Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
П’яніца ты няшчасны, — узлаваўся Косця. Да чаго ж ты дастукаўся, дурань? Столькі грошай прапіць дзе
твая галава была? He дам ні рубля, хоць канай. Хай табе Правіла дае, злосна абвясціў Косця.
Федзька ведаў характар сябра і болей не прасіў. Ён узяў ручнік і выйшаў з пакоя.
Косця завязаў вузельчык, адарваў нітку і ўздыхнуў. Новы невясёлы клопат усё болей агартаў яго. Што цяпер было рабіць з гэтым дурнем? Хто яму дасць грошай, каб паслаць маці? Вядома, піць дык сяброў знойдзецца шмат, a вось памагчы небараку, апроч Косці, няма нікога.
Сяк-так Косця прышыў рукаў атрымалася нішто сабе, добра яшчэ, што парвалі па шве, а не па цэлым. Косцік узняў адзежыну за плечы, разгарнуў. Пінжачок быў суконны, ужо не новы, заплямлены, лепшага хлопец не меў — усё неставала грошай. Але што пінжак — ён паслужыць яшчэ, а вось гадзінніка шкада. Купіць яго ўжо не прыйдзецца пакуль што, і ўсё гэты Федзька...
5
У сталовай Косця снедаў адзін ён быў невясёлы. Федзька неўпрыцям знік з інтэрната, і сябра думаў цяпер, што з яго земляком робіцца нешта благое. Мусіць, прыйдзецца схадзіць да старэйшых да прараба Івана Сымонавіча або ў камітэт камсамола. Усё роўна так гэтага пакінуць нельга нельга дапусціць, каб хлопец спіўся — што тады скажуць пра іх абодвух у далёкіх Глінішчах?
Заплаціўшы за сняданак, Косця паціху падаўся на выхад. На дварэ сыпаў дробненькі, але густаваты дожджык, і ў дзвярах таўкліся дзяўчаты і некаторыя хлопцы, што зранку ўжо апрануліся ў лепшае. Дождж цяпер палохаў іх, і яны ў нерашучасці чакалі, баючыся выбягаць на мокрае. Косця аднак не баяўся — наставіўшы каўнер пінжака, ён ступіў з ганка.
Хлопец ішоў на пошту.
Ён рэдка калі заходзіў у гэты вялізны будынак на галоўнай вуліцы. Ніколі ў яго не было тут ніякай патрэбы ён нікому не пасылаў нічога і ні ад каго не атрымліваў. Толькі калісьці ўзімку яны з Федзькам прыходзілі сюды
па пасылку ад ягонап маці і пасля з тыдзень ласаваліся смачнымі вясковымі каўбасамі. Федзька тады быў цішэйшы, і Косця меў болей улады над ім.
На пошце Косця нагледзеў патрэбнае акенца ў вялізнай зале, папрасіў у дзяўчыны картку паштовых пераводаў і прысеў за сталом. He прывыкшы да пісаніны, ён аж уходаўся, пакуль напісаў усе адрасы, суму лічбай і пропісам. Калі ўсё было зроблена, хлопец зірнуў на другі бок карткі там таксама трэба было напісаць штосьці. Косця падумаў, незнарок капнуў з пяра на заплямлены і без таго стол і не надта прыгожа вывеў: «Мама, пасылаю вам 200 руб. Жыву добра, працую з Косцем. Федзя».
Пасля Косця адшпіліў сваю тугую кішэню і падышоў да акенца.
Трохі паспакайнеўшы, хлопец вяртаўся ў інтэрнат. Дождж спыніўся, разы са два з неба ўсміхнулася сонца і, нібы засаромеўшыся сваёй усмешкі, схавалася зноў. Надвор’е пад поўдзень абяцала ўсё ж разгуляцца. Па вуліцы шпацыравала безліч народу. Зграбна апранутыя ў кароценькія шэрыя курткі, беглі кудысьці дзяўчаты-студэнткі. Косця стрымана глядзеў на іх мільготкія вясёлыя твары, але ніводная з дзяўчат не затрымала свайго позірку на гэтым адзінокім нехлямяжным хлопцы.
I раптам у людской мітусні з-за рога паказаўся Федзька, а з ім поплеч Зіна. Косця чамусьці аж узрадаваўся, убачыўшы дзяўчыну і свайго няўдалага дружбака. Але нешта новае, насцярожлівае мільганула на вясёлым Федзевым твары — ён тузануў за рукаў Зіну і сышоў з тратуара. Дзяўчына, няўцямна азіраючыся, таксама падалася за ім, і яны апынуліся на другім баку вуліцы.
