Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Цімошкін залез глыбей пад застрэшак, захінуў шынялём руку і, дрыжучы ўсім целам, з агідай і непрыязнасцю глядзеў на Блішчынскага. А той, нібы зусім не адчуваючы свае агіднасці, паныла і злосна сядзеў, падкурчыўшы пад сябе калені, і зорка пазіраў у поле.
— Д’ябал яго ведае, як усё бязглузда сталася? Ты разумееш? Усё ішло ладна, і вось на табе. Добра, што я ў нядзелю ўзяў рэкамендацыю ў маёра. Цяпер у нябожчыка не возьмеш, — сказаў ён.
Цімошкін зноў насцярожыўся.
— Якую рэкамендацыю?
Сяржант зірнуў на яго, бы на якога не вартага ўвагі недаростка, і зноў, пазіраючы ўдалячынь, неахвотна сказаў:
— У партыю, вядома.
— У партыю? Ты?
— Ну а што ж? Чаго дзівуешся? Ты што, думаеш, не прымуць? Хе. А ты спытай у штабе, што такое пісар артчасці Блішчынскі. Табе скажуць. I нампаліт, і начштаба, і маёр Андрэеў сказаў бы. Разумееш? Што я, справы сваёй не ведаю? Ці малапісьменны? Камсамолец, былы партызан, актывіст. Улічы, я адзін у штабе з незакончанай вышэйшай адукацыяй. А што ты думаў?
Цімошкін няўцямна пазіраў на сяржанта і думаў, што сёння яго больш ужо нічым не здзівіць гэты чалавек. Хлопец ужо зразумеў, які стаў ягоны зямляк за той час, як яны разлучыліся з ім у запаспым палку. Ён ведаў, што Блішчынскага ўжо не пасароміш нічым, ні ў чым ён не раскаецца, ён нават і крыўдаваць не ўмеў за абразу, хоць, здаецца, і не лічыў сябе вінаватым. I ўсё ж Цімошкін сказаў яму:
— Ты шкурадзёр, жулік, п’яўка. Цябе ж усе таварышы
ўзненавідзяць! 3 такімі поглядамі цябе за сто вёрст да партыі не пусцяць.
Сяржант выплюнуў саломіну, павярнуўся да земляка — у яго вачах тлела іранічная ўхмылка разумніка.
— Смела сказана. Надзвычай. Толькі чаму я п’яўка? I чаму не пусцяць? Давай заложымся. Хочаш? Ну? Эх ты, малеча! — уздыхнуў ён ужо з ціхім сумам. — Што табе тлумачыць? Жыцця ты не ведаеш, пацан.
— Калі ты ведаеш, дык чаму ж на сходах не абвясціў тое, што тут кажаш? Тады дык ты, нябось, па газеце шпарыў. Быў вунь які гладзенькі, ціхенькі, усё хваліў і падтрымліваў...
Цімошкін ажно калаціўся — і ад сцюжы і ад злосці да гэтага надзвычайнага цыніка.
— Падтрымліваў! — перадражніў Блішчынскі. — Што я, дурань на ражон лезці? На сходзе я казаў, што ўсе казалі. Што нампаліт даручыў. Я ж салдат усё-такі. Камсамолец і так далей. Ды што табе тлумачыць, хіба ты зразумееш?
— Што разумець? Злыдзень ты!
Здавалася хлопцу, ён болей, чым хто-небудзь, ведаў гэтага хітрага нягодніка, свайго земляка, і ў той жа час да канца яго зразумець было нельга. Напэўна, кожная яго мазгавая выкрутасіна мела сваю адносіну да свету, свой адметны ад людскога намер, увесь ён быў сплецены з разліку, фальшу і хітрасці. Але Цімошкін ніколі не чуў, каб ён так выварочваў перад кім сваё нутро, — цяпер жа, невядома па якой прычыне (можа, таму, што яны трапілі ў пастку, з якой не відаць было выйсця, ці, можа, ад доўгае зацятасці ў сабе сваіх паганых думак), Блішчынскі разгаманіўся і толькі нудзеў ды гугнявіў пра сваё жыццёвае крэда.
— Д’ябла лысага ты разумееш! Ты проста недалёкае хлапчанё, тупак і недавучка, — казаў сяржант. — Што там у цябе — 9 класаў? А я філасофію вывучаў, мудрасць жыцця. Mae бацькі — сам ведаеш — мужыкі. Як жылі? У цемры, нястачы — праца, крупнік, лапці. Што і казаць! Але той час мінуў, і я хачу жыць лепей. Вырвацца ў людзі. Пэр ангуста ад аўгуста — праз цяжкасці да вышынь, разумееш? I я ж не забіваю каго, не краду, не рабую. Я сам па сабе. Што тут дзіўнага?
