Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Хлопцы ўсе знямелі, не ведалі, што і думаць. Камбат Перабежчыкаў збялеў і схаваўся недзе за перакулены аўтамабіль. Начальнік артылерыі падвярнуўся паблізу, але калі згледзеў генеральскую папаху, адразу падаўся кудысь далей ад гэтага ліха. Здавалася, Жаўтыхова жыццё ўжо скончана самым паганым чынам.
I тады да разлютаванага генерала кінулася Люся. Яна дагнала ягоны «віліс», спыніла яго на пераправе — хлопцам з гэтага берага не чутно было, што адно аднаму крычалі яны, толькі раптам з «віліса» выскоквае ад’ютант, бяжыць да абрыву, Люся — за ім, і там яны з-пад самых аўтаматаў вывалакваюць Жаўтыха.
— От! He памог ні камбат, ні якія геройскія хлопцы. A дзяўчына ўратавала. Ось што значыць зямлячка,— з гонарам кажа Жаўтых.
Месяц паціхеньку сунецца ў небе; на ўтаптаным доле варушацца нашы кароткія цені; пахне травой, раскапанай зямлёй, роснаю свежасцю дыхае сонны абшар.
— Такое не забудзецца, такое доўга помніцца будзе. Да магілы,— разважна прадаўжае Жаўтых,— Ну, але і мы аднойчы яе выручылі. Тут, мабыць, не ўсе ведаюць. Каторыя маладзейшыя — не былі. He чулі. Хто ўжо адтуль застаўся? — азіраючы нас, пытаецца камандзір.— Папоў, раз, ну, Крывёнак. Астатнія навічкі.
Неяк надвячоркам на фланг нас перакінулі,— зацягнуўшыся, кажа Жаўтых і затоптвае абцасам цыгарку.— Сталі ў вішанніку, я якраз пераабувацца сеў. Хлопцы акоп капаюць. Гразь — на кожным боце паўпуда. Аж прыбягае салдацік — так і так. У хутары немцы раненых акружылі. Дваццаць чалавек там і адна дзеўка. Адбіваюцца, памажыце. А хутар — вунь ён: кіламетр з гакам. Чуем, страляніна ідзе. Але дзе яна ні ідзе — скрозь грыміць. He дакапалі мы акоп, кінулі лапаткі, я з салдатамі — аўтаматы ў рукі і туды. А Папоў зарадзіў і давай паліць. Адзін, а ладна так, браце, паліў — беглі і радаваліся.
— Снарад туды страляй, снарад сюды страляй. Хата не чапай,— задаволена ўсміхаецца ў змроку Папоў.
— Ага, ладна прылаўчыўся. 3 гадзіну мы караскаліся на той бугор, а Папоў не пускаў немцаў. Са сцен той мазанкі ўсю гліну пазбіваў, але сваіх не зачапіў. Падбеглі, ударылі збоку, немцаў турнулі і — у хату. А там пехацінцы, сапёры і, глядзім,— Люся, параненая ў нагу. Павыцягвалі ўсіх, пасля як хто з-пад агню выбіраліся. Люсю Крывёнак выносіў. Абшчапіла яна яго за шыю, так ён і валок дзеўку цераз усё поле. А з мінамёта немец лупіў — думаў я, прападуць абое. Але абышлося. Толькі я з тыдзень баяўся — ану, думаю, камбат снарады праверыць. Засталося з дзесятак. Папоў і бранябойныя расстраляў. Добра, што танкі тады нас мілавалі... Было!..
— Было, законна! — пацвярджае Лёшка і бесцырымонна ўрываецца ў наш сцішаны, па-начному раздумны настрой,— Вось у мяне такое было! У шпіталі. Як родная стала. Нават больш. От гісторыя...
I ён у жывапісных выразах пачынае нам маляваць «гісторыю», што здарылася з ім у Палтаве, дзе стрэлася яму такая «ягадка-сястрычка», і як даставала яна абмундзіроўку, і як ён, пераапрануўшыся, выходзіў да яе за агароджу, і пра ўсё, што было далей. Мы моўчкі слухаем. Яно і цікава, гэтыя Лёшкавы прыгоды, і трохі аддае ад іх нейкаю агідай, калі хочацца не паверыць, перабіць, сказаць: «Няпраўда! Хлусіш!» Але ніхто нічога не кажа яму, усе з прытоенай цікавасцю слухаюць да канца.
Калі ён змаўкае, Жаўтых прыўстае на каленях і ўглядаецца ў чорныя пагоркі.
— Вы не заўважаеце: штось дужа ціха ў фрыцаў? — кажа ён.— I ракет не кідаюць. Можа, мяняюцца, ці што?..
