Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
Ці разумееш ты, мой равеснік, што гэта і за цябе вайна ідзе, за будучых тваіх дзяцей? Бывалі і раней войны, канчаліся і ўсё рабілася па-ранейшаму. Гэта вайна не паміж дзяржавамі. Гэта ідзе вайна з фашызмам за жыццё на зямлі, каб не быць тысячагадоваму рабству, названаму тысячагадовым рэйхам».
Здаецца, не адмовіш Матавілаву ў разуменні гістарычнай ролі яго і ягоных аднагодкаў у нашай вялікай барацьбе. Ды і вузкасць плацдарма паняцце ўмоўнае. Хіба важна, з якога НП (батарэі або камандарма) глядзіць на вайну герой? Куды важней, як ён глядзіць, што бачыць і што адчувае пры гэтым. Мы ж памятаем, што плацдарм батарэі Тушына ў «Вайне і міры» гэта ўся ваюючая Расія, плацдарм усенароднай героікі, мужнасці, стойкасці. Хіба справа, нарэшце, у тым, паказаны ў баі аддзяленне ці полк, баец ці камандзір справа ж у асэнсаванні сябе і блізкіх, барацьбы народа. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі ў адным герою-байцу (напрыклад, «Васіліі Цёркіне») увасабляецца вельмі многа, і ведаем прыклады іншага парадку, калі найшырэйшы размах у ахопе падзей вайны і тылу нічога не даў літаратуры з прычыны бегласці, скорагаворкі, слізгання па паверхні жыцця. Напрыклад, у рамане I. Іурскага «У агні» дзеянне займае сапраўды шырокі прастор, мноства людзей удзельнічаюць у ім, аднак у наяўнасці тыповая для такога роду літаратуры няўдача, выкліканая імкненнем не столькі пранікнуць у глыбіню, колькі ахапіць у шырыню. Аўтар узяў больш, чым ён здолеў творча асвоіць. У малым можа выдатна адлюстравацца вялікае, таксама як у вялікім, шырокім нікчэмна малое; ды і вялікае можа адлюстравацца да крыўднага дробна.
Праўда вайны патрабавала пакончыць з сачыніцельскай прыгажосцю, эфектнасцю, бесканфліктнасцю. У літаратуры, як і ў чытачы, абудзілася прагная патрэба ў паказе шырокіх дыяпазонаў чалавечай душы, паказе без прыкрас, без пустога выхваляння, без лакіроўкі. Нам няма чаго саромецца, няма чаго ўтойваць, наша гісторыя і наша рэчаіснасць, як сказаў на XXII з’ездзе КГІСС А. Твардоўскі, «дастаткова высокая і велічная з усімі сваімі цяжкасцямі і недасканаласцямі», a салдат «ганарыцца не толькі сваімі подзвітамі ў баі, але і тымі пакутамі, якія ён перанёс у паходзе». I таму галоўная вартасць кніг ІО. Бондарава, Р. Бакланава, аповесці В. Раслякова, апавядання У. Багамолава «Іван» у іх сучаснасці, абумоўленай грамадзянскай сумленнасцю, праўдай і талентам іх аўтараў. Праўда, сказаная імі да канца, атмасфера баёў і настрой, перададзеныя праз мноства розных, часам вельмі шматзначных падрабязнасцей, робяць цяпер, як мне здаецца, проста немагчымым зварот да дурнога, хаця і эфектнага сачыніцельства, уласцівага нейкай частцы літаратуры пра вайну.
Вайна была часам небывала аголеных адчуванняў рэзкіх кантрастаў ва ўзаемаадносінах людзей. Нідзе і ніколі
не праяўлялася з такон відавочнасцю чалавечая сутнасць, як на вайне. Сотні тысяч людзей у мірны час пражылі б жыццё, так і не праявіўшы сябе з іншага боку, лічыліся б пасрэднымі работнікамі вытворчасці, калгаснікамі, членамі прафсаюза; мала хто адкрыў бы ў сабе смельчака ці баяку, тым болып праявіў бы сябе ворагам або нягоднікам.
