Поўны збор твораў. Том 7
Апавяданні
Васіль Быкаў
Памер: 480с.
Мінск 2009
Ужо, мабыць, пад поўдзень з небасхілу ярка бліснула зімовае сонца, і снегавое поле заіскрылася алмазным россыпам калючых блішчынак. Валодзькін зусім ужо прыбіўся і ледзьве-ледзьве клыпаў, прагнучы хоць якога-небудзь канца гэтым пакутам. Канвойныя, пасварыўшыся, доўга ішлі моўчкі — яны таксама прытаміліся, і ля трох разгатых сосен, што стрэліся ім збоч дарогі, яфрэйтар крыкнуў: «Аўсруэн!»9. Ён стомлена бухнуўся задам у снег, ля яго размясціліся салдаты. Валодзькін таксама сеў непадалёку і з-пад ілба зацята пазіраў на ворагаў.
Укормлены канваір, відаць, ужо з’еўшы ўвесь свой правіянт, зморана разлёгся на снезе, а яфрэйтар з чарнявым дасталі з сумак харч і пачалі сілкавацца. У Валодзькіна раптам пацякла слінка, і ён, каб не пакутаваць залішне, адвярнуўся. Але вось нехта ззаду падышоў да яго і далікатна, нібы па-сяброўску, крануў за плячо. Валодзькін здзіўлена павярнуў галаву і блізка ля свайго твару ўбачыў жаўтава-
9 Прывал!
ты, хрумсткі сухар, які давау яму пажылы чарнявы канваір. Валодзькін вельмі здзівіўся, яго рукі ўхапілі пачастунак, a немец, коратка зірнуўшы на хлопца, сеў на сваё месца ў снезе. Валодзькін толькі ўпіўся зубамі ў сухар, з незвычайнай асалодай адчуваючы ў роце яго гаркаваты смак, як з долу ўскочыў яфрэйтар і моўчкі размашыста выцяў Валодзькіна. Ледзь накушаны сухар вылецеў у снег, а з разбітых вуснаў палоннага палілася кроў.
Раптоўны гнеў і крыўда ўзарвалі хлопца, патроілі яго сілы, і ён дзіка закрычаў проста ў нялюдскі канячы твар:
Гад ты! Звер! Фашыст! Ірад! Шваін,— крычаў Валодзькін, выкарыстоўваючы ўвесь запас знаёмых абразлівых слоў. Немец зноў рвануўся да яго і зноў выцяў, але ўжо не так балюча, бо Валодзькін паспеў утуліць галаву ў плечы і толькі хіснуўся. Ён чакаў і яшчэ ўдараў, гатовы быў на самае страшнае катаванне усё роўна ён крычаў бы абразу ў гэты паганы твар. Яфрэйтар, сцяўшы кулакі, стаяў побач і тросся ад злосці, але не біў болей, a ззаду за ім перасцерагальна крычалі двое падначаленых:
- Кук маль, біст ду фэрукт гэвордэн!10 — гнеўна насупіўшы бровы, казаў чарнявы.
- Ота, ляс ін ін руэ! Эр кант ніхт геен, ман мус ін ві аін зак трагэн11,непакоіўся ўкормлены, седзячы ў снезе.
I добра яшчэ не зразумеўшы ў гарачцы, Валодзькін адчуў, што з’явілася нейкая новая акалічнасць, якая, здаецца, змяншала сілы ворагаў і абараняла яго. Нездаволена сцяўшы конскія сківіцы, яфрэйтар дастаў з кішэні закурку, a хлопец, цяжка дыхаючы, ужо ведаў, што ён нейкім чынам не падуладны гэтаму зверу-фашысту. I зразумеўшы гэта, Валодзькін так узрадаваўся, што аж засмяяўся сам сабе гэта напоўніла яго новай адвагай і надало новыя сілы.
- Эй, ты, фашыст, Гітлер капут! зноў закрычаў Валодзькін,Гітлер шваін!
10 Глядзі ты, з глузду з’ехаў!
11 Ота, пакінь яго ў спакоі! Ён жа не здолее ісці, і нам прыйдзецца цягнуць яго, як мяшок.
Немцы спалохана азірнуліся, быццам хто мог падслухаць іх у гэтым зімовым полі, а Валодзькін, мабілізаваўшы ўсё тое, што ведаў з нямецкаіі мовы, злосна крычаў:
Гітлер капут! Герынг капут! Фашызм капут! Ротэ армее сіген! Бліц крыг! зларадна рагатаў палонны,Кукіш вам, во! Капут вам, праклятыя дойчы! Москаў сіген!
Чарнявы змрочна маўчаў, а ўкормлены з яфрэйтарам збянтэжана пераглянуліся, не ведаючы, пэўна, што рабіць з гэтым нескароным палоннікам. Потым яфрэйтар нешта закрычаў на яго, заляскаў затворам і наставіў у Валодзькіна карабін, але той аж захліпаўся ад невыказнага зларадства. Яго зусім не палохалі гэтыя захады канваіра, і ён з кароткімі перапынкамі ўсё крычаў лютыя праклёны ворагам.
