Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Панімаеш, трэці раз не шэнціць,— выдыхаючы дым, сцішана кажа сяржант,— Усё не магу. Ці, можа, цюхця такі стаў?.. Першы дужа паранены трапіўся, устаць не мог. Узяў ягоную вінтоўку, думаю, зараз я цябе даканаю. Загнаў патрон у патроннік, а ён гэтак паглядзеў на мяне і кажа: «Данке, рус! Найн Сібір!» Ах ты, думаю, гад, Сібіру баішся... Тады жыві. Паспытай Сібіру. He стаў страляць. Другога пад Залачовам сцапаў. У разведцы. Хацеў пырнуць фінкай, ды не змог — малады такі, пацан пацаном. Як наш Макоўчык. Быў такі ў роце. Худзенькі, тонкі і кашляе. Ну і адвёў у штаб. Чорт з ім, думаю. Трапіцца ж мне ўрэшце эсэс, тады сквітаюся.
Сяржант, крэкчучы, ямчэй прыладжваецца на ложку і хвіліну прыслухоўваецца да грукату нейкай спозненай машыны за акном.
— Заўтра эвакуіруюць... На якіх месяцы два цяпер адпачынак... Перавязкі. Сястра — вутку! Паскудства адно. He люблю! — адразае ён і зацягваецца з свайго трафейнага мунштука. Пасля хмурыцца,— А Макоўчыка праз тыдзень асколкам у пазваночнік... Эх! Разразі цябе ў тысячу трах-тарарах!..
Ён адмыслова лаецца пяціпавярховым матам і злосна плюе ў парог. Побач узнімае галаву Каця, і я здзіўляюся: выходзіць, яна таксама не спіць — паныла сядзіць, насцярожана скурчыўшыся, нібы адасобіўшыся ад усяго ў гэтай хаце. У яе вачах поўна слёз. Я аж палохаюся.
— Вы што?
Яна нават і не паварочвае галавы.
— А табе што за дзела?
— Ну, я так. Думаў...
— Адстань.
Можна і адстаць, калі няма ахвоты адказаць. Сапраўды, чаго мне набівацца са спачуваннем, хіба ў мяне мала свайго клопату і свайго болю? Да таго ж адольвае стома, і мяне таксама пачынае браць сон. Да ранку, напэўна, яшчэ далёка...
15
Чым бліжэй да вакзала, тым усё больш людзей. На стаянцы таксі — вялізная чарга, якой спрытна распараджаецца дзяжурны з чырвонай павязкай. Спазнелыя пасажыры бягуць на прыгарадны поезд. 3 флегматычнай самотай бавячы час, па тратуары праходзіць каменданцкі патруль — двое салдат і маёр. У пятліцах — тэхнічныя эмблемы. Маёру на выгляд пад сорак пяць. Аднак, састарэлі цяпср у арміі, не тое што ў вайну... Некалі ў нас у палку самы стары афіцэр — начальнік артузбраення — меў трыццаць восем. Камандзір палка — трыццаць два. Батальёнамі камандавалі дваццацідваццацівасьмігадовыя хлопцы. Зрэшты, нам, узводным, яны ў той час здаваліся амаль старымі.
Вакзальны вестыбюль гудзе ад народу. Гамана, мітусня і штурханіна. Аднак, здаецца, і плач. Сапраўды, ля дзвярэй на пероне плача жанчына, толькі нічога не відаць — цікаўны натоўп абступае яе суцэльнай сцяной. Відаць, нешта здарылася.
Уступаючы сваёй цікаўнасці, я ўзнімаюся па прыступках на другі паверх і спыняюся ля парэнчаў. Адсюль ужо можна нешта ўбачыць. Сцэна здаецца не зусім звычайнай, прынамсі, для нашага часу. На шыі ў збянтэжанага мужчыны з амаль ужо сівой галавой вісне жанчына. Касынка яе збілася на плечы. Валасы раскудлаціліся. Яна наўзрыд плача і прыгаворвае нешта незразумелае. Развітваецца, ці што? Але куды гэта ён выпраўляецца? Мужчына з пакутніцкім тварам стрымана суцяшае яе, гладзіць па плячы адною рукой. Ля ног яго стаіць чырвоны чамадан. Але там ёсць і блізкія ім людзі. Два даволі дарослыя хлопцы — у стракатай тэнісцы і ў вельветавай куртцы — спрабуюць суцешыць жанчыну.
— Мама, ну хопіць!
— Ну, што ты? Людзі глядзяць. Канчай!
— Ай, няхай глядзяць! — закідае голаў жанчына. На яе счырванелым, залітым слязьмі твары — нестрываная роспач няшчасця,— Няхай глядзяць на маё горачка! Родненькі ты мой Колечка, навошта ж я цябе спазнала! — лямантуе яна ўжо зусім па-бабску і зноў прыпадае да грудзей збянтэжанага чалавека.
