Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Люся, аднак, ужо ўглядаецца ў панылую постаць Крывёнка.
— А што ж гэта мой рыцар надзьмуўся сёння? Ці, можа, пісьма не дачакаецца? Са шпіталю? — смяецца Люся.
Хлопец ёрзае на брустверы і груба кідае:
— А табе якая справа?
— Ну не сярдуй, Паўлік, я ж пажартавала. Ты харошы! — сур’ёзнее Люся.
Крывёнак нешта чмыхае і, пэўна каб як пераадолець сваю няёмкасць ад дзявочай увагі, пачынае закурваць. Курыць у такі час і гэтак адкрыта нельга, але хлопец, мусіць, забываецца пра гэта і яркім агеньчыкам раздзімае сваю цыгарку.
— Ану, асцярожней там! — строга гукае да яго Жаўтых,— Што раскачагарыў!
— Будзем есці,— кажу я Крывёнку.
Той не адказвае, маўчыць, і я не настойваю, бо разумею, што робіцца ў яго душы. Але і мне не лягчэй.
«Ось табе і радасць! — думаю я.— Ось і дачакаўся і цяпер вось трывай».
3 новым пачуццём болю і прыкрасці я пазіраю на цьмяную постаць Люсі, ледзь не з нянавісцю — на Задарожнага і не магу даўмецца, як гэта яна не бачыць яго прысалоджанай нагласці, не заўважае яго грубаватага жарту, адносіцца да яго так, быццам ён тут найлепшы сярод нас, і мне нават здаецца, што ёй добра так сядзець з ім і есці суп.
— Ну вось так! Павячэралі — дай бог паснедаць,— кажа Жаўтых, выціраючы вусы, і бярэцца за другі кацялок.— Будзем піць чаёк і закурым...
Але папіць чаю яму не ўдаецца. He спраўляецца ён падняць кацялок, як угары нечакана і таму незразумела спачатку, візгліва ўзвывае:
Пі-у-у... Пі-у-у... Пі-у-у-у-у-у!!!
— Тр-рах! Тр-рах! Тр-рах! — ірве ў цемры навокал нас. Гарачыя хвалі ўдараюць у спіны, у твары, абдаюць дробнай зямлёй. Блізкае полымя на момант вырывае з цемры спалоханыя, знямелыя постаці, асляпляе. I зноў угары вые; «Піу-у... Пі-у-у!!! Тр-ра-ах!»
— Лажысь! — пагрозліва крычыць Жаўтых,— У акоп!!!
Прыпіуўшыся, хлопцы ўскокваюць, я перавальваюся цераз бруствер і падаю з усімі ў чорную цемру акопа. Нехта навальваецца на мяне, балюча выцяўшы абцасам у спіну. Зямля пад намі рвецца, уздрыгвае раз, другі, трэці: па галовах, скурчаных спінах лапочуць груды, і нечакана зноў усё сціхае.
— Сабакі! — кажа ў напружанай цішы Жаўтых. Штурхаючыся ў цемры, ён пачынае ўставаць,— Засеклі ці наўгад?..
За камандзірам варушацца іншыя, здаецца, усе цэлыя.
— А божачка! I напалохалася ж,— раптам зусім блізка ля мяне адзываецца Люся, і я ўздрыгваю — яе цёплае, пругкае і трошкі дрыготкае цела толькі што прыціскалася да маёй спіны.
3 незразумелай няёмкасцю я паварочваюся, абсыпаю спіной зямлю ў акопе і даю дзяўчыне месца.
Мы ўсе ўстаём у акопе і ўслед за Жаўтыхом пачынаем вылазіць на паверхню, а ля палаткі, быццам нічога і не здарылася, сядзіць Лёшка і даядае суп з кацялка.
— Ну і хуткія ж на пад’ём! — напаўжартоўна і здзекліва кажа ён,— Трах-бах, і ўжо ў траншэі. Ваякі!
Яму ніхто не адказвае, Жаўтых стаіць, услухоўваючыся ў трывожпую ціш. Наперадзе, над пагоркамі, узлятае ў неба першая сёння ракета; губляючы агняныя кроплі, яна разгараецца, міргае па кукурузных кучах далёкім мільготкім агнём і гасне.
— А ты не дужа таго! — кажа Жаўтых,— Глядзі, каб калі бокам не вылезла. Дажартуешся.
— Хе! Ерунда! Дзвюм смярцям не бываць — адной не мінаваць. Што мне, падумаеш!..
Хлопцы зноў прысядаюць каля палаткі, недаверліва азіраючыся на чорныя пагоркі, а Люся, пэўна яшчэ не перажыўшы свайго страху, стаіць на выхадзе з акопа.
— Ой, няўжо вы не баіцеся? — роўным голасам пытаецца яна ў Задарожнага.
— А чаго? I не падумаў.
— Смелы! Зайздрошчу смелым,— кажа яна і ўздыхае — А я ўсё не прывыкну. Колькі нацярпелася, і ўсё боязна. Трусіха такая...
