Поўны збор твораў. Том 2 Аповесці, апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 2

Аповесці, апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 624с.
Мінск 2005
159.89 МБ
правуркатаў і сціх. Але гэта быў не голуб. Сушчэня паслухаў, счакаў і павярнуў у асіннік, улез у ягоны гушчар і зноў прытаіўся. Галубіны вуркат прагучаў зноў і бліжэй. Устрывожаны пэўнай здагадкай, Сушчэня наўпрост, дужа зашорхаўшы голлем, палез бокам. Хоць было цёмна і ў доле мала што можна было згледзець, ён згледзеў-такі шараватую на траве купінку — то быў чалавек. Сушчэня моўчкі ўкленчыў ля яго, каленам натрапіўшы якраз на рулю вінтоўкі, рукамі намацаў боты, расхлыстаныя полы шыняля, адкінутую руку. Пэўна, гэта быў Бураў, ягоны шынелак, ды ён не азваўся на дотык сушчэнеўскіх рук, і Сушчэня баяўся паклікаць яго — ці мала што!.. Ён толькі абмацаў яго воглае цела і ўчуў, што той быў жывы, мабыць, паранены. Сушчэня хутка ўлез пальцамі ў кроў, але дзе была тая рана, ён зразумець не мог. Тады ён трохі пераваліў цела на бок — трава пад ім таксама была ў крыві, у крыві быў бок і шынель ля дзягі. Але сам Бураў ніяк не азваўся на яго дотыкі, толькі ўнутрана, невыразна стагнаў. Што было з ім рабіць? Разважыўшы трохі, Сушчэня ціхенька патузаў яго за рукаў: «Гэ, гэ... Ты жывы?.. Куды цябе, га?..»
Бураў, аднак, маўчаў, толькі здрыгануўся целам і вуркотна-ціха стагнаў. Мусіць, папала яму як мае быць, падумаў Сушчэня, так ён можа тут і сканаць. Але што ж яму можа зрабіць Сушчэня, чым памагчы? Ці, можа, схаваць куды, бо ўдзень, як развіднее, гэты бераг асіннічку ўжо будзе, папэўна, відаць з дарогі, цяпер праз голы падлесак відаць далёка.
Сушчэня мужчына быў дужы, некалі на станцыі разгружаў вагоны з соллю, і цяпер, напяўшыся, узваліў на сябе цяжкаватае такі цела Бурава, узяў яго вінтоўку, і, абапёршыся на яе, бы на палку, узгробся на ногі. Немалой сілы спатрэбілася яму, каб з ношаю выбрацца праз гушчар на вальнейшае месца, далей ён выпрастаўся, зручней паддаў па спіне параненага. Пад хвоямі ісці стала спрытней, але ён зачапіўся за корань і ледзьве не паляцеў спотырча ў дол. Неяк усё ж утрымаўся, зноў паддаў Бурава, і той горача і пакутна выдыхнуў яму ў вуха:
— Войцік, ты...
Сушчэня хацеў азвацца, сказаць, што ён — не Войцік, але гаварыць яму было не надта каб зручна, і ён палічыў за лепшае змоўчаць. Хай думае, што гэта Войцік, а там будзе відаць. Галоўнае, пакуль ноч, трэба далей адсюль, бо, чаго добрага, зноў налезеш на тых ці яны самі дагоняць. Уранні яны могуць усё тут аблажыць, пачнуць прачоску, як бы не загрэблі абодвух у свой паліцэйскі нерат.
Аднак брысці так па лесе з цяжкім мужыком па плячах, нязручна ўгнуўшы галаву, было не дужа каб лёгка. Сушчэня ўгрэўся, ажно спацеў, праз якія паўгадзіны пачалі падгінацца ногі, і ён, каб не ўпасці, апусціўся на калені, побач на сухі, хвойны дол ашчадна паклаў Бурава. Рана таго ўсё крывяніла, плечы Сушчэні былі мокрыя ад яго крыві, і Сушчэня, сутаргава хапаючы ротам стылае паветра, хвіліну сядзеў зняможана, паклаўшы на калені рукі. Ён па-ранейшаму напружана ўслухоўваўся ў цягучы шум лясных абсягаў, нават азіраўся па змрочных баках, але адразу ўчуў, як побач заварушыўся паранены.
— Што? Што табе?..
У наступную хвіліну ён зразумеў, што Бураў лаяўся, мусіць, ад болю, а пасля запытаўся здушаным шэптам:
— Куды... Куды ты нясеш?..
— I сам не знаю, — узрадаваўшыся, што паранены загаварыў, сказаў Сушчэня, усё яшчэ цяжка аддыхваючыся.