Герой цудоўнага апавядання Э. Казакевіча «Пры святле дня» Віталій Мікалаевіч Нячаеў ціха жыў у Маскве, баяўся скразнякоў, прастуджваўся і сарамліва-добра ўсміхаўся людзям, быў трохі няўважлівы, ціхманы, пабойваўся інстытуцкага начальства. Ніхто з ягоных знаёмых, нават жонка, не маглі разгледзець у ім незвычайную асобу, чалавечнасць і мужнасць воіна, які выстаяў у самых жорсткіх абставінах перад тварам смерці. 3 глыбокім пранікненнем у псіхалогію людзей пісьменнік гаворыць аб тым, як недаравальна няўвага да бліжняга, і тонка, па-чэхаўску разумна засцерагае людзей ад самага згубнага ад раўнадушша да чалавека.
Сапраўдны гуманізм, высакароднае пачуццё таварыскасці, абвостраная чалавечнасць і самаадданасць ва ўсіх яе праяўленнях пакінулі вельмі прыкметны след у нашай ваеннай літаратуры, след, які будуць спасцігаць і на якім будуць выхоўвацца яшчэ многія наступныя пакаленні. Як гераічныя прыклады, так і прыклады чалавечай нізкасці, асветленыя сілай сапраўдных талентаў, не пакінуць чытача безуважным. Успомнім мітуслівую разгубленасць далёка не баязлівага лейтэнанта Аўчыннікава з «Апошніх залпаў», якая ў цяжкую хвіліну выклікае ў капітане Новікаве не жаль, а суровую цвёрдасць. Хоць Новікаў і малады, але ён многае спасціг на вайне, і калі трэба ён бязлітасны і да сябе, і да іншых. «Жыццё чалавека на вайне было для яго тады большай каштоўнасцю, калі гэтае жыццё не шукала выратаваныя за кошт іншых, не хітрыла, не ўвільвала». У гэтай фразе заключана маральная сутнасць калектывісцкага светапогляду Новікава сутнасць чалавека глыбока прынцыповага, пазбаўленага «гуманізму наогул». Гэтая сутнасць праяўляецца ў многім у адносінах да падначаленых (Аўчыннікаў, Калакольчыкаў, Рамяшкоў) у такой жа меры да самога сябе. Паслаўшы ў агонь маладзенькага салдата Калакольчыкава, ён сам праз некаторы час на чале групы салдат ідзе той самай дарогай, каб выратаваць трох параненых.
Вельмі праўдзівы прыклад франтавога братэрства знаходзім у «Пядзі зямлі» Р. Бакланава. Лейтэнант Матавілаў у разгар бою выпадкова сустракаецца з незнаёмым сяржантам, разам з якім яны адбіваюць танкавую атаку ворага. I калі праз некаль-
кі хвілін немцы знаходзяць іх і разбіваюць танк, Матавілаў, рызыкуючы сваім жыццём, выносіць параненага сяржанта і ратуе яму жыццё. Фармальна лейтэнант не адказваў за яго перад начальствам, у танку не было сведкаў, ён мог бы пакінуць параненага, апраўдваючы сябе тым, што ў яго былі свае нялёгкія абавязкі ў баі. Але Матавілаў выратоўвае таго, хто ў цяжкі час стаў для яго даражэіі за яго самога. У гэтым зноў жа праяўляецца той самы высокі дух братэрства, калі жыццё таварыша даражэй за ўласнае, тое самае свяшчэннае братэрства, якое ў душы савецкага байца асабліва выразна бачыцца пад штохвіліннай пагрозай смерці і якое ў выніку мацней за смерць.
Пры гэтым зразумела, што дух братэрства, узаемадапамогі, выручкі, уласцівы савецкаму воінскаму калектыву, якасна іншы, чым дух славутага «акопнага братэрства», якое так любілі апяваць некаторыя пісьменнікі Захаду. Ім было выгадна згладжваць з дапамогай прыкладаў гэтага братэрства, салдацкага зямляцтва супярэчнасці паміж людзьмі розных сацыяльных пластоў. Братэрства ж нашых салдат мацнела на прынцыпова іншай аснове: сапраўдным адзінстве іх палітычных і маральных пазіцый, вернасці Радзіме, высокім ідэалам яе будучыні.
Агульнавядома, што ў мінулай вайне праявіўся масавы гераізм нашага народа на фронце, у акупіраваных абласцях, у тыле; тысячы воінаў атрымалі Залатыя Зоркі, сотні тысяч ордэны. Але асноўная маса байцоў мільёны і мільёны не была «героямі» ў вузкаканкрэтным разуменні гэтага слова. Але ж перамога над нямецкім фашызмам здабыта ў значнай (а можа, большай) ступені менавіта іхнімі рукамі, іх вялікай крывёю, іх потам.