Але хто ведае, што там робіцца ў немцаў? Толькі, сапраўды, тое, што яны сёння не свецяць ракетамі, трошкі трывожыць нас сваёй незразумеласцю і загадкавасцю. Праўда, пакуль усё ціха, і не хочацца думаць пра што благое.
Зводдаль ад пехацінскай траншэі, здаецца, нехта ідзе. У начным месячным змроку відаць, што гэта чалавек, але хто — разгледзець яшчэ нельга. Толькі падходзіць ён усё бліжэй і кіруе да нас. Здаецца, там двое і ідуць яны не па сцежцы, дзе ходзяць усе, а наўпрасткі па прасцягу. Яшчэ праз нейкі час мы бачым дваіх у касках і чуем знаёмы голас, ад якога адразу змаўкае Лёшка і ўсе губляюць цікавасць да яго баек.
— Ну што, артылерысты? — гучыць з цемры надломлены барытон нашага камандзіра батальёна, капітана Троцкага.— Дружна спіце?
— Ніяк не, таварыш капітан,— кажа Жаўтых і спаважна ўзнімаецца насустрач.
Мы сядзім, дзе сядзелі, толькі паварочваемся да камбата і насцярожваемся, бо ведаем, што так сабе капітан не прыходзіць. I сапраўды, Троцкі набліжаецца да пляцоўкі агнявой і строга, з затоенай да часу пагрозаю пытаецца ў Жаўтыха:
— Чаму вартавога няма?
— Дык мы ж усе тут. Ніхто не спіць, таварыш капітан,— тлумачыць наш камандзір. Але яго тлумачэнне і асабліва зварот «таварыш капітан» гучыць як апраўданне.
— Ara, yce тут! A хто назірае за праціўнікам?
— Дык вось усе назіраем...
Гм!..
Ён ідзе далей уздоўж акопа, моўчкі мінае нас; з ім побач тупае прыціхлы Жаўтых і ззаду валачэцца сувязны з аўтаматам упоперак грудзей. Ля гарматы Троцкі спыняецца, нешта думае і пытаецца ў Жаўтыха:
— Колькі вы тут сядзіце, на гэтай агнявой?
Жаўтых пераступае з нагі на нагу і разважна ўдакладняе:
— На гэтай агнявой? На гэтай мы, таварыш капітан, так з дзесятага ці дванаццатага — чатыры дні, значыць...
— I за чатыры дні, старшы сяржант, вы не маглі выкапаць укрыцце для гарматы?
— Дык загаду не было. Думалі, можа, яшчэ куды пераставяць. Увесь час жа перастаўляюць, перасоўваюць.
— Перасоўваюць! — з’едліва кажа капітан.— Яны думалі! Вы што, першы дзень на вайне?
Жаўтых маўчыць, а Троцкі ва ўпор падступае да яго.
— Вы мне менш думайце. Вы салдаты. Хай генералы думаюць,— са стрыманай злосцю кідае Троцкі.— Вы мне заўтра знішчыце кулямёт, вунь той буйнакаліберны,— тыцкае ён пальцам у цемру.— Дзесяць снарадаў вам на тое і дзесяць хвілін часу.
— Адсюль? — пытаецца Жаўтых.
— Адсюль. Адкуль жа яшчэ?
— Адсюль нельга, таварыш капітан,— пярэчыць камандзір гарматы.— Тут нас накрыюць.
— Магчыма,— згаджаецца капітан, і ад таго, якім тонам сказана гэта, агідны халадок западае ў нашыя грудзі. Адзін за адным мы ўстаём і падступаем да камбата,— Калі вы не акапаецеся як мае быць, могуць і накрыць.
— Як тут акапаешся, калі для бліндажа ніводнае палкі! — злуецца і Жаўтых.— Усё на соплях.
— Гэта вашая справа,— абыякава адказвае капітан.— Шукайце.
— He, так няможна,— кажа Жаўтых, падумаўшы,— I разлік і гармата прападуць. А што, з закрытай пазіцыі нельга? Вунь
гаўбічнікі, дармаеды, ні разу за цэлы тыдзень не стрэлілі... Ось ім і задаць бы гэтую задачу...
Мы ўсе маўчым, бо разумеем, што ад нас патрабуецца, уяўляем сабе, што можа быць заўтра, і ўнутры само па сабе вырастае жаданне, каб Жаўтых як аднекаўся, пераклаў гэтую задачу на каго іншага. Але Троцкі не такі, відаць, камандзір, каб даць угаварыць сябе, адмовіцца ад уласнага намеру, мы ўжо ведаем яго, гэтага прыдзіру, самага строгага з усіх трох у палку камбатаў.
