Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Яшчэ праз колькі часу ўсе мы дружна налягаем на рыдлёўкі, ва ўсе бакі выкідваем з яміны зямлю — часу да ранку засталося не дужа многа, а выкапаць трэба багата. Нядаўняе наша нежаданне рабіць ужо забыта, мы цяпер разумеем, што заўтра хопіць гора ўсім — і пяхоце, і гаўбічнікам, і нам — і што дзяліцца тут няма чым.
— Значыцца, так! — цяжка сапучы і адкашліваючыся, кажа наш камандзір. Ён убівае ў зямлю рыдлёўку, знімае сумку, распяразваецца і адкідвае ўсё гэта далей, да гарматы.— Значыць, так. Заўтра перні-наперш на золку разбіваем кулямёт. У што б там ні стала! Камандзір палка сам загадаў. Так што трэба пастарацца.
Жаўтых плюе ў далоні і зноў дыхавічна бярэцца за працу. Побач з ім капае Лук’янаў. Ён ашчадна, бы зямля — якая дарагая рэч, калупае рыдлёўкай, падбірае з долу і паціху выносіць на бруствер. Пасля некалькіх выкінутых рыдлёвак спыняецца і адпачывае з хвіліну. Гэткі працоўны тэмп Лук’янава калісьці раздражняў нас, Задарожны нават сварыўся з ім, але пасля мы прыгледзеліся і зразумелі, што гэты слабасільны, тонкі, надламаны палонам чалавек інакш і не можа. Цяпер мы прывыклі да яго і не звяртаем на тое ўвагі. Папоў, як і заўжды, робіць у нас самую тонкую справу — раўняе скос у доле, па якім заўтра прыйдзецца закочваць гармату ў сховішча. Ён робіць гэта старанна і ўвішна — усё калупаецца і калупаецца, сагнуўшыся ў чорным доле. Крывёнак кідае зямлю рыўкамі: то вельмі часта, з тупою ярасцю, то замаруджвае тэмп, часам спыняецца, быццам задумваецца аб чымсьці, і ўсё азіраецца туды, назад, у наш тыл. Я ведаю, каго ён чакае, і здагадваюся, што непакоіць яго, але рашаю сам сабе маўчаць, адно толькі капаць, капаць да пякоткіх мазалёў на далонях. Але вось Крывёнак выпростваецца і паварочваецца да мяне:
— Чуеш? Даўно была?
— 3 гадзіну назад, мусіць.
— Доўга? Гутарылі?
— Ніколечкі. Адразу пайшла, і ён за ёй.
Крывёнак змаўкае і самотна паглядвае на сцежку. Нашу размову, напэўна, чуе Лук’янаў. Асцярожна ўпраўляючыся з рыдлёўкай, ён кажа:
— Распусцілі яго. Чалавека такога жывёльнага інтэлекту трэба выхоўваць. А ў нас ён на поўнай самастойнасці.
— Ага, выхаваеш яго! — глуха і зморана адзываецца Жаўтых.— Ён выхавацелям усе пальцы адгрызе. Глядзі, дакуль няма! Ыу, хай прыйдзе, дармаед, футбаліст гэты. Ён у мяне папомніць!
Ад рыдлёўкі разгінаецца Папоў і кажа з заўсягдашняй сваёй разважнасцю:
— Лошка смелы. Лошка дужы — добра! Лошка хітры, Лошка ўпарты — нядобра. Марал чытай многа — не трэба. Марал чытай мала — трэба. Так я думай.
— Я яму дам,— сапе Жаўтых, шырока адмахваючы рыдлёўкай.— Хай толькі прыйдзе! Праўда, Аднавухі? — пытаецца ён у Крывёнка.
— He гразіліся б, а даўно далі б.
— Даўно не было як. А тут не спушчу. Іш, прыліп да дзеўкі! I Люська, глядзі ты, не адшые.
— Люся нічога,— кажа Лук’янаў.— Япа разумная дзяўчына.
— Разумная? — з’едліва перадражнівае Жаўтых,— Пры чым тут розум? Ён вунь які бугай — на тое глядзі! А то — разумная.
— Мне здаецца — нічога асаблівага! — перастае капаць Лук’янаў.— Яны людзі розных узроўняў. А гэта даволі стрымліваючы фактар.
Жаўтых няпэўна чмыхае, сморкаецца, таксама выпростваецца і прыхінаецца да сцяны сховішча.
— От кажаш — фактар! Ведаеш, у нас было дзела, на Кубані. Фельчарка адна была ў станіцы, маладая, нішто сабе з аздобы, адукаваная, вядома, і так далей. I што думаеш? Адна, a вакол усе простыя. Прыспела дзеўцы замуж, і выскачыла за нашага хахла. Так нішто быў хлопец. А пасля заганарыўся: як жа — жонка — фельчарка! Разбэсціўся, піць пачаў. I біў. I колькі яна нацярпелася ад яго. Мусіла цярпець, бо дзеці. От табе і фактар!
