Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
«Камбат гаворыць»,здагадаўся Турок і сцяўся, прысеў у траве, адчуўшы, што памыліўся з зарадам і нарабіў ліха.
Так яно і сталася. Лейтэнант хутка кінуў тэлефаністу трубку, ускочыў на ногі і, паўстаўшы на прагаліне, як тая яго цыбатая бусоль, вялізны, паджары і строгі закрычаў да іхняй гарматы:
— Сяржант Петракоў, чаму снарад адарваўся? Далажыць прыцэл!
— Сто дваццаць чатыры, — адказаў сяржант, зірнуўшы ў сваю паперку.
Зарад?
Турок, які зарад? здаецца, западозрыўшы штосьці, гукнуў да хлопца сяржант, і Турок, адчуўшы, як раптоўна самлелі яго калені, няпэўна сказаў:
— Дык гэта... Чацвёрты, я думаў.
Чацвёрты!!! грымотна раўнуў Гаркавенка. Я табе пакажу чацвёрты! Уся батарэя страляе на трэцім, а яму чацвёрты! Хуткім крокам ён рушыў да іхняй гарматы, але не дайшоў, спыніўся і закрычаў:
Прэч адсюль! Марш ровік капаць! Жыва! — I дадаў цішэй, але яшчэ болей злосна і кпліва: Ух ты, пяхота!
Так Турок апынуўся ў недакапанай яме і паныла калупаўся тут ужо мабыць з паўдня. Даўно батарэя перастала страляць, хлопцы ў разліках маскіравалі гаўбіцы, чакалі вячэры, а ён усё не мог скончыць гэтага ровіка для батарэйных снарадаў. У адзіноце і ўціхласці хлопцу было трошкі крыўдна на душы ад лейтэнантавай строгасці, трошкі прыкра на самога сябе за тую памылку. Памыляўся ён ужо не адзін раз, батарэйцы за тое кпілі з яго, самага маладога тут і неспрактыкаванага, камандзіры часта скарыстоўвалі хлопца на розных дробязных турботных работах, бо якраз ён быў такі, каго тут найменш паважалі. Праўда, хлопец трываў, стараўся, не дужа крыўдаваў і ніколі не сварыўся ні з кім.
Урэшце можна было і спачыць, глыбіня ўжо стала такая, што Турок ледзьве не хаваўся ў яміне. Накапаная зямля затуліла ад яго і гарматы, і тэлефаністаў, і лейтэнанта Гаркавенку, толькі кашлатыя елкі тырчалі ў небе шышкатымі верхавінамі. Неба было самотна-шэрае, мутнае; з туману ці нізкіх ускалмачаных хмар сеялася на дол восеньская золь, — відаць, к ночы збіраўся дождж. Прыкметна вечарэла. За хмызняком, у баку ворага, стала зусім ціха — ні стрэлу, ні выбуху, толькі справа, у суседзяў, з роўнымі прамежкамі часу рваліся міны і ў лясной далечы прыцішана грукатала рэха.
Турок зморана аддыхваўся і думаў, што яшчэ якіх дватры штыхі і, пэўна, будзе даволі метр пяцьдзесят, якраз у яго рост, а болей для ровіка пад снарады і не трэба. Але калі ён наступіў на рыдлёўку, каб як упіхнуць яе ў зямлю, пачуў нечы голас. Турок выпрастаўся — здаля яўна да яго гукаў лейтэнант Гаркавенка:
...не чуеш, ці што? Ану вылазь!
Турок падскочыў і выбраўся на бруствер. На пні ля лейтэнантавай бусолі сядзеў незнаемы афіцэр у фуражцы з самадзельным казырком, ля яго стаяў Гаркавенка і нецярпліва чакаў, пакуль Турок падбяжыць да іх. Хлопец
ацерушыў гімнасцёрку і паслухмяна падбег, запытальна пазіраючы ў заўсёды загадкавы лейтэнантаў твар.
Ану адзявайся. Начальніка разведкі, капітана, да КП праводзіш. Ды падсобіш там: ён паранены.
Турок подбегам кінуўся да ровіка, струхнуў з шыняля пясок і тады спахапіўся, што не ведае, дзе той КП.
А куды ж гэта ісці?
Вось па лініі. Па чырвоным провадзе, гукнуў з вузенькай траншэйкі тэлефаніст. Проста цераз лес да дарогі, а там у палкавых сувязістаў спытаеш.
— Нашто пытаць, сказаў лейтэнант і зусім ужо пасяброўску паклікаў: Ідзі сюды.