— Вы зразумелі задачу? — холадна пытаецца ён у Жаўтыха.
Але і наш камандзір таксама з характарам і, калі яго раззлаваць, можа паказаць сваю ўпартасць хоць каму хочаш.
— Што задача? — пераходзіць ён у наступ на камбата,— Трэ было раней яе ставіць, ён вунь тры дні лупіць адтуль. A гэтак і кулямёт не разаб’еш, і гармату загубіш. Тут жа пад самым носам. Трэба падрыхтавацца.
— Рыхтуйцеся!
— Ага, рыхтуйцеся! Трэба агнявую змяніць, акапацца як след, гэта не жарты. За ноч не зробіш...
— Вось што! — абразае яго капітан ужо іншым, катэгарычным тонам.— Мы не на кірмашы, таварыш старшы сяржант. Падрыхтавацца і ў тры ноль-ноль далажыць аб гатоўнасці.
Камбат паварочваецца і роўна скіроўвае некуды ў змрок, за ім, як цень, валачэцца маўклівы сувязны, а Жаўтых моўчкі стаіць на месцы і няўцямна глядзіць ім услед. Побач гэтак жа моўчкі топчамся мы. Першы не вытрымлівае Задарожны, са спазнелаю злосцю ён плюе ў траву.
— Чорт бы іх там пабраў, камандзіраў гэтых. Ім лацвей — у бліндажыках сядзець, а тут паспрабуй, стрэльні! Ён табе задасць такога, што за дзень трупы не адкапаеш...
— Галоўная небяспека — мінамёты,— уздыхае Лук’янаў.— На водараздзеле іх карэкціровачны пункт.
Жаўтых нейкі час маўчыць, услухоўваецца ў цемру, напружана стараецца нешта зразумець і ні на кога не зважае, быццам не чуе, што кажуць хлопцы. Пасля, вылаяўшыся,
лезе ў акоп, паўхвіліны поркаецца ў цемры і вылазіць з палявою сумкай на баку і аўтаматам на грудзях.
— Я хутка,— кажа Жаўтых,— Папоў, застаешся за мяне. Крывёнак, шагам марш!
Салдат, падумаўшы, нетаропка ўстае, вешае аўтамат і ідзе за камандзірам.
— Да начарта пайшоў,— кажа Лёшка,— Можа, абыдзецца.
Начальнік артылерыі — даўні Жаўтыхоў знаёмы, ён паважае гэтага камандзіра гарматы і зважае на яго прэтэнзіі. Але хто ведае, ці ўдасца цяпер Жаўтыху перайначыць загад камбата?
Хлопцы, здаецца, таксама занепакоіліся, прыціхлі і сядаюць на брустверы бліжэй адзін да аднаго — як заўжды перад няпэўнасцю або небяспекай. Цяпер неяк і Лёшка Задарожны пачынае здавацца мне звычайным, някепскім хлопцам, ураз адступае ў даўнюю далеч усё дрэннае ад яго, што паўгадзіны назад атручвала маё жыццё. Падсвядома мы адчуваем, што галоўнае ў нашым лёсе — тое нашае заўтра, сілы для якога мы можам узяць толькі ў сабе і спадзявацца толькі адзін на аднаго.
— Яму-то што! — рэзка кажа Задарожны,— Яму абы загадаць. А мы тут свае галовы паложым. Па-дурному!..
— Нашто так гаворыш — па-дурному?! — адгукаецца з цемры Папоў. Ён калі пры Жаўтыху не скажа за дзень і аднаго слова, а застаўшыся за камандзіра, вельмі ўжо чулы да кожнага слова і да кожнага ўчынку— Мы прыдадзены пяхоце... Мы далжон страляць!
— Ерунда! Прыдадзены не прыдадзены, а будзеш выконваць усё, што ім уздумаецца,— дык і тыдня галавы не праносіш. А да Берліна яшчэ вунь колькі!
— Чаму не праносіш? У галаве розум ёсць — праносіш. Няма розум — не праносіш! — пераконана зазначае Папоў.
Лук’янаў хутаецца ў шынель і раз-пораз уздыхае. Цяпер, без камандзіра, ён крыху жывее і далікатна, стараючыся нікога не перабіць, кажа:
— Звычайны канфлікт: камандзір пасылае — баец баіцца, здаецца, што загад несправядлівы. Псіхалагічная непадрыхтаванасць да ахвяравання. Адсюль і ўсе непаразуменні.
Задарожнага, аднак, не пераконваюць ніякія довады, ён крыху маўчыць, ловячы не зусім выразны ход думак Лук’янава, і затым са злосцю пярэчыць: