Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Людзі пачалі азірацца, гаспадары кінуліся ў пакоі, дзе некалькі месяцаў пільна ўтрымліваліся іх падапечныя, але аказалася, што дзверы абодвух кватэр з ранку расчынены і сабакі зніклі.
Тады ўсе разышліся па двары, цюцюкаючы чацвераногіх зачыншчыкаў, і неўзабаве недзе за рогам раздаўся гучны, раскоцісты, ажно гамерычны рогат пракурора.
Ха-ха-ха! Ой, ха-ха-ха! Глядзіце: цуда і толькі.
Усе кінуліся ў той бок і абступілі чалавека, які, аберуч ухапіўшыся за жывот, рагатаў і ўсё паказваў пад плот.
Ля плота сабралася чалавек з дзесяць членаў камісіі, чацвёра суседзяў-ворагаў, і ўсе моўчкі, поўныя здзіўлення пазіралі ўніз, дзе ў цяньку ад плоту надзвычай лагодна прыхінуўшыся адзін да аднаго соладка і мірна спалі Джульбарс і Банцік. Смех і людзі, вядома, разбудзілі іх, але сабакі не збіраліся ўцякаць, толькі незадаволена прыўзнялі галовы і лена глядзелі на развесялелых людзей.
Сапраўды, уся гэтая застарэлая варожасць здалася дзівосна дробязнай, апрыклай і недарэчнай у параўнанні з бяздумным сабачым мірам. I першы тое адчуў, відаць, Круглоў. Ён раптам плюнуў пад ногі і торапка пайшоў у дом, гучна бразнуўшы дзвярыма.
За ім, хаваючы ад людзей вочы, папляліся Кацярына Кірылаўна і Аўсейчыкавы, а члены камісіі, раптоўна загаманіўшы ўсе разам, пачалі дружна збіраць са стала паперы.
Неўзабаве ў двары пад плотам засталіся адны, надзіва дружалюбныя, сабакі.
[1960 г.]
Хлебны акраец
Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась, сіў-ш-шась...
Вузее-меншае травяністы хамлак на лугавіне, бліжай і бліжай да альховага ўзлеску падступаюць трое касцоў ужо ўвесь луг за іх спінамі палёг даўжэзнымі, выгінастымі, як хвалі, пракосамі. Сонца, увабраўшыся ў сілу, зусім звузіла цень ад гушчару-алешніку, замакрэлі ад поту Сцяпанавы лапаткі пад старэнькай залапленай гімнасцёркай, прысохла і не адліпае ад голых валасатых лытак травяная драбяза. Сцяпан падганяе пад самы алешнік свой апошні пракос, размашыста забівае ў зямлю канец касавільна і ўзнімае голаў.
Сіў-ш-шась, сіў-ш-шась шырока адмахвае за ім Лёнік Бокуць здаровы рукасты дзяцюк з ленаватымі соннымі вачыма і бліскучымі ад поту плячмі. Майка яго таксама мокрая, хоць выціскай, па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту, блішчаць аблепленыя дзяцелінай халявы гумовых ботаў. Ленаваты Лёнька не прывык завельмі мардавацца на працы, і хоць стае маладое сілы, выдаткоўвае хлопец яе эканомна і пакутна. Дайшоўшы да дзядзькі Сцяпана, ён кідае на пакошу касу і знедужэла валіцца ў засень.
—	Ах, каб на яе мухі з аваднямі... Уходаў ты нас, дзядзька Сцяпан...
Дзядзька Сцяпан чакае трэцяга. Грудзі яго пад распяразанай і расшпіленай да апошняга гузіка гімнасцёркай размашыста-стомлена дыхаюць, нервова падрыгваюць на абадку касы парэпаныя натруджаныя пальцы, а на строгім хударлявым твары ціхая задаволенасць сваёй ужо не маладой сілай і асалода ад спрадвечна нялёгкай мужчынскай
працы касьбы. I яшчэ на твары прытоеная скупая радасць, кароткая і сціплая, і свеціцца ў глыбі адзінага вока ўсмешка. Другога вока ў дзядзькі няма. Замест яго наўскасяк цераз лоб чорны скураток павязкі з гэткім жа чорным пятаком-лапінкай пад налахмачаным русым брывом.
Следам за Лёнікам, нетаропка матляючы касавільнам, сунецца да ўзлеску барадаты дзядуля Змітрук. Гэта немаладога веку калгаснік, пенсіянер і законнік, які ўжо год дваццаць хварэе на нейкую незразумелую старэчую хваробу і толькі ў касьбу ніяк не можа змірыцца з тою сваёй хворасцю і старасцю. Кожнае лета адольвае старога ахвота падпрэгчыся дзе-небудзь да маладзейшых і дзён пару да знямогі памахаць касой.