Незвычайнае і дзіўнае нейкае развітанне... Нібы ў сорак першым. Я недаўменна паціху сходжу па прыступках. У вестыбюлі з’яўляецца дзяжурны па вакзалу.
— Граждане пасажыры! Прашу разысціся! Прашу разысціся, не нарушаць правіл. Граждане пасажыры!..
Але пасажыры яго не слухаюць — усіх захапіў гэты балючы крык чалавечай душы. Толькі ніхто яшчэ нічога не ведае, і кожны імкнецца зазірнуць у сярэдзіну натоўпу.
Аднак праз хвіліну плач прыціхае, і жанчына з сівагаловым чалавекам кіруюцца да выхаду. За імі, несучы адзін чамадан, ідуць двое хлопцаў. Натоўп неахвотна расступаецца. Жанчына горнецца да чалавека і ўсё яшчэ хліпае.
3 натоўпу вылазіць цётка з кошыкам, ставіць кошык на падлогу і пачынае перавязваць на галаве квяцістую хустку. Яе абступае вакзальны люд. Усім карціць дазнацца пра сэнс незвычайнай сустрэчы.
— Ай, бабачкі, гэтую ж кабеціну ейны муж адшукаў! 3 вайны пагублялі адно аднаго. Цяперака гэта ён прыехаў. Але ж з ім новая жонка. Вунь, у зялёнай кофце,— сцішыўшы голас, гаворыць яна, азіраючыся на выхад.
Яшчэ мала што разумеючы, усе ўраз паварочваюць твары на сярэдзіну. Сапраўды, прысланіўшыся плячом да мармуровай калоны, стаіць, сцяўшы бровы, жанчына. Hi на каго не зважаючы, яна, нібы ў трансе, глядзіць на падлогу. Пасля, нібы раптам штось зразумеўшы, павяртаецца і рашуча выходзіць у другія дзверы. На перон.
— Ой, бабачкі! Як жа гэта? — пытаецца нейкая кабета, мабыць, першая адчуўшы ўвесь драматызм гэтай недарэчнай сітуацыі.
Аднак усё зразумела. Я болей не хачу на гэта глядзець.
Гэта дзіка і страшна. Гэта б’е ў самае сэрца. Ці не хопіць, праклятая вар’ятка вайна! Ці не мала табе таго, што ты нарабіла на зямлі дваццаць гадоў назад? Навошта ты яшчэ і цяпер джаліш людзей сваім зазубленым джалам?
Але я ведаю: яе шальмоўскім звычкам няма межаў. Пакутуюць маці, што пагублялі дзяцей. Гадамі баляць у калек адарваныя ногі. Тояцца ў зямлі, чакаюць сваіх ахвяр міны. Спознена адкрываюцца людзям нечуваныя злачынствы вылюдкаў. На рахунку гісторыі ўсё большае бязвінных неадпомшчаных ахвяр. Дзе віноўнікі?
Вядома, адны ў зямлі. Другіх судзілі і прах развеялі ветрам. Трэція мараць пачаць усё спачатку. Але ёсць і чацвёртыя, якія вельмі здзівяцца, калі іх абвінавацяць у некаторых, даўніх ужо, справах.
Трымаючыся за падрапаныя парэнчы, я паднімаюся на другі паверх. Здаецца, у дадатак да ўсяго, з кожным годам горшае сэрца. Задышка прымушае спыняцца і хапаць ротам паветра. Вось табе і малады чалавек! Зрэшты, я ведаю: гэта, лечачы лёгкія, я пасадзіў сэрца. Пракляты трышкаў каптан!.. Дранае ашмоцце, а не здароўе!
Я раздражнёны і злы. Бываюць такія хвіліны. Ля буфета ў зале транзітных пасажыраў — чарга. Доўгі шэраг людзей уздоўж прылаўка аж да самых дзвярэй. Хацелася б выпіць кавы. I што-колечы з’есці. Толькі прыйдзецца доўга стаяць. Але куды мне спяшацца!
— Хто апошні?
-Я.
Кароткі, нібы бляск, позірк. Прыгожанькі юны тварык пад бронзавым стажком валасоў. Імгненна ўспыхвае і згасае цікаўнасць у шырокіх вачах. Вядома, чым тут цікавіцца? Худы, з залысінамі на лбе дзядзька. Да таго ж — кульгавы... Але, чорт вазьмі, я хацеў бы нечым ёй спадабацца. Ну, хоць трошачкі. Толькі навошта? Ды я і разумею, што гэта немагчыма. I дзіўлюся з свайго жадання.