— Магчыма і такая сітуацыя,— падумаўшы, кажа Лук’янаў.— Але гэта не тыпова. Жанчына таксама выбірае. I куды больш старанна, чым гэта робіць мужчына. Асабліва такі, як Задарожны.
Праз гадзіну сховішча амаль што гатова, застаецца толькі падчысціць скос ды прарэзаць вузкую шчыліну ў беразе — для ствала. У гэты час на агнявой з’яўляецца Лёшка. Ён нячутна са змроку падыходзіць да нас марудлівым крокам і зморана сядае наверсе — на свежы, толькі што выкіпуты з ямы глей. Я, мабыць, першы заўважаю яго крутаплечую постаць, пасрэбраную месцамі, і нешта нядобрае, помслівае з’яўляецца ў маім нутры.
— Усё ж капаем? — кажа Задарожны са здзеклівым спачуваннем,— Ну і ну!
Хлопцы паварочваюцца да яго і маўчаць, перастаўшы капаць, адзін толькі Папоў калупаецца ў самым глыбокім месцы — ён праразае шчыліну.
— Прыйшоў, дармаед?! — пагрозліва пачынае Жаўтых.— Дзе бадзяўся? Хто табе дазваляў? Мы што — ішакі на цябе працаваць? Га? Адказвай!
Але Задарожны не адказвае і не бянтэжыцца ад такой сустрэчы, ён нават усміхаецца — мне зблізку відаць, як бліскаюць у яго роце шырокія чыстыя зубы.
— Эхма! Ну што крычыце?! Што вы разумееце ў высо-кіх матэрыях! — спакойна і крышку фанабэрыста кажа ён.
— Глядзі ты! — амаль крычыць камандзір,— Ён яшчэ нас дакарае! Ах ты, нягоднік! Ану, марш капаць! Я табе пакажу брындаць усю ноч! Вайна тут табе ці пагулянкі?
Задарожны, аднак, зусім не звяртае ўвагі на камандзіра, бы і не чуе яго.
— Усё ерунда, браткі! — нейкім разважным, уціхаміраным тонам аб’яўляе ён.— Капітуляцыя. Была Люська і кокнула! Законна!
Ад тых слоў з хлопцамі штосьці робіцца. Я адчуваю, як побач уздрыгвае Крывёнак, як насцярожваецца і пільна ўзіраецца ў Лёшку Лук’янаў, нават Жаўтых і той на момант перастае крычаць і нібы слупянее.
— Капітуляцыя! — смяецца Задарожны, адзначыўшы Ha­ma здзіўленне,— Гітлер капут і так далей! А дзяўчынка першы сорт, свежанінка! От пабрыкалася!..
— Паганец! — сіпата кідае яму Жаўтых, і я мярцвею, толькі цяпер зразумеўшы сэнс усёй гэтай яго пахвальбы.
Крыўда, злосць і нянавісць да яго скручваюць маю волю ў тугі, балючы вузел, сціскаюцца зубы, і душу раздзірае немы крык: «Паганец! Сволач! Гад!» Збянтэжаны і прыдушаны, я стаю з рыдлёўкай, не ведаючы, што і думаць, і толькі заўважаю, як гэтая вестка неяк нейтралізуе гнеў Жаўтыха, і ён, здаецца, не ведае, што сказаць.
— Бяры рыдлёўку і капаць! — паспакайнеўшы пасля прыпадку злосці, загадвае Жаўтых, і мяне абурае, што ён гэтак хутка адышоў ад свайго грознага гневу,— я ж праі'ну Задарожнаму кары. Але Задарожнаму хоць бы што. Ён не спя-
шаецца выконваць загад, а сядзіць на брустверы, лена раскінуўшы калені, і месяц цьмяна высвечвае яго круты лоб.
— От насовачка на памяць, глядзі! — бессаромна хваліцца ён,— Заўтра прыйдзе зноў. У адно месца. Хоць жаніся цяпер. Законна! Хе-хе.
Хлопцы капаюць сабе, роўна блішчыць у небе месяц, а ва мне раптам узгараецца нейкае сляпое шаленства. Чорная хваля гневу кідае мяне з яміны, я падскокваю да задаволена-ўціхаміранага Задарожнага і з усяго маху моцна б’ю яго кулаком у твар — раз, другі, трэці.
— Ух! — ускрыквае Лёшка і з дзівосным спрытам ускоквае на ногі.