I тады я бачу Крывёнка. Нікім не заўважаны, ён зацята і маўкліва сядзіць на ранейшым месцы ля бруствера. Трошкі апанураны ад свае нястрыманасці перад дзяўчынай, я бяру з палаткі акраец. Крупніку ўжо няма: перакулены наш кацялок валяецца на зямлі.
Задарожны тым часам са смакам даядае, устае на ўвесь свой немалы рост, пацягваецца, адчуваючы застаялую сілу ў маладым дужым целе, і зноў гаворыць да Люсі:
— Смялей, дзяўчынка! 3 намі не прападзеш! Хадзем, правяду цябе да другога разліку.
— He, дзякуй — я сама,— адказвае Люся і выходзіць з агнявой,— Дзе гэта мая сумка? He памятаю, дзе і кінула.
— Ось тут. У мяне,— нейкім прыдушаным голасам упершыню адзываецца Крывёнак.
Лёшка выхоплівае ў яго сумку і аддае Люсі. Яна надзявае яе цераз плячо і абыходзіць агнявую, каб выйсці на сцяжынку ў другі батальён. Поруч ідзе Задарожны.
— Дзякуй за вячэру, хлопчыкі. Да пабачэння.
— Аўфідэрзэй! — па-блазнерску кідае нам Задарожны.
— Прыходзь калі,— кажа Жаўтых Люсі,— He забывай нас.
— Дзівакі! Як жа вас забыць? Вы ж мае родненькія,— даносіцца зводдаль ласкавы голас, і ў мяне сціскаецца сэрца.
Крывёнак пераварочваецца на жывот, і з грудзей яго вырываецца цяжкі, як стогн, уздых.
5
Мабыць, апоўначы ўсходзіць месяц.
Ен неяк неўпрыцям выпаўзае з-за небасхілу і, залазячы ўсё вышэй, пачынае свой нетаропкі рух па ўскрайку святлявага чэрвеньскага неба. Неба ўжо так і не цямнее да ранку, яно скрозь свеціцца нейкім невыразным унутраным святлом, прыглушаным да мутнай сінявы на ўсходзе і з зеленаватым адценнем на захадзе. Цёплы паўднёвы ветрык нясе з сабою невыразныя шолахі, таемныя, нібы чалавечыя, уздыхі, рэшткі далёкага гулу — недзе не то грукацяць танкі, не то тужацца на пад’ёме машыны. Далёка, напэўна па той бок Прута, узлятаюць угору тоненькія зеленаватыя пункцірыкі трасіруючай чаргі. Дасягнуўшы нейкага месца ў небе, яны адзін за адным гаснуць, нібы хаваюцца за якую нябачную хмарку.
Прыслухоўваючыся да наваколля, мы сядзім укупе ля запарушанай пяском палаткі, на якой ужо не засталося і крошкі ежы. Жаўтых, адкінуўшыся на бок, курыць са жмені, побач сядзіць Папоў; Лук’янаў непадалёк мые рэшткаю чаю нашы запэцканыя кацялкі (сёння яго чарга); Лёшка, вярнуўшыся з недалёкіх праводзін, соладка качаецца ў доле, сапе і стогне ад лішкаў маладое сілы і нейкага душэўнага задавальнення. Адзін толькі Крывёнак не падыходзіць да ўсіх і моўчкі сядзіць наводшыбе.
— Любата на вайне, га? — ііытаецца Жаўтых з сытай за-
даволенасцю ў голасе,— Любата! Цяпер у нас, на Кубані, ой як горача! Ад зары да зары, бывала, у стэпе. Праца да сёмага поту, а тут ляжы... Спі... Паеў і — на бакавую. Так і ад вайны адвыкнеш. Праўда, Лазняк? Ты колькі ў шпіталі праваляўся?
— Дзевяць месяцаў без трох дзён.
— Добра, відаць, цябе цюкнула? У нагу?
— У бядро,— кажу я.
— Та-а-ак,— няпэўна выдыхае Жаўтых і, разважыўшы, дадае: — А наогул прападзі яна пропадам, гэта вайна. У японскую ў мяне дзеда забіла. У тую германскую — бацьку. Японцы пад тым Халкіным голам...
— Правільна: Халхін-Голам,— тут жа папраўляе Лёшка.
— Ну, пад Халхін-Голам... Дык гэта брата Сцёпку пакалечылі. Прыйшоў без рукі, з адным вокам. Цяпер — я. Праўда, тут ужо нічога не скажаш. Тут трэба. Але ўсё думаецца: няўжо і маім дзецям без бацькі расці?
Пэўна штось цікавае ўдумаўшы, ускоквае з долу Лёшка.
— Слухай! Вось ты кажаш: вайна, вайна. А ты падумай, хто ты да вайны быў? Ну хто? Радавы калгаснік! Быкам хвасты закручваў! Кізякі голымі нагамі мясіў! Законна?
— Ну і што? — насцярожваецца Жаўтых.
