Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1 Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980) Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 10. Кніга 1

Артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні (1957-1980)
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 544с.
Мінск 2014
140.81 МБ
-	Ці бывае ў Вас так: хочацца, каб персанаж выглядаў сімпатычным чалавекам, а на практыцы выходзіць наадварот.
Для мяне важна не прыгожае апісальніцтва. Яно асаблівасць, можа, не столькі пісьменніка, як чытача. Асаблівасць літаратуры, у тым ліку і беларускай, невычэрпная асалода красамоўства, скажам, прыгожага апісання ўзыходу сонца, пейзажа. Многія развітыя літаратуры, па-мойму, вычарпалі гэтую цікавасць. Для іх важна тое, што не відаць вачмі, але складае яшчэ большую значнасць чалавечага жыцця.
Калі я пачынаю пісаць твор, для мяне на першым месцы стаіць праблема і тэма. Вы кінулі рэпліку пра «Сотнікава». Я рашыў, што пастаўленую праблему ў гэтай аповесці лепш за
ўсё вырашыць на партызанскім матэрыяле. Хаця штуршок ішоў ад фронту. Я ўжо неяк расказваў пра выпадак на Украіне. Пасля фарсіравання Дняпра камандзір батальёна са сваім штабам быў акружаны немцамі. Нашы адбіваліся, але іх знішчылі. Лічылася, што камандзір загінуў. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Калі пачалася Яса-Кішынёўская аперацыя, мяне начальства паслала ў тыл, каб павярнуць падвоз боепрыпасаў па другой дарозе. У адной вёсцы, румынскай, быў арганізаваны збор ваеннапалонных немцаў. Там іх была маса. Я еду, гляджу ля дроту знаёмы твар. У нямецкай пілотцы, у нямецкім мундзіры. I ён на мяне глядзіць. ІІрыгледзеўся камбат. Пытаюся: «Як вы трапілі сюды? Вы ж Герой Савецкага Саюза!» Аказваецца, ён не загінуў і трапіў у палон. Пасадзілі немцы яго ў лагер, дзе усё, чакай смерці. Аднойчы прыйшлі вярбоўшчыкі. I ён вырашыў запісацца ва ўласаўцы, каб пасля перайсці да нас. «Я, канечне, не страляў у сваіх і падняў рукі, гаворыць, здаўся ў палон. Але ўсё роўна, ведаю, цяпер маё дзела спета». А ён жа быў неблагі камбат, нават людзей шкадаваў.
Вы хочаце сказаць, што ў літаратуры павінна быць так, як у жыцці?	,
Безумоўна. Няма такога водападзелу на толькі станоўчых і толькі адмоўных. Бывае, абставіны складуцца такім чынам, што ў чалавеку праяўляецца толькі лепшае. А бывае наадварот выпірае самае чорнае з яго душы. Некалі яшчэ Горкі пісаў, што чалавек каштоўны сваім супраціўленнем сіле жыцця. Таму вельмі важна існа чалавечае, бо абставіны бываюць нечалавечыя! Толькі чалавек з вялікай сілай можа супрацьстаяць гэтым нечалавечым сілам. Калі вярнуцца да размовы пра камбата, то і ў яго чыста біялагічныя сілы былі здаровыя і моцныя. Ён шукаў магчымасці, каб выжыць. Але духоўныя сродкі для жыцця ён знайшоў не тыя, якія б забяспечылі яму маральнае існаванне на гэтым свеце. Хоць ён і застаўся жывы, тым не менш ён загінуў. Для «Сотнікава» я ўзяў партызанскую стыхію, дзе больш вырашалася куды? як? з кім? У арміі ёсць загад. Партызанскі ж матэрыял з меншым дэтэрмінізмам, тут можна лягчэй абысціся з магчымасцю выбару. Ну, а астатняе для пісьменніка няцяжкая справа: ведаючы вайну наогул, не так ужо цяжка было ўявіць партызанскую вайну.
Яшчэ пра адну цяжкасць, Васіль Уладзіміравіч. У арміі свая тэрміналогія, свая лексіка, і гавораць там пераважна паруску. А чытаеш Ваш твор і адчуваеш, што ён беларускі. У асваенні беларускай літаратурай мовы вайскоўцаў Вы шмат зрабілі. I хацелася б пачуць Вашы думкі наконт гэгпага.
Так, армія абыходзіцца рускай мовай. I тэрміналогія па-руску. Значыць, дыялогі дзеючых асоб даводзіцца перакладаць. Задача пісьменніка знайсці нейкі эквівалент, каб гучала па-беларуску і разам з тым каб, не парушаючы нацыянальнай мовы, была перададзена праўда адносін вайсковых людзей. Атрымаецца фальшыва і ненатуральна, калі рускія афіцэры загавораць на мове дзядзькоў палескай вёскі.
Чым павінен кіравацца мастак, каб стварыць такую кнігу, якая стала б сучаснай на многія гады?
Тут, на мой погляд, вырашаюць тры ўмовы. Першая талент. Другая сумленнасць мастака. Трэцяя грамадская атмасфера, гэта значыць магчымасць з’яўлення кнігі.
Грамадства павінна выспець, каб успрыняць подзвіг мастака. Бо калі яно не гатова да гэтага, то атрымаецца, што твор прызнаюць пазней. Гэта асабліва заўважаецца ў выяўленчым мастацтве, калі мастак апераджаў магчымасці ўспрымання мастацтва сваімі сучаснікамі і прызнанне, і папулярнасць прыйшлі толькі пасля смерці, як, напрыклад, да Ван Гога. У літаратуры, як пісаў той самы Маэм, рэдка так адбываецца, каб слава, якая абыходзіла пісьменніка пры жыцці, палюбіла яго пасля смерці.
А вялікі польскі паэт Норвід, напрыклад, за якім настойліва трымалася рэпутацыя «незразумеласці», якога не прызнавалі нават буйнейшыя літаратары-сучаснікі? Сёння імя Норвіда стаіць побач з імёнамі Міцкевіча, Славацкага.
Гэты прыклад якраз з тых рэдкіх выпадкаў.
А Вы ўлічваеце ўспрыманне сучаснаш чалавека?
Калі я пішу, то думаю і пра псіхалогію салдата, і пра псіхалогію ўспрымання сучаснага чытача. Я шукаю такіх ваенных перажыванняў, каб гэтая псіхалогія і перажыванні мелі водгук у душах сучасных людзей.
Беларуская літаратура пастаянна акцэнтуе ўвагу на ваеннай тэме. Гэта стала яе своеасаблівай уласцівасцю, рысай. Ціможа аказацца для Васу будучым гэтая гпэма вычарпанай?
Для мяне можа, а для літаратуры наогул вычарпаць яе немагчыма. Зараз прыйшло маладзейшае пакаленне, і яно са свайго пункту погляду піша пра вайну. Калі ісці далей, то для кожнай нацыі вайна была ў нечым свая. Узбекам, напрыклад, не было лягчэй, але для іх яна была іншая, чым для нас, беларусаў. А што будзе далей для мяне, я не ведаю, з вайны прывык не загадваць далёка наперад.
[1977]
СЯРГЕН СМІРНОУ
Прыкладна за год да канчыны выдатнага савецкага пісьменніка Сяргея Сяргеевіча С.мірнова мы сядзелі з ім у цішы гасцінічнага нумара ў Мінску, і ён, як заўжды, з захапленнем, з зайздроспай маладой апантанасцю расказваў аб рабоце над сваёй новай кнігай, аб тых цяжкасцях, якія трэба было пераадолець у гэтай яго рабоце. Мы пагадзіліся, што задума яе сапраўды складаная, але не варта засмучацца. Напэўна, усе складанасці будуць пераадолены, і з’явіцца кніга, вартая яго папярэдніх кніг.
Мы, аднак, памыліліся.
Мы не маглі прадбачыць тады, што міне год з невялікім і гэтага, поўнага душэўнай энергіі і мастацкіх задум, чалавека не стане. Але, відаць, такая каварная сутнасць смерці як і на вайне, біць па тых, хто меней за ўсё аб ёй думае, аддае сябе справе, людзям, ідэям.
Новая кніга Сяргея Сяргеевіча Смірнова ніколі ўжо не паявіцца на кніжных паліцах нашых бібліятэк, і, мабыць, назаўсёды застануцца невядомымі нейкія новыя подзвігі і іх героі, якіх з такім пастаянствам умеў адкрываць наш дарагі пісьменнік. Без яго заўжды нечаканых адкрыццяў наша літаратура напэўна стане бяднейшай, бо, як бы актыўна ні працавалі іншыя на ўлюбёнай ім ніве, замяніць яго не можа ніхто. У гэтай літаратуры, заўсёды багатай талентамі, наўрад ці хто іншы ў поўнай меры валодае тымі рэдкімі якасцямі, якімі быў надзелены ён. Мабыць, гэта таму, што ў наш складаны час і ў той мнагатруднай справе, якой цалкам прысвяціў сябе ён, недастаткова мець нават бліскучыя літаратурныя здольнасці і спецыфічны талент даследчыка, трэба яшчэ ўмець абараніць сваю пазіцыю з такой непахіснай прынцыповасцю, як гэта ўмеў рабіць ён.