Цяпер я вось кажу табе гэта, бо ты ўсё ж зямляк, хоць і такі калючы. Зноў-такі нас двое, сведак няма, а вунь немцы. Ды і колькі такіх, як я? Толькі яны не скажуць. Яны ў сабе жывуць і для сябе. Думаюць адно, а гавораць другое. Адны дурні адкрытыя і роўныя, як бёрны.
Цімошкіну дужа захацелася ўстаць і пайсці ад яго — пайсці да іншых людзей, такіх, што былі ў іхнім разліку — да Шчарбака, Скварышава... Нават Здабудзька здаўся цяпер яму простым харошым дзядзькам. Але пайсці не было як. Ззаду, наперадзе і па баках былі ворагі, Шчарбак прапаў недзе ў снегавой ночы. Скварышаў, Кеклідзе засталіся навек у тым вузкім ровіку на іхняй агнявой пазіцыі. I толькі ён — гэты смоўж, самы агідны яму з дзяцінства чалавек, сядзеў праз крок ад хлопца ў гэткі гаротны час і спавядаўся гідотаю свайго жыцця. I Цімошкін яго слухаў, бо што ён мог зрабіць адзін у гэтай бядзе?
«Эх, Ваня, Ваня, дарагі ты мой, любы сябра, — думаў ён. — Як ты патрэбны мне ў гэты час! Мы пахавалі з табой палавіну нашых сяброў, бачылі смерць кожнага і ведалі, дзе іх магілы. Але што я напішу тваёй маці, калі ўшанцуе мне выбрацца да сваіх? Быў бы ты тут, не было б мне гэтулькі клопату, пры табе не стаў бы плясці такое агіды Блішчынскі. Пэўна, ён прыкусіў бы язык ды казаў бы другое — хваліўся б добрымі справамі, якія б напэўна выдумаў. Ты, вядома, не даў бы яму плявузгаць, а ў мяне ўжо няма больш сілы спрачацца...»
Блішчынскі тым часам устаў на ногі, крыху прыгнуўшыся, абышоў сцірту, аглядаючы наваколле. Немцы на выспе снавалі ўсё, як мурашкі, ззаду па дарозе імчалі аўтамабілі ў кірунку да фронту. У снегавым прасторы яшчэ паяснела, але неба было скрозь захутана шэрасцю хмар: дзьмуў сцюдзёны марозны вецер. Грышка зноў сеў, уціснуўся спіною ў салому, падкурчыў ногі і сцішыўся. Прыцярпеўшыся да болю ў руцэ, Цімошкін заплюшчыў вочы — у галаве салодка закружылася, паплыло, і неяк раптоўна ўсё сціхла.
Ён задрамаў, сам таго не заўважыўшы, бы праваліўся ў якую бездань — без сноў і адчування часу. Праўда, спаць, здаецца, давялося нядоўга. Пастаянная ўнутраная насцяро-
жанасць хутка скаланула акалелае цела, ён спалохаўся, каб чаго не здарылася, і расплюшчыў вочы.
Ля сцірты ўсё было па-ранейшаму, скуголіў, шалясцеў саломаю вецер, Блішчынскі зябка скурчыўся побач, уткнуўшы твар у калені. Поле скрозь ляжала пустэльнае, на дарозе ззаду сюды-туды поўзалі аўтамабілі, ды на ўзгорку ўсё тырчалі немцы. У полі, навокал, на ўсю сілу кружыла мяцеліца, снегавыя вужакі віліся, матляліся, распаўзаліся па роўнядзі; вылізваючы прастор, няспынна імкнулі ўдалячынь шырокія хвалі завеі. Ад пакінутай бочкі са штампаваным у дне надпісам «Wehrmacht» выцягнулася ў полі выгінастая снегавая гурбіна. У ёй напалову схавалася нерухомая конская спіна, ногі, толькі пасмы чорнае грывы трапяталі, біліся на ветры, нібы ў іх яшчэ асталіся некія рэшткі жыцця. He тое каб Цімошкін спачыў, але драмаць болей не адважыўся, тым больш што трэба было глядзець, каб не трапіць у горшае ліха.
Блішчынскі спаў, соладка пасопваючы сабе ў калені, нанерваваўшыся і, пэўна, першы раз па-сапраўднаму адчуўшы крушэнне ўласных разлікаў.
Трэба ж было даўмецца да такога нахабства, думаў Цімошкін, каб палезці нават у партыю. Хлопец заўжды лічыў, што такім, як Блішчынскі, не месца нават у камсамоле, што для гэтага ў яго не вельмі чыстыя рукі і бруднае сумленне, а ён — на табе — ужо здабыў рэкамендацыі ў партыю. I першы рэкамендуе яго непасрэдны камандзір, начальнік артылерыі маёр Андрэеў.