Урэшце старшы канваір, відаць, страціў цярпенне. Бачачы, што напалохаць палонніка не ўдасца, ён дзіка вызверыўся сваёй кастлявай фізіяноміяй, вочы яго замуціліся ад шаленства, і ён замахнуўся прыкладам. Нібы раз’юшаны сабака, накінуўся фашыст на Валодзькіна. Разоў колькі ён моцна ўдарыў хлопца, у вачах таго бліснулі іскры, зацяло дыханне, ён паваліўся ў снег. Але гэта не пахіснула яго намеру супраціўляцца, прагнасць дапячы ворагу ўзмацнялася разам з болем, які прычыняў яму немец. I ён, задыхаючыся, праз стогны і енкі, крычаў, шаптаў тое, што цяпер так бянтэжыла ворага.
Невядома, чым скончыўся б гэты няроўны паядынак, калі б у той час не ўскочыў з долу чарнявы і моцным рыўком за плячо не адкінуў яфрэйтара ад яго ахвяры. Нібы звер, якога адрываюць ад свежай крыві, гітлеравец рвануўся з яго рук, нешта крыкнуў падначаленаму і, калі гэта не падзейнічала, наводліў стукнуў яму прыкладам у грудзі.
Прагна хапаючы ротам паветра, Валодзькін якраз узнімаўся з долу і бачыў, як нядобрым агнём успыхнулі строгія вочы чарнявага і як ён, хіснуўшыся, спрытна ўзмахнуў карабінам і з крэктам, як гэта выходзіць у дрывасекаў, апусціў яго на яфрэйтара. Той кінуў зброю, аберуч схапіўся за галаву і, надламаўшыся ў каленях, выцягнуўся на снезе.
Раптоўная магчымасць адпомсціць, быццам на крыллях, падхапіла Валодзькіна з зямлі, зацьміла боль, і ён у
два скокі апынуўся ля варожай зброі. Ён не думаў тады ні пра небяспеку, ні пра свае шанцы перамагчы увесь свет ад яго засланіў нялюдскі скрыўлены твар яфрэйтара. У марозным паветры грымнуў стрэл з варожага карабіна немец, што дагэтуль грэбаў на снезе рукамі, здрыгануўся і заціх.
Перазарадзіўшы карабін, Валодзькін адскочыў убок і, гатовы да бойкі, прысеў на зямлю. Раптоўным магутным выбухам узнікла ў ім прытушаная ўжо прага жыць. Неадольная і ўладарная, яна сваёй хмельнай, апантанай рукой узняла хлопца, які нечакана адчуў сябе спрытным і дужым. Але ворагі чамусьці не кідаліся на яго. Чарнявы ў першае імгненне быццам аслупянеў над забітым, а потым, штосьці сцяміўшы, крутнуўся да трэцяга канваіра. Той, спалохана лыпаючы вачыма, заікліва мармытаў нешта, круціўся ў снезе на сваім тоўстым задзе і ніяк не мог узняцца з долу. Чарнявы нешта пагрозліва крыкнуў, падскочыў, выхапіў з яго вінтоўкі затвор і кінуўся на дарогу.
Валодзькін толькі тады скеміў, хто ўратаваў яго, і адразу быццам апамятаўся. Ён хуценька ўскочыў і, апасліва пазіраючы на тоўстага, кінуўся за сваім збаўцам.
Немец шпарка крочыў па цвёрдай снегавой цаліне, за ім з карабінам пад пахай спяшаўся Валодзькін. Ён не ведаў, што зробіць з ім яго канваір, не ведаў, ці варта зусім давярацца яму, але агульны ўдзел у нядаўняй сутычцы з’яднаў іх, і хлопец адчуваў у чарнявым свайго саюзніка.
Так, крывуляючы з пагорка на пагорак і штораз азіраючыся, яны дасягнулі хваёвага ўзлеску. Лес, відаць, быў стары і вялікі. Растапырыўшы ў бакі кашлатае сучча, цесна стаялі запарушаныя снегам яліны, з узлеску некуды ў глыб змрочных нетраў вялі сцяжынкі воўчых слядоў. Тут немец спыніўся, павярнуўся да зморанага, узрушанага і абнадзеенага Валодзькіна і паклаў яму на плячо сваю руку.
Как твой фаміль? Вальодкін? Надо убегіваць, Вольодкін. Этот Лепечанск пушч,— паказаў ён на лес.— Там рус партызан, многа партызан. Ты будэш партызан, будэш крыг фашызм.
Ён падаў былому палонніку руку, і Валодзькін з нечаканым жалем узяў яе, а ў грудзях зашчымела сэрца ад прадчування адзіноты і ростані з гэтым загадкавым чужым чалавекам.
