Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Почему но заіціцаль честно учітел?
— Зашчышчалі. Пісалі. Толькі...
Іван не дагаварыў. Міжволыіыя гэтыя ўспаміны выклікалі ў ім невясёлы роздум, і ён ляжаў, кусаючы зубамі абскубаную сцяблінку рамонка. Заклапочана-ўважлівая Джулія ціха гладзіла яго забінтаванае гарачае калена.
— Усё было. Старое ламалі, перабудоўвалі — нялёгка гэта далося. 3 крывёй. I ўсё ж труднае хутка забываецца, помніцца добрае. Часам здаецца: нічога гэтага і не было. Жылі цяжка, клапотна, можа, і несправядліва ў чымсьці. Але ў міры. A гэта галоўнае. Я вось думаю калі: няхай бы зноў усё вярнулася — і цяжкасці, і голад, але без вайны каб. Усё б адолелі. Справядлівейшыя былі б. Пасля такой крыві, гэта ўжо пэўна.
— Руссо феномено. Парадоксо. Удівітелно,— горача загаварыла Джулія.
Іван, выплюнуўшы сцяблінку, перабіў яе:
— Што ж тут дзіўнага: барацьба. У акружэнні, сярод буржуазнага свету жылі. Чырвоную Армію ладзілі.
— О, армата Россо побеждаль! — падхапіла Джулія.
— Ну вось. Сілу якую накапілі. А пасля вайны, калі гэтую сілу на гаспадарку пусціць, ого!..
— Джулія много слышаль Россія. Россія само болшой справьядлівост.— Яна памаўчала і, здаецца, штосьці прыпомніўшы, варухнула брывамі,— Джулія за етот мыслі от фатэр, іль падрэ, батіка то ест, убегаль. Рома батіка делай вернісаж — юбілей фірма, біль многа гост, біль офіцір СД. Офіцір біль Россія. Офіцір говоріль: «Россія плёхо, бедно, Россія нон култур». Джулія сказаль: «Ето обман. Россія лючше Германіі». Офіцір сказаль: «Фройлін — камуністі?» Джулія сказаль: «Нон комуністі — правдісті». Ла падрэ ударяль Джулія,— Яна кораценька дакранулася да шчакі.— Поіцёчін ето по-рускі. Джулія убегаль вернісаж, убегаль Маріо Наполі. Маріо біль комуністо. Джулія думаль: руссо карашо. Лягер Іван бежаль, Джулія бежаль. Руссо Іван герой!
— Ну які я герой? — не пагадзіўся Іван.— Проста салдат.
— Нон просто солдат! Руссо солдат — герой. Само смело! Само сільно! Само... само...— натхнёна гаманіла Джулія,
шукаючы рускія словы. Ва ўсім яе тоне адчувалася набалелая шчырасць веры, якой яна вельмі не хацела здраджваць,— Мі відель ваш герой лягер. Мі зналь ваш герой на Остфронт. Мі думаль, ваш фатэрлянд само сільно, само справьядліво...
— А ён і справядлівы,— заўважыў Іван,— Рабочыя, калгаснікі ў людзі пайшлі. Я вось на трактарыста вывучыўся. A настаўнікаў колькі стала. 3 тых жа мужыкоў. Раней не тое было.
Насупленыя дагэтуль бровы яе варухнуліся, і вочы ад нейкае рашучае думкі гулліва бліснулі.
— Руссо комуністо Іван спасаль Русланд, спасаль буржуазно монархія Італьяно, спасаль Джулія...
— Ну які я камуніст: зашмат гонару. А па-другое, што ж тут такога: увесь Савецкі Саюз ратуе і Італію, і Францыю, і Грэцыю. I ці мала каго! Хоць яны і буржуазныя. Але ж, апроч нас, хто б яго спыніў. Тады, у сорак другім?
— Сі, сі. Так.
