Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Прадчуваючы нешта агідна-нядобрае, Цімошкін ужо не стрымаўся на месцы і кінуўся цераз гурбу да сябра. Раскідваючы ботамі снег, ён падбег да яго, увесь час узіраючыся ў хлопцаў твар, урэшце сустрэў яго позірк і не спазнаў яго. Страшна было бачыць, які стаў Іванаў твар! Напэўна, ад стомы, бруду і поту, што заліваў яго шчокі, выраз стаў звераваты, вочы глядзелі з лютым, нейкім вар’яцкім бляскам. Ад гэтага яго выгляду ў Цімошкіна ўраз засмуцілася радасць сустрэчы — ён ужо пэўна ведаў, што ў сябра сталася кепскае.
Нічога не кажучы, Цімошкін падхапіў на хлопцавай спіне яго ношу, і, хістаючыся, яны ўдвух пайшлі да сцірты. Ледзьве дабраўшыся да застрэшка, Шчарбак, не прамовіўшы і слова, разам з ношаю апусціўся бокам на салому. Цімошкін асцярожна паклаў у доле чалавечыя ногі і ўпершыню зірнуў на таго, хто нерухома ляжаў побач з сябрам. I хлопец жахнуўся. У акрываўленым шызым шынялі за Шчарбаковай спіной ціха стагнаў збялелы, не падобны да сябе маёр Андрэеў.
На некалькі секунд, здаецца, хлопец скамянеў, панішчаны тым, што ўбачыў, пасля зірнуў на Блішчынскага. Зямляк ціснуўся да сцірты, глядзеў на двух чалавек у доле і
кусаў вусны. Але, намогшыся, ён зараз жа змяніў разгублены выраз твару, неяк фальшыва ажывіўся, апусціўся перад нерухомым маёрам і загаварыў па-жаночы хуценька, вінавата і адначасна фальшыва:
— Таварыш маёр! Таварыш маёр! Вы жывыя?
Тады ў доле нядобра прастагнаў Шчарбак. Павольна, пэўна, ледзьве пераадольваючы стому, ён узняўся на рукі, затым на калені, прыступіў на адну нагу, на другую... Твар яго стаў яшчэ страшнейшы — да часу пастарэлы, счарнелы і ўпарты хлапечы твар, — марудна паднімаўся ён, несучы ў вачах поўны нянавісці і злосці погляд, скіраваны ў бок Блішчынскага. Цімошкіна Шчарбак чамусьці не заўважаў, нібы яго і не было тут. Адчуваючы, што здарылася жахлівае, хлопец, не цямячы нічога, вінавата стаяў побач.
А Шчарбак тым часам устаў і, не зводзячы лютага позірку з Блішчынскага, счырванелай рукой намацаў ззаду свой кабур, дастаў пісталет і знясіленым павольным рухам тузануў узад і наперад затвор.
— Скідай шынель, воўчая душа! — сіпатым прастуджаным голасам сказаў ён Блішчынскаму. Той, хіснуўшыся, ускочыў ад маёра, ускінуў перад тварам рукі з тонкімі дрыготкімі пальцамі і замармытаў агідна і жаласна:
— Стой, стой! Што ты?! Завошта? Я ж нічога... Клянуся!..
— Клянешся? Ах ты падлюга, здрадніцкая морда!.. Клянешся? А маёра хто кінуў? Хто сам ратаваўся? He, не выйдзе, гніда!
Ён сагнуў руку з пісталетам, скіроўваючы яго ў грудзі Блішчынскага, і тады, можа, за якое імгненне да стрэлу, нейкая сіла штурхнула Цімошкіна да сябра. Ён схапіў яго за руку і, сам не ведаючы чаму загаманіў:
— Стой, Ваня! Стой! He трэба! Потым! Чуеш? Потым. Шчарбак ірвануў ад яго руку.
— Прэч! He замінай!
Але ўжо гэтае кароткае імгненне прамаруджання дало, пэўна, Грышку магчымасць апамятацца, і ён закрычаў другім, абураным голасам:
— Што ты робіпі?! У каго страляеш?! Разбярыся, зразумей, дурань. Завошта губіш!!!
Ці гэта зрабіла сваё ўражанне, ці тое, што Цімошкін паспеў крыкнуць, што тут недалёка немцы, але Шчарбак апусціў пісталет.
— Ах ты, сабака! — калоцячыся ад злосці, хрыпеў Шчарбак. — Ён яшчэ абураецца, ён выкручваецца. Глянь во! — паказаў хлопец у дол, дзе па-ранейшаму нерухома ляжаў маёр. — Во што ты нарабіў, свалата прадажная. А яшчэ сяржант! А яшчэ пісар! Ну чакай! Ад мяне ты не ўцячэш. Я цябе з-пад зямлі дастану!
