Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Ларывон на час забыўся пра хворасць, прыўзняўся ў ложку гэта было пісьмо ад Піліпа. Пакуль ён узіраўся памутнелым зрокам у не дужа зграбныя радкі і з намаганнем разбіраў сэнс слоў, Грышка апавядаў Зосі, што пад Масквой перамога, што мы наступаем, што мы б’ём немцаў. А якія трафеі, а колькі адваявана рускай зямлі аж трыста кіламетраў углыб! Во калі яно пачалося! Слухаючы гэта і чытаючы адначасова, Ларывон пакрысе разумеў, што сын пісаў са шпіталю, што ён паранены ў баях за Маскву і цяпер ляжыць на лячэнні ў горадзе Горкім, што рана цяжкая, з пашкоджаннем косці, але не бяда ачуняе. Затое добра далі фрыцам, настала і на нашай вуліцы свята.
Ларывон апусціў на кажушок сваю высахлую скура ды косці руку, адхінуўся на падушку і заплюшчыў змакрэлыя вочы. Хвілін колькі ён не чуў і не бачыў нікога, толькі адчуваў, як агортвала яго позна прычаканая радасць...
Грышка заўважыў незвычайны стан бацькі і раптам неяк прыціх. Шчаслівымі слязьмі плакала Зося, толькі адна Людачка пазірала строга і сумна.
Суняўшы хваляванне, Ларывон папрасіў Грышку знайсці яму чыстую кашулю, не ўстаючы з ложка, адзеў яе, зноў лёг і паклікаў да сябе сына.
Паглядзі-тка там, у куфры, такі зялёны карабок. Дай сюды.
Грышка адчыніў цяжкае, размаляванае нейкімі кветкамі века матчынага сундука, адразу дастаў з-пад вопраткі добра вядомы з дзяцінства карабок і падаў бацьку. Той непаслухмянымі пальцамі адчыніў яго, выняў адтуль тры крыжыкі на паласатых чорна-рудых стужках і па адным пачаў прычэпліваць на свае знямоглыя старэчыя грудзі. Сын, Зося і Людачка з маўклівай павагай стаялі побач.
Прыладзіўшы ўзнагароды, Ларывон адкінуўся на падушку і паглядзеў на прысутных. У яго зацененых касматымі брывамі вачах была спакойная разважнасць усё зведаўшага ў жыцці чалавека.
Сын неадрыўна пазіраў на бацьку, і ўсё болей марнела яго вясёлая ўзрушанасць, нешта жадаснае адбівалася на яго абсівераным маладым твары. Ён трымаў у руках паперку, усё збіраўся нешта сказаць бацьку і вагаўся.
Тата,урэшце наважыўся ён,тата, мне вось павестка з ваенкамата. Таксама ў армію, а вы...
Ларывон зірнуў на яго, нібы здзівіўся. У армію? Пасля задумаўся і ляжаў доўга. Сын і Зося з дачкой усё стаялі побач і чамусьці, бы якога прысуду, чакалі, што скажа стары.
Ну, што ж ідзі... Усе мы хадзілі. Можа, ты шчаслівейшы... Зробіш, што нам не прыйшлося... Дажывеш мір пабачыш... Эх, мір, мір! гаротна выдыхнуў Ларывон і зноў замоўк, нерухомым поглядам уставіўшыся ў закураную нябеленую столь. Пасля ціха, але рашуча пацвердзіў:
Ідзі, сын!
Ён склаў на грудзях рудыя, схуднелыя рукі, самі заплюшчыліся яго пагаслыя вочы, і стары заціх у забыцці сухі, касмылявы, сівы, з трыма георгіеўскімі крыжамі на запалых грудзях.
Грышка боязна паглядзеў на бацьку, зірнуў на Зосю з малою, уздыхнуў і пачаў збірацца ў сваю вялікую, нязнаную дарогу.
1959 г.
Эстафета
Ён упаў на забаранаваную мякаць агароднай зямлі, не дабегшы якіх дзесяці крокаў да пасечанага асколкамі белага доміка з разбураным чарапічным дахам іхняга ўчарашняга арыенціра тры.
Перад тым ён, ірвучы гімнасцёрку, прабраўся праз калючы гушчар жывой загарадзі, у якой з самага ранку гэтага пагоднага красавіцкага дня гулі, варушыліся пчолы, і, акінуўшы хуткім позіркам рэдкі ланцужок постацей, што па свежаапрацаваных агародах беглі да ўскраінных домікаў, замахаў рукамі і праз стрэлы і выбухі крыкнуў:
Прыняць улева, на кірху!!!