3 затоенай усмешкай на вуснах, яна шырока агладзіла яго нагу, пасля голы бок. Іван аж сцяўся, слухаючы пяшчотны дотык яе лёгкіх рухавых пальцаў, як раптам яна нагнулася і пацалавала яго сіні шрам на баку. Ён здрыгануўся, нібы яго пранізалі штыком другі раз, варухнуў рукой, каб абараніцца ад нястрыманай яе пяшчоты, а яна злавіла гэтую яго руку, адагнула яе долу і ў адзіным безразважным парыве стала цалаваць усе яго шрамы — ад асколка ў плячы, ад кулі вышэй локця, ад штыка ў баку, асцярожна чмокнула ў павязку на назе. Ён зажмурыўся ад прыліву чагось страшэнна шчыкотнага ўнутры, напяўся, і тады нейкая рыса ў яго стрыманасці аказалася такой вузкай, што балансіраваць на ёй не хапіла цярпення. He ведаючы, добра гэта ці не, але ўжо аддаўшыся ўладзе невядомае сілы, ён трапятнуўся, прыўзняўся на локці. Другою рукой абхапіў яе наўкос цераз плячо, трошкі прыгарнуў і, зажмурыўшы вочы, дакрануўся да яе разамлелых, з прысмакам чагосьці незнаёмага вуснаў.
Пасля адразу ж адкінуўся спіной у траву, вольна раскінуў рукі і засмяяўся, з заплюшчанымі ўсё вачыма. А калі расплюшчыў іх, у сонечным арэоле, пад распушанымі валасамі
дзяўчыны ўбачыў нахілены яе твар і раскрыты зіхоткі белазубы рот. У першую тую секунду яна быццам захліпнулася, відаць было, хацела і не магла штосьці сказаць, толькі шырока акругліла вочы, і ў іх, хутка пераадольваючы збянтэжанасць, шчодра шыбанула з глыбінь душы радасць, шчаслівасць адкрыцця і здзіўленне. У наступнае імгненне яна прыпала да ягоных грудзей, прыціснулася, абшчапіла яго шыю рукамі і блізка-блізка ля яго твару зашаптала горача і аддана:
— Іваніо... Аміка...
20
Нешта труднае і пабочнае, што ўвесь час утрымлівала іх адно ад другога воддаль, было пераадолена, перажыта шчасліва і амаль раптоўна. Мусіць, тыя пакутныя парадоксы, што дапякалі Джулію, неяк былі ёю зразуметы — з гэтага моманту для абаіх засталіся толькі бражная духмянасць зямлі, макавы водар і спякотны бляск высокага неба. Сярод гэтай першабытнай стыхіі ў адным кроку ад смерці нарадзілася нязведанае, таямнічае і ўладарнае, яно жыло, прагла, палохала і клікала...
Распластаўшыся на зямлі, Іван гладзіў і гладзіў яе вузенькую, напечаную сонцам спіну, дзяўчына ўсё гарнулася да яго грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Вусны яе, не перастаючы, шапталі штось лезразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Смеючыся вачыма, тварам, душой, ён нібы абмёр у нейкай шчаслівай бязважкасці; неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касабокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, хмельна і боязна.
Час, мусіць, перастаў для яго існаваць, адышла ў нябыт небяспека, ля самага хлопцавага твару горача тлелі два вялікія чорныя вугалі ў шырока раскрытых яе вачах. У іх цяпер не было ні пакуты, ні клопату, ні гарэзнасці — нічога, апроч труднага, уладарнага ў сваёй немаце клічу; нешта падобнае Іван адчуваў на краі бяздоння, якое заўжды страшыла і вабіла
адначасна. У яго не было ніякае сілы супрацьстаяць гэтаму клічу, ды ён і не ведаў, ці трэба было стрымлівацца; ён зноў намацаў вуснамі вільготную жвавасць яе рота, адчуў касцяную цвёрдасць зубоў. Дзяўчына моўчкі замерла, ён прыгарнуў яе аберуч і сціх. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Хацелася растварыцца, знікнуць у яе трапяткіх абдымках, сплыць у вечнасць з патокам, увабраць з зямлі ўсю яе моц і самому стаць зямною магутнасцю — шчодрай, ціхай, пяшчотнай...
А зямля ўсё вагалася, кружылася неба, праз паўрас-плюшчаныя павекі ён незвычайна зблізку бачыў пяшчотную акругласць яе шчакі, пакрытай маленькімі, высвечанымі сонцам варсінкамі; гарачай ружовасцю ззяла падсветленая ззаду тоненькая ракавіна вуха. Ён пацягнуўся да яе мочкі з ледзьве прыкметным следам ад дзірачкі, ціхенька намацаў яе губамі — Джулія пругка трапятнулася целам.
