Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Уставаць, размаўляць і хадзіць было забаронена, і яны курчыліся так доўгія дні і ночы, застылымі позіркамі ўтаропіўшыся ў падзёўбаную кулямі столь, у разбітыя шыбы вялікіх акон, у адзінае, што яшчэ нагадвала школу пакрэмзаную класную дошку на тынкаванай сцяне. Дарагім напамінкам былога бялелі на ёй сляды, пэўна, яшчэ вясновых экзаменаў: рэшткі сказаў з падкрэсленымі словамі, напалову сцёртая алгебраічная задача, а дзе-нідзе на беражках рамы нават паблісквалі напісаныя алоўкам выратаваўчыя вучнёўскія падказы. Гэта было жахліва — у такім пекле нялюдскіх пакут бачыць гэткія светлыя адзнакі інакшага, далёкага ўжо, як мара, жыцця. Яны быццам дражнілі, гэтыя зацёртыя словы «Пока свободою горнм...» і гэтыя рэшткі спісанай крэйды, і нават анучка шэрая, размачаленая, даўно ўжо высахлая і забытая на самым краёчку дошкі.
Тыя напамінкі мінулага тупым нажом кроілі спакучаную душу лейтэнанта, які, шчыльна прыціснуўшыся да сцяны, ляжаў крайні ў радзе, якраз пад дошкай. Ён быў зусім яшчэ малады, гэты палонны камандзір, і вабіў сваёй юначай узмужнеласцю зблытанымі валасамі колеру пшанічных каласоў, схуднелым, але ўсё яшчэ круглявым, чыстым і нейкім прасветленым тварам усім абліччам добрага, паслухмянага хлопца. У класе было зусім ціха, людзі прымоўклі, ляжалі, бы мёртвыя, толькі ў далёкім
кутку нехта стагнаў у сне, нешта трызніў; роўна тупалі вартавыя ў калідоры ды ў рамах, не знаходзячы выйсця, білася, гудзела вялікая муха.
Але вось надвячоркам, калі негарачае восенскае сонца паклала на белай тынкоўцы шэсць доўгіх бліскучых палос, у калідоры загрукалі падкутыя боты, застукалі дзверы, і застаялую цішу будынка скалыхнула каманда:
Строіцца ўсім!
Людзі на падлозе заварушыліся. 3 немачнай паспешнасцю і стогнамі тыя, што яшчэ былі жывыя і маглі ўстаць, пачалі ўзнімацца на ногі, заварушыліся твары, спіны, скарэлыя бінты павязак усе падаліся ў дзверы. Лейтэнант пад дошкай таксама варухнуўся, з яго вачэй ураз знікла зацятая самота, і ў глыбіні мільгануў цень трывожнае думкі. Ён узняўся разам з усімі і ў незашпіленай і непадпяразанай суконнай гімнасцёрцы з чорнымі пятліцамі на каўняры накіраваўся к выхаду. Яго левы рукаў з камандзірскім шаўронам матляўся пусты ўздоўж тулава, а пад гімнасцёркай на вузкай почапцы, якая белым шрамам уядалася ў худую юнацкую шыю, вісела параненая рука.
3 калідора тым часам ляцела звычайнае тут, як пакуты і смерць, прывычнае «шнэль, шнэль», і людзі, стрымана тоўпячыся на парозе, выбіраліся ў дзверы. Яны ўжо ведалі, навошта іх строяць, што будзе далей гэтая жахлівая завядзёнка паўтаралася тут штодзень роўна ў сем вечара.
Выпхнуты ў калідор цесным натоўпам людскіх цел, лейтэнант як-кольвечы засцерагаў ад штурханіны параненую руку і ціснуўся між людзей да акна. Праз падвойнае спляценне рам яму відаць быў цесны панадворак, з трох бакоў сціснуты сценамі, а з чацвёртага адгароджаны суцэльным шэрагам парт, заследжаных ботамі, паламаных, з адарванымі вечкамі. 3 таго боку бар’ера ўжо збіраліся немцы афіцэры тутэйшага гарнізона, якія акуратна штодзень сходзіліся на відовішча гэтай нялюдскай экзекуцыі. Сярод іх быў і малады, пэўна лейтэнантавых год, афіцэр, у такой, як і ўсе, чорнай эсэсаўскай форме, белатвары, маўклівы і нават пануры. Бы Гамлет на сцэне, стаяў ён крышачку ўбаку ад усіх, скрыжаваўшы на грудзях белыя рукі, і, так-
сама, як учора, як і ўсе ранейшыя дні, нерухомым затоеным позіркам глядзеў у акно. Ён быццам кагосьці шукаў і неўзабаве, напаткаўшы лейтэнантаў твар, уставіўся ў яго, нібы ў самую душу,глядзеў і глядзеў, і невядома, што займала яго леная цікаўнасць ці змрочная злая зацятасць.