Пасля прыгнуўся, неяк баднуў галавой у зухавата прыткнутай пілотцы і, выпусціўшы пісталет, тыцнуўся тварам у цёплую мякаць зямлі.
Сяржант Лемяшэнка ў той час, размахваючы аўтаматам, зморана трухаў уздоўж калючай, дбайна падстрыжанай зялёнай сцяны і ледзьве не наскочыў на свайго нечакана распластанага ўзводнага. Спярша ён здзівіўся, што той гэтак недарэчна спатыкнуўся, нейкая няяснасць кораценька мільганула ў свядомасці, але затым усё стала на сваё месца. Лейтэнант назаўжды застыў, убіўшыся русавалосай галавой у пульхную зямлю, падкурчыўшы пад сябе калена левай нагі, выцягнуўшы правую, і некалькі пчол патрывожана мітусіліся над яго нерухомай прапацелай спіною.
Лемяшэнка не спыніўся, толькі нервова перасмыкнуў вуснамі і, пераняўшы каманду, закрычаў праз грукат бою:
Узвод, прыняць лявей! На кірху! Гэй, на кірху!!!
Узвода, аднак, ён не бачыў два дзесяткі аўтаматчыкаў ужо дасягнулі агароджаў, садкоў, будынкаў і прапалі ў
грукаце бою, які ўваходзіў у самую сілу. Справа ад сяржанта на суседнім панадворку мільгануў за шчыкетнікам шэры твар кулямётчыка Натужнага, недзе за ім паказаўся і знік малады бялявы Тарасаў. Астатніх байцоў яго аддзялення таксама не было відаць, але па тым, як час ад часу патрэсквалі іх аўтаматы, Лемяшэнка адчуваў, што яны недзе побач.
Трымаючы напагатове свой ППШ, сяржант абабег домік, запыленымі ботамі трушчачы шкло і паскіданую з даху чарапіцу. У ім усё тлеў невыразны, так і не праяснены смутак аб забітым узводным, у якога, бы эстафету, падхапіў ён чарговы клопат павярнуць узвод фронтам да кірхі. Лемяшэнка не дужа разумеў, навошта гэта было, але апошні загад камандзіра набыў ужо сілу і вёў яго новым кірункам.
Ад доміка па вузенькай дарожцы, выкладзенай бетоннымі пліткамі, ён дабег да весніц. За шчыкетнай загарадкай цягнуўся нешырокі завулак. Сяржант зірнуў у адзін бок, у другі. Дзе-кольвечы сюды выбягалі з панадворкаў байцы і таксама азіраліся. Вунь і яго Ахметаў выскачыў ля трансфарматарнай будкі, азірнуўся і, згледзеўшы аддзялённага, сярэдзінай вуліцы пашыбаваў да яго. Недзе між садкоў, шэрых катэджаў і домікаў з лютым крэктам разарвалася міна, побач на крутым даху, збітая асколкамі, зрушылася і пасыпалася ўніз чарапіца.
— Улева давай! На кірху!!! — крыкнуў сяржант і сам пабег па-над драцяной агароджай, шукаючы дзе якога праходу. Наперадзе з-за кучаравай зеляніны недалёкіх дрэў сінім шпілем тырчала ў неба кірха — новы арыенцір іхняга наступлення.
Тым часам у завулак адзін за адным высыпалі аўтаматчыкі; з’явіўся ззаду нізенькі, камлюкаваты, з крывымі ў абмотках нагамі кулямётчык Натужны, за ім — навічок масквіч Тарасаў, які з самага ранку не адставаў ад спрактыкаванага старога байца; з нейкага двара лез цераз загарадзь маруда Бабіч у перакручанай на галаве зімовай шапцы. «Не мог знайсці якога праходу, торба», вылаяўся ў думках сяржант, убачыўшы, як той спачатку перакінуў
цераз плот свой аўтамат, а пасля нязграбна пераваліў на вуліцу няўклюднае медзведзяватае цела.
Сюды, сюды давай! — махнуў ён, злуючы ад таго, што Бабіч, падняўшы аўтамат, пачаў атрэпваць свае запэцканыя калені. Хутчэй!
Аўтаматчыкі, нарэшце, зразумелі каманду і, знаходзячы праходы, знікалі ў весніцах, між дамоў, за будынкамі. Лемяшэнка натрапіў на расчыненыя вароты і ўбег у даволі шырокі заасфальтаваны двор, на якім размясцілася нейкая нізкая шэрая будыніна, відаць, гараж. Следам за сяржантам убеглі сюды яго падначаленыя Ахметаў, Натужны, Тарасаў, апошні трухаў Бабіч.
Лейтэнанта забіла, кінуў ім сяржант, выглядаючы які-небудзь праход. Ля белага доміка.
У той час аднекуль зверху і зблізку прагрукацела чарга, і кулі, пакідаючы на асфальце свежыя ямкі і зрыкашэціўшы, імгненна разляцеліся ў бакі. Лемяшэнка кінуўся пад сховань глухой бетоннай сцяны, што агароджвала двор, за ім астатнія, толькі Ахметаў спатыкнуўся, ухапіўся за біклагу ля пояса, з якой у два струмені нешта лілося.
Сабакі! Куды ўцэлілі, гітлерчукі праклятыя...
3 кірхі,— сказаў Натужны, узіраючыся праз голле дрэў у бок шпіля. Яго невясёлы, папсуты воспаю твар агарнуўся клопатам.
За гаражом знайшліся весніцы з завязанай дротам клямкай. Сяржант выняў фінку і за два ўзмахі перарэзаў дрот. Яны штурханулі старыя дзверы і апынуліся пад разложыстымі галіністымі вязамі старога парку, але тут жа пападалі. Лемяшэнка разануў з аўтамата, за ім ударылі чэргамі Ахметаў і Тарасаў між чорных жылістых камлёў беглі ўрассыпную зялёныя паджарыя постаці ворагаў. Непадалёку за дрэвамі праглядваў шырокі прастор нейкай плошчы, і за ім высілася ўжо нічым не затуленая кірха. Там бегалі і стралялі немцы.
Неўзабаве, аднак, ворагі заўважылі і іх, і першая кулямётная чарга пырснула жарствой з бетоннай сцяны, абцярушыла парэпаную кару вязаў. Трэба было бегчы далей,
да плошчы і кірхі, уссеўшы на ворага, не злазіць з яго карку, не даць яму апамятацца, але іх было мала. Сяржант паглядзеў у бакі болей пакуль ніхто не прабраўся яшчэ да гэтага парку: чортавы панадворкі і загарадзі сваімі лабірынтамі трымалі людзей.
Кулямёты смалілі па сцяне, па шыферным даху гаража, байцы распласталіся на драбнюткай далікатнай вясновай траўцы і тыркалі кароткші аўтаматнымі чэргамі. Натужны выпусціў з паўдыска і сціх страляць не было куды, немцы пахаваліся ўжо ля кірхі, а іх агонь з кожнай хвілінай гусцеў.
Ахметаў, лежачы побач, толькі соп, злосна раздзімаючы тонкія ноздры, і паглядваў на сяржанта. «Ну, а што далей?» пытаў гэты позірк, і Лемяшэнка ведаў, што і іншыя таксама пазіралі на яго, чакалі яго каманды, але скамандаваць што-небудзь было не дужа проста.
А Бабіч дзе?
Іх было чацвёра з сяржантам — злева Натужны, справа Ахметаў з Тарасавым, а Бабіч так і не выбег з двара. Сяржант хацеў загадаць каму паглядзець, што здарылася з гэтым мешкаватым байцом, але ў той час злева між дрэў замільгалі постаці аўтаматчыкаў іхняга ўзвода яны сыпанулі аднекуль даволі густа і згодна ўдарылі з аўтаматаў па плошчы. Лемяшэнка не падумаў нават, а болей адчуў, што час падавацца далей, да кірхі, і, махнуўшы рукой, каб звярнуць на сябе ўвагу тых, злева, ірвануўся наперад. Крокаў праз некалькі пад камлём вяза ён упаў, даў дзве кароткія чэргі. Нехта глуха чмякнуўся побач, сяржант не ўбачыў яго, але па нечым няўлоўным адчуў, што гэта Натужны. Затым ён ускочыў і яшчэ сігануў некалькі шырокіх крокаў. Злева не сціхалі чэргі гэта пасоўваліся ў глыб парку яго аўтаматчыкі.
«Хутчэй, хутчэй», у такт зморанаму сэрцу стукала ў галаве думка. He даць апамятацца, наскочыць, разагнаць, бо калі немцы паспеюць агледзецца і ўбачаць, што аўтаматчыкаў не шмат, тады будзе бяда, тады яны тут завязнуць...
Яшчэ прабегшы некалькі паспешлівых крокаў, ён упаў на старанна падгрэбены, прапахлы прэласцю дол; вязы ўжо засталіся ззаду, побач сціпла жаўцелі першыя веснавыя кветкі. Парк скончыўся, далей за зялёнай драцяною сеткай раскінулася блішчастая ад сонца плошча, вымашчаная дробнымі квадратамі шызай брусчаткі. У канцы плошчы ля кірхі мітусіліся прыгнутыя постаці немцаў у касках.