Пэўна абуджаны гэтым яе рухам, недзе ўнутры ў ім разгублена азваўся незнаёмы, зусім тут чужы голас — ён завагаўся, запратэставаў, ён чагосьці баяўся. Мусіць, у яго не было аргументаў, настойлівых, неабвержаных доказаў — уся логіка яго адмаўлення ўвасобілася ў пытаннях-дакорах: «Навошта? Навошта?.. Што ты робіш?.. Што робіш? Ты ведаеш, хто яна? Ты вельмі мала ведаеш... He, ты зусім не ведаеш! Адкуль яна? Ты прыпомніў, з якога свету?»
Іван стараўся не слухаць, заглушыць у сабе недаверка, ён не хацеў нічога ведаць цяпер, ён адчуваў, як віраваў, плёскаўся, гуў ручай, гула на ўсю глыбіню зямля, трубнымі хорамі ўторыў ёй настырны і ўладарны парыў душы...
Мусіць, зямная вось у той час нахілілася, аднак ён не заўважаў — ён гатовы быў рынуць у бяздонне, цяпер нічога не мела значэння: у ягоных руках была яна. Яна — тая незямная і нязнаная, затанулая ў нясцерпным буйстве макавай чырвані, прыціхлая, маленькая, аслабелая і таму яшчэ болей магутная — над зямлёй, над сабой, над ім...
Недзе зусім блізка пад імі, здавалася, у глыбінных нетрах зямлі гуў, імкнуў, струменіў шалёны паток, ён цягнуў, вабіў у свае неспазнаныя нетры-глыбіні; у хлопца не стала
сілы супраціўляцца яму... Яна забілася рыбінай, заплескатала ў ягоных руках, на шырока расхінутых вуснах нараджаліся і паміралі словы — чужыя, родныя, вельмі зразумелыя словы...
Толькі словы цяпер не мелі значэння.
Зямныя нетры, і горы, і магутныя гімны ўсіх патокаў зямлі затаіліся і згодна благаславілі вялікую таямніцу жыцця...
21
Абудзіўся ён раптам, трывожна-радасным намаганнем волі — схамянуўся ад думкі, што заснуў і даў знікнуць са свайго жыцця чамусьці надзвычай вялікаму і радаснаму.
Іван прыўзняў галаву, разам усё згледзеў і заўсміхаўся ад таго, што дарма напалохаўся — нічога не знікла, не прапала, нават не прыснілася, як здалося ўпачатку. Упершыню за шмат год ява была шчаслівейшая за самы радасны сон.
Джулія ляжала ніцма, спакойна паклаўшы павернутую набок галаву на выцягнутую ў траве руку, і спала. Дыханне яе, аднак, не было мерным і роўным, як у сонных людзей,— часам яна замірала, нібы прыслухоўвалася да чагось, з перарывам выдыхала, затым ішло некалькі роўных кароценькіх уздыхаў і — стрыманы радасны выдых. Крыху раскрытыя вусны яе ўвесь час варушыліся. Ён падумаў спачатку, што яна шэпча, але слоў не было, вусны, мабыць, толькі адбівалі таямнічыя праявы яе сну, таксама як і шчокі, павекі вачэй, якія і ў сне торгаліся, варушыліся, уздрыгвалі. Але ўсе гэтыя навеяныя сном перажыванні яе былі лагодныя і ціхія,— мусіць, снілася ёй штосьці шчаслівае, і на вуснах час ад часу праступала добрая, сцішаная ўсмешка.
Іван павярнуўся на бок і сеў. Пэўна, яны доўга праваляліся ў гэтым лаўжы, сонца ўжо спаўзло з небасхілу і, мабыць, заходзіла за счарнелым горбам спарыша-вяршыні. Без сонечнага святла дужа сціпла, амаль непрытульна выглядаў такі ўрачыста-зіхоткі ўдзень луг. Далячынь густа спавілася туманам, і хоць хмар не было, змрочная туманістая смуга падмыла далёкія хрыбты гор, дашчэнту затапіла даліну. Мядзведжы хрыбет страціў усё сваё лясное падножжа і, яшчэ
ярка ззяючы срэбрам вяршынь, нібы падталы, плаваў у дымчатым туманным моры. Гэта было апошняе развітальнае святло незвычайнага і нечаканага, як узнагарода, сённяшняга Іванавага дня. На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка.