Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Блішчынскі шырока сігаў, Цімошкіну было цяжкавата ўгнацца за ім, але ён, як мог, намагаўся не адстаць. Размаўляць у яго не было ніякай ахвоты, два гарачыя глыткі неяк зусім засамоцілі хлопца.
— Чаго ты такі кіслы? Га? — пытаўся Блішчынскі. — Што, сябрук прапаў? Плюнь ты, які можа быць сябра на вайне? На дзень-два. Пасля ўсё роўна — разлука, разумееш! Хто ў Магілёўскую губерню, хто ў шпіталь. Разумееш?
Цімошкін маўчаў, ён ведаў, што Блішчынскі не зразумее яго турбот, ды хлопцу гэта і не трэба было.
— А наогул, ты ёлупень. Чаму б табе каля мяне не трымацца? Я б цябе не даў скрыўдзіць. I памог бы. Што, думаеш, сілы мала? Думаеш, нейкі там пісар! Ха, мала ты ведаеш. Разумееш? У мяне ўлады не меней, чым у маёра Андрэева. Нядаўна ў артмайстэрні ездавы выбыў. Шапнуў бы Борку Паўловічу са страявой часці, ураз бы перапісаў цябе, і канцы ў ваду... Нябось, не валокся б цяпер чорт ведае дзе. Разумееш?
Цімошкін непрыязна агрызнуўся:
— Чаму ж ты валачэшся, такі разумны?
— Я? To выпадак. Разумееш! Што я, дурны, ці што? Ду-
маеш, я для якога медаля на дурасць пайду? Дудкі. Пляваў я на медаль і на дурняў. Маё жыццё даражэй за медалі. I каб не выпадак, я б цяпер да-а-лёка быў. Ужо б немцам не даўся б. Разумееш?
— Што ж цябе ўтрымала?
— Што, што... Грыцэнку — ардынарца Андрэева — пазаўчора падстрэлілі. Разумееш? I трэба ж яму было падлезці пад тую кулю. Дык маёр Андрэеў уранку кажа: пойдзем, праветрышся, a то ты тут дымам прасмярдзеў. Ну што ж, думаю, пайду. Можа, за паўдня якога ліха не здарыцца. Пайшлі ў трэці батальён, і вось табе на — якраз прарыў. Маёру дзве кулі ў жывот — сканаў, яму і клопату мала. А я вось уліп. Ось так. Разумееш?
Ён відавочна хмялеў. Рухі яго сталі рэзкія, левая рука шырока адмахвала ў такт крокаў. Пільнасці ён, аднак, не траціў і, гамонячы, кідаў хуткія, кароткія позіркі ў бакі. Здаецца, землякова маўклівасць заахвочвала яго спавядацца, і пэўна таму, што тут не было сведак і становішча і заставалася няпэўным, ён, як гэта бывае пасля доўгай зацятасці, перастаў таіць свае думкі.
— Мы з табой, Цімошкін, землякі, брат, і разумеем адзін аднаго. Праўда, там некалі не дужа ладна жылі. Але глупства — вядома, пацаны былі. А цяпер? Трэба ж цвяроза глядзець на ўсё. Ты не думай, што я сяржант, дык мала што разумею. Хе, не, брат. Думаць трэба. Ось! Пад танк кідацца няшмат розуму трэба. Гэта і дурань зможа. Але шцірб цур рэхтэн цайт*, як пісаў Ніцшэ. А стары не дурны быў. Вось. Мы маладыя, нам трэба на вайне выжыць, і выжыць з толкам. Разумееш? У тым уся соль.
Агідны чалавек. Ён быў варты таго, каб даць яму ў морду, думаў Цімошкін, але, сашчапіўшы зубы, трываў і слухаў. Яму хацелася зведаць земляка да канца, бо, адчуваў хлопец, недзе ў ім закладзена гэтая адгадка яго натуры, яна сёння свярбіць у яго, і Блішчынскі штось выкажа.
— У палку што? У палку, хоць бы і ў штабе — гарота. He кулі, дык снарады, бомбы. Ось бы ў корпус забрацца. Гэта
’ Умей памерці ў час (ням.).
ўжо парадачак. Разумееш? Была ў мяне спадзёвачка... Каб не гэтае ўчора. Ну, але нічога. Мо нават і лепей. Ты запамінай: выйдзем — перш-наперш прыбіцца да якой тылавой часці. А там паглядзець. Ты каля мяне трымайся. Я і цябе ўладжу. He прападзеш! Разумееш?
— Значыць, у тылавыя часці, так? Прасіцца? — з прытоенай з’едлівасцю запытаўся Цімошкін. Але Блішчынскі не адчуў ці не зважыў на яго тон.
