Поўны збор твораў. Том 4
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 600с.
Мінск 2006
— Рус, здавайсь! — зноў закрычалі іх даганятыя, і з цемрадзі зноў загрукацела-залапатала чарга. Кулі сям-там скубанулі кусты, адна віскліва зрыкашэціла ў ноч. Немцы, здаецца, падышлі ўжо зусім блізка і, вядома, даўно б расстралялі абаіх, калі б не было вінаградніку.
Ваня адкінуў назад руку і стрэліў. У адказ прагрукацела некалькі чэргаў, і яны ўбачылі агеньчыкі са ствалоў аўтаматаў. Гэта было не далей чым за якіх дзвесце метраў.
Але хлопцавы сілы скончыліся. Падняць Шчарбака, каб уцякаць, Цімошкін ужо не мог, а іншага ратунку ў іх не было.
Ваня зразумеў тое, яны распаўзліся ў бакі, каб не ляжаць разам, стаіліся пад кустамі вінаграднай лазы і прыціхлі.
Здаецца, набліжаўся канец.
He бачачы іх, ворагі абстралялі наўздагад некалькі мясцін і змоўклі, пэўна чакаючы, калі яны зноў пакажуцца або адзавуцца. Цімошкін пластом ляжаў за гусцейшым кустом і толькі чакаў Ваневых стрэлаў. Ён баяўся зблытаць іх лік, бо два апошнія патроны патрэбны былі самім.
I ў той час азваўся Шчарбак.
— Цімошкін, — ціха паклікаў ён. — Паўзі!
У хлопца ад тых слоў у благім прадчуванні скаланулася сэрца, але ён маўчаў, узіраючыся ў распластаную на снезе постаць.
— Паўзі! Я затрымаю.
Ціха, сам сабе, Цімошкін усміхнуўся. Дзівак чалавек! Колькі яны былі разам, але ён, пэўна, так і не распазнаў свайго сябрука. Хлопец ведаў, што Ваня сумленны і смелы, і не здзівіўся ад яго намеру сваёй пагібеллю ўратаваць Цімошкіна. Але хіба ён мог пагадзіцца на тое?!
— He! He магу.
Ваня сціх, памаўчаўшы крыху, а пасля, быццам раптоўна згадаўшы нешта, вылаяўся.
— Ідзі, пакуль не позна! Ну! Паўзі! Пасля я...
Ён хацеў ашукаць сябра, мабыць, першы раз у жыцці,— ашукаць для яго ж паратунку, цаною свайго жыцця, бо куды ён мог адпаўзці з такою ранай?!
— He кажы глупства, — зазлаваў Цімошкін.
Можа, хто з іх варухнуўся, а можа, немцы ўчулі голас, толькі зноў ударыла чарга. У кустах нешта шаснула, хлопец тыцнуўся тварам у снег, а Ваня трывожна войкнуў. Здрадніцкая агнявая пляма бліснула ў Цімошкінавых вачах, і ён усхапіўся з долу.
— Ваня!!!
— Ідзі, — аслабела сказаў Шчарбак. — Паўзі... Я ўсё...
— He пайду! — вырвалася ў Цімошкіна, і тут жа яго апанаваў жах ад думкі, што з Ванем сталася ліха. Па снезе, паўзком ён кінуўся да яго, але не дапоўз якіх два крокі, калі Іван страпянуўся, паднёс да галавы пісталет і стрэліў.
Хлопец ледзьве не закрычаў ад роспачы і, ускочыўшы на ногі і ўжо не хаваючыся, кінуўся да таварыша. Ваня ляжаў зусім абмяклы, і снег ля яго галавы, дробна апырсканы крывёю, чамусьці здаваўся недарэчна рабы.
Зараз жа ў вінаградніку загрукацелі аўтаматы, кулі пачалі дзяўбці снег, але Цімошкіну ўжо не было страшна. Ён перавярнуў сябра на спіну, пасля аднаруч абхапіў яго вялікую лабастую галаву і адубянелай сваёй далонню спрабаваў заціснуць скроню, з якой між пальцаў усё плыла ліпкая, цёплая кроў. He адразу ўцяміў ён, што апошні яго ў гэтай бядзе таварыш, яго лепшы франтавы сябра быў ужо мёртвы...
Калі зусім блізка ў вінаградніку з’явілася некалькі цёмных прыгнутых постацей, ён вырваў з пахаладзелай рукі Шчарбака яго пісталет і стрэліў — раз, другі, трэці. Здаецца, яго стрэлы нешта зрабілі ворагам — нехта заекатаў там, — немцы бязлітасна густа секанулі па вінаградніку з аўтаматаў. Цімошкін жа хвіліну туліўся ля нежывога сябра, а пасля, да канца ўсвядоміўшы ўсё, кінуўся прэч.
