Поўны збор твораў. Том 7
Апавяданні
Васіль Быкаў
Памер: 480с.
Мінск 2009
Так у маўклівай жаночай тузе мінула зіма і наступіў першы месяц вясны — сакавік. Снег на вуліцах растаў, рэшткі яго вывезлі на машынах за горад; удзень з дахаў, гулка лопаючы аб асфальт, падалі рэдкія цяжкія кроплі. У парках і за горадам, праўда, было яшчэ снежна, але з кож-
ным сонечным днём усё шырэлі, злучаліся адна з адной праталіны, наліваліся пупышкі лазы і вербаў.
У жаночы дзень 8 Сакавіка Фрузыне якраз быў выхадны, і яна, прыбраўшы зранку ў пакоі, узялася перашываць свой стары шарсцяны сарафан. Звычайна яна любіла такую работу, любіла прымерваць, прыкідваць, каб зрабіць што як мага танней і лепей. 3 гэткім жа стараннем яна ўзялася і цяпер, але спакваля неяк цікавасць да работы пачала знікаць. У думках усё часцей з’яўляўся Пархомаў, усё думалася, што ён за чалавек, чаму так уважліва, не як другія, паставіўся да яе, што ў яго самога на сэрцы? Час ад часу жанчына ўздыхала, апускала на калені шыццё і затуманеным зрокам доўга пазірала ў чыстае сонечнае акно на шашу, дзе некалі зімой ён ладзіў машыну. Чамусьці ёй усё болей і болей хацелася зноў убачыць яго, пачуць яго спагадлівы разважны голас. Часам, схамянуўшыся, Фрузына лаяла сябе за недарэчныя мары, палохала тым, што, можа, у яго сям’я, дзеці. Урэшце, колькі ёсць і маладзейшых, і прыгажэйшых, а яна саракагадовая баба, ні хараства, ні шчасця навошта каму такая? Але звыклае імкненне да яго ўзгаралася з новай сілай, і яна ўсё пазірала ў акно, трывожылася, хацела саўладаць з трапяткім сэрцам ды не магла.
Урэшце перад змярканнем яна трохі адагнала ад сябе свае неспакойныя летуценні, пачала думаць аб іншым аб людзях іхняй установы трошкі ганарыстых, але ніштаватых супрацоўніках, аб простых, часам языкастых, але няшкодных шафёрах, прыбіралыпчыцах, вахцёрах. Успомнілася, што чагосьці радзей стала смяяцца Нонка мусіць, нешта не ладзіцца ў яе замустве; усплыло ў памяці, як апавядала Драздова пра сваю сварку з мужам; прыгадалася, як узімку хварэў на нейкі цяжкі грып Петрачэнкаў і як усе клапаціліся і непакоіліся аб ім.
I вось у такую хвіліну ўспамінаў-роздумаў, адкусваючы нітку, яна незнарок зірнула ў акно і спалохана здрыганулася. Ад шашы сцяжынкай да барака ішоў Пархомаў.
Ён, відаць, раней яшчэ прыкмеціў яе ля акна і цяпер здалёк усміхаўся. У руках яго і пад пахай былі папяровыя
скруткі. На ім непрывычна тапырыўся добры чорны гарнітур, неяк зухавата прыткнулася на галаве чыстая шэрая кепка. Фрузына вельмі спалохалася, кінулася да дзвярэй, пасля да стала, скамячыла кавалкі тканіны, кінула іх на ложак, а пасля перахавала пад лаўку. Яна зусім разгубілася, а ён ужо стукаў у дзверы. Фрузына нічога не адказвала на гэты стук, толькі шаптала роспачнае «ай Божачка!», а ён усё ветліва пастукваў і чакаў дазволу ўвайсці.
Трохі счакаўшы, яна сцяміла, што трэба сустракаць госця, і, прыдушыўшы ў сабе сарамлівую збянтэжанасць, адчыніла дзверы. Ён з усмешкай зірнуў на яе, далікатна пераступіў парог, зняў кепку і пачаў старанна выціраць аб палавічок забруджаныя чаравікі.
Дзень добры, гаспадынька. Са святам! 3 жаночым днём! Вось здумаў, што адна, прыйшоў павіншаваць, бо я таксама адзін...