— Ну і што ж, папросімся. Падумаеш! Рапарцічку напішам: так і так, часць разбілі, мы засталіся. Праявілі геройства, біліся да канца...
— Эх ты! — сказаў Цімошкін, ужо не хаваючы сваёй пагарды да яго.
— Што? Хто я?
— Смоўж ты, вось хто. I табе гадка ад самога сябе не бывае?
Блішчынскі фальшыва заржаў, коратка акінуўшы земляка халодным позіркам.
— Што, можа, данясеш? У смерш данясеш? Як выйдзем? Чорт у зубы. А сведкі дзе? Хто чуў! А я скажу на цябе не такое. Скажу, што ты ў немцаў у руках быў і даваў паказанні аб нашых войсках. Ну? Што? Ага, не падабаецца. Ось як. А ўрэшце, я пажартаваў. Каб цябе праверыць, якім духам жывеш?
I ён зноў заржаў — прыцішана, выскаляючы вялікія пярэднія зубы з дзяснамі. Цімошкін уважліва і трохі збянтэжана паглядзеў на яго — сапраўды, хто яго ведае, дзе ў яго была праўда, у гэтага чалавека. Ён мог яе, гэтую праўду, падаць так, што яна выглядала як хлусня, і, наадварот, хлусня ў яго магла быць праўдападобней за праўду. Хлопец ужо ведаў гэтую здольнасць свайго земляка і толькі ўздыхнуў.
I раптам ён змоўк, прыцішыў крок — наперадзе вал абрываўся, і з-за яго паказваліся загарадзь, нейкія будынкі, дрэвы. Хлопцы паціху выходзілі з-за вала, па той яго бок паказаліся і яшчэ будынкі, гэта, пэўна, была ўскраіна вёскі або гарадка. Усё навокал ціха драмала ў ночы, толькі недзе далёка, прабуксоўваючы, тужылася-гыркатала машына.
Блішчынскі прыпыніўся, прыслухаўся, — ягоная хмельная самаўпэўненасць ураз змянілася насцярожаным клопатам.
— Пайшлі ў абход, — ціха сказаў Цімошкін. — He ісці ж па вуліцы.
Сяржант маўкліва згадзіўся, і яны, абыходзячы па заснежаных градах ускраінныя домікі, падаліся ў абход паселішча. У адным двары раптам усхапіўся сабака, кінуўся на плот, добра, што плот быў суцэльны і высокі. Блішчынскі скалануўся, падхапіў аўтамат, і ягоныя пальцы дрыготка схапіліся за рукаятку.
Яны яшчэ прайшлі крыху, і раптам абодва ўраз сталі, падаліся назад і прыціснуліся да сцяны нейкага ўскраіннага хлеўчука. Наперадзе, зусім блізка, у вербных прысадах была дарога, і на ёй чуліся галасы. У сутонні снежнае ночы там відаць былі сілуэты аўтамабіляў ці, можа, транспарцёраў, на момант бліснула з фары плямка святла, нешта лязгнула, затым плямка патухла.
Хлопцы замерлі і ўслухаліся — самае найпершае пытанне было — хто: свае ці немцы? Гамонка, што сям-там чулася на дарозе, была дужа ціхая, яе нельга было разабраць, але Блішчынскі нейкім адным яму ведамым чынам вызначыў:
— Немцы! Што ж рабіць?
— Трэба ісці. Што ж яшчэ рабіць? — сказаў Цімошкін.
— У абход?
He, у абход было нельга. Убачыўшы іх у снежным полі, немцы, вядома, западозрылі б нядобрае, крыкнулі б, тут бы яны і папаліся. Лепей было прабірацца паўз дамы бліжэй да дарогі і затым — цераз самую дарогу.
Блішчынскі зразумеў гэта, і яны, прыціскаючыся да платоў і будынкаў, падышлі зусім блізка. Апошнім ля дарогі быў ладны з верандаю домік, за драцяной сеткай ля яго тоўпіўся заснежаны калючы хмызняк. Яны прыціснуліся да гэтае сеткі і ўглядаліся ў дарогу.
Цяпер ужо добра відаць было, што на ёй стаяла калона машын. Яны былі дужа вялікія, ці мо так здавалася ў прыцемках, людзей там не бачна было, толькі аднойчы бразнулі дзверцы кабіны і на дарозе з’явілася постаць. Паціху варушачыся ў змроку, яна падышла да дрэва на ўзбочыне. Немец, нібы ўглядаючыся ў іх бок, пастаяў, затым захінуў полы шыняля і вярнуўся да сваёй машыны.
