Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— He супроць,— смяецца Люся,— Толькі без рук. Мы ж не мартышкі, праўда?
— Праўда! Хай без рук,— усмешыста згаджаецца Лёшка, але ўсё ж ціхенька бярэ яе за плечы, і яны па сцяжыне ідуць у тыл.
Тады з бруствера ўскоквае Папоў.
— Хто дазваляў? Таварыш Задарожны! Чаму без дазвол?
— Ерунда, чаго там! Пяць хвілін! — чуецца зводдаль, і Папоў, пэўна не ведаючы, што зрабіць, нерухома застаецца на брустверы. Лёшка змаўкае, пасля ўдалечы за кукурузнымі кучамі чуецца ціхенькі радасны смех Люсі.
I ад гэтага смеху вострая зайздрасць пранізвае мяне. Я разумею, што Задарожны нядобры салдат, што нельга гэтак, як ён, не слухаць камандзіраў, хоць бы і часовых, такіх, як Папоў, але пачынае здавацца, што гэтая яго характэрная непаслухмянасць робіць хлопца дужэйшым, больш сталым і смелым, чым я — дысцыплінаваны малады франтавік. Я разумею недарэчнасць майго жадання, але ўсё ж мне горыччу робіцца гэтая мая рупнасць і хочацца Лёшавай непаслухмянасці, яго самастойнасці, яго, можа, і не заўжды разумнай, рашучасці. Я згадваю ў ім нейкую ўладарную сілу пе-
рад жанчынамі, і думаецца цяпер, што ўсё тое, у шпіталі, аб чым расказваў Лёшка, так і было на справе. I яшчэ здаецца мне, што ён паволі і ўсё болей падабаецца Люсі, і падабаецца менавіта тым, чаго не хапае мне або Крывёнку,— грубаватаю мужчынскаю мажнасцю, самавітасцю, упэўненасцю ў сабе і, вядома, сваёй мужчынскаю дужасцю. I я зайздрошчу яму. Я хачу як мага пасталець, набыць усё тое, што ён ужо мае, як найхутчэй перажыць дваццаты свой год. Невялікія мае гады здаюцца мне зусім яшчэ хлапечым узростам — мне трэба сталасці, самавітасці, фізічнае дужасці, і ў гэтым сэнсе Задарожны раптам вырастае ў пакутны, чымсьці непрыязны, але і жаданы мой ідэал.
Я ведаю Лёшкава жыццё (ён ніколі нічога не тоіць ад іншых), ведаю, што ён былы футбаліст, грубаваты, фанабэрлівы і не дужа таварыскі хлопец. Здаецца, ён залішне самаўпэўнены; гэта, вядома, ад таго, што яму заўжды шанцавала ў жыцці, можа, і не вельмі, але ва ўсякім разе больш, чым мне ці Крывёнку. Ліха звычайна мінала яго — мінала, калі ён яшчэ да вайны жыў у Новарасійску і рана пачаў бадзяцца па прыстанях, кірмашах і розным гарадскім завуголлі. Аднойчы, як ён расказваў нам, кампанія гэткіх жа, як і ён, свавольнікаў з цэментнага завода злавіла аднаго флоцкага, з якімі яны заўсёды вялі вайну, і добра дала яму ягонаю ж шырокаю дзягай з бляхаю. Біў яго і Лёшка, але калі, нейкі час счакаўшы, флоцкія дзеля помсты «зацапалі» іх у парку, дык «дастаў» ножыка ў бок ягоны сябар. Лёшка ж выйшаў з гэтага здарэння «сухі».
Шанцавала яму і пасля, у вайну. Трапіўшы пад Варонежам на фронт, ён, аднак, не дайшоў да перадавой, а нейкім выпадкам апынуўся ў ахове якогась генерала ў штабе. Генерал, відаць, не быў страявым камандзірам і не дужа любіў раз’язджаць па перадавой, таму Задарожнаму разам з пяцёркаю іншых, што ўваходзілі ў яго світу — два ардынарцы, шафёр, кухар і цырулыіік,— заставалася толькі дбаць пра бытавыя зручнасці і бяспеку начальніка. Гэтае шанцаванне прадаўжалася аж да таго нешчаслівага ранку, калі генеральская машына выпадкам наляцела на супрацьтанкавую міну, пакінутую немцамі на ўзбочыне тылавой дарогі. Адных па-
хавалі, адправілі ў шпіталь генерала, а аглушаны Лёшка, пасланяўшыся са два тыдні ў санбаце, трапіў урэшце ў стралковы полк. Тут ён дзеля важнасці аб’явіў сябе танкістам, але паколькі танкаў у палку не было, яго паслалі ў процітанкавую батарэю, бо, каб цягаць гарматы, патрэбна была сіла, a Задарожны, здаецца, трохі накапіў яе на генеральскіх харчах. Спачатку ён трошкі фанабэрыўся, не дужа слухаўся Жаўтыха, зусім не прызнаваў Папова, усё любіў успамінаць, як «мы з генералам ехалі...» або «мы з генералам разважылі». Але мала-памалу абламаўся, пацішэў, тым болей што Жаўтых не вельмі зважаў на ягоныя «з гснералам» подзвігі.
