Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
I варожая грэблівасць на твары акулярыстага змянілася тады трывожнай зацятасцю. Афіцэр выняў з кішэняў рукі і ступіў да маёра:
Что ты сказаль, сабака?
Тое, што чулі. Мы забілі Вірта, спалілі Баркі.
Немец сцяў вусны і ўдарыў параненага ботам у грудзі. Маёр глуха войкнуў, і з яго рота на снег хутка выслізнуў вузкі струменьчык парнай крыві. Валодзькін знячэўку ўскрыкнуў, гарачае абурэнне і спалох за чалавека шыбанулі ў яго пачуцці ён кінуўся да таварыша. Але нехта ззаду выцяў яго, і хлопец з размаху грымнуўся на дарогу.
А наўкола ўсё замітусілася, злосцю скрывіліся касцістыя твары ворагаў, яны накінуліся на траіх знясіленых бездапаможных людзей. Іх білі ботамі, таўклі кулакамі, прыкла-
дамі; рвучыся, трашчала вопратка. Валодзькін толькі сашчапіў сківіцы і трываў, стогнучы, чакаў канца. Дзіўна было, але гэтае варожае шаленства, народжанае помслівай злосцю, здалося куды лягчэйшым, чым той пагардлівы салдацкі рогат. «Біце, біце, трэскайцеся ад злосці, знайце, хто мы,нема крычала хлапечае сэрца, — забівайце, усё роўна цяпер вам не будзе лягчэй». Але раптам між злоснай лаянкі чужынцаў прагучаў спалоханы крык Івашова:
— Ой, завошта!!! Завошта!!! Ён хлусіць! Маёр хлусіць! He білі мы нікога, не бачылі...
Афіцэр скамандаваў нешта, і валтузня навокал спынілася. Валодзькін аднак усё курчыўся на снезе ад балючага ўдару ў жывот.
Что ві хацель сказаць? — звярнуўся пласкагруды перакладчык да паваленага Івашова. Той нязграбна ўзняўся і хуценька, нібы баючыся, што яго не выслухаюць як трэба, загаварыў акулярыстаму афіцэру.
Пан афіцэр... пан афіцэр... Няпраўда. Маёр знарок. Ён выдумляе... He бачылі мы ніякага оберштурмбанфюрара... Мы ледзь жывыя, а ён... камандзір...
Валодзькіну здалося, што ён трызніць. Спачатку ён здзівіўся ад тых Івашовых слоў, але неўзабаве неспатольная злосць на таварыша ўзбунтавала хлапечыя пачуцці. Ён імпэтна рвануўся да афіцэраў, да гэтага труслівага Івашова, якога ўжо абступалі немцы. I, нечакана адчуўшы, што гэты агідны чалавек вырве ад іх такую неспадзяваную перавагу над ворагам і зусім прынізіць іх годнасць, Валодзькін з усяе моцы закрычаў у варожы натоўп:
Няпраўда! Гэта ён хлусіць! Ён трус! тыцкаў ён пальцам у Івашова, які, выціраючы ад снегу твар, усё казаў нешта. Перакладчык, афіцэры, салдаты азірнуліся на яго і змоўклі, пэўна, не ведаючы, як іх разумець. А Валодзькін на здзіўленне ім кінуў новыя словы — кінуў цвёрда і з перакананнем сваёй праўдзівасці, з годнасцю чалавека, далёкага ад хлусні.
He слухайце яго! Ён сам страляў у вашага обера.
Плоскі немец пераклаў тое, афіцэр недаверліва паглядзеў на Івашова, затым на Валодзькіна, зірнуў на гадзіннік
у рукаве і прамовіў нейкі загад. Ён, відаць, паспакайнеў ад першай сваёй злосці і цяпер распараджаўся дзелавіта і роўна.
Салдаты, нешта гамонячы, падаліся да сваіх машын, ля палонных засталіся трое. Яны знялі з-за плячэй карабіны, і кастлявы яфрэйтар з халоднымі, асалавелымі ад строгасці вачыма голасна крыкнуў:
Маршырэн, думес фі!1
Ён балюча тыцнуў Валодзькіна прыкладам у спіну, даючы тым самым зразумець, куды трэба ісці, штурхнуў у каршэнь Івашова і з тым жа апантаным крыкам ударыў абцасам нерухомага маёра. Аднак зацярушаны снегам маёр ляжаў сцішаны, строгі і маўклівы.
Валодзькін праглынуў тугі горкі камяк у горле, прыжмурыў вочы ад прыліву слабасці і жалю. Але хлопца зноў штурхнулі і пагналі ў той бок, адкуль прыйшлі машыны. Ён абочынай мінуў іх і паціху пайшоў далей па перамеценай завеяй дарозе.
Пакрысе аднак Валодзькін спакайнеў. Ён прывыкаў ужо да непазбежнасці свайго лёсу, усё болей раставала ў душы недасяжная мара жыць. Заклаўшы рукі назад, як таго дамагаліся канваіры, ён аднак затаіў у сабе нескароную ўпартасць і ўжо амаль верыў у тыя маёравы словы, што так збянтэжылі гітлераўцаў. I хоць не ўдалося яшчэ небараку Валодзькіну нарабіць асаблівай шкоды фашыстам, ад таго, што ворагі бачылі ў ім нейкага змагара, было болей рашучасці і болей сілы ў душы. Ён не спадзяваўся на іхнюю літасць, ведаў — заб’юць, і не шкадаваў сябе, а ўсё болей уваходзіў у ролю таго, каго бачылі ў ім немцы. Ён вышэй узняў сваю галаву, азірнуўся на насцярожаных канваіраў іх празмерная пільнасць здалася яму нават прыемнай.
4
На шэрым засмужаным небасхіле з’явілася сіратлівае няяркае сонца. Яно разы два бліснула невясёлай усмешкай
1 Марш, быдла!
і, бяспромнае і маркотнае, сціснулася ў маленькую жоўтую плямку ўгары. Завея тым часам паменшала, упрыгожанае снегавымі выкрутасамі, ціха ляжала застылае поле.
Старшы трох канвойных яфрэйтар з доўгім, кастлявым, бы конскім, тварам не зводзіў халоднага позірку з двух згорбленых знясіленых постацей. Ён часцей за іншых крычаў «шнэль!» і часцей штурхаў прыкладам Івашова і Валодзькіна. Другі канвойны нізкарослы ўкормлены немец з свінячым выразам белабрысага зашчаціненага твару усё нешта жаваў, дастаючы з кішэні. Ён, відаць па ўсім, быў лянівы на рухі і словы, але ніколі не мінаў штурхнуць Івашова, які, адстаўшы, апынаўся ля яго. Рабіў ён гэта не рукамі, якія вымаў з кішэняў толькі каб пхнуць у рот чарговую порцыю ежы, і не карабінам, што няспрытна вісеў за спіной на доўгім рэмені — штурхаў ён нагой. Гэта выходзіла ў яго хлёстка і, відаць, з сілай, бо Івашоў пасля такога штуршка некалькі крокаў потырч ляцеў па дарозе. Трэці канвойны ішоў ззаду, ён маўчаў, і на яго пажылым чарнявым твары ляжаў выраз невясёлай задумы.
Валодзькін не вельмі цікавіўся варожымі справамі, іх салдацкай балбатнёй яго асабісты лёс быў ясны. Праўда, да палоннага даляцела некалькі зразумелых фраз, і ён даведаўся, што іх вядуць у горад, дзе павінны здаць у штаб нейкай зондэркаманды. Што там чакала яго, ён ведаў пэўна, бо за паўгода палону добра засвоіў фашысцкую завядзёнку распраўляцца з вінаватымі.
У нейкай невялічкай лагчыне, дзе дарога больш за іншыя месцы была завалена снегам, Івашоў спатыкнуўся і ўпаў. Ля яго адразу спыніўся ўкормлены і, ганяючы сківіцамі жаўлакі, абыякава, без злосці, ударыў ботам у бок.
-	Штэе аўф, абер шнэль!2
Івашоў скрывіўся ад болю, узняўся на адну руку і зноў заплакаў, як плакаў пад тым пагоркам у полі. Канвойныя спыніліся на дарозе, Валодзькін таксама стаў зводдаль.
2 Паднімайся, жыва!
-	Паночак, камарад, завошта? Мы ж нявінныя... Злітуйцеся, пусціце мяне... Пусціце...
-	Гэ, чаго захацеў, буркнуў Валодзькін,— He ламайся, не ўпросіш.
Але Івашоў прасіў. Ён, пэўна, адчуў, што сілы яго ўжо невялікія, што многа ён не пройдзе, і чалавек слязьмі і просьбамі думаў вымаліць сабе паратунак.
Укормлены праглынуў сваю жованку і запытальна зірнуў на яфрэйтара. Той нешта гыркнуў гучным ад лютасці голасам і зняў з пляча карабін.
-	Аўфштэен! Форвэртс!3
Ён наставіў карабін у голаў палоннага і злінялымі сваімі вачыма з хвіліну свідраваў яго. Цяжка варушачыся, Івашоў устаў, але ногі яго бяссільна запляталіся, і ён няўпэўнена ступіў некалькі разоў. Валодзькін гідліва плюнуў на дарогу — ён не шкадаваў былога таварыша, не мучыў сябе дакорамі, што той быў доўгі час блізкі яму, гідлівасць зацяніла ў ім усе пачуцці да гэтага чалавека.
