьмо жыхароў пасёлка Слаўнае. Неўзабаве газета надрукавала гэта пісьмо пад загалоўкам: «Хойзінгера да адказнасці!» Здавалася б, якія адносіны маюць жыхары маленькага беларускага пасёлка да гэтага наваяўленага заправілы нямецкага фашызму? Аказваецца, іх пісьмо ў рэдакцыю гэта страшнае абвінавачанне, прад’яўленае ад імя сотняў замучаных і забітых непакаранаму злачынцу.
28 жніўня 1942 года партызанская брыгада Героя Савецкага Саюза Жуніна разграміла нямецкі гарнізон на станцыі Слаўнае. У адказ на запытанне начальніка тылу групы арміі «Цэнтр» генерал Хойзінгер, які быў тады начальнікам аператыўнага ўпраўлення Генштаба сухапутных войск, загадаў:
«Фюрэр патрабуе прыняцця рэпрэсіўных мер з прымяненнем самых жорсткіх мер устрашэння ў сувязі са зробленым нападам партызан на станцыю Слаўнае. Аб намечаных мерах данесці».
Загад Хойзінгера быў неадкладна прыняты да выканання і праз некалькі дзён гітлераўскія карныя часці наладзілі нечуваную расправу над ні ў чым не вінаватымі жыхарамі Слаўнага. Вось як апісваюць гэту расправу ўцалелыя яе відавочцы:
«Свежавыкапаная магіла. Убаку стаяць сем крытых машын. 3 іх выводзяць па пяць-шэсць чалавек... Хто лепш апрануты, прымушаюць распрануцца. Жывымі кідаюць у магілу. Пасля раздаюцца аўтаматныя стрэлы.
Вось з машыны выводзяць дзвюх дзяўчат. Яны моцна абняліся і так прайшлі свой апошні шлях. 3 першых жа крокаў ціха, але выразна заспявалі “Інтэрнацыянал”.
Маладая маці *моцна прыціскае да сябе маленькае дзіця. Гітлераўцы вырываюць дзіця з рук маці і кідаюць жывым у магілу. Жанчына галосіць. 3 яе зрываюць вопратку і штурхаюць следам за дзіцем.
Старая гадоў шасцідзесяці прайшла моўчкі. Таксама моўчкі сама распранулася, перахрысцілася, кінула на катаў гняўлівы позірк і скокнула ў яму».
Так у той далёкі вераснёўскі дзень загінула сто жыхароў гэтай маленькай беларускай станцыі.
Цяпер Адольф Хойзінгер, генерал бундэсвера, адзін з галоўных кіраўнікоў НАТО. Гэта ён нядаўна дамогся раскватаравання нямецкіх салдат на Брытанскіх астравах і інспектуе ракетныя ўстаноўкі НАТО, нацэленыя на нашу зямлю. Другі недабіты фашыст Вільгельм Майнберг стварыў з былых эсэсаўцаў і маладых людзей ФРГ неафашысцкую імперскую партыю. Маладых немцаў такога ўзросту, як нашы дапрызыўнікі, фарміруюць у групы з красамоўнымі назвамі «Маладыя штурмавікі», «Маладыя вікінгі», яны носяць знаёмую рудую форму і кіруюцца ў сваёй дзейнасці «Апошнім пісьмом Германа Герынга». Як жа ў такіх умовах можа ўстарэць, стаць кніжна-гістарычнай вялікая тэма нашай нядаўняй барацьбы з нямецкім фашызмам?
Адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў савецкім і зарубежным друку адбылася цікавая размова аб тым, хто напіша новую «Вайну і мір». Выказваліся розныя меркаванні, называліся славутыя імёны. Нехта, нарэшце, напісаў, што новую «Вайну і мір» створыць дагэтуль невядомы аўтар, які ў мінулай вайне камандаваў ротай ці батарэяй. I час пераконвае, што ў гэтых словах закладзены глыбокі сэнс. Іменна камандзір роты батарэі вынес на сваіх плячах галоўны цяжар вайны. Вайна выкавала яго як чалавека. Ён вырас на ёй як грамадзянін і ў поўнай меры спазнаў цану жыцця і смерці. I таму ўжо цяпер лепшыя кнігі пра вайну напісаны радавымі яе ўдзельнікамі, малодшымі афіцэрамі запасу, і хоць няма яшчэ новай «Вайны і міру», але яна будзе. Сведчанне таму тое лепшае з нашай ваеннай літаратуры, што складае несумненныя подступы да грандыёзнай эпапеі.
Вельмі хацелася б, каб вечна жылі ў людзях вялікія пачуцці братэрства, любові і нянавісці, народжаныя мінулай вайной. Няхай нашы сэрцы ніколі не чарсцвеюць да ахвяр і ранаў вайны. Нельга будаваць будучыню без памяці аб мінулым, нельга грэбаваць найвялікшым з чалавечых выпрабаванняў усенародным подзвігам, які даў людзям векапомны ўрок свабоды і непадлегласці.
I ў гэтай сувязі хочацца ўспомніць тыя свяшчэнныя словы, якія ад імя расстраляных маракоў напісаў у сваёй аповесці Міхаіл Пархомаў: «Мы ведаем, за што ідзём на смерць. За тое, каб наша зямля была свабоднай. Але мы паміраем не толькі за гэта, але і за тое...
Каб людзі не забылі пра старэнькую адзінокую маці Пятра Харытонава, якая жыве недзе пад Курскам. Каб браты Барыса Бляхера ніколі не пачулі ганебнага слова “жыд”, каб, калі
выжыве маёр Падлесны такія людзі жывучыя! ніхто не падаў яму рукі. I Валя, якую я сёння бачыў, таксама. I каб ні адна дзяўчына не зрабіла хлопцу столькі гора, колькі ператрываў Сухараў.
Людзі вернуцца з вайны. Многія прыйдуць з ордэнамі. Другія без. Вернуцца некаторыя з тых, хто быў з намі ў палоне. Дык вось няхай іх ніхто не папракне за гэта. Хто ведае, быць можа, некаторыя з гэтых былых палонных ваявалі не горш за тых, у каго грудзі ў крыжах?
I яшчэ нам хочацца, каб нас не забылі. Мы стаім тварам да твару са смерцю. За намі голы бульвар. Што ж, пасадзяць новыя таполі. Зямлю, на якой мы стаім, зальюць асфальтам. I па ім будуць хадзіць людзі. Дык няхай яны помняць, што гэта зямля густа паліта нашай жывой крывёю...