Дзядзька Сцяпан пазірае на Змітрука і думае, што сілы ў старога прыкметна паменшала. А некалі хвацкі быў дзед у тыя даўнія ўжо часы, калі Лёніка яшчэ не было на свеце, а падлетак Сцяпан, здаралася, аберуч выдзіраў касу з якое купіны. Цяпер жа апошняя грыўка рамонак, смалянак і мятліцы ўперлася ў дзеда Змітрука і не дужа ахвотна карацее пад яго касой.
-	Давай, давай, Пятровіч, падганяе дзядзька Сцяпан старога. Пара ўжо снедаць.
Дзед Змітрук, аднак, не спяшаецца.
Бы і не чуючы таго, ён дастае з кішэні мянташку і пачынае агойсваць касу.
Вжык-вжык, вжык-вжык, вжык-вжык...
Яны цярпліва чакаюць яго дзядзька Сцяпан, абапершыся на касу, а Лёнік, разлегшыся ў доле. Але дзед не спяшаецца наладжвае касу, пасля дакошвае сваю грыўку, рупліва абівае пяткай рэшту травы пад алешнікам і пасля ўжо ўздзяе на плячо касавільна.
-	Ну і пайшлі.
Дзядзька Сцяпан таксама ўскладвае касу на плячо і панад узлескам ідзе к дарозе, дзе яны ўранку пакінулі свае світкі з сякім-такім харчам. За ім брыдзе Змітрук, і апошні ўзнімаецца Лёнік. Ляніва цвыркнуўшы скрозь зубы, ён пляцецца за ўсімі, знясілена цягнучы за сабой касавільна.
Дзядзька Сцяпан нетаропка вядзе сваю невялічкую брыгаду па-над абкошаным падлескам. 3 алешніку яшчэ дыхае роснай сырасцю, людзі ціснуцца да вецця, у засень, але засень малая, і іх галовы ўсё роўна прыпякае сонца. Сцяпан задаволены працай, ранкам, ламотная стома круціць лапаткі, але з непрывычкі яно аж прыемна. Дзядзька механізатар, трактарыст; толькі цяпер, у касьбу, на лугі і балоты выходзяць усе, час гарачы жывёле ўзімку патрэбны корм. I не ведае, ды і не імкнецца дазнацца ў самім сабе, ад чаго гэта такая лёгкасць у душы — ці то ад спластанага лугу, ці ад нялёгкае працы, ці проста ад пагоднага ранку. Яму добра, лагодна-супакойна, і ўсё.
Над алешнікам, каля вузенькай крывулястай дарожкі, яны снедаюць. Сцяпан выцягвае з кішэні старога пінжака загорнуты ў газеціну харч кавалак сухой каўбасы, кус падталага масла, Лёнік ладны акраец хлеба з прыліплай да споду аірынай і, мабыць, з дзесятак вараных яек. Усё гэта ён выкладвае на разасланую перад Сцяпанам газеціну. Адзін толькі дзед Змітрук, прымасціўшыся зводдаль, аднекуль выцяг бутэльку з сіняватым ад шкла малаком і сілкуецца сабе на водшыбе ад усіх.
Ты што, Пятровіч, — кажа дзядзька Сцяпан. Давай да кучы, смачней будзе.
Ды не. Я ўжо малачком пачастуюся. Зубы, ці ведаеш, моцы не маюць. Эх-хе!..
Лёнік за ежай паступова жывее ад сваёй санлявае стомы, адно за адным аблузвае ў траву яйкі і бы глытае іх без солі і без хлеба. Дзядзька Сцяпан жуе каўбасу і толькі дзівуецца.
Ну і ладны ты ядок, браце. Каб вось касіў так!
А што? буркае Лёнік, утаропіўшы ў дзядзьку вузенькія вочкі. Што мне касіць! Адышло: касіць тэхніка будзе. Каса ўжо ў музей просіцца.
У музей?!
А што ж! У атамны век касіць?
Дзед Змітрук няпэўна чмыхае,відаць, не адабраючы хлопцавых слоў, дзядзька Сцяпан пазірае на Лёніка з дакорам, так і хочацца сказаць яму: «Дурны ты, хлопец! Дужы,
укормлены, а дурны!». Але Сцяпан скупаваты на словы і толькі пазірае ва ўпор на яго адным вокам і чакае, што той скажа яшчэ.
Лёнік, аднак, нічога не кажа болей, абыякавы да ўсіх, з’ядае свае дзесяць яек і бярэ акраец, што застаўся ад сняданку. Ён, відаць, добра перакусіў, аж ікае, страсае са штаноў шалупінне і не ведае, што зрабіць з хлебам. Пасля, пакруціўшы яго ў руках, размахваецца і шпурляе ўздоўж па дарозе. Акраец падскаквае некалькі разоў і знікае ў травяністай каляіне.