Яна, усё яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзіцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды-туды. Ён, перш чым сесці, паклаў пакункі, выняў з кішэні бутэльку гарэлкі, паставіў на стол. Фрузына здзівілася і спалохалася, не ведаючы, навошта гэта і што яно можа азначаць, але прыкінулася, што не заўважае тае незвычайнасці, і дрыжачымі ад хвалявання рукамі круціла рагі хусцінкі.
Ён быў нязвыкла прыбраны пры гальштуку, паголены, нейкі вясёлы, не падобны на будзённага, запэцканага і сур’ёзнага Пархомава. Ці то з прычыны сваёй прыўзнятасці, ці мо разумеючы стан гаспадыні, ён ні аб чым не пытаўся, а ўсё гаварыў сам.
Думаю, што будзе жанчына адна марнець у гэткае свята? Дай, думаю, з’езджу, добра, недалёка.
Ого, недалёка,— упершыню ўсміхнулася яна, не ведаючы, куды дзець свае вялікія нязграбныя рукі.
А якое там далёка? Тры-чатыры кіламетры — не адлегласць для чалавека, так сказаць, аўта-фота-мота. Ну, як ты тут жывеш? спытаўся ён і агледзеў пакойчык,Што, цячэ? — кіўнуў ён на мокрую пляму ў столі. — Рамонту дабівацца трэба, a то што ж гэта такое жаночае
свята, а ў жанчыны дах працякае. А можа, проста дзірка, трэ паглядзець. Э, ды і падлога тут рук просіць. Пераслаць бы, калі яшчэ лагі не згнілі, a то што ж?
Ён закурыў, па-гаспадарску расклаўшы на стале курэцкія прылады — блішчасты партабак з папяросамі, запалкі. У пакоі прыемна запахла духмяным дымком добрых папярос, і ад гэтага паху Фрузыне чамусьці стала лягчэй і весялей на душы. Яна ўжо перамагла ў сабе першае замяшанне, зразумела ўсё, што трэба было ёй рабіць, і, счакаўшы колькі хвілін, пачала даставаць са стала сякі-такі посуд.
Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскія справы, пра парадкі ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завіхалася ля стала дастала гуркоў, дробнымі кольцамі парэзала каўбасу з пакунка, абчысціла селядца. Да гарэлкі, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставіла талеркі, напаследак дастала шклянку і невялічкі кілішак. Пархомаў добра не адмытымі ад мазуты пальцамі ўзяў кілішак, пакруціў у руках, незадаволена адставіў убок.
А што ж гэта? Хіба большай няма?
Няма, схлусіла яна, зноў прысоўваючы кілішак. Ён з жартоўнай падазронасцю зірнуў на яе і ўзяўся за бутэльку-
Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там,запрасіў ён. Яна паслухмяна і няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.
Яны выпілі — ён паўшклянкі, яна са свайго кілішка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка і паціху жавала. Першы кілішак узняў у ёй цэлы рой добрых, імклівых пачуццяў, адразу стала радасна і светла, але яна хавала гэта ў сабе і толькі ўсміхалася. Ён ветліва падсоўваў ёй талерку з каўбасой і, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:
Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, і сала ўвакурат.
Пасля яны выпілі яшчэ...
Ніколі ў жыцці ёй не было так хораша і па-маладому весела. Пархомаў добра еў, аж пачырванеў з твару ад
выпітага і з’едзенага і з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзіўся з ёю. Ён нешта гаварыў і гаварыў усё, але яна дрэнна ўнікала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваіх пачуццяў ціхага шчасця ад прывабнай цеплыні блізкай чалавечай душы.
Урэшце, відаць, наеўшыся і напіўшыся, Пархомаў адсунуў ад сябе талеры, адчыніў партабак. Яна, поўная замілавання да гэтага чалавека, усё пазірала на яго памаладзелы ўпарты твар, які заставаўся па-ранейшаму разважны і цвярозы, быццам гарэлка не мела ніякай улады над ім. А Пархомаў, смачна зацягнуўшыся, падсунуў лаўку бліжэй да яе табурэткі і раптам проста, упэўнена, але зусім не груба і не абразліва прыгарнуў яе да сябе.