He, мусіць, трэба забыцца. Маё адышло. Адгрымела. Побач, выглядваючы кагосьці ў чарзе, ходзяць дваццацігадовыя хлопчыкі. Нічога не скажаш — ладныя, прыгожыя хлопчыкі. Спартыўная пастава. Свежыя каўнерыкі адпраса-
ваных белых кашуль. Якія дурні некалі наламалі столькі дроў з-за вузкіх штаноў! Гэта ж прыгожа. А для моладзі, мусіць, гэта галоўнае. Прынамсі, у дваццаць год. У нас, праўда, усё было інакш. Мы насілі няўклюдныя шаравары хабэ. I кірзачы. Яны не спрыялі каханню. Праўда, і не ў стане былі яго супыніць. Памятаю, калі мы з ёй дзе садзіліся побач, ногі ў нас былі аднолькавыя, не адрозніць. Хіба што яе боты — меншыя памерам. I такія ж аднолькавыя шынялькі. Жорсткія, цяжкія ў макрэдзь ды цяпло і сцюдзёныя ў сцюжу. I тварык яе быў зусім мала дагледжаны. Аднойчы мы ляжалі пад абстрэлам у разоры, і выбухам яе ўсю заляпіла гразёй. Трапіла ў твар і ў вочы. Яна абмывалася слязьмі і нічога не бачыла. 1 трэба было бегчы. Тады я ўхапіў яе за руку. Байцы ў ланцугу дзівіліся: чаго яны бягуць, пабраўшыся за рукі? Нібы на гулянцы.
Тая пагулянка пад міннымі выбухамі зрабіла сваю справу. Да і без таго немалых турбот прыбавілася новая. Я пільнаваў яе, дзе толькі мог. Пры кожным выпадку мерыўся збегаць у батальённы тыл. Меў некалькі непрыемнасцей з ротным. Я збіраўся ёй нешта сказаць. Самае важнае і самае першае маё слова. Толькі я прыпазніўся. Кастлявая мяне апярэдзіла. У вялікім прыдняпроўскім сяле над паплавамі застаўся жвіровы курганок, які адабраў яе ў жывых. Усё астатняе, што здаралася ў мяне потым, было не тое і не такое. Ды і сам я стаў не такі.
Аднак чарга чамусь разыходзіцца. Скончыліся піражкі. Міла хмыкнуўшы, пайшло і маё дзяўчо. Тыя, што засталіся ў чарзе, пасоўваюцца, і я апынаюся ля самага прылаўка. Кава яшчэ ёсць. I то няблага. Пасля той гарэлкі даймае смага. I тут я бачу яго.
Нейкі час, нібы змярцвеўшы, моўчкі гляджу на яго. Ён адыходзіць ад чаргі і спыняецца. Пасля зноў вяртаецца да стойкі і нешта там разглядвае за шклом. Бразгае драбязой у жмені. Выгляд у яго маўкліва-заклапочаны. Сахно! Далібог, Сахно!
Так, цяпер або ўжо ніколі! Я буду блазнюк, калі яго ўпушчу. Зараз я дам у морду. Галоўнае не прамарудзіць. Біць коратка і ад сябе, усім корпусам на руку. Ён упадзе на
падлогу. Або на бар’ер буфета. Будзе скандал. Прыбяжыць міліцыянер. I я скажу, чаму так зрабіў. Няхай тады мяне судзяць.
Я выходжу з чаргі і раблю два крокі наперад. Сэрца маё адразу пачынае галоп. Аднак чакай, сэрца! Патрымайся! He падводзь!
Але тут нехта падыходзіць да прылаўка і становіцца з ім побач. Я прыкусваю вусны — ён мне перашкаджае. Раптам Сахно паварочваецца і глядзіць проста мне ў твар.
Яго бровы ўздрыгваюць. Пазнаў, гад! Але вочы адразу спакайнеюць. Ён совае ў паліто руку і звонка ссыпае ў кішэнь драбязу.
— He ўдалося?
— Што?
— А ў гасцініцы.
— He. He ўдалося,— кажу я не сваім голасам. I, нібы заварожаны, гляджу ў яго выцвілыя, нерухомыя вочы.
— Пракляцце! Паесці не даб’ешся. Вы вячэралі?
-He.
— Можа, падыдзем у рэстаран? Тут насупраць.
Я, абмярцвеўшы, стаю. Як дурань. Як ідыёт. Ён, мабыць, і лічыць мяне ідыётам. Але я зноў не ведаю, што рабіць. Я не пазнаю яго. Сахно і не Сахно.
— Ну? Саставіце кампанію?
Ён ідзе між людзей у дзверы, і я збянтэжана іду за ім. Першы, самы спрыяльны момант упушчаны. Цяпер я ўжо не магу наважыцца. Мяне скоўвае сумненне. Хіба патрабаваць у яго дакументы? Або запытаць прозвішча? Аднак гэта не можа цягнуцца доўга. Я не ўтрываю.