Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
— Федзька, крыкнуў ён сябру. — Федзька, гэй!
Федзька быў ля самага акенца. На вокліч таварыша ён павярнуў белабрысы, круглы, заўжды з усмешкаю твар і моўчкі глянуў на сябра сваімі дзявочымі прыгожымі вачыма.
Федзька, чакай мяне. Чуеш?
Пэўна, хлопец пачуў, але не адказаў нічога. He адказаў, вядома, таму, што па калідоры да чаргі, раздзімаючы тонкія ноздры, ужо падыходзіў Правіла. Ён спыніўся збоч Косці, прыплюшчыў праз дым сваё хцівае вока і, не вымаючы з зубоў папяросы, ляніва спытаўся:
Яшчэ морда цэла? Га?
He палохай, спакойна адказаў хлопец. Няма чаго абіраць людзей.
— Ага, так, Няўломак?
Так.
Правіла яшчэ пажмурыўся з хвіліну, нібы згадваючы, што зрабіць гэтаму хлопцу, а потым, паводзячы з боку ў бок кашчаватай хрыбецінай, выйшаў на двор.
Чарга пасоўвалася марудна, хлопцы пацелі, штурхаліся ля акенца, цяжка было пралезці туды, але не лягчэй і вылезці. Ужо не адзін гузік, звонка цокаючы, каціўся ў кут па бетоннай падлозе. Але што там гузікі — сёння ўсе былі багатыя і вясёлыя, і хоць балелі бакі, але смяяліся твары, і ніхто не сварыўся.
Неўзабаве, адштурхоўваючыся ад людзей, нібы тыя не хацелі выпушчаць яго, вылез з натоўпу і Федзька. Яго шэрая кепачка нейкім цудам трымалася на патыліцы, хлопец аберуч прыціскаў да грудзей свой двухтыднёвы заробак.
Глядзі ж, чакай мяне. Разам пойдзем, папярэдзіў Косця.
Федзька кіўнуў галавой і адступіў на вальнейшае месца.
На дварэ наступаў вечар, і ў калідоры патроху цямнела. Недзе, змагаючыся з хмарамі, раз-пораз заглядвала ў акно сонца, і на сцяне пад столлю нядоўга, але ярка ззяла касабокая латка святла. Пакрысе яна ўсё менела і, нарэшце, знікла зусім. «Хоць бы не зачыніўся магазін,— занепакоіўся Косця. Ну ды цяпер ужо хутка...». Яшчэ міне трохі часу, і ён атрымае палучку, заробленую жорсткімі, збітымі цэглай рукамі, і пабяжыць у ювелірны магазін. Там ён даўно ўжо аблюбаваў сабе жаданую пакупку наручны гадзіннік «Кама» дзівосную штуковіну з чорным цыферблатам і фосфарнымі лічбамі. Уначы, калі выключаць у інтэрнаце святло, яны будуць ціха свяціцца роўнымі зеленаватымі агеньчыкамі, бы тыя светлячкі на трухліне. Прачнешся, зірнеш адразу відаць, колькі яшчэ спаць, ці скора ранак. На будоўлі таксама стане вунь як зручна, заўжды відаць, якая гадзіна, не трэба будзе чакаць гудкоў ці, задраўшы голаў, пытацца пра час у кранаўшчыцы Зінкі.
Чым бліжэй да акенца, тым цясней рабілася ў чарзе. Хлопцы бясконца штурхаліся, і ўсё таму, што адны стаяць гадзінамі, чакаюць, а другія пнуцца атрымаць адразу.
Вядома, гэта ўсё зубастыя ды хвацкія, і ніхто не дасць ім добрага адпору.
Адзін з такіх Шпур, мурласты і рукасты дужака, заўсягдашні Правілаў хаўруснік. Рассоўваючы людзей локцямі, ён пралез да акенца і атрымаў грошы. Хлопцы бурчалі, але ціснуліся, саступалі з дарогі, і ніхто як след не дапёк гэтаму нахабніку. Адзін толькі Косця не хацеў зважаць і, хоць з выгляду быў зусім блазан супраць баксёрскай постаці Шпура, злосна кінуў з чаргі:
Хлопцы, нашто пушчаеце? Хай бы пастаяў, падумаеш, цаца!
Шпур азірнуўся на голас, паказаў кулак і падаўся сабе ў дзверы. Косця пашкадаваў толькі, што не дадзена яму болей сілы — ён правучыў бы нягодніка як след.
Але вось і яго чарга. Хлопец нетаропка і роўна вывеў сваё прозвішча на чыстым радку і, падабрэўшы, пазіраў у акно, дзе ўжо мільгацелі яго хрумсткія паперкі. Як таго патрабуе парадак, ён тут жа, ля акенца, яшчэ раз пералічыў іх — 378 рублёў здаецца, якраз хопіць на яго мару і яшчэ застанецца. На пражыццё не хопіць, вядома, але ён якнебудзь стрывае. Галоўнае — набыць гадзіннік, які ўжо сніцца яму амаль кожную ноч.
Хлопец вылез з чаргі, у патайную кішэню пінжака акуратна засунуў грошы, зашпіліў яе шпількай і пайшоў шукаць Федзьку.
На дварэ папырскаў невялікі дожджык і цяпер, хутка беручыся плямамі, падсыхаў асфальт дарожкі, духмяна пахла клейкае лісце тагюляў. На бетонных прыступках высокага ганка сядзела некалькі хлопцаў, Косця зірнуў сюды-туды — сябра нідзе не было.
— Федзькі не бачылі? устрывожана спытаў ён, адразу адчуўшы непакой у душы.
Федзька? ухмыльнуўся хлопец з запэцканым BanHaro тварам,Быў ды ўвесь выйшаў. Змабілізаваны, брат, Федзька: пайшоў з Правілам.
Косця прыкусіў губу і насупіўся.
Вось жа дурань! Казаў пачакай, дык не. А матка з дому дзвесце рублёў просіць парася купіць. А ён вунь што!
— Лічы, што парася гэпнулася, — ухмыльнуўся хлопец,Ужо Правіла паклапоціцца.
Трэба шукаць, вырашыў Косця. Куды ж іх чорт панёс?
Ён збег з прыступак і ў брамцы спаткаўся з Зінкай. У чысценькай светлай сукенцы, у белых шкарпэтках, з малюсенькім чамаданчыкам у руках, яна была зусім нейкай інакшай, лепшай, чым звычайна, у сваёй зашклёнай будцы на кране.
— Зіна, не бачыла Федзькі? — спытаўся Косця, чамусьці асцерагаючыся глядзець у яе прывабны кірпаты твар.
He, не бачыла,крутнулася яна, з затоенай усмешкай зірнула на яго і, узмахнуўшы чамаданчыкам, падалася ў кантору.
Косця трошкі затрымаўся, паглядзеў услед дзяўчыне і адвярнуўся. Усе навокал ведалі, што яна закахана ў Федзьку, гэтага прыгожага балбеса, а што ёй Косця? Да Федзькі яшчэ падбіваецца Шурка з бетонкі, Ванда са сталоўкі — вязе хлопцу на дзевак. У Косці ж няма нікога.
Косця выйшаў на вуліцу, паглядзеў у адзін бок, у другі, уздыхнуў і пайшоў шукаць сябра.
2
Болей за злодзеяў, нахабнікаў і хлусоў не любіў Косця п’яніц. За пражытыя ім васемнаццаць год хлопец вельмі добра пазнаў, якія беды нясе п’янства людзям. Гадоў колькі назад у яго была маці ціхая лагодная жанчына, найлепшая за ўсіх людзей, якіх толькі ведаў Косця. Бадай, яна адна па-сапраўднаму любіла гэтага рудагаловага хлапчука і клікала яго трошкі старамодна, але ласкава — Касцючок. Яны тады жылі на станцыі, у іх была лянівая каза і безліч дзівосных чыгуначных штуковін: цяжкія кіркі, ламы з раздвоенымі, як казіныя капыты, канцамі, флажкі, доўгая жалезная трубка з роўнем пасярэдзіне. Была яшчэ каляска на двух колах, у ёй маці катала яго на рэйках, калі вярталася з перагону, дзе падбівала шпалы. Косцік тады насіў
фуражку з эмблемай ключа і молата на аколышцы, у яго кішэнях заўжды бразгацелі расплясканыя цягніком манеты. Гэта было ўжо далёкае, як сон, але незабыўнае шчаслівае жыццё. Бацькі тады не было.
Але вось аднойчы ў іх маленькі домік-будку з’явіўся бацька. Ён быў чорны ад вугальнага пылу, бруду і шчаціння, якое ніколі не выводзілася на яго твары. Маці спачатку хадзіла вясёлая, потым стала задумлівая, а пасля пачала плакаць. У іх не хапала грошай, а бацька, аднекуль позна прыйшоўшы ўначы, грукаў дзвярыма і незнаёмым грубым голасам клікаў маці. Маці палохалася, уцякала ў акно і хавалася ў палісадніку, а бацька кідаў па пакоі табурэткі і дзіка крычаў:
— Маня! Гадзіна! Хадзі сюды!
Косцік ад страху таксама выскакваў у акно, прыціскаўся ў кусце бэзу да дрыготкага цела маці і прасіў:
Мамачка, мама... Уцячом! Давайце ўцячом...
