Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Ён скочыў можа на якой паўсекунды раней за астатніх, гэты здаравенны чарнабуры Рэкс. Лейтэнант мяльком паспеў убачыць яго хцівую ікластую ляпу і, больш інстынктыўна, чым па сваёй волі, з усяе сілы ўскінуў нагу. Шырокія сабачыя грудзі балюча ўдарылі ў ступню, але не павалілі чалавека, прыпёртага да сцяны, і ваўкадаў, шалёна завыўшы ад няўдачы, адскочыў назад. Іншыя драпежнікі аднак ужо ўчапіліся ў свае ахвяры і дзіка тузаліся. Наўкола ўсчаўся сабачы віск, брэх, штурханіна лютай, незвычайнай барацьбы.
Услед за першым наскокам Рэкс адразу ж сігануў зноў, цэлячы вышай; чалавек не паспеў замахнуцца нагою, як сабачыя лапы ўдарылі яго у бок, і зубатая зяпа ўпілася ў плячо. Лейтэнант рвануўся ад болю і жудасці, ухіляючыся ад страшнай касматай істоты затрашчала гімнасцёрка, і сабака адарваўся. Але ў той жа момант ён скочыў яшчэ раз і ўжо апынуўся на карку.
Гэта было самае страшнае. У нейкае імгненне, зыходзячы крывёю, што ліпкім гарачым струменем лілася з пляча, лейтэнант адчуў ля сябе адну толькі апору сцяну, людзей ужо не было побач. Ля ног раўлі, екаталі, вішчалі сабакі, і за бар’ерам з парт гэтак жа раўлі, гарлапанілі, стукалі немцы.
3 апошняе сілы ён утрымаўся каля сцяны, не даўшы сябе паваліць і тым скончыць усё. Сцяўшы ў душы пякельны боль, ён зноў рвануўся ўсім целам і здаровай рукой ухапіў ваўкадава за шыю. Выгінастыя іклы звера ўжо ўчапіліся ў яго карак: нясцерпны боль пранізаў усё цела, мозг, кожную часцінку яго істоты. Памутнела ўваччу. Сабачыя кіпцюры задніх лап дралі яго сцягно, і ён, як толькі мог, усім цяжарам аслабелага цела бразнуў сабаку аб сукаватае бярвенне сцяны.
Ваўкадаў коратка віскнуў і хоць не адчапіўся, але расслабіў сківіцы, і ў той жа момант лейтэнант, намацаўшы рукой ашыйнік, з усяе сілы ўхапіўся за яго і крутнуў. Гэта памагло, націск ваўкадава паменшаў, звер абмяк, чалавек адарваў яго ад сябе і скінуў на зямлю.
Немцы лютавалі махалі рукамі, крычалі, лаяліся і нечага патрабавалі. Сабачы павадыр, неадрыўна сочачы за бойкай, сіліўся расшпіліць кабур, нехта падахвочваў сабаку. Але оберштурмфюрар, які адзін, здаецца, не хваляваўся і туліў у вуснах задаволеную ўсмешку, раптам выпрастаўся за сталом і крыкнуў «Фу!».
Тым часам лейтэнант, прыхінуўшыся да сцяны, стаяў скрываўлены, у пашматанай гімнасцёрцы, а ў яго вачах мітусіліся, скакалі, віліся барвовыя вужакі. Вельмі хацелася яму ўпасці, памерці, каб скончыць пакуты, але ён стаяў усё, як крывавы сімвал страшнага людскога злачынства. Прыпаўшы да зямлі і хціва насторчыўшы вушы, гатовы рынуцца зноў, чакаў новай каманды Рэкс. Скончыўшы кароткую схватку, шкуматалі свае ахвяры іншыя трое сабак.
I тады сярод агульнага замяшання і вэрхалу з важнаю павольнасцю ўзняўся з-за стала оберштурмфюрар. Афіцэры адразу прыціхлі і пачціва павярнуліся да яго, а ён, тузануўшы на вочы блішчасты казырок фуражкі, ашчаперыў выпеставанымі пальцамі спінку гнутага школьнага крэсла.
Этот русскнй офнцер есть храбрый зольдат. Он достонн уваження, но он потерял форму, господа. Рекс фас!!!
Ваўкадаў коратка рыкнуў і распластаўся ў паветры на імклівым узлёце, але шырокія сабачыя грудзі глуха ляпнуліся аб смаляныя бёрны сцяны. Яго ахвяра, на якое імгненне апярэдзіўшы гэты скачок, мёртвая звалілася на здратаваны, скрываўлены дол.