Гэта ён, радавы вялікай бітвы, нічым не прыкметны ў мінулым калгаснік або рабочы, сібірак ці разанец, доўгія месяцы мёрз пад Дзямянскам, перакапаў сотні кіламетраў зямлі пад Курскам і не толькі паліваў агнём немцаў, але і круціў баранку на разбітых франтавых дарогах, пракладваў і трымаў сувязь, будаваў дарогі, наводзіў пераправы. Ён многае перажыў, гэты баец, галадаў, пакутаваў ад спёкі, пабойваўся смерці, але сумленна рабіў сваю малапрыкметную салдацкую справу. I, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, ён не страціў сваёй чалавечнасці, пазнаў і моцна засвоіў у вялікім калектыве грунтоўную праўду жыцця і многае іншае. Кінематограф, здаецца, ужо стаіць на шляху да стварэння такога абагульненага вобраза рускага салдата мінулай вайны (успомніце Ямшчыкова і Рукавіцына з «Міру ўваходзячаму»), літаратура ж нічога падобнага яшчэ не стварыла. Замусоліўшы да хадульнасці ўсіх
родаў «гераізм», літаратары нерашуча падступаюць да вобраза такога вось салдата-працаўніка. А трэба б смялей. He бяда, што ён, гэты радавы, прынёс з вайны толькі якія два-тры медалі, што баяўся пры страшнай бамбёжцы, што недзе азіраўся назад, стукаў зубамі і заікаўся ў часе танкавай нямецкай атакі, што цела яго, падпарадкуючыся інстынкту, імкнулася назад, у тыл, да бяспекі, а ён з намаганнем, але ўсё ж стрымаў сябе ў цесным акопчыку, сціскаючы ў руках цяжкую РПГ. Ці можна грэбаваць праўдай чалавечых паводзін перад тварам смерці? У такой жорсткай вайне, якую перажылі мы, вытрымка, вернасць свайму салдацкаму (часам надта сціпламу) абавязку былі не менш важныя, чым легендарная адвага асобных смельчакоў.
У гэтых адносінах мае выключную цікавасць раман А. Адамовіча «Вайна пад стрэхамі». Узяўшы папулярную тэму партызанскага руху ў Беларусі, аўтар знайшоў новы, зусім інакшы, чым у ранейшых творах, аспект гераічнага. Многія яго папярэднікі, захапіўшыся бяздумным гераізаваннем «лясных салдат», не заўважалі мноства «не герояў» падлеткаў, дзяцей, жанчын, якія, застаючыся пад роднымі стрэхамі на акупіраванай тэрыторыі, аралі зямлю, кармілі шматтысячную партызанскую армію, давалі прытулак лясным гасцям, працавалі сувязнымі, здабывалі медыкаменты. Часам яны рызыкавалі не менш за тых, хто граміў гарнізоны або хадзіў на жалезку, бо за падрыў цягніка і за дапамогу параненаму, за напад на гарнізон і за спробу ўкрасці ў паліцая гранату немцы прымянялі толькі адну кару смерць. I на гэтую смерць ішлі і знайшлі яе тысячы безыменных герояў-падлеткаў, дзяўчат, жанчын. А. Адамовіч узняў і па-майстэрску паказаў чытачам цэлы пласт някранутай залежы там, дзе, здавалася б, усё ўжо апісана і распрацавана літаратурай. У гэтым свежасць і навізна рамана «Вайна пад стрэхамі».
Крытыка нярэдка схільная падштурхоўваць пісьменніка да шчаслівай развязкі ў творах на ваенную тэму. Аб творы, дзе ўсё ўладжваецца найлепшым чынам, дзе здзяйсняецца подзвіг, які, натуральна, выяўляе веліч духу савецкага чалавека, a герой застаецца жывы, аб такім творы кажуць, што яго фінал гучыць аптымістычна, што і адпавядае, маўляў, канонам сацыялістычнага рэалізму. Калі ж такая аптымістычная струна не гучыць у фінале, дык аўтара папракаюць у песімізме. Яшчэ лічаць колькасць забітых адносна да жывых, і не дай бог, калі забітых будзе больш, чым тых, што засталіся жыць. У гэтым бачаць дыспрапорцыю праўды, а галоўнае, зноў-такі падазраюць аўтара ў песімістычных тэндэнцыях. Так, пасля