— Ай-яй, нядобра! — кажа дзед Змітрук. — Навошта ж так: хлеб жа!
У дзядзькі Сцяпана змыкаюцца сківіцы, нядобра сцюдзянее адзінае вока, і ён коратка кідае хлопцу:
— Ану падбяры!
Хэ, падумаеш, скарынка! Мала вам хлеба, ці што?! абыякава адгаворваецца Лёнік і соладка выцягваецца на траве.
Падбяры хлеб, лайдак! сурова ўжо выкрыквае дзядзька Сцяпан і не зводзіць позірку з Лёніка. Лёнік пазірае ў насуплены чалавекаў твар, і нешта там устрывожвае яго. Ён узнімаецца з долу, сядае, але ўсё яшчэ спрабуе адбараніцца ад Сцяпана.
— Чаго прычапіўся?! Во яшчэ...
У дзядзькі Сцяпана раптам уздрыгвае брыво, у воку нешта мутнее; на момант ён, здаецца, мярцвее, утаропіўшыся ў хлопца, а затым апантана ўскаквае, хапае касу і замахваецца. He паспявае Лёнік уцяміць, што гэта робіцца, як дзядзька добра агравае яго разы два касавільнам.
Ой-ой! За што? — надрыўна якоча Лёнік і ўскаквае на ногі. Ухапіўшыся за пабітае плячо, ён кульгікае да дарогі, усё азіраючыся і не разумеючы, за што так вызверыўся на яго гэты чалавек.
А дзядзька Сцяпан кідае прэч касавільна і сядае на сваё месца ў траве. Рукі яго дрыжаць, раменьчык глыбока ўрэзаўся ў лоб, ноздры шырока раздзімаюцца. Некалькі хвілін ён не можа супакоіцца ад сваёй нечаканай нервовасці, ад нядаўняга лагоднага настрою не засталося і следу.
Лёнік неахвотна падыходзіць да акрайчыка ў каляіне, азіраецца, насуперак сваёй волі нахіляецца і паднімае з дарогі хлеб. Ён зноў не ведае, што рабіць з ім, недаўменна і крыўдліва пазірае на дзядзьку Сцяпана. А той ужо не бачыць ні Лёніка, ні гэтай травяністай дарогі: у яго ўзрушаную душу шырокім павадкам хлынулі паўзабытыя адчуванні даўніх жахлівых падзей...
...To быў спякотны, як сённяшні, ранак, пякельнае жнівеньскае неба, бясконцая стэпавая дарога і пыл, пыл...
Пыл густой рудай хмарай вісеў над дарогай, яго не зганяў вецер, бо не было ветру, і ён асядаў на навакольны сланечнік, кукурузу, на спіны, плечы, стрыжаныя галовы, бінты, шэрыя, рудыя, потныя твары байцоў.
Іх было шмат. Яны брылі па дарозе, па пяцёра ў рад, брылі без зброі, без ежы, без надзеі і вайсковае годнасці брылі ў палон...
Абапал дарогі за пыльнай канавай, адставіўшы ўбок локці, неслі нарыхтаваныя аўтаматы насцярожаныя канваіры.
Людзі ішлі пятыя суткі...
Пятыя суткі без вады і без ежы, з закарэлымі на ранах бінтамі, са здзічэлым адчаем у вачах абяззброеныя, пераможаныя, асуджаныя на пакуты і смерць...
Другім ад канавы ў гэтае безлічы няшчасных ішоў чырвонаармеец Сцяпан Валыга.
Ён быў яшчэ малады і вельмі не хацеў паміраць. Яго здаровае цела прагла жыцця, адпачынку, вады і хоць бы якога харчу. Але ні вады, ні ежы — пятыя суткі толькі дарога, пыл, бязладнае мільгаценне спавітых абмоткамі ног і тонкія тупыя ствалы аўтаматаў абапал.
А побач яшчэ шкандыбаў блізкі чалавек аднавясковец, зямляк і сябар.
Ён зусім аслабеў, Кандрат Бокуць, гэтага вось Лёніка бацька. Такі быў дужы і відны, а знясілеў раней за жылістага паджарага Сцяпана. Яны ішлі поруч, і Кандрат спачатку ціха, а затым усё з большай тугой і мальбою прасіў земляка:
Сцяпанка, браток, памажы... He кідай!
I Сцяпан, сам не чуючы пад сабой змярцвелых ног, памагаў чалавеку: нёс на сабе сваю і ягоную скаткі, пасля кінуў іх, падставіў Кандрату плячо, а затым і зусім павалок яго, перакінуўшы за сваю шыю яго руку. Толькі хіба гэтак доўга падможаш на спякотнай дарозе, у бязводдзі, голадзе і пакутах!