Ад нечаканасці Косця спыніўся і прыкусіў губу.
Але нездарма ён зваўся Няўломкам, каб лёгка адступіцца і дазволіць Федзьку канчаткова сапсавацца. Ён паказаў сябру кулак і, поўны рашучасці, перайшоў вуліцу. Трэба было высветліць адносіны і, як кажуць, паставіць кропку над «і».
1958 г.
Калі хочацца жыць...
Мы спаўзлі на мулкія груды голага ўзбярэжнага абрыву і, зацяўшы дыханне, сціснуўшы ў сабе знямоглыя сэрцы, узіраліся на ўскраек кручы, дзе ў бясхмарным ранішнім небе гойдаліся зблытаныя сцябліны палыну і дзе вось-вось павінны былі з’явіцца яны. Зрэшты, узіраўся туды адзін я. Мой зямляк і неразлучны сябра Алёшка курчыўся ад болю, біўся патыліцай аб цвёрдыя, як камень, гліністыя брылы абрыву і чужым слабым голасам, ад якога ў мяне млела сэрца, прасіў даканаць яго. У пяці кроках ад нашых даўно не пераабуваных, спавітых абмоткамі ног лена пляскаў хвалямі Дон — наша нядаўняя надзея і наш цяперашні смяротны рубеж.
He марудзь... Чуеш? I ўцякай... Ты, можа, як-небудзь...
Замурзанымі аб зямлю пальцамі ён шкрабаў па глінішчы абрыву і, не зносячы пякельнага болю, роспачна матляў галавой. Я не мог ні дапамагчы яму, ні абнадзеіць: разрыўная куля з нямецкага бронетранспарцёра перабіла хлопцу нагу, і яму ўжо, відаць, не суджана было жыць. Кіламетры з два я цягнуў яго на сабе сюды, да Дона, за якім быў наш паратунак, але з хутара за намі пагналіся немцы, а я ўжо выбіўся з сілы.
— He марудзь... Дабівай і плыві... Перадай калі нашым... Запомні — Алешкавічы... Малыя Алешкавічы, ля возера.
Нібы ўспомніўшы штось, ён шырока расплюшчыў свае васільковыя вочы, ўгледзеўся ў высачэзную бездань летняга неба, у якім ужо шырока і вольна панавалі промні яшчэ нябачнага за краявідам сонца, і на хлапечых ніколі не голеных шчоках азначылі свой след дзве скупыя слязіны.
Я толькі скрыгаў зубамі ад яго страшных слоў і ад усёй вялікай бяды, што ў тыя жахлівыя дні апанавала нас. Пад Старабельскам наш полк спачатку адрэзалі ад сваіх, пасля акружылі, разбілі, і нямецкія танкі паразганялі па стэпе тых, хто яшчэ застаўся жывы. Два тыдні, абдзёртыя і галодныя, мы невялічкімі групамі прабіраліся на ўсход, кожны раз натыкаючыся на ворага і губляючы апошніх байцоў.
He маючы ніякага выйсця, я гатоў быў дабіць і сябе, толькі дабіваць не было чым: учора ўначы мы наскочылі ў лагчыне на калону ворага і, адбіваючыся, у гарачцы разрадзілі аўтаматы, не пакінуўшы ніводнага патрона сабе. Цяпер, апроч трафейнай фінкі на Алёшкавай папружцы, у нас не было ніякае зброі.
Трэба было нешта рабіць, каб як ратавацца, але ў мяне ад усяго перажытага, ад стомы і бяссонніцы толькі немачна гудзела ў галаве. Я прыклаў вуха да выдзьмутай ветрам зямлі і выразна пачуў тупат ворагаў, якія даганялі нас. Я нічога не сказаў сябру, толькі зірнуў на яго, да болю ў скронях напружваючыся ў пошуках выйсця, і ён, відаць, зразумеў, што жыць засталося некалькі кароткіх хвілін.
Валодзя! роспачна вымавіў ён,Што ж ты робіш?!!
Ён ужо не матляў галавой, ён упіўся ў мяне сваім патрабавальным, пакутным позіркам, у якім адбівалася ўсеабдымная перадсмяротная туга. Я ўсё маўчаў, а ён аслабелымі рукамі нязграбна выцягнуў з похвы паіржавелую ад начной расы фінку і падаў мне.