Напінаючы на сябе шынель, Турок падбег да камандзіра і спыніўся нізенькі, з пакамечанымі пагонамі і расплюснутай на галаве пілоткай — побач з даўганогім вялізным Гаркавенкам. Лейтэнант павярнуў яго тварам да лесу і выцяг над плячом руку.
Вунь, бачыш, між елак гарбіна голая. To вышыня трыццаць пяць і пяць. Яна ў немцаў. А вунь у бок ад яе тырчыць сухадрэвіна, ля яе і КП.
Турок не дужа ўпэўнена кіўнуў сухадрэвіну ён сапраўды ўбачыў, толькі гэта было далёка, на бугры за лесам,~ мабыць, якіх кіламетры за тры адгэтуль. Можа б, трэба было распытаць падрабязней, але лейтэнант строга прыкрыкнуў:
— I давай хутчэй! Каб праз гадзіну назад! Чуў ты, пяхота?
Турок закінуў на спіну вінтоўку, на хаду падперазаўся.
3 пня зморана падняўся капітан маладжавы плячысты дужак у расхрыстанай зялёнай ватоўцы, пад якою паблісквалі спражкі болыпая на жываце ад рамяня і маленькая на грудзях ад партупеі. Устаўшы, ён абапёрся на нейкую патарчаку, якая была ў яго замест кія, трохі перасмыкнуў вуснамі і засцярожліва ступіў на левую нагу. Турок пачакаў трохі, а пасля па-над провадам няспешна пайшоў да лесу.
Афіцэр, аднак, дужа кульгаў. Ледзь толькі прыступіўшы на левы бот, ён хуценька сігаў правай нагой і пасля маруд-
на, з асцярогай, пераносіў наперад левую. Твар ягоны пры гэтым хударлявы, трошкі нервовы твар чалавека, нязвыклага да дробязных нягодаў жыцця,выражаў незадаволенасць і прыкрасць. Турок праз якіх дваццаць крокаў спыніўся пад разлапістай елкай і пачакаў, пакуль капітан прыкульгікае бліжэй. Гэтага афіцэра Турок бачыў упершыню і, адчуваючы сябе гаспадаром у іх падарожжы, падумаў, што трэба нешта загаманіць да яго, бо моўчкі ісці нядобра. I ён запытаўся:
Мусіць, здорава вас параніла?
Ды ўжо ж,скупа азваўся капітан, пакутна кульгікаючы.
Куляй ці асколкам?
А ты што — доктар?
Капітан праз боль на твары няласкава паглядзеў на хлопца, і той сумеўся, навошта было балбатаць: ведама ж, начальнік, ды яшчэ паранены. Афіцэр жа падышоў да яго бліжэй і, пэўна, каб паправіць уражанне, вытлумачыў:
Куляй ці асколкам цяпер усё роўна. Цяпер на пару тыдняў медсанбат. Калі толькі да немцаў не трапім.
— А хіба яны блізка? — здзівіўся Турок.
Блізка. На стыку з сорак шостым прарваліся.
3 сорак шостым? Салдат аж прыпыніўся. Гэта там? — Ён паказаў у той бок, куды ім трэба было ісці.
— Эге ж, там.
Турок зноў прыпыніў хаду, услухаўся. Навокал уперамешку з алешнікам, пагойдваючы верхавінамі, стаялі замшэлыя елкі, пад іх абвіслым долу суччом збіраўся ўжо змрок. Было ціха, толькі лесавы шум угары то расплываўся хвалямі, то заціхаў. Мінныя выбухі, што чуваць былі паўгадзіны назад, цяпер сціхлі, але недзе ўдалечы дробным рассыпістым рэхам пракацілася кулямётная чарга. Зблізку ў вяршалінах пракрумкала невядома чым патрывожаная варона.
Хлопец, аднак, прыцяў у сабе зачаткі трывогі усё ж на тую хаду не яго была воля, капітана трэба было весці далей і, страціўшы ахвоту да гаворкі, моўчкі пайшоў уперад. Лес быў не дужа густы, хмызняк пад елкамі ўжо
добра пацерабіла восень, у вільготным паветры стаяў гаркавата-смалісты пах ігліцы. Хутка ім трапіўся пністы расцяроб з высокай да калень папараццю і ссохлым паламаным маліннікам, у якіх зусім гублялася тоненькая нітачка проваду. Каб не збіцца з кірунку, хлопец раз-пораз браў яе ў руку і шкандыбаў так, прыслухоўваючыся да лесавых гукаў і далёкай страляніны. Провад казытаў далонь, часам на ім набягалі аголеныя драцяныя вузлы, яны балюча калолі далонь. Турок тады кідаў провад і стараўся толькі бачыць яго. У двух месцах на лініі трапіліся парожнія шпулькі — пакінутыя да часу сувязістамі, шпулькі ляжалі ў траве. На адной Турок згледзеў фанерную бірку з прозвішчам «Трахімчук» і прыпамятаў рабога сувязіста, забітага пад вёскай Лычы. Ад таго хлопцу стала крыху ніякавата чалавека ўжо з месяц няма, а на шпульцы ўсё ягоная бірка, нібы і дагэтуль яе гаспадар нябожчык Трахімчук.