Ён мусіў ратаваць сябе. На руках і каленях ён караскаўся па снезе між вінаградных кустоў, поўз, пасля ўскочыў, пабег. Ззаду зноў калацілі ноч стрэлы. Кулі ці, можа, галіны сцебапулі па палох яго шыняля — хлопец упаў, з паўхвіліны стаіўся, затым зноў ускочыў і бег, бег...
Праз нейкі час яны, здаецца, адсталі, перасталі страляць і ўжо не даганялі яго — можа, яны знайшлі нежывога Ваню і спыніліся. Тады ён пайшоў павальней, зачапіўся за нешта, упаў і доўга змярцвела ляжаў на марозна-пякучым доле.
Пасля, сцяміўшы, што прыйшоў ратунак, сеў на снезе і ўпершыню агледзеўся. Скрозь было ціха. Над шырокім прыцьмелым прасторам драмала зімовая ноч і снавалі ў вышыні зялёныя, белыя, сінія зоркі. Адна з іх, быццам упаўшы з неба, чырвоным агеньчыкам ярка блішчала ў далечыні, і ён здагадаўся, што гэта гарыць-дагарае той танк. Хлопец узрадаваўся яго прызыўнаму роднаму бляску і ўстаў.
Затым ён памалу ішоў — адзін на ўсёй гэтай азмрочанай роўнядзі — і плакаў. Даўно ўжо, мабыць з маленства, так не душылі яго пякучыя слёзы — ад яго несуцешнае страты, ад
адзіноты, ад горкага болю ваенных няўдач, ад агіднае здрады Блішчынскага. Толькі б дайсці да сваіх! 3 зацятай рашучасцю прагнуў Цімошкін кары яму — і дзеля помсты, і ў імя справядлівасці.
Праз слёзы і знямогу ён нічога не бачыў навокал, апроч далёкага агеньчыка, які ціха бліскаў на нечай заўчаснай жалезнай магіле. Ён вёў хлопца ў цемрыве ночы — з пагібелі ў жыццё, туды, да сваіх.
1960
Трэцяя ракета
і
Я ляжу ў акопе на разасланым шынялі і доўга гляджу ўгору, у сінюю бездань летняга неба. На паверхні ціха — ні стрэлу, ні выбуху, наўкола ўсе спяць; трохі далей, ля снараднай нішы, нехта моцна сапе, здаецца, вось-вось пяройдзе на храп. Дзень стаіць ветраны, спёка не дужа вялікая, сонца схавалася за бруствер і кіруе ўжо на захад. На беражку акопа матляецца-ляскоча аб высахлы ком чарназёму нейкая былінка, а над усім гэтым высока ў небе лётаюць буслы. Дзве вялізныя птахі, распластаўшы крылы, узнімаюцца ў самую высь і кружацца там, бы купаюцца ў сонечнай раздольнай прасторы. Ветраныя патокі, відаць, патроху адносяць іх убок, за камкаваты акопны бруствер, але яны, лена і важна перабраўшы крыламі, зноў вяртаюць сабе ранейшую вышыню і кружаць, кружаць там доўга.
Буслы часта з’яўляюцца тут у сонечныя надвячоркі, лятаюць і кружацца, пэўна выглядаючы дзе якую балацявіну, трысняговую старыцу, лужок, каб палавіць спажывы, напіцца, a то і проста па буслінаму звычаю пастаяць у роздуме на адной назе. Але цяпер яны нікуды не могуць спусціцца, бо скрозь — ля старыц, у прырэчных балацявінах, на ўсіх лужках і дарогах — людзі. He спраўляюцца буслы нагледзець што здатнае, як на зямлі пачынаюць грукатаць стрэлы — недзе там, у ветранай прасторы, злосна фыркаюць нябачныя чмялікулі, буслы палахліва кідаюцца прэч — адлятаюць на захад, некуды ў бок недалёкіх Карпат.
Без буслоў бяздоннае сіняе неба становіцца пустым і
нецікавым, у ім няма на чым зачапіцца позірку, я прыжмурваюся і дрымотна прыціхаю...
Раптам на брустверы над маёй галавой нешта гучна лопае, бы хто ляскае дубцом па ссохлай пыльнай зямлі,— і я прахопліваюся са сваёй санлівай задумы. У акопе па-ранейшаму ціха, усе спяць, толькі на прыступках туліцца пад брустверам Лёшка Задарожны, паш зараджаючы. Ён у адной, вельмі заношанай, нацельнай сарочцы з матузамі-завязкамі на грудзях; голыя да локцяў, ушчэнт статуіраваныя рукі камечаць зашмальцаваную гімнасцёрку, на якой вісіць канец новага недашытага каўнерыка. Хітраватыя Лёшкавы вочы на круглявым брывастым твары няўцям міргаюць, як гэта бывае ў чалавека, які зрабіў нейкае глупства.