— Войцік? — тузануўся Бураў, заграбаючы побач рукой.
— He Войцік — Сушчэня я, — сказаў Сушчэня, і Бураў зноў змоўк, бы насцярожыўся. Падобна, ён успамінаў штось ці думаў і пасля спакайней сказаў:
— Сушчэня, мяне добра падстрэлілі?
— А хто ж яго ведае. Але падстрэлілі, — пагадзіўся Сушчэня.
— А я цябе не паспеў...
— Дык калі ж было?.. Япы знянацку наскочылі... — сказаў Сушчэня і змоўк, не ведаючы, што сказаць яшчэ.
Бураў, відаць было, неяк утаймаваў свой боль, расплюшчыў вочы, паўзіраўся між цёмных хваін у трохі святлявае начное неба.
— Куды ты мяне валачэш?
— I сам не ведаю, — сказаў Сушчэня. — Але ўжо не дагоняць.
— Ты мяне ў Зубраўку. У Зубраўку мяне, — скрыгаючы ад болю зубамі, сказаў Бураў. — Там папытаеш Хвашчэўскага...
— Хвашчэўскага? Добра...
Сушчэня памаўчаў, каб лепей запомніць тое прозвішча, і падумаў: дзе тая Зубраўка? Ведаў, ёсць недзе пад Сінянскім борам вёска з такою назвай, толькі як да яе дапяцца? Колькі туды кіламетраў?
Бураў тым часам змоўк, і ён трошкі пакратаў яго за нагу, падумаўшы, каб хоць не сканаў ненарокам. Мусіць, трэба б яго перавязаць, ды перавязаць не было чым, зноў жа ў гэтай цемры нічарта немагчыма было згледзець. Але цягнуць так на сабе колькі кіламетраў па лесе таксама было небяспечна, найперш для самога параненага — як бы не сцёк крывёю. Разважыўшы трохі, Сушчэня прыйшоў да думкі, што трэба недзе расстарацца каня. Дзе толькі? На станцыю ісці ён баяўся, каб зноў не налезці там на паліцыю. Тады хіба ў Бабічах? У гэтым баку, ведаў, кіламетры праз тры была невялікая лясная вёсачка, мабыць, там яшчэ хтосці застаўся і там бы ён разжыўся канём.
Вырашыўшы так, ён зноў нахіліўся над нерухомым Буравым, трохі патрос яго за борт шыняля.
— Слухай... Ну, як ты? Можа, дабярэмся да Бабіч? А там, можа, каня расстараемся...
Бураў нібы прахапіўся, напружыўся і, апаўшы затым, спытаў:
— Дзе Войцік?
— Дык хто ж яго ведае, — ціха сказаў Сушчэня. — Можа, забілі.
Бураў, здаецца, вылаяўся і зноў знямогла аціх у доле.
Счакаўшы трохі, Сушчэня ўстаў на калені, бураўскі карабін надзеў рамянём на шыю, каб той не замінаў пры хадзе. Гэты раз узваліць на сябе Бурава аказалася трудней, чым раней, і ён, хістаючыся, ледзьве падняўся на ногі. Хісткім крокам між дрэў і голля ён скіраваў у той бок, дзе, памятаў, за сенакосамі і Цімаковым балотам былі тыя лесавыя Ba614 ы.