Мы ўжо не ўбачым яго новых кніг, але з намі назаўсёды застанецца тое сапраўды цудоўнае, што паспеў стварыць ён. Яго бессмяротная «Брэсцкая крэпасць», хвалюючыя апавяданні пра шпіталь у Ерамееўцы, гэтай маленькай савецкай калоніі на акупіраванай фашызмам зямлі, пра герояў Аджымушкая, самаадданую чырванафлоцкую Кацюшу, пра невядомага рускага хлопца, які стаў нацыянальным героем далёкай Італіі пра ўсіх гэтых і многіх іншых герояў будуць з не меншай цікавасцю чытаць нашы нашчадкі, і іх душы, як і нашы сэрцы, будуць поўніцца захапленнем мужнасцю іх маладых продкаў. I, трэба думаць, яны таксама будуць адчуваць сардэчную
ўдзячнасць таму, хто зрабіў набыткам мастацтва і гісторыі пакуты і подзвігі іх далёкіх папярэднікаў.
Крылаты афарызм нашага часу «Ніхто не забыты, нішто не забыта» толькі тады здольны набыць свой сапраўдны сэнс, калі яго разумець як лозунг, канкрэтны заклік да справы, а не як канстатацыю дасягнутага. Цяпер ужо ясна, што мінулая вайна з’явілася цэлай эпохай у гісторыі народа, гераізм якога доўга яшчэ будзе натхняць наша мастацтва. Пры гэтым зусім відавочна, што нікому паасобку, нават самаму таленавітаму з літаратараў не дадзена расказаць аб ёй у вычарпальным аб’ёме, кожны ў меру сваіх сіл і магчымасцей можа засведчыць толькі невялікую частку з гэтага агульнанароднага выпрабавання. Але нават і ў гэтым выпадку ўклад Сяргея Сяргеевіча Смірнова ў ваенную дакументалістыку пераацаніць немагчыма. На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў ён шукаў, клапаціўся, узнаўляў забытае або страчанае і ў самай дзелавой, пазбаўленай усялякіх белетрыстычных аздоб, форме сведчыў аб фактах, непрыдуманая канкрэтнасць якіх здольна зацьміць самыя вытанчаныя прыдумкі. Сапраўды, гісторыя хоць бы той самай праслаўленай ім Брэсцкай крэпасці-героя, аб якой у час вайны ды і ў першыя гады пасля яе абсалютна нічога не было вядома. Цяпер мы ведаем аб ёй многае, таксама як і аб тых цяжкасцях, якія пераадолеў пісьменнік, перш чым з мноствам падрабязнасцей узнавіў усе перыпетыі няроўнай барацьбы жменькі савецкіх байцоў супраць добра ўзброеных часцей вермахта, аднавіў імёны загінуўшых герояў, дамогся рэабілітацыі тых, што засталіся ў жывых, узвысіў іх сапраўды бяспрыкладны подзвіг да агульнанароднага прызнання і высокіх узнагарод. Здавалася, ужо адна гэтая крэпасць над Бугам магла стаць справай усяго жыцця для кожнага з літаратараў, а ён пайшоў далей, шукаў, даследаваў і расказаў свету аб дзясятку іншых, не меней яскравых, складаных і супярэчлівых гісторый вайны.
За ім заслужана і трывала ўсталявалася рэпутацыя песняра народнага подзвігу ў мінулай вайне, у гэтай высакароднай справе яму не было роўных, хоць пра подзвігі і пра вайну пішуць многія сотні самых розных аўтараў, і наша ваенная літаратура, мабыць, самая багатая ў свеце. У чым жа тады своеасаблівасць і прыцягальная сіла кніг, створапых талентам Сяргея Сяргеевіча?
На маю думку, няпросты адказ на гэтае пытанне ў значнай ступені вынікае з асобы пісьменніка, яго мастацкага таленту і яго грамадзянскага тэмпераменту. Сяргей Сяргеевіч Смірноў не хранікёр вайны і нават не яе таленавіты даследчык,