— А як жа вы? запытаў хлопец. Унд вохін зі?
Немец сумна ўсміхнуўся куточкамі вуснаў, моўчкі махнуў на развітанне і таропка пакрочыў па ўзлеску. Валодзькін апошні раз паглядзеў на дарогу, дзе на пагорку пад трыма соснамі ўсё яшчэ сядзеў збянтэжаны ўкормлены немец, і таксама падаўся ў лес. Хутка заснежаныя галіны зусім затулілі яго.
1958 г.
Загад
Сувязі не было ўжо дваццаць хвілін.
Дваццаць хвілін тэлефаніст Пятрашкін, сагнуўшыся ў куце бліндажа над палявым камутатарам, то патрабавальна, то ласкава, то звонкім хлапечым крыкам, то шэптам паўтараў у запацелую трубку самы патрэбны цяпер у свеце пазыўны — «Клён». Але «Клён» маўчаў, загадкава стаіўшыся недзе на другім канцы провада. Затое суседні на камутатары клапан з карандашным надпісам «Волга», амаль не закрываючыся, ліхаманкава дрыжаў: д-р-р-р-р, д-р-р-р... Да самага нутра працінала Пятрашкіна гэтае дрынканне, і ён раз-пораз таропка пераключаў штэпсель і ад прыкрасці так сціскаў у азяблым кулаку трубку, што аж бялелі суставы на пальцах. Прыгнечаны ўласным бяссіллем, тэлефаніст з маўклівай пакорнасцю слухаў далёкі сярдзіты голас дваццаць першага — іхняга камандзіра палка:
Чорт вазьмі, калі вы дасце «Клён»? хрыпеў у трубцы яго нягучны суровы бас. Дзе начальнік сувязі?
Капітан Полазаў не чуў таго, але па нейкай аднаму яму вядомай прыкмеце здагадваўся, што яго патрабуе камандзір, і, прысеўшы ля Пятрашкіна, валасатай кастлявай рукою браў трубку. Яго дужа худы, немалады ўжо, вельмі строгі і заклапочаны твар сцяўся ў прадчуванні нейкай суровай непазбежнасці.
Ёсць, таварыш дваццаць першы! Загад будзе выканан сувязь будзе, спакойна і цвёрда казаў капітан, і Пятрашкін, сцяўшы ўсё цела ад восеньскай сцюжы і ад гэтага нязбыўнага клопату, глядзеў, як яшчэ болей хмурнелі капітанавы запалыя вочы.
Сувязь была неабходна толькі яна магла выратаваць полк ад той страшнай бяды, якую неслі фашысцкія танкі, прарваўшыся аднекуль з фланга ў палкавыя тылы. Недалёка недзе з імі змагалася транспартная рота і каменданцкі ўзвод, але Пятрашкін, заняты камутатарам, не бачыў і не чуў тае бойкі, ён толькі адчуваў спіною, як уздрыгвала ад выбухаў зямля. Часам яна скалыналася так моцна, што з дзіркі на сярэдзіне жывым струменем сыпаўся пясок, і ў куце, дзе стаяла падпорка, каціліся каменьчыкі і ўсохлыя камякі гліны. Пятрашкін за невялікі тэрмін свайго франтавога жыцця яшчэ не меў такога пераплёту і цяпер вельмі пакутаваў і ад страху перад нямецкімі танкамі, і ад суровых патрабаванняў камандзіра палка, і ад напружанага чакання, калі, нарэшце, адновіцца сувязь і адгукнецца тая батарэя, на якую цяпер была ўся надзея.
Апрача Пятрашкіна і начальніка сувязі, у гэтым адбітым у немцаў бліндажы з перацёртай саламянай трухой у доле быў яшчэ яфрэйтар Бутэнка камлюкаваты маўклівы дзяцюк у вайсковым бушлаце з павырыванымі гузікамі. Ен выглядаў зайздросна спакойна ў гэты крытычны час і, падпёршы спіною сцяну, усё цмыгаў тоўстую, з палец, самакрутку, да якой меў, здаецца, адзіную ў жыцці ахвоту. Быў тут яшчэ і высокі, чубасты прыгажун сяржант Сімакоў першы радыст палка, вельмі паважаны ўсімі сувязістамі і нават самім камандзірам, які, заходзячы на вузел сувязі, заўжды вітаўся з сяржантам за руку. Цяпер Сімакоў быў без справы, бо ўранку выбухам міны пашкодзіла яго рацыю і смяротна параніла ягонага напарніка Васю Болзіна. Чарнеючы з твару ад гэтай двайной страты і сённяшніх няўдач, ён з адчайным пакутніцкім выглядам стаяў у траншэі ля ўваходу ў бліндаж і сачыў за ўзгоркам, на якім недзе здарыўся парыў і куды пабег ужо тэлефаніст Айбекаў.