I яна не вырывалася, не супраціўлялася, не аднеквалася, яна, як да жаданага, падалася да яго ўсім целам, прыціснулася да яго шырокіх, разагрэтых хатнім цяплом і гарэлкай грудзей і ўтуліла ў яго пінжак свой гэткі ж гарачы твар. Ён моўчкі і моцна туліў яе, гладзіў па плячах сваімі шорсткімі далонямі, а яна, здавалася, гатова была памерці за тыя хвіліны незвычайнага, ніколі не зведанага шчасця чалавечай блізкасці. Нейкая хваля шчаслівай бяздумнай знямогі ахапіла яе, узняла на страшную вышыню, ад якой зацяло дух і панесла, аж покуль яна перастала адчуваць сябе...
Уранку, ледзьве памыўшыся і дужа спяшаючыся, Пархомаў сабраўся і пайшоў. На парозе ён пацалаваў яе ў лоб, таропка прыгарнуўшы да сябе, і скупа сказаў на развітанне:
Ну, будзь здарова. He смуткуй, нічога. Харошая ты, праўда.
Яна пачала наводзіць дома парадак, прыбрала пасцель, перамыла посуд. Увесь час яе перапаўнялі ўзнёслыя, радасныя адчуванні ад усяго, што здарылася, ад таго, што ёсць гэткі просты і гэткі цудоўны чалавек на зямлі. Ёй вельмі прыемна было адчуваць, што яна,— як і ўсе жанчыны, не якая-небудзь пагарджаная няўдаліца, а таксама вось прывабная і любая мужчыне, што ён аддаў ёй столькі пяшчоты і шкадуе яе. Ураз знікла тая застарэлая маркота, якая ў адзіноце гэтулькі год дапякала ёй, Фрузына адчула
незвычайную дзявочую лёгкасць, зухаватасць, — здавалася, вярнулася яе даўняя забытая маладосць.
3 гэтымі новымі радаснымі адчуваннямі яна прыйшла на працу, змяніла ў вестыбюлі Драздову, замяла падлогу, выцерла падаконнікі і не ведала, куды яшчэ падзець сваю сённяшнюю імклівую энергію. Як заўсёды, за акном бразнулі дзверцы і паўз яе, важна сапучы, прайшоў Іван Кузьміч. Яна павіталася з ім, але ўжо не тым палахлівым голасам, а з нейкай годнасцю і незалежнасцю ў тоне. Неўзабаве мякка, па-кацінаму ступаючы на тоўстых падэшвах, прайшоў Петрачэнкаў, і ён не здаўся ёй сёння такім недасяжным і далёкім, як заўсёды. I калі, адстукаўшы абцасікамі на ганку, у вестыбюль з’явілася Нонка, Фрузына не вытрымала і на прывітанне ветліва адказала:
— 3 мінулым святам вас, Нона Васільеўна!
Увесь гэты дзень Фрузына з прытоеным бляскам шчаслівых вачэй усміхалася знаёмым. Хацелася ёй, каб хто спыніўся, загаманіў з ёю, нешта вялікае бруіла ўвесь час у яе душы, не змяшчаючыся там, і жанчыне карцела падзяліцца з людзьмі радасцю, толькі дзяліцца не было з кім.
3 таго дня Пархомаў стаў часта наведваць яе. На працы ва ўстанове, сустракаючыся з ёю, ён быў ранейшы па-дзелавому строгі, заклапочаны, нават трошкі няласкавы як і ўсе. Яна не падыходзіла ўжо да яго, як раней, толькі віталася пры сустрэчах і ўсё. Здавалася ёй: тое, што сталася між імі, трэба берагчы ад старонняга вока, і не таму, што хтосьці можа перашкодзіць ім, а так, проста было неяк сорамна ад людзей. Яна чакала суботы, нядзелі, калі ў яго і ў яе супадалі выхадныя, прыбірала ў пакоіку, апранала сваю сінюю з мярэжкамі сукенку і садзілася ля акна. Ён заўсёды прыходзіў перад вечарам, часам прыносіў бутэльку, а болей ішоў так. Яна ўсё па-ранейшаму хвалявалася, сустракаючы яго, а ён ужо асвойтаўся ў яе пакоі, трымаў сябе роўна і упэўнена. Пакуль яна гатавала на дваіх вячэру, ён, каб не сядзець без справы, браў сякерку, малаток і ладзіў што-кольвечы па гаспадарцы замасціў дзіркі ў падлозе, затуліў дах, паправіў лаўку на прызбе. Суседкі перашэптваліся і хітра ўсміхаліся, сноўдаючы на