I тады, мабыць, упершыню, я ўразумеў тое, што ўжо выразна паўстала перад маім небаракам Алёшкам. У памяці мільганулі мінулыя страшныя выпадкі — з нашым клапатлівым ротным старшыной Дорахавым, пасля — з веселуном і запявалам Траяном. Уласаўцы захапілі іх у палон параненымі, здзекаваліся, пазнявечвалі штыхамі твары, павыразалі на спінах крывавыя паскі, а пасля дабілі. Паратунку ў нас не было, аднак ці мог я аддаць дарагога Алёшку ціхманага, яснавокага равесніка і майго земляка на здзек і такія пакуты?
Ад невыноснага гора і напружання мне здалося, што я вось-вось звар’яцею і загублю яго і сябе. Тады ўжо ніхто
з нас не пабачыць ніколі наш далёкі азёрны куток, ніхто не суніме няўцешныя слёзы нашых гаротных матак...
Алёшка ўсё курчыўся, грымасы неадольнага болю крывілі яго зрудзелы ад загару і пакутаў твар, пакрыты дробнай расой схаладзелага поту. Ад яго знявечанай, наспех перавязанай маёй папругаю нагі сцякаў, убіраючыся ў сухую зямлю, струмень згусцелай крыві. Сонца ўжо ўзнялося над зарэчнай далеччу. Нізкае і прамяністае, яно распластала над Донам свае гонкія промні, асвяціла ва ўпор гэты голы абрывісты бераг і блішчастым мігатлівым агнём запаліла шырокі прасцяг данское вады.
I тады на гэтым абрыве збоч нас паказаліся ворагі. Іх было чалавек восем, з нарыхтаванай зброяй. Паўглядаўшыся ў раку, адкуль іх сляпіла сонца, яны па-над кручай накіраваліся ў наш бок і неўзабаве схаваліся ва ўзбярэжнай рытвіне.
Заставаліся апошнія імгненні жыцця.
На маім твары, пэўна, адбіўся жах і збянтэжанасць, я ненавідзеў сябе за тую разгубленасць, але перайначыцца не мог. Я кінуўся да Алёшкі, прыціснуўся вуснамі да яго запалых, абветраных шчок і заплакаў горка і балюча — разам з ім. Ён, вядома, зразумеў, што рабілася ў маёй душы і, перамогшы сваю смяртэльную роспач, слаба ўсміхнуўся, каб суцешыць мяне.
— Ну, нічога... нічога... Я сам...
Дрыжачымі, бяссільнымі рукамі ён падняў з зямлі фінку і наставіў яе канец пад левую кішэньку свае аблезлай старой гімнасцёркі, У той час з абрыву даляцелі галасы матляючы рамянямі аўтаматаў, сюды беглі трое цыбатых немцаў яны, відаць, заўважылі нас.
Бывай, братка! цішэй і гаротней за ўсе разы прамовіў Алёшка, зразумеўшы, што прыйдзецца гінуць абодвум, і прастагнаў ад нейкага іншага болю, куды мацнейшага за боль свае смяротнае раны: А як хочацца жыць! Помсціць!!!
Гэтая яго нелюдская туга ўраз парушыла ва мне нешта непадуладнае чалавеку, нешта надарвалася ў маіх знямо-
жаных ад гора грудзях, і я выхашу з яго пальцау тую паіржавелую фінку.
Алёшка! — дзіка вырвалася з майго нутра, і я адчуў, што звар’яцею, калі не выратую яго. А ён паслухмяна варухнуў павекамі і недаўменна павёў па мне сваім развітальным позіркам, спакойным і ясным, як тое далёкае неба, што вісела над намі. I тады, адчуўшы, як напружылася ва мне нестрываная сіла, я схапіў сябра пад пахі і рынуўся ў раку...
Пасля было страшнае, але яно засланілася ад мяне нечалавечым напружаннем маіх апошніх сіл. Захлёбваючыся сцюдзёнай вадой, я шалёна лупіў нагамі, гарнуў вадзяныя глыбы і, як здзічэлы, ірваўся ў зіхатлівую мітусню сонца. Гулкім надрэчным грымоццем ззаду грукаталі стрэлы, наўкола градам сыпаліся кулі, здавалася, ад іх кіпела і булькатала данская вада. Ад незвычайнага намагання мярцвелі мае рукі і ногі, а я, не азіраючыся і штораз глыбей правальваючыся ў рачную бездань, болей пад вадой, чым на паверхні, усё далей і далей валок на сабе прыціхлага сябра. Урэшце неяк прыбіўся к берагу, і там, у трыснягу на пясчанай водмелі, выцягнуўся паўжывым знямелым трупам.