Але маці нікуды не ўцякала, плакала і пазірала ўсё ў асветленае акно, дзе звярэў бацька. А той, ашаломлены гарэлкай, хапаў з-пад лаўкі сякеру і замахваўся на кафельную грубку — тую грубку, якую ім змураваў вартаўнік Восіп і якая дужа падабалася маці.
— Маня! роў бацька. — Лічу да трох і крышу ўсё ў пыл!..
Ён і сапраўды пачынаў сеч грубку, аж пырскалі ў бакі кавалкі кафлі, і маці з крыкам кідалася ў хату.
Бацька бушаваў усю ноч. Біў маці, ламаў мэблю, шукаў Косцю, равучы на ўсю станцыю, што заб’е «рудога шчанюка». А на другі дзень гэты агідны чалавек поўзаў перад жонкай, цалаваў яе босыя ногі і плакаў. Маці таксама плакала, плакаў і Косця ад нянавісці да бацькі і жалю да маці.
Неяк усё ж бацька ўціхамірыўся і не піў месяцы са тры. Маці зноў павесялела, памаладзела і, калі яны з сынам заставаліся ўдваіх, казала, што бацька добры, толькі хворы і нешчаслівы чалавек. Але Косця не верыў у гэта. Ён па-ранейшаму ненавідзеў бацьку, а бацька бачыў тое і ненавідзеў сына.
Аднак радасць маці была нядоўгай. Узімку пад новы год бацька зноў напіўся, выгнаў яе на снег і гнаў босую аж да суседняй вёскі Глінішчаў. Пасля маці захварэла і памерла. Бацька прадаў казу, разгойшыў набытак, запіў яшчэ болей, і Косцю жыць дома стала нельга. Хлопец надзеў стары мацерын кажушок, фуражку з эмблемай, узяў свой двухлязы ножык і пайшоў у вёску. Там яго прытуліла нейкая радня, ён дахадзіў зіму ў школу, а потым пасвіў жывёлу. Тады ж ён пасябраваў з Федзем і з ім два гады назад прыехаў у горад і паступіў у будаўнічую школу.
I вось цяпер гэты самы Федзька, ціхі добры хлопец, паддаўся шайцы Правілы і прапівае з ім свае грошы. A дома ў гэтага лайдака клапатлівая, старэнькая маці, якая кожны тыдзень шле яму пісьмы, у кожным пісьме яна абодвух іх называе сынкамі і ўсё бядуе пра іх цяжкае жыццё «на мурах». Дык як было стрываць хлопцу і спакойна глядзець, як на вачах у яго бэсціцца гэты неразумны, але ўсё ж свой чалавек.
I Косця шыбаваў па гарадскіх вуліцах, зазіраў у сталоўкі, закусачныя, піўныя — шукаў Федзьку.
3
Розных закусачных, бутэрбродных, піўных у горадзе было безліч. У кожнай каморыне памерам ледзь не з сабачую будку, дзе толькі магло змясціцца пяць чалавек, нейкія людзі гарадзілі прылавак, ставілі пару сталоў і прадавалі гарэлку. Косця даўно ўжо дзіву даваўся, чаму гэта адны чытаюць лекцыі, пішуць у газетах пра шкоду алкаголю, a другія гэтак заўзята гандлююць гарэлкай. Забараніць бы яе зусім ці выдаваць у аптэцы або хоць бы прадаваць раз у месяц перад якім святам, як тыя дрожджы. Дык не. На кожным рагу шырокімі радамі вабяць з вітрын спакуслівыя для дурняў бутэлькі.
Косцік аббегаў з паўгорада, злятаў за Нёман у славутую «Хвалю», зазірнуў у два рэстараны, аднак тых, каго трэба, нідзе не было. Ён занепакоіўся, што патраціў шмат
часу і, мабыць, спазніўся. Увесь час, лётаючы па вуліцах, ён вельмі злаваўся на Федзьку і на сябе таксама, што адпусціў хлопца, не ўтрымаў. Што ён напіша Федзькавай маці, калі той прап’е грошы і нічога не пашле ёй. Вось жа безгаловая істота, ну хіба ж так можна? Калі б хоць Косця не засцерагаў яго, не гаварыў, што так нягожа, што трэба жыць сваім розумам, а не слухаць гэтага прайдзісвета Правілу. Дык не ж!
Так хлопец прыбег на вакзал, паглядзеў ля аднаго ларка, ля другога знаёмых не было. Тады ён збочыў у завулак, дзе яны некалі вазілі арматуру на дваццацісямікватэрны дом, там, здаецца, была піўная.