Маўклівая і трывожная ноч плыве над затоенай, прыціхлай зямлёй. Час ужо, мусіць, пераступае за поўнач, коўш Вялікай Мядзведзіцы пераварочваецца на хвост, вялізным сваім чарпаком задзіраецца ўгору, месяц узабраўся ў самую высь і свеціць на поўнае вока. Пад кукурузнымі кучамі туляцца кароткія і зусім чорныя глухія цені. Часам здаецца — нехта шмыгае там ад кучы да кучы, позірк сам сабою напружваецца, але я ведаю: колькі ні ўглядайся — нічога не ўбачыш — гэта здаецца. На перадавой ціха, нават вельмі ціха, немцы маўчаць. Чорныя гарбатыя пагоркі, нібы хрыбціна распластанага на зямлі волата, ледзьве шарэюць на гарызонце. Маторны гул неўпрыцям неяк заціхае ці, можа, аддаляецца куды; у начную цішу ўрываюцца далёкія і блізкія выпадковыя гукі — недзе ззаду ў вёсцы трывожна ржэ конь, у траншэі наперадзе лязгае нешта, пэўна, перазараджаюць кулямёт, зводдаль угары гудзе і сціхае самалёт,— мабыць, начны разведчык. Папоў ідзе ў акоп і грукае там,— мусіць, нешта шукае. Лук’янаў маўчыць з таго часу, як яму нагрубіў Лёшка, і нерухома сядзіць на чорным брустверы.
Я памалу хаджу ля агнявой і думаю пра Люсю.
Вось яна пайшла з Лёшкам, ёй, відаць, добра і весела з ім (інакш не смяялася б яна так гарэзна і шчасліва), і той яе смех, скіраваны другому, вострай пілой рэжа маю душу. Але я ведаю, што Люся — вельмі, вельмі харошая дзяўчына. Апроч таго, што яна мілая і прыгожая, яна яшчэ невыказна ласкавая да ўсіх — і да знаёмых і незнаёмых, маладых і старых,— і гэтая яе ласкавая спагадлівасць, ад якой так даўно ўжо
адвыклі нашы загрубелыя душы, п’яніць мяне болей, чым самае моцнае малдаўскае віно. I яшчэ яе ласкавасць ды іскрыстыя смяшынкі ў зіхатлівых вачах неяк даюць мне спадзёўку, што не вельмі ўжо благі і я, замковы Лазняк, што яна — сябар усіх, у тым ліку і мой, і для асаблівай і абсалютнай шчырасці між намі не хапае толькі чагосьці наспелага ўжо, гатовага, але яшчэ не сказанага. I, здаецца мне, варта толькі знайсці яго, азначыць патрэбным словам, і мы ўдваіх ашчаслівімся навек вялікім шчасцем...
Але Крывёнак!.. Хіба не тое ж носіць у сабе і ён? He, відаць, ён адчувае яе неабходнасць куды мацней, ён куды болей пакутуе, ён наогул крыху здурнеў з-за яе, гэтай чароўнай дзяўчыны. Я думаю, што калі ўжо ён не стаіў у сабе гэтага пачуцця да яе, дык яно ўжо мацней за яго самога, тое яго пачуццё. Я ж вось яшчэ трываю. Пэўна, я нізавошта не скажу нікому пра мае недарэчныя турботы, хоць і вельмі хочацца прызнацца ва ўсім,— думаецца, што за тым прызнаннем пачнецца штось незвычайнае. Але для гэтага ў мяне не хапае рапіучасці. I яшчэ, цвяроза падумаўшы, я разумею, што ўсё ж мала ў мяне таго, што б прыйшлося да душы гэтай дзяўчыне. От калі б я быў хоць такі, як Лёшка!
Так я разважаю, думаю і пакутую ў цішы, як раптам грукатлівая чарга дзесь у першай траншэі абуджае ноч. Стрункі пучок трасіруючых бліскавак разгоніста мільгае над «нейтралкаю» ля падбітага танка, некалькі куль з рыкашэту адскокваюць ад зямлі і бліскавіцамі разлятаюцца ў бакі. Над перадавой узмывае ўгору ракета, даносіцца кароткі яе пошчак-стрэл, і пад імклівым святлом вынікае з цемры светлая плямка долу. Мне не відаць адгэтуль, што там заўважылі пехацінцы, але іх кулямёты пачынаюць мільгаць трасёрамі, да іх далучаюцца траскотпыя аўтаматы, рэдка і важка бахаюць вінтоўкі.