Аднак сёння ўглядацца адзін ў аднаго ім давялося нядоўга. Праз якую хвіліну ў калідоры прагучаў сярдзіты нямецкі вокліч, за ім лаянка. Людскі натоўп здрыгануўся і таропка пачаў выстройвацца ў цесны няроўны рад. Лейтэнанта адпіхнулі да акна, пацяснілі, балюча прыціснулі руку, і ён апынуўся ў першай шарэнзе. У вузкім праходзе між людзьмі і сцяной з зацятай таемнасцю на ўкормленых тварах ішлі двое афіцэраў з салдатамі аховы. Яны выбіралі дужэйшых.
...Праз чвэрць гадзіны чацвярых з гэтай нялічанай грамады пакутнікаў вывелі са школы.
Па знаёмай, пратаптанай другімі сцяжыне яны лейтэнант, баец у сподняй кашулі з пустым, выбітым вокам, пажылы вусаты капітан-сапёр і жылісты чарнагаловы ўзбек увайшлі за бар’ер і спыніліся. Лейтэнант прагна ўдыхнуў вячэрняй свежасці, агледзеўся — трэба было неяк рыхтавацца да стычкі, і нічога цяпер так не жадаў ён, як мець здаровыя рукі. Побач, прыхінуўшыся адзін да аднаго цёплымі целамі, стаялі тыя, з кім яму суджана было хутка загінуць, і гэтая непазбежнасць канца без слоў і поглядаў таемнаю сілай з’ядноўвала іх.
А на дварэ — над немцамі, людскімі пакутамі і блізкаю смерцю — ціха лунаў надвячорак цудоўнай восеньскай пары бабінага лета. Недзе за шыферным дахам школы садзілася яшчэ і ўвечары цёплае прыветнае сонца, двор атуліла доўгая палоса ценю, а ўгары цагляныя каміны, верхавіны клёнаў і ліп з жоўтым парадзелым лісцем ззялі журботай пагоднага захаду. Нейкі час было ціха. Немцы, стоячы купкамі, прымоўклі і з цікаўнай цярплівасцю прыглядаліся да ахвяр, мераючы іх вачыма і вызначаючы іх фізічныя здольнасці. Яны скіравалі на гэтых чацвярых усю ўвагу, a тыя з перадсмяротнай прагнасцю пазіралі, як над галовамі ворагаў ззяў, свяціўся бляскамі восені стары разложысты
клён. Ужо набліжаўся канец яго прыгажосці, і з галля адвечным сваім парадкам з ціхім, развітальным шэптамжальбаю сыпаліся долу кляновыя лісткі. Усё менела і менела іх на галінах, а яны ўсё падалі і падалі, бы залатыя вялізныя кроплі, важкія і нетаропкія ў цішы вечара, на прыветны дол ля камля, на сцяжыну, у мураву. Тыя, што з верхавіны доўга прабіраліся праз галлё і, бы матылі, адляталі далёка пад сцены будынка, на парты, к гнуткім блішчастым ножкам прынесенага аднекуль стала.
За сталом, адхінуўшыся на спінку крэсла, бы цвік, роўна тырчаў даўгашыі сухі оберштурмфюрар не стары, кастлявы чалавек з падцятымі тонкімі вуснамі і схаванымі пад бровы вачыма. Бліскаючы сіняй іскрынкай пярсцёнка, выстукваў ён на стале нейкі матыў, старанна выпінаючы свае напрасаваныя грудзі з круглым нацысцкім значком і тоўстым «жалезным» крыжам. За яго спіной стаялі астатнія афіцэры і збоку ад усіх той малады. Ён па-ранейшаму насцярожана і пільна глядзеў на ахвяры і найбольш на лейтэнанта.
Яны былі зусім непадобны адзін на аднаго з першага погляду, — гэтыя два варожыя афіцэры — той вымыты, свежы, у наглянцаваных хромавых ботах, зухаватай высокай фуражцы з галуном і кантамі, і гэты — знявечаны, босы, расхрыстаны і змучаны. Але адчувалася нешта схожае і ў росце і нават у іх абліччы — тыя ж бялявыя схуднелыя твары, разважныя ўдумныя позіркі, мяккая пакатасць чыстых юнацкіх ілбоў. Малады немец не адводзіў позірку ад лейтэнанта-смяротніка, і невядома, што змушала яго так упарта ўглядацца. Можа, то была выхаваная з маленства пагарда к слабейшаму, можа, жаданне неабстрэленага тылавіка пазнаць дух праціўніка, можа, схаванае таемнае спачуванне?..