— Сабака! — невядома да каго кажа Лёшка.— Глядзі ты! Я ж цябе падражню...
Ён кладзе на прыступкі сваю гімнасцёрку са свежаначышчаным гвардзейскім значком і хапае рыдлёўку, што стаіць побач. Я яшчэ не цямлю, што здарылася, як Лёшка, дурасліва ўхмыляючыся ўсім сваім поўным, паголеным — увогуле прыгожым — тварам, ціхенька вытыркае з-за бруствера точаны чаранок рыдлёўкі.
«Чвік!» — і на брустверы ўшчэнт разлятаецца вялікая ўсохлая груда.
Лёшка коратка ўздрыгвае, але сваволыіа ўхмыляецца і, заўважыўшы, што я згледзеў ягоны занятак, ужо смялей высоўвае з акопа рыдлёўку. Недзе ў варожым баку слаба кахае стрэл, і тут жа іювая куля адшчэпвае ад чаранка тоўстую трэску.
— He псуй рыдлёўкі! — кажу я Лёшку— Знайшоў занятак.
— Ерунда там рыдлёўка! Я ўжо яго падражню, сабаку!..
I ён зноў выторквае рыдлёўку але зараз жа хавае яе, і ў той жа час выразна чуецца «чвік», «чвік» — з бруствера пырскае зямля.
— О, о, законна! Пазлуйся, пазлуйся,— задаволена кажа Лёшка, забаўляючыся з рыдлёўкай.
Ён і яшчэ хоча нешта сказаць, але толькі раскрывае рот, як устаялая ціш над акопам узрываецца траскучым грукатам разрыўной буйнакалібернай чаргі. Пясок, груды і аш-
моцце кукурузы з бруствера разлятаюцца ў бакі, абсыпаюць твары, галовы, спіны сонных людзей у акопе. Але чарга кароценькая: нарабіўшы вялікага грукату, яна раптам сціхае, і вецер паволі здзьмухвае з бруствера пыл.
— Што гэта? Што такое? Свінячае рыла! — крычыць з канца акопа наш камандзір Жаўтых.
Ён, як і ўсе, прахопліваецца са сну, і, напэўна, нейкае камандзірскае адчуванне падказвае яму, што хтось правінаваціўся. Прыгнуўшыся, без папругі, у расшпіленай гімнасцёрцы, на якой пагойдваецца наўтузіна медалёў, ён цераз людскія целы пералазіць па акопу да Лёшкі.
— Табе што?.. Цесна ў акопе? — пытаецца старіпы сяржант і строга глядзіць на Лёшку.
Той, не варухнуўшыся, сядзіць у доле, абсыпаны зямлёй, і, паказваючы свае прыгожыя здаровыя зубы, нахабнавата ўхмыляецца.
— Нейкі Ганс ледзьве іголкі з пальцаў не выбіў, зараза!..
— Іголку ў яго не выбіў! Ты што — малалетак? Сысунок? Растлумачыць табе, што да чаго? Футбаліст мне!
3 хвіліну Жаўтых злосна пазірае зверху ўніз на Лёшку, але скрозь усё ціха, і старшы сяржант, супакойваючыся, пачынае абтрэсваць з вусоў і галавы пясок. Потым ён пераводзіць свой яшчэ незадаволены позірк на нас, яго падначаленых. Вочкі ў яго маленькія, няпэўнага выцвілага колеру, яны хаваюцца пад налахмачаныя строгія бровы, і пажылы ўжо, сіні, пабіты порахам твар яго не абяцае дабра.
— Чаго разлёгся? — буркатлівым, глухаватым голасам гыркае ён на мяне,— Курорт табе, такую матары! Ану, марш назіраць!
Я пачынаю ўставаць з шыняля, у душы лаючы Лёшку за яго недарэчныя жарты з немцамі, а камандзір тым часам стаіць і азірае іншых.
— А ты, Аднавухі! Няма чаго прытварацца: бачу, не спіш! Пад’ём! — камандуе ён снараднаму Крывёнку, які нерухома ляжыць у доле, насунуўшы пілотку на чарнявы, скасабочаны шрамам твар.
Але Крывёнак не варушыцца, і Жаўтых, нахіліўшыся, тузае яго за рукаў.
— Хопіць дурня строіць! Каму кажу?
Салдат нехаця расплюшчвае цьмяныя сярдзітыя вочы і незадаволена пазірае на прыдзірлівага камандзіра.
— He нукай! He запрог!