Ведучы на повадзе каня, Войцік тады спусціўся з баравінкі, прадраўся праз алешкавы гушчар да гравійкі. Тут, ля дарогі, была яшчэ спазнелая трава, у якую адразу ўлёг яго згаладнелы конь (там жа, на выспе пад хвоямі, не было нічога). Войцік спярша патрымаў яго на повадзе, а пасля пусціў самапасам; паначы між кустоўя нідзе не дзенецца, падумаў Войцік, а сам закінуў за плячо вінтоўку і прыпёрся да камля адзінокай хвоі, што бліжэй за іншых стаяла ля дарогі. Было сцюдзёна, з поля дзьмуў золкі настырны вецер, добра яшчэ — без дажджу, а то б зусім дапякло на гэтым іх бязглуздым заданні. Коні дык зусім падбіліся за дарогу без ніводнай папаскі, а яны... Яны згаладнелі не менш за коней, толькі пра іх каму клопат? Пра сябе яны вінны былі клапаціцца самі, так заўжды было заведзена на заданнях, па крайняй меры, з самай вясны, як Войцік прыйшоў у атрад. Але ў такіх заданнях, ведаў ён, не ўсё абыходзіцца гладка і шмат што залежыць ад старшага. Ад камандзіра. Цяпер камандзірам назначылі Бурава. Што ж, Войцік не пярэчыў: Бураў быў партызан з вопытам, зноў жа, разведчык, ён гойсаў па заданнях, можа, болей за Войціка, можа, і пад кулямі быў часцей. Толькі ці разумнейшы ён — вось у чым справа. Калі браць па нядаўнім яшчэ даваенным жыцці, дык усё ж Войцік як інспектар райза, мусіць, значыў крышку больш, чым нейкі там шафёр райпоўскай палутаркі Колька Бураў. Але ён ужо ведаў, што цяпер, у вайну, не надта зважалі на ранейшы, даваенны статус, цяпер неяк неўпрыцям павылучаліся новыя — хто іх да вайны калі і ведаў, — як во камандзір падрыўнікоў Рыбчонак, што перад вайной, мабыць, толькі паспеў скончыць школу, ці пажарнік Сліпчанка, цяперашні начштаба іхняга атрада. Пра Войціка яны нібы забыліся, нібы яго і не было ў раёне, не сядзеў ён у прэзідыумах, не круціўся па вёсках упаўнаважаным, не выступаў з допісамі ў газеце. Усё-такі ён быў чалавек вядомы і нават складаў прамовы старшыні выканкома таварышу Корбуту, які хоць і меў ордэн і быў кіраўнік хвацкі, але не ўмеў звязаць тры словы па-людску. Заўжды ў яго выходзіла не прамова, а нейкая слоўная каша. Ну, дома, у раёне, вядома, гэта была не бяда, тут да ягоных прамоў-трасянак даўно прывыклі, але ж ча-
сам трэба было выступіць і ў вобласці, на якой нарадзе, перад начальствам. Во тады старшыня выканкома і клікаў Войціка да сябе ў кабінет, садзіў за стол насупраць, і Войцік за два дні сачыняў яму любое выступленпе. На любую мудрагелістую тэму.
Па сваім часе Войцік лічыў сябе чалавекам адукаваным, усё ж скончыў сем класаў, а галоўнае — меў зграбны, каліграфічны почырк, якім ганарыўся ўсе тыя гады, што працаваў у раёне. I асабліва калі яшчэ рабіў у сельсавеце. Ён і ў сельсавет трапіў менавіта праз гэты свой почырк. Неяк напярэдадні калектывізацыі абралі яго ў прэзідыум вясковага сходу і даручылі пісаць пратакол. Папера была так сабе, сшытак у клетачку, чарніла даволі вадзяністае, але ручку ён меў сваю, вучнёўскую, з літарамі КУШТО на бліскучай апраўцы, з выдатна распісаным пяром нумар 86. I там ужо ён пастараўся. Ён так акуратна, з палямі і выкручастымі росчыркамі вялікіх літар напісаў пратакол, што старшыня сельсавета, падпісваючы яго ў канцы, выкаціў вочы: ну і майстар! Ды і астатнія члены прэзідыума здзіўлена паўзіраліся — такога почырку яны ніколі не бачылі. Старшыня сельсавета па яго, аднак, не забыўся, і ў маі таго ж года ён ужо сядзеў у сельсавецкай хаце і пісаў. А калі таварыша Корбута пасадзілі кіраваць раёнам, Войцік таксама перайшоў у выканком — кадр ён быў ужо спрактыкаваны і даволі правераны.
Тут жа, у атрадзе, рабіць па ягонай спецыяльнасці, пэўна, не было чаго, ды ён, зрэшты, і не набіваўся на штось адметпае. Сказалі ўзяць вінтоўку і стаць у строй, ён узяў вінтоўку і стаў у строй. Праўда, і тут ён значна вылучаўся сярод малапісменных калгаснікаў, якія ні дня не служылі ў войску і, канешне, тае вінтоўкі не трымалі ў руках. А ўжо калі разабраць і сабраць затвор... Ён жа хоць таксама не служыў абавязковай, але добра вывучыў вінтоўку на занятках Асаавіяхіма, дзе нават страляў тры разы, як здаваў нормы на зпачок «Варашылаўскі стралок». Значок і цяпер у яго на грудзях, бы ордэн. Хоць, можа, яшчэ заслужыць і ордэн, Чырвонай Зоркі, напрыклад, як у камандзіра. Што ён, дурнейшы за гэтага нахрапістага пяхотнага лейтэнанта? Можа,
разумнейшы нават, бо старэйшы за яго аж на восем гадоў і ўсіх і ўсё тут ведае, а што радавы дагэтуль, дык гэта таму, што сціплы. Са словам не выскоквае, на бога не бярэ, усё па-добраму, паслухмяна і ціха.
Вось хоць бы і з гэтым Буравым.