Лейтэнант між тым не вельмі думаў аб прычынах тае цікаўнасці: ён бачыў перад сабой ворага, чакаў пагібелі і думаў, што трэба будзе памерці па-людску. Але ў яго не было ніякае зброі, не шмат засталося сілы. I ён уклаў у свой погляд усю сваю нескароную волю і глядзеў так хвілінудругую, не жадаючы ўступіць гэтаму немцу.
Ворагі тым часам чакалі сабак, чацвёра палонных, самкнуўшыся плячмі, чакалі пагібелі, сотні людзей за пабітымі вокнамі душылі ў сэрцах бяссільную роспач і ледзь стрымлівалі сябе.
I вось з-за рога будынка, туга напяўшы раменныя павадкі і прыцяўшы к ілбам вострыя вушы, выскачылі два шэрыя ваўкадавы вялізныя, шыракагрудыя, з клоччам зляжалай поўсці на брухах. Яны ўжо ведалі свае абавязкі, гэтыя дрэсіраваныя людаеды, перад тым іх добра памарылі голадам, і яны рваліся цяпер, дыхавічна саплі, пырскаючы з ляп слінаю, драпежна аскальваючы жоўтыя іклы. За імі бег іх павадыр, нейкі эсэсаўскі ўнтэр чалавек з агідным насатым тварам, пакрэсленым сінімі рубцамі старых шрамаў, у рудой скураной куртцы і абшытых скураю брыджах. Упіраючыся ў дол абцасамі, ён ледзьве стрымліваў на павадах раз’юшаных сабак.
Крайнія ад рога немцы са стрыманай бояззю адступілі назад, загаманілі, забліскалі вачыма. Оберштурмфюрар задаволена ашчэрыўся і з нечаканай лагоднасцю на сухім твары паляпаў сябе па сцёгнах.
— Рэкс! Рэкс!.. Гут, Рэкс!
— О Рэкс,— падхапілі афіцэры, нясмела падыходзячы бліжэй, каб палашчыць сабак, якія, тузаючы доўгія павады, рваліся за загародку. Оберштурмфюрар яшчэ паляпаў па сцёгнах, адхінуў крысо мундзіра, нешта дастаў з кішэні і невысока падкінуў. Вялізная ваўкарэзіна з чарнабурай вузкай хрыбецінай лёгка скочыла ўгору, схапіла ў паветры гасцінец і, прыгнуўшы голаў да кіпцюрыстых шырокіх лапаў, прагна зжэрла яго.
Услед за першымі выскачылі з-за рога яшчэ дзве, праўда, не такія вялізныя, як першая, але гэткія ж сквапныя да чалавечай крыві, надрэсіраваныя дужыя аўчаркі. Афіцэры загаманілі, іхняя ўвага пераключылася на сабак, і відаць было, што яны ведалі і любілі гэтых жывёлін. Такое жахлівае відовішча было ў іх накшталт таталізатара і, пэўна, весяліла тылавое жыццё ў гэтым сумным, панішчаным вайной прыфрантавым гарадку.
Лейтэнант ведаў, што чаго лепшага, як толькі памерці з найбольшай годнасцю, ужо не выпадзе ў яго кароткім жыцці. Апошні раз паглядзеў ён на лагоднае прыволле вячэрняга неба, на якім у недасяжнай высі, бы срэбнае крыло дзівоснае птушкі, ціха ляжаў касячок празрыстых дробных аблокаў, услухаўся ў пакорлівы самотна-ўрачысты шэпт лістапада і адступіў бліжэй да сцяны.
Прадчуваючы хуткую асалоду відовішча, немцы падступіліся да бар’ера, оберштурмфюрар запалым жыватом узваліўся на ўскраек стала, толькі той малады афіцэр стаяў усё на ранейшым месцы і скамянелым позіркам з-пад шырокага казырка фуражкі ўглядаўся ў палонных.
I тады каты спусцілі сабак.
Чацвёра няшчасных шчыльней прыціснуліся да сцяны і адзін да аднаго, і хоць яны ўжо не мелі ніякіх шанцаў у барацьбе, але ўсё ж не хацелі здавацца адразу. Лейтэнант шырэй расставіў босыя ногі, нарыхтаваў для абароны здаровую руку і сачыў. Натрэніраваныя сабакі спрактыкавана выбралі кожны сабе ахвяру і, ударыўшы вобзем пругкімі хвастамі, усе разам рынулі на людзей.