Наступіла кароткая паўза, у якой ніхто не паспеў заўважыць, як змрочны малады афіцэр, што стаяў за ўсімі, дастаў танкастволы парабелум, рашуча ўзняў яго да светлавалосай галавы і стрэліў. Афіцэры здрыгануліся, схапіліся за кабуры, а ён ужо курчыўся на зямлі, і ў зялёную, прытаптаную ботамі мураўку хутка-хутка капалі з падстрыжанай скроні першыя кроплі яго арыйскай крыві.
— Вас іст лёс*? крыкнуў оберштурмфюрар.
Але было зусім ціха, і ніхто не адказаў яму, быццам усе анямелі, толькі за бар’ерам здаволена вурчалі сабакі, ірвучы целы палонных.
1959 г.
*Што здарылася? (ням., зноска рэд.)
На ўсходзе сонца
Над крутымі дахамі гарадскіх будынін, над балконамі з павіслымі ў цішы прасцінамі флагамі капітуляцыі, над шызай брусчаткай вуліцы весела займаўся першы пасляваенны ранак. Ад далёкае ласкі нябачнага сонца прагным бляскам ірдзелі снегавыя вяршаліны гор, у суцэльнай засені вуліцы мацней запахла клейкім тапаліным водарам і хмельнай духмянасцю ўначы зацвіўшых акацый.
Яшчэ гэтак жа востра патыхала пыльнай сухменню бітае цэглы з руін вялізнага вуглавога дома, дзе заляглі байцы трэцяй роты, загнаныя сюды нечаканымі стрэламі з вежы ратушы. Нейкі здзічэлы гітлеравец, засеўшы з кулямётам, на золку спыніў іх тут, не даючы рухацца далей на злучэнне з саюзнікамі.
— Ах, воўчыя душы, ім яшчэ чатырох год мала, казаў ротны, лежачы за вялізнай цаглянай глыбай і камечачы ў руках толькі што прастрэленую фуражку. Трэба было прызначыць байцоў выкурваць таго нягодніка, пасыльны ад камандзіра палка, прынёсшы такі загад, чакаў выніку, тулячыся ў каменні ззаду, а камандзір вагаўся. Было б гэта яшчэ ўчора ці калі раней, хіба адчуў бы ротны гэткую раптоўную нерашучасць! Але сёння... Сёння іх жыццё падаражэла ўдвая — яны дачакаліся міру.
Вунь, вунь ён! крыкнуў плячысты сяржант у залапленай на спіне гімнасцёрцы. Ён адзін тут стаяў, хаваючыся за ўцалелым прасценкам.Вунь пад цыферблатам руля вытыркаецца. Во гадзюка!
Сінцоў, малады светлавокі баец, што ляжаў побач з ротным, асцярожна выглянуў і сцішана, але так, каб чуў камандзір, вымавіў:
Чаго з ім цацкацца! На ўра атакаваць, і канец.
У гэты час чорная пляма рулі пад вежавым гадзіннікам раптоўна бліснула чырвонай іскрынкай і ад прасценка, ад жалезных бэлек абрушанага перакрыцця сыпанулі ва ўсе бакі кулі. Людзі хуценька дзёўбнулі галовамі кожны за сваё сховішча; на каменне пасыпалася тынкоўка, і ў прыцемках руін ціха закурылася лёгкае воблачка пылу.
Калі шоргат спыніўся, ротны ўпарта варухнуў галавой і звыклым ка.мандзірскім голасам выкрыкнуў:
Вераб’ёў... Чарняк... Туркоўскі...
Сяржант у прасценку азірнуўся, нібы не адразу паверыўшы, што назвалі яго, неяк сумна глянуў на ратушу і зняў з пляча аўтамат. Нездаволена прабурчаў нешта ззаду між цагельнага друзу Чарняк, стараваты ўжо, аброслы шчаціннем баец вохкаючы і лаючыся, ён палез наперад. За ім аднекуль з цёмнага кута, сагнуўшыся ў тры пагібелі, з’явіўся тонкі, як дубец, Туркоўскі.
Ротны не глядзеў на іх, і яны ні разу не зірнулі на камандзіра — усім было чамусьці няёмка. Пасля кароткай паўзы старшы лейтэнант павярнуў голаў убок і напаткаў позірк Сінцова. Баец зразумеў адразу і раней, чым было названа яго прозвішча, падхапіў аўтамат і падаўся да сяржанта ў прасценак.
— Ну вось, Сінцоў, табе першае пасляваепнае заданне,— услед яму неяк фальшыва пажартаваў камандзір. — A то ўсё бедаваў, чым будзеш займацца.
Сінцоў не адказаў і не ўсміхнуўся. Гэта праўда, што ўсе апошнія дні ён не на жарт клапаціўся, як уладкавацца пасля вайны хлопец быў адзін, без бацькоў і радні, з чатырнаццаці год выхаванец палка.