Цімошкін пакутліва згадваў, як усё гэта магло здарыцца, і тады з забыцця нечакана выплыў адзін Грышкаў учынак, які некалі непрыемна ўразіў яго. Тое адбылося яшчэ ў абароне ў Малдавіі. Неяк трапіўшы ў штаб, Цімошкін захацеў пабачыць свайго земляка і пайшоў шукаць яго па камандным пункце. Блішчынскі, пэўна, вяртаўся з хутара, і хлопец спаткаў сяржанта з поўнай пілоткай абрыкосаў, якую ён нёс перад сабою між штабных зямлянак. На яго, вядома, накінуліся пісары, што з вясны сядзелі тут у зямлі і, апроч кукурузы і свіное тушонкі, не бачылі іншае ежы. Але Блішчынскі, смеючыся, адбіўся, выкруціўся і неўзабаве нырнуў са сваёю
пілоткай у зямлянку маёра Андрэева. Цімошкін чуў праз завешаныя палаткаю дзверы, як маёр няёмка аднекваўся, a пасля гэтак жа нязвыкла дзякаваў пісару, відаць, узяўшы тыя абрыкосы. Хутка Блішчынскі выйшаў адтуль, задаволена ўсміхаючыся, надзеў на голаў парожнюю ўжо пілотку і хітра падміргнуў земляку. Хлопцы на перадавой не мелі такой раскошы, Грышка ведаў гэта, але, як і ўсіх, ён абышоў Цімошкіна, несучы свой пачастунак маёру. Відаць, гэта было не адзін раз, і, вядома, сэрца чалавечае — не камень. Блішчынскі ўмеў падладзіцца, лісіцай падпаўзці да чалавека і паказаць сябе зусім іншым, чым быў сапраўды. Доказ таму — гэтая вось рэкамендацыя.
Цімошкін захутаў шынялём калені, глыбей у каўнер схаваў падбародак і зноў сказаў сам сабе: ліха яго бяры! Хацелася не думаць аб гэтым, забыцца, выкінуць земляка з галавы, але думкі самі сабой настойліва таўкліся ў свядомасці.
Бач ты яго, нацэліўся на афіцэрскія курсы. Вядома, разлік тонкі: праз некалькі месяцаў вайна скончыцца, і ён гэты час перабудзе дзе-небудзь у тыле, будзе вучыцца. Ён клапоціцца ўжо цяпер, як уладкавацца ў пасляваенным жыцці (у тым, што выжыве, ён быў упэўнены), у яго ўсё разлічана на шмат год, спланавана, абдумана. А Цімошкіну з Ванем Шчарбаком трэба толькі адно — дажыць да канца вайны. Толькі б адужаць як гэтае крыважэрнае фашысцкае кодла, дачакаць перамогі, выжыць, убачыць хоць бы адзін мірны дзень без страху і крыві, і болей, здаецца, нічога не трэба. Яны згодны на ўсякую працу, на любое месца ў жыцці, ім усюды быў бы жаданы рай пасля таго пекла, якое яны перажылі на фронце.
Балела, ныла, торгала Цімошкінава рука, адубелі ногі ў закасцянелых ад марозу ботах; вецер, здавалася, наскрозь пранізваў яго несамавіты шынелак. Скрозь шархацела, віравала завея, у сцірце, пэўна, ад сцюжы, папісквалі мышы. У хлопца ўсё скалянела, але ён ужо прывык да холаду, голаду і болю, наставіў каўнер, трываў і думаў. Спакой і развагі аб Блішчынскім разварушылі ў Цімошкіна затоеныя мары пра далёкае, недасяжнае пасляваеннае жыццё.
Дзіўна ўсё ж уладкаван чалавек. Іхнія жыцці ледзь не на
валаску віселі ў той час, скрозь былі ворагі, цяжка было дажыць да вечара, каб як ратавацца далей, а яго думкі забягалі далёка наперад — у той запаветны час, калі ўжо не будзе вайны. I ведаў жа ён, што сёння кожную гадзіну іх магла напаткаць смерць, але ўсё роўна не меў сілы ўтрымаць свае думкі-клопаты толькі на тым, як здабыць паратунак Думалася, што будзе ж некалі — і мабыць ужо недалёка — канец вайны, перамога, і настане іншае, не падобнае на вось гэта — звычайнае людское жыццё. Хацелася ўжо цяпер асэнсаваць яго, даўмецца, што трэба яму ад таго жыцця і якім ён хоча яго для людзей і сябе?