— Ды што ты? Што ты на мяне накінуўся? Я яго кіламетр цягнуў. Але ж ён памёр! Зразумей! Памёр... я думаў. Таму і паклаў. Як жа несці! Немцы вакол. Сам жа ведаеш, чалавек ты!
Ён ужо зразумеў, што небяспека мінула, і нават паспрабаваў фалыпыва ўсміхнуцца, каб упэўніць Шчарбака, што той памыляецца.
Іван нсрвова запіхаў у кабур пісталет і, не зводзячы з пісара цяжкага позірку, зморана і злосна хрыпеў:
— Свайго камандзіра, свайго начальніка параненага кінуць пад самым носам у ворага! От свалата, от жа нягоднік! A што цяпер? — Ён цяжка і павольна апусціўся на калені перад маёрам. — Рукі памарожаны, ногі, пэўна, таксама. Ну, дай цяпер рады. Як дасі?
Цімошкін таксама падаўся да маёра — шызы шынель таго на плячах і грудзях быў у рудых падмёрзлых плямах крыві, пабялелы твар здаваўся зусім нерухомы, толькі пад вокам неспакойна торгалася нейкая маленькая жылка. Маёр даўно, відаць, страціў прытомнасць і ціха стагнаў у часе кароценькіх неглыбокіх уздыхаў.
— Цяпер ты яго панясеш, воўчая душа, — паднімаючы ад паранснага голаў, сурова сказаў Шчарбак. — Адсюль і да капца.
Пасля ўдвух з Цімошкіным яны пасунулі маёра глыбей пад застрэшак, Блішчынскі ўслужліва разварушыў салому, дапамог ухутаць ёю маёравы ногі. Выраз сяржантавага твару быў яшчэ насцярожаны, але ў позірку наступова з’яўлялася хітраватая ўпэўненасць. Шчарбак раззлавана і заклапочана хмурыўся.
— У яго, бач ты, яшчэ і рука прастрэлена, крыві шмат выцекла. Цяпер, глядзі, што робіцца,— ён прыўзняў з саломы маёраву далонь,— Каб чаго кепскага не сталася. Памарожана.
Рука сапраўды была страшная, нейкая дужа белая і распухла-азызлая, ды і наогул маёр быў ледзьве жывы. Дзіўна было Цімошкіну бачыць знаёмую вялікую постаць гэтага чалавека, іхняга камандзіра, і разумець, што цяпер ён зусім ужо не той, адна прысутнасць якога надавала артылерыстам упэўненасці і сілы ў баі. Цяпер ён быў слабейшы за якое дзіця. Але ім не патрэбна была яго сіла — яны прагнулі толькі, каб ён ачнуўся з забыцця, загаварыў, убачыў, у якую бяду трапілі хлопцы, і што-небудзь параіў.
Шчарбак нейкі час сядзеў над ім, самкнуўшы над ілбом строгія бровы, і нешта ўпарта-напружана думаў. Адчуўшы, што сябар пакрысе адышоўся ад свайго гневу і крыху спачыў, Цімошкін спытаўся:
— Дык як жа гэта сталася? Пайшоў за Здабудзькам, a знайшоў маёра?
— Як сталася? Знайшоў Здабудзьку. Забіты. Прама ў патыліцу. Пасля зблудзіў. Такая цемра, снег. Хадзіў, хадзіў і згубіў вас. Натрапіў на кукурузу. I вось маёра знайшоў. Той жа гад кінуў яго... Маёр сам сказаў. Яшчэ прытомны быў.
— Каб жа я ведаў, a то гляджу — сціх — ну, думаў, памёр, — з фальпіываю горыччу азваўся Блішчынскі. Ён стаяў над імі, прыхінуўшыся плячом да сцірты, і з цікаўнасцю зазіраў на маёра. Дзіўна было, як хутка ён забыўся ўжо на Шчарбакову лютасць і цяпер імкнуўся зрабіць выгляд, быццам нічога сур’ёзнага між імі і не здарылася. Шчарбак пагрозлівым позіркам змераў яго: — Ты маўчы лепш! Ось выйдзем — я з цябе спаганю! Бязлітасна спаганю! He думай, што адбаярыўся.
Усе памаўчалі трохі, Шчарбак першы раз паглядзеў навакол — на снегавое поле, вінаграднік, дрэўцы, хутар, раскапаны немцамі пагорак удалечыні.
— Прайсці не спрабавалі?
— He. Як жа пройдзеш: немцы кругом.