Праз нейкі час Валодзькін зноў спыніўся ад крыкаў ззаду Івашоў, распластаны, ніцма ляжаў на снезе, голасна екатаў нешта і плакаў. Валодзькіну стала вельмі прыкра і горка ад усяго гэтага, і ён адвярнуўся. Захінаючыся ад сцюдзёнага ветру, з хвіліну ён слухаў то роспачны лямант зняможанага Івашова, то разлютаваны крык старшага канваіра. Затым нечакана грымнуў стрэл, і крыкі сціхлі. Калі Валодзькін азірнуўся, яфрэйтар, лязгаючы затворам, выкідаў з карабіна гільзу — на зямлі ляжала скурчанае нерухомае цела Івашова.
Ад прыкрасці Валодзькін толькі ўздыхнуў ні жалю, ні самага маленькага спачування не засталося ўжо да гэтага недарэчнага таварыша. Ён хацеў ісці далей, але канваіры паклікалі яго да забітага, загадалі адцягнуць труп з дарогі. Хлопец пачакаў, пакуль укормлены абшукаў кішэні дзіравае світкі нябожчыка, і потым зрабіў тое, чаго патрабавалі ворагі.
3 Устаць! Наперад!
5
Глухая, малаезджаная дарога ўсё вілася і вілася між пералескаў, пагоркаў, балацявін. Побач не відаць было ніводнае вёскі, і невядома, дзе быў той горад, куды вялі дваццатага ўцекача.
Адразу пасля забойства Івашова Валодзькін заўважыў, што немцы чагосьці сварацца. На яго яны не дужа звярталі ўвагі, ён ішоў сабе наперадзе, а канвойныя нешта злосна спрачаліся між сабой. Валодзькін не азіраўся, але ён пазнаваў ужо голас кожнага і цяпер чуў, што неразгаворлівы дагэтуль чарнявы нешта стрымана і незадаволена бурчаў ззаду. Ён чымсьці абураўся, і яфрэйтар раздражнёна гыркаў на яго. Укормлены болып маўчаў, толькі зрэдку ўстаўляў у спрэчку некалькі слоў.
Хаст ду тот гешляген, ганц рыхціг!4
— Філляйхт іст эр уншульдзіг? Воцу зо граўзам?5 даводзіў чарнявы.
Філе гефалленэ, венігэ лебендзігэ зо фордэрт унзэр фюрэр! гыркаў яфрэйтар. Зольст ду маўль кальтэн, Лорэнц!6
— Альзо ляс ін аўх нідэр!' раздражнёна кідаў чарнявы.
Біст ду фэрукт гевордэн, ду цівільку! Вен абер вэрдэн вір цум хэрн оберштурмфюрэр хэрбайшлепэн? злаваўся старшы. Ім мілітэр мус ман я дэнкэн, унд цвармер, альс бай дэн бюхляйн!8
4 Забіў, і добра!
5 А можа ён не віноўны? Навошта так люта?
6 Больш забітых менш жывых, так патрабуе фюрар! А ты маўчы, Лорэнц!
7 Дык распраўся і з ім!
8 Ты з глузду з'ехаў, цывільная карова! Каго ж мы тады прывядзём да пана оберштурмфюрара? У вайсковай справе трэба думаць — і куды больш, чым за кнігамі!
Балодзькін не ўсё зразумеў з гэтай сварлівай гамонкі, але галоўнае ён усё ж сцяміў і з цікаўнасцю азірнуўся. На тварах дваіх яфрэйтара і чарнявага ляжала раздражненне, толькі ўкормлены абыякава плёўся ззаду і ўсё He­rnia поркаўся ў кішэнях. Валодзькін коратка затрымаўся позіркам на чалавеку, які гэтак нечакана заступіўся за іх. Штосьці было ў яго твары разважнае і нязлоснае, нават нешта пакутнае, і тады гэты чалавек нагадваў Валодзькіну другога немца лагернага шафёра, які зусім інакш, чым астатнія ворагі, адносіўся да палонных. Ён не крычаў ніколі на іх, не лаяўся, здаралася, калі не бачылі іншыя прыганятыя, соваў якому бедаку кавалак бутэрброда ці недакурак [цы]гарэты. Палонныя, як трэба, ацанілі яго дабрату і яго рызыку і вельмі паважалі гэтага незвычайнага немца. Цяпер па нейкім унутраным руху чарнявага хлопец адчуў незразумелую яшчэ еднасць яго і таго лагернага шафёра, і ад гэтага нечаканага адкрыцця крышачку святлей стала на душы. Неяк быццам паменшала тая адзінота, якая мімаволі самотна з’явілася ў яго сэрцы пасля забойства Івашова.