Яны ўсё сядзелі пад агароджай, Блішчынскі, пэўна, баяўся, гэта адчувалася па яго насцярожанай ссутуленай постаці, па злосным шэпце на ўсякі неасцярожны землякоў рух. Хоць і Цімошкіну было нявесела, але ён ведаў, што баяцца і не ўмець схаваць гэтага — па меншай меры нягожа для франтавіка.
— Чортава каламажка! — злаваўся Блішчынскі. — Што ж рабіць?
У прыцемках зблізку відаць было, як ён хмурыў касцісты лоб і сюды-туды паводзіў на фоне снежнае шэрані сваім выразным насатым профілем. Ен шукаў выйсця, намагаўся прыдумаць, як бы выкарабкацца з такога небяспечнага становішча. Цімошкін асабліва не намагаўся што выдумваць, бо ведаў, што нічога, апроч таго, каб перайсці дарогу, яны не надумаюць. Ад таго, як удасца ім гэта, будзе залежаць усё іншае.
— Ну, што? Трэба пераходзіць, — сказаў Цімошкін, чакаючы згоды таварыша. Але Блішчынскі, пэўна, усё не мог пагадзіцца на тое і маўчаў, узіраючыся ў ноч.
— Ну ладна. Толькі вось што, — не дужа ўпэўнена пачаў ён. — Хай хто-небудзь спачатку адзін, як бы ў разведку. A пасля другі. Каб не абоім адразу. Разумееш? Ну, ідзі ты першы.
У Цімошкіна ад тых яго слоў ажно скаланулася нутро — ён зноў адчуў побач знаёмага Блішчынскага, які хітраваў, камбінаваў, каб самому што выгадаць.
— Чаго гэта адзін? Ты што мяне выпраўляеш?! А сам?
— А-а, спалохаўся? — зашаптаў Блішчынскі. — Ну не ідзі, раз баішся. Падумаеш. Я пайду. Але ж у мяне сумка, дакументы, разумееш? Мне нсльга.
Гэта было ўжо занадта. У яго ўжо з’явіліся прычыны і повад, які даваў яму права застацца ў баку ад самага цяжкага. Так ён рабіў некалі яшчэ на вясковым выгане, калі яны хлапчукамі пасвілі гусей. Гусі раз-пораз ішлі ў шкоду, дзеці разам гулялі ў цурку і па чарзе бегалі адварочваць статак. Але калі надыходзіла чарга Блішчынскага, ён заўжды аднекваўся: у яго то балела нага, то круціла ў жываце, то не яго гусі першыя падаліся ў збожжа. Цяпер было тое ж са-
мае. Але марудзіць не выпадала, і Цімошкін, не стрываўшы, падхапіў свой аўтамат.
— Калі так — хай!
Мусіць, ён зрабіў трошкі празмерна, неабдумана, — такая гарачка (сам разумеў) была недарэчы тут, за дваццаць крокаў ад ворагаў. Але ён не хацеў, каб сяржанту здалося, што ён баіцца ці таксама шукае лягчэйшага. I ён рушыў да дарогі, не азіраючыся і не думаючы, як і што будзе далей. Наперадзе чарнеў тупарылы абрыс «мерседэса», за ім быў прамежак крокаў пятнаццаць, і хлопец скіраваў туды. У гэты час ззаду пачуўся шэпт Блішчынскага:
— Пачакай, — пайшлі разам.
Ён дагнаў хлопца, і яны паволі пайшлі ўздоўж агароджы. Вось абрыс машыны паболыпаў, пад прыдарожнымі дрэвамі вышэйшы стаў яе брызентавы дах, Цімошкін сігануў да яго і праваліўся ў занесеную снегам канаву. Блішчынскі ў той час зноў недзе прапаў, але хлопец не азіраўся, зямляк цяпер стаў для яго ненавісны і непатрэбны. Сцяўшы сэрца і стараючыся ступаць як мага спакайней, ён узышоў на дарогу. За шклом у кабіне задняй машыны цьмяна ўспыхнуў і згас агеньчык цыгаркі. У кузаве «мерседэса» нешта грукнула, і сонны хрыпаты голас прабурчаў пад брызентам.
— Рухігер, Гейдаль.
Хуткім крокам Цімошкін перайшоў дарогу, пераскочыў цераз канаву, і яго сэрца, абмершае дагэтуль, раптам абнадзеена і скоранька затахкала ў грудзях. Хацелася бегчы, але ён, ледзьве стрымліваючы сябе, ішоў памалу. Ззаду зноў пачулася зморанае дыханне — гэта бег Блішчынскі. Ен дагнаў, палахліва азірнуўся і пачаў хутка апярэджваць хлопца.