Сяржант падавіў уздых і, з асцярогай пазіраючы на вуліцу, пачаў прабірацца па-за сценамі ў бакавы пралом. Чарняк пастаяў яшчэ ў нейкай задуменнай нерашучасці, выцер рукавом ложу карабіна, вылаяўся і ўрэшце, няспрытна валюхаючыся, рушыў следам. Воддаль, яшчэ болей прыгнуўшыся, шмыгнуў Туркоўскі, і апошні спакойна перайшоў адкрытае месца Сінцоў.
Ля пралому яны спыніліся, сяржант выглянуў, хвіліну счакаў і, нібы ў сцюдзёную ваду, імкліва рынуўся цераз вуліцу да сцяны процілеглага дома. Сінцоў і Чарняк скіравалі следам, а Туркоўскі нешта прамарудзіў, і калі высунуўся бегчы, ад ратушы загрукалі стрэлы. Высякаючы на каменнях бруку сінія іскры, наўкола разляцеліся кулі, a Туркоўскі вёртка сігануў назад і знік у праломе.
Пад сцяной з агромністай, скіраванай уніз стрэлкай рэкламы байцы аддыхаліся, тут яны былі ў нейкай бяспецы, закрытыя ад ратушы вуглом шэрага, падзёўбанага асколкамі дома. Сяржант узіраўся ў руіны, дзе застаўся іхні чацвёрты таварыш, і, не ўбачыўшы яго, крыкнуў:
— Гэй, давай бягом!
Туркоўскі нясмела высунуўся з-за пашчэрбленага ўскрайка сцяны, але кулямёт з ратушы зноў сыпануў па тынкоўцы бязладнаю чаргой, і баец борзда схаваўся.
Ладна, сказаў Сінцоў. Пайшлі. Траіх управімся.
Яны пачакалі яшчэ, а пасля адзін за другім паўз шархоткую сцяну дома пачалі прабірацца да ратушы. Чарняк чамусьці хутка адстаў, і за сяржантам бег адзін Сінцоў. Ад рага яны пераадолелі ўскраек сквера і схаваліся пад густымі кронамі акацый. Кулямётчык з вежы ці не заўважыў іх, ці, можа, зусім не мог бачыць.
Нарэшце ў ранішняй сцішанасці перад імі вырасла змрочная высачэзная ратуша.
Сінцоў з сяржантам, сігаючы праз два прыступкі, хуценька ўзбеглі па шырокай лесвіцы да насцеж расчыненых вялізных дзвярэй. Неўзабаве, старанна хаваючыся пад сцяной, іх дагнаў насуплены, задыханы Чарняк, і яны стаіліся, услухоўваючыся ў падазроную таямнічасць будыніны. Але скрозь было ціха, кулямётчык маўчаў. Праз першыя расчыненыя дзверы віднеліся другія, такія ж вялізныя. Яны былі зачынены, а побач у змрочным куце пад стрэльчатай аркай пачыналіся нейкія прыступкі ўгору. Стараючыся не парушаць цішыні, усе трое засцярожліва падаліся да таго ўвахода.
Тут аказалася вузенькая вінтавая лесвіца, стромкая і скручаная ў штопар, яна ўпарта ўвінчвалася ў цесную
вежу ратушы. Праз тры крокі наперадзе яе спіраль зусім ужо заварочвала ўбок, і далей нічога не было відаць, хоць вузенькія маленькія акенцы з аднаго боку добра асвятлялі яе пашчэрбленыя прыступкі.
Байцы асцярожна крочылі пры сцяне, дзе круцізна была меншая. Першы ішоў сяржант, за ім Сінцоў, і ззаду, сапучы і зрэдку пакырхваючы, няўклюдна карабкаўся Чарняк. Яны ўжо парадкам узняліся ўверх, і ў чарговым акенцы паказаліся дахі горада, верхавіны акацый, далей прасцяг вузкай даліны з дарогай і над усім Альпы, падсветленыя сонцам, якое неўзабаве павінна было вырвацца ў неба. Па яркай набрыняласці снегавых вяршынь яно мелася сёння быць асаблівым яркім і захмялела вясёлым, гэтае веснавое сонца першага дня міру.
Людзі абышлі па спіралі яшчэ некалькі кругоў, і Сінцоў, неяк неўпрыцям змануты цішынёй, аж забыўся, куды і навошта вяла іх апошняя вайсковая патрэба. Ён усё болып зачаравана ўглядаўся ў кожнае акенца на ўсход і чакаў, што вось-вось з-за пазубленай сцяны гор пырсне тое самае незвычайнае і дзівоснае сонца. Але яно, відаць, рухалася марудна, быццам баючыся растраціць поўную меру сённяшняй радасці, няспешна і плаўна ўзнімалася за гарамі; і гэтак жа няспешна, спыняючыся і ўслухоўваючыся, падымаліся ўгору байцы.