— A то. Быў ты нікудыка. А цяпер? Паглядзі, кім цябе вайна зрабіла? Старшы сяржант. Камандзір гарматы. Кавалер ордэна Айчыннай вайны, трох медалёў «За адвагу». Член партыі...
— От сказаў! — з’едліва здзіўляецца Жаўтых,— Кавалер! Ці ведаеш ты, што ў майго бацькі крыжоў болей было, чым у мяне медалёў. I што? Думаеш, што змянілася? A то кавалер! — кажа Жаўтых і злосна ёрзае ў доле.
— Ерунда! — аб’яўляе Лёшка, зноў разлёгшыся на траве.— Мая праўда!
— Праўда! Я б усе медалі аддаў, толькі б дзяцей зберагчы. Вунь — не скончыцца вайна да новага года — старшы мой, Дзмітры, пойдзе. Дапрызыўнік. Васемнаццаць год хлопцу. Возьмуць, трапіць у пяхоту, і што, думаеш? Маладое, дурное — у першым-другім баі і пакладзе галаву. He жыўшы, не ведаўшы. A то медалі! Добра табе, халасцяку, ні
кала ні двара, сам сабе галава. А тут — чацвёра ў доме, і малыя!
Лёшка маўчыць, камандзір уздыхае, лагодны яго настрой псуецца.
— Толькі тое і радасці, як падумаеш, што гэтая вайна — ужо апошняя. Даваюем, і баста. Ужо другой такой не будзе. He павінна быць. Сам я гатовы на ўсё. Але каб апошні раз. Каб дзецям не давялося.
— А што, хай паваююць,— не то ўсур’ёз, не то жартам — яго не зразумееш — пярэчыць Задарожны,— Разумнейшыя будуць. Вайна — таксама быццам акадэмія.
— Акадэмія! Эх ты! Сам вось скончы гэтую акадэмію, a пасля кажы.
— Ерунда! Ваююць жа хлопцы. I дзеўкі нават. Вунь Люська, напрыклад. Чым яна горшая?
— Ну і што ж? Думаеш, правільна гэта? Ці лёгка ёй, дзяўчыне, сярод гэткіх вот, як ты... бугаёў?
— А што?
— А нічога! Праўда, Люся — дзяўчына харошая,— кажа Жаўтых.— Даваяваць, ды даў бы ёй Бог шчасця. Яна варта...
Мы ўсе маўкліва згаджаемся (хто ж з нас скажа што супраць Люсі), Жаўтых зацягваецца — ружовым агеньчыкам узгараецца і гасне заціснутая ў яго кулаку папяроса.
— На добрай зямлі вырасла. У добры час. Што вы думаеце: ад зямлі ўсё. I чалавек. Якая зямля — такі чалавек. Нямеччына — паганая зямля. На ёй, пэўна, адны мухаморы ды порхаўкі розныя растуць. I фашысты яшчэ. Зямля, зноў жа жыццё. Калі жыццё ў маленстве ператрэ добра — будзе чалавек. Залашчыць — прапаў чалавек.
— Ну, гэта ты загінаеш,— кажа з долу Лёшка.— Ерунда гэта! Пры чым тут зямля, мухаморы... Гэта яна табе дагаджае, Люська, дык ты ўжо так за яе.
— Дагаджае! — злуецца Жаўтых,— Эх ты, галава яловая. Дагаджае! He ведаеш ты яе. А я ведаю. Адкуль у яе гэта возьмецца? У яе гэтага і ў крыві не было. Бацька яе вунь які герой быў! Арол! Рэвалюцыю ў нас, на Кубані, рабіў. Васемнаццаць ран меў. Рана памёр. А яна ў чужых людзей гада-
валася. Думаеш, соладка было? Думаеш, так гэта — ветрам надула? Таму і такая... справядлівая.
Але Задарожны ўсё не згаджаецца:
— Цябе тады перад генералам апраўдала, дык ужо і справядлівая.
— А што ж — і апраўдала. Уратавала. Калі б не яна — расстралялі б занішто. Дурная справа — не хітрая. Шпокнулі б, і ўсё. Хіба няма дурняў і сярод генералаў? А так вось жыву.
Я ведаю — хлопцы расказвалі ўжо пра гэты не дужа даўні выпадак.
На пераправе цераз Буг атрымалася няўстойка. Немцы атакавалі, наша пяхота і артылерыя, што не паспелі яшчэ закапацца на плацдарме, рынуліся назад. I тут адкуль ні вазьміся — нейкі крыклівы генерал. Ён спыніў на беразе наш разлік і загадаў Жаўтыху развярнуць гармату і біць па ўсіх — па сваіх і пемцах, што беглі на гэты бераг. Хлопцы развярнулі гармату, але Жаўтых скамандаваць «агонь» не наважыўся, ды і ў астатніх не падняліся рукі гармату зарадзіць для такой справы. Стаяць яны, а пераправа аж гудзе ад народу. Затор утварыўся. Тады на «вілісе» зноў падлятае той генерал, здзірае са старшага сяржанта пагоны, аўтаматчыкі хапаюць яго і валакуць пад абрыў.