Прыгнуўшы па-бычы голаў, ён адразу рынаецца на мяне, б’е мне галавой у грудзі, збівае з ног і навальваецца ўсім сваім цяжкім здаравенным целам. У мяне запінае дыханне, але шаленства надае мне сілы, я як мага выкручваюся, стараюся вырвацца і яшчэ садануць у яго ненавісны ўкормлены твар.
— Стойце! Стой!!! — крычыць недзе Жаўтых.— Ашалелі, сабакі!
Я рвуся што ёсць моцы, ад Задарожнага патыхае лютаю сілай, ён шалее, заломвае мае рукі і б’е патыліцай аб зямлю. «Ух ты, сволач!» — крычу я ў думках, напружваюся, ускідваю нагамі, і мы абодва з бруствера рынаем у сховішча.
Тут я адрываюся ад яго, ён зараз жа кідаецца зноў, але тут сцяна, я ўстойваю на нагах і сустракаю яго кулакамі.
Нас, аднак, разнімаюць. Жаўтых, Папоў і Крывёнак хапаюць Задарожнага ззаду, адрываюць ад мяне, я выкручваюся ўбок, трошкі апамятваюся,— здаецца, я даў яму — хай помніць. Задыханы, выходжу на пляцоўку, прысланяюся да нашай гарматы і ледзьве стрымліваю сэрца ў грудзях.
— Сапляк! Сволач! Я табе морду ў біфштэкс перараблю! Біцца мне? — таксама задыханы, грыміць здаля Задарожны і тузаецца з рук хлопцаў.
— Лошка! Лошка! He трэба! — угаворвае Папоў.
— Якога д’ябла! — са знарочыстаіі строгасцю ў голасе сіпіць Жаўтых, стоячы перад ім,— Ашалелі, дурні! Апомніцеся! Завошта?
Лук’янаў, прыціхлы і, здаецца, збянтэжаны, стаіць у кутку з рыдлёўкай у руках. У такіх схватках ён, вядома, не ўдзельнічае.
Я аддыхваюся і маўчу. Я пе скажу завошта — хай здагадаецца ён, калі здольны на гэта, а іншым не трэба і ведаць. Мне толькі крыўдна трохі, што, здаецца, мне болей, чым яму, перапала ў гэтае бойцы, а так усе яны — і Лёшка, і Люся, і іншыя, хто заадно з імі,— няхай яны ідуць да д’ябла.
Доўга пасля гэтай сутычкі старшы сяржант усё бурчыць — абураецца на нас, а я стараюся працаваць, падбіраю з долу пясок і думаю, што ад Задарожнага чаго іншага і не выпадала чакаць. Але чорт з ім, з Задарожным, у маіх пачуццях пачынае расці-разрастацца гідлівая пагарда да той нашай «чараўніцы», да Люсі. Вядома, што ні ў чым яна не вінавата перад намі і вольная ў сваіх учынках, але я цвёрда перакананы, што ў адносінах да ўсіх нас яна зрабіла нешта злачыннае, за што варта вялікае ганьбы. Яна ашукала нешта светлае ў нас, збэсціла сабою ўвесь людскі род, я не хачу цяпер верыць нікому, я хачу крычаць у ноч брыдкія, паганыя словы ёй, я ненавіджу і яго, і яе — абое яны паўстаюць прада мной аднолькава мярзотныя, агідныя і нізкія.
8
Урэшце ўкрыцце гатова. Папоў таксама канчае сваю працу, мы выходзім на пляцоўку за гарматай, кідаем у кучу рыдлёўкі, Жаўтых дастае з кішэні трафейны швейцарскі гадзіннік, асцярожна зашпільвае на руцэ бранзалет і ўглядаецца ў зеленаватыя лічбы на чорным цыферблаце.
— Так... Лазняк, Лук’янаў, марш за сняданкам. I жыва! Хутка развіднее.
Лук’янаў паслухмяна збірае кацялкі, я вешаю на сябе аўтамат, і па вузенькай сцяжынцы ў траве мы ідзём ад нашай агнявой у маўклівую, трывожную цемру поля.
Ноч, відаць, дабірае апошнюю гадзіну.
Месяц, узлезшы ў паўнеба, пачынае ўжо ніжэць, блішчастая кісяя хмаркі, што ўсю ноч вісела ўгары, некуды сплывае з празрыстае сіні, зоркі блішчаць трохі вастрэй. Сінява-
ты змрок цяпер гусцее над варожымі пагоркамі, усходні небакрай хоць яшчэ цёмны, але ў параўнанні з заходнім святлее, здаецца, і зорак там менш, і відны адны толькі большыя. На зямлі блукаюць-варушацца няпэўныя цені; палосы, лапінкі, плямы месячнага святла санлява ляжаць на травяністым, падзёўбаным варонкамі полі.