А я ледзьве дарогу перайшоў. Зранку сядзеў. Добра, што на лясок натрапіў... — казаў ён, азіраючыся. — Ах ты халера, от бяда! I трэба маёра ратаваць. Цяпло яму патрэбна. Можа, якую аперацыю. A то загіне да вечара.
— Ведама ж. He дужа ў саломе нагрэеш, — уставіў сваё Блішчынскі. Выгляд у яго быў незалежны, але свае разважанні ён кінуў, відаць, усё ж асцерагаўся Шчарбака. Шчарбак зноў нічога не адказаў яму.
— Як жа гэта ты валок яго такую далеч? — спытаў Цімошкін у сябра.
— Ведаеш, не раз ужо думаў: упаду і здохну. Але валок. Як жа кінеш: свой чалавек.
Ён памаўчаў і зусім ужо сцішаным тонам спытаў:
— Курыць, вядома, няма?
— Няма, брат.
— Кепска... А я ось у Здабудзькі паперы ўзяў. — Шчарбак выцягнуў нагу, дастаў з кішэні пацёрты пачак дакументаў. — На, ты ж грамацей — адпішаш. Як выйдзем...
Цімошкін узяў з рук загорнутую ў паперку чырвонаармейскую кніжку, нейкія даведкі, пацёртыя, пакамечаныя лісткі. Адзін аркушык разгарнуў — гэта было пісьмо — няроўныя, напісаныя алоўкам радкі родным, куды-небудзь на Віннішлчыну або Кіраваградчыну. «Адсылаць яго ці ўжо не трэба?» — падумаў ён і прабег вачыма першыя няскладныя словы на ўкраінскай мове: «Пішу вам усім — жынцы і братовій Олені, брату Опанасу і ўсім родычам, што я попав до артылерыі, воюемо Гітлера з пушкі. Мэнэ хотілы назначыць до коней, та я відказався — як це я буду в обозі, колі ў мэнэ свій рохунок з Гітлером за Мыколу. Воюема мы добрэ, хлопці ў нашому разліку смілі, командзір Скварышаў тэж справедлівій і відважный, а шчэ й хорошый. За мэнэ не горюйтэ, а што трапітся, то дарма не загіну, а покажу цім фрыцюкам. Чоботы моі Петро нехай віддасць куму, шчоб підбыв підошвы, воны шчэ міцны, а за работу, колы прыйду після війны, в боргу не застанусь. А шчэ сходы до головы сільрады, нехай по оцій справці зменшыць тобі плату як чырвонаармейскій родыні...»
Прачытаўшы тое, Цімошкін трохі здзівіўся, упершыню
неяк згледзеўшы знутры гэтага ціхмянага, нехуцавага, як кажуць, чалавека, відаць, здольнага на большае, чым тое, што ён паспеў здзейсніць за кароткі час на вайне. У хлопца ад таго з’явілася ў душы кароткая прыкрасць, што вось дагэтуль крыху пагарджаў ездавым, які на справе быў зусім нядрэнны салдат.
Шчарбак, прыўстаўшы на каленях, усё аглядаў наваколле. Немцы на выспе патроху варушыліся ў раскапанай зямлі, з боку ад іх на дарозе імчалі аўтамабілі ў бок фронту. У снегавым прасторы яшчэ паяснела, але неба скрозь было захутана шэрасцю хмар, дзьмуў сцюдзёны марозны вецер.
У той час заварушыўся, застагнаў у саломе маёр, відаць было па ўсім, што ён ледзьве ліпеў на апошніх рэштках жыцця, і Цімошкін падумаў, што было б зусім недарэчна пасля ўсяго, што сталася, даць яму загінуць тут, за некалькі, можа, гадзін да паратунку. Пэўна, такі ж клопат адчуваў і Шчарбак. Хлопец стомлена падняўся на ногі, угледзеўся ў снежны абшар, і позірк яго, відаць, нечакана ўпаў на той маленькі хутар, што адзінока чарнеў у канцы пасадкі.
— У хутары, не бачылі, немцаў няма? — запытаўся Іван.
— Чорт іх ведае, можа, і ёсць.
— Ды няма там нікога, — упэўнена абвясціў Блішчынскі.
Тая яго ўпэўненасць раззлавала Цімошкіна.
— А ты хадзіў туды, ці што? — непрыязна запытаўся хлопец.
— He хадзіў, затое глядзеў увесь дзень. Разумееш?
Шчарбак недаверліва паглядзеў на Блішчынскага, пасля зірнуў на Цімошкіна і ўзяў з саломы аўтамат.
— Я збегаю. Калі можна будзе, перанясём маёра туды.
— Ваня, пастой, — усхапіўся Цімошкін. — А можа, там немцы?
— Няхай сходзіць, — ціха, але настойліва сказаў Блішчынскі. — Чаго баяцца?