Я падыходжу да Лук’янава, сюды ж выскоквае з акопа Папоў, ён насцярожаны, але, здаецца, спакойны. Над перадавой зноў загараюцца дзве ракеты. Трасёры веерам снуюць над нейтральнай паласой, скрыжоўваюцца і разлятаюцца ў бакі. Немцы маўчаць, не адказваюць ніводным стрэлам, і гэта яшчэ больш незразумела і дзіўна.
— Трэба ідзі ў акоп. He трэба сядзі тут,— кажа Папоў, і мы з Лук’янавым неахвотна падпарадкуемся яму.
У акопе я спыняюся на прыступках, Папоў становіцца за гармату, мы слухаем, глядзім і чакаем.
— Можа, прыкрываюць разведку,— кажа Лук’янаў. Яго голас трошкі дрыжыць, нібы ад холаду, але ноч цёплая і ціхая.
— Каб свая разведка, не пускалі б ракеты,— пярэчу я.
Папоў маўчыць, а пасля ідзе па пляцоўцы ў кут, дзе ляжаць нашы снарады, вымае з-пад скрынак ніжнюю і кладзе бліжэй да станін. Я ведаю, гэта ён нарыхтаваў карцеч, значыць, праніклівы наводчык разумее, што ўсё там, на перадку,— не так сабе.
Але перапалох на перадавой праз нейкі час аціхае, даносіцца адтуль нечы голас, мусіць, якая каманда, і сціхаюць апошнія стрэлы. Ракеты яшчэ ўзлятаюць раз-пораз, і іх далёкае зыркае святло блукае па шэрым прасцягу перакапанага поля.
— Паганы сволач! — лаецца Папоў,— Гітлер у разведку хадзіл.
Мы ўтрох збіраемся на пляцоўцы каля гарматы. Лук’янаў сядае ніжэй, на станіну, а мы з Паповым усё ўглядаемся ў ноч.
Тут нас і застаюць Жаўтых з Крывёнкам.
7
Наш камандзір прыбягае на агнявую задыханы, здаецца, раззлаваны, і з першых яго слоў мы адчуваем, што сталася нешта кепскае. Яшчэ не дабегшы да гарматы, ён незадаволена і сіпавата гукае:
— Ну што?! Дзе рыдлёўкі? Лазняк — ты? Давай сюды ўсе рыдлёўкі — капаць будзем. Жыва! Нечага рот разяўляць! Чулі ось? Ну дык жыва!
Мы яшчэ дрэнна разумеем яго, а ён ужо хапае з прыступкаў першую рыдлёўку, якой надвячоркам Лёшка дражніў снайпера, і збоч ад гарматы пачынае раскопваць зямлю.
— Лук’янаў! — гукае Жаўтых,— Мерай адсюль восем крокаў і пачынай. Дзе Задарожны?
— Задарожнага няма,— кажа Папоў.— Задарожны без дазвол пашол з Лусай.
— Куды пайшоў? Дармаед! Ну, хай прыйдзе! Свавольнік! Валацуга! — злуецца камандзір і сапе, раскопваючы бруствер.— Лазняк! — зноў гукае ён мяне.— Прыбяры кукурузу. Убок яе.
— А што, усё ж страляць будзем? — з затоенай трывогай пытаецца Лук’янаў.
Жаўтых здзіўляецца:
— А то як жа? Чулі, што робіцца? Немец праходы размініруе. Зразумеў?
Лук’янаў няўцямна выпростваецца з рыдлёўкай, паварочваецца да гарматы Папоў — здзіўленыя, мы глядзім на нашага камандзіра і чакаем тлумачэнняў.
— Ну, што раты разявілі?! — крыкліва злуецца Жаўтых і перастае капаць,— He зразумелі? Заўтра зразумееце. Чулі — гуло?
— Чулі,— кажу я.
— Ну от! Дарма не гудзе — запомніце! — кідае Жаўтых і зноў з ярасцю налягае на бруствер, у якім трэба пракапаць шырокую траншэю — сховішча для нашай гарматы.
На нейкі час мы заміраем ад нечаканасці і прадчування ліха, што ўсё бліжэй падступае да нас. Зноў трывожны клопат агартае душы, але пакутаваць няма калі. Папоў першы пераадольвае здранцвенне і моўчкі бярэцца за рыдлёўку. Пачынаем капаць і мы.