Але елкі спакваля пачалі расступацца, стала крыху святлей, навокал усё болей трапляла алешніку. Капітан па-ранейшаму адставаў, і Турок, як ні намагаўся ісці павольней, усё адрываўся ад яго. Вакол былі глухмень і бязлюддзе.
Пасля пачалася нейкая забалаць, Турковыя башмакі шасталі ў апалым альховым лісці, пад якім чвякала макрэдзь. Капітану ісці стала яшчэ горш, ён усё болей ашчадна ставіў сваю параненую нагу і ўсё марудней кульгікаў за хлопцам. Тым часам змяркалася, провад у траве ўжо цяжка было згледзець, і Турок зноў узяў яго ў жменю. Неба касмылявілася, насела на самыя верхавіны дрэў, раз-пораз налятаў халодны вецер, устрывожана шамацеў хмызняком і напаўняў лес непрытульнасцю ды прадчуваннем ночы.
-	Салдат! раптам гукнуў ззаду капітан. Стой!
Турок азірнуўся, капітан прыкульгікаў да струхлелага пня і, падкорчыўшы нагу, апусціўся на яго. Хлопец падышоў да афіцэра, той выставіў аблеплены лісцем бот і загадаў:
-	Ану пацягні. Толькі паціху.
Турок прысланіў да алешыны вінтоўку і далікатна пацягнуў яго мокры бот. Капітан учапіўся рукамі ў трухляціны пня, упёрся здаровай нагою ў дол і сцяў сківіцы.
-	Дужэй! Ды не рві адразу. Раўней.
Хлопец здзеў бот. Капітан, усё яшчэ не разнімаючы сківіц, пасядзеў з хвіліну, а пасля пачаў тужэй абмотваць анучай нагу. Пэўна, у боце ён ужо ісці не мог і рабіў гэта, каб аблегчыць пакуты. Турок памагаў загарнуць анучу, але яна ўсё раскручвалася ды і была не дужа вялікая, каб трымацца на назе. Гледзячы на зацяты афіцэраў твар, хлопец агартаўся спагадай да гэтага чалавека за яго пакуты і, як-колечы прыладзіўшы на яго забінтаваных шчыкалатках анучу, сказаў:
-	А давайце яшчэ і мае накруцім.
Капітан не адмовіўся, і Турок разбэрсаў свае змакрэлыя чаравікі; удвох яны добра ўкруцілі параненую нагу. Каб лепей трымалася гэтая кульба, яе трэба было звязаць, і капітан зняў з рамяня партупею. 3-пад ватоўкі на ягоных грудзях бліснулі тры ордэны, гэта яшчэ болей надало хлопцу павагі да афіцэра; ён ужо адчуваў у сабе нястрымную адданасць да яго. Пасля капітан абвязаў нагу партупеяй і ўстаў з пня.
— А вы ступайце на пятку. Так, пэўна, зручней будзе,— параіў Турок. Афіцэр без увагі на хлопца паціху пашкандыбаў па сцяжыне, несучы на незадаволеным твары абыякавасць да ўсяго, што не датычыла ягонай нагі.
Яны ішлі так адзін за адным. Турок увесь час азіраўся на спадарожніка, які нёс пад пахай свой здзеты бот і ішоў па-ранейшаму вельмі марудна. У лесе вечарэла, неяк непрытульна глушэла, хацелася хутчэй выбрацца куды на поле з гэтых хмызнякоў, і хлопец, сам таго не прыкмячаючы, прыбаўляў хады. Навокал нідзе не было нікога, і гэтае бязлюддзе пачынала прыгнятаць. У голаў лезлі розныя нядобрыя думкі, і, каб пазбыцца іх, Турок пачаў думаць пра агнявую пазіцыю, дзе цяпер было ціха і спакойна; хлопцы, пэўна, павячэралі ўжо, толькі вось ён увесь дзень не еўшы. Хутчэй бы дайсці да КП, вярнуцца, тады б ужо ён пазбыўся гэтае трывожнай няўтульнасці. За шмат дзён вайны Турок прывык да батарэі і агнявую пазіцыю лічыў сваім нібы хатнім прытулкам.