• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 7

    Апавяданні
    Васіль Быкаў

    Памер: 480с.
    Мінск 2009
    123.31 МБ
    Так ён апынуўся пад хлопцам, яшчэ не скароны і напружаны, хрыпата і злосна дыхаючы, а Турок, таксама сапучы, са страхам чакаў яго новых спроб вызваліцца. Але немец, відаць, не дужа спяшаўся, ён чакаў, выбіраючы лепшы для таго момант, і хлопец мусіў трымаць. Пастаяннае напружанне адбірала шмат сілы, да таго ж салдат адчуваў, што вораг усё ж дужэйшы за яго. Добра, што капітан моцна скруціў яго рукі развязаць іх немцу пакуль не ўдалося, але хто ведае, што будзе далей.
    Нейкі час абодва яны шалёна дыхалі, змарыўшыся ў той непрацяглай і лютай барацьбе, і чагосьці чакалі, пільна прыслухоўваючыся адзін да аднаго. Месяц схаваўся за елку, і тут стала зусім цёмна, пахла сырым прэлым долам, мохам, лесавой цвіллю і немцам. Турку было вельмі крыўдна, што немец гэтак няхітра ашукаў яго. «Вось табе і разведчык! з’едліва падумаў ён пра сябе. Капітан адышоўся, дык ледзьве не ўпусціў гэтага фрыцука». Хлопец пачаў напружана думаць, што рабіць далей, каб не даць уцячы немцу. I тады ягоная нага намацала побач вінтоўку. Немец пакрысе варушыўся пад ім, чамусьці хілячыся набок, ды мармытаў сабе «майн гот» ці яшчэ што. У Турка трошкі прыбыло ўпэўненасці, але яшчэ не прайшоў канчаткова і страх, які паралізаваў яго сілы. Трэба было зрабіць нешта рашучае, і Турок спакваля зразумеў, што, не перамогшы баязлівасці, яму наўрад ці ўдасца перамагчы і немца. Было б недарэчна і злачынна выпусціць яго або даць яму даканаць сябе пасля таго, як гэтак даверліва паспадзяваўся на яго, Турка, капітан.
    Прайшло яшчэ трохі часу. Месяц зноў паказаўся з-за хмар з другога боку счарнелай елкі. У Турка ад напружання млелі рукі, здавалася, яшчэ праз дзесяць хвілін ён зусім абнядужае і выпусціць немца. Добра яшчэ, што немец не рваўся, пэўна, ён таксама знямог, а можа меў на ўвазе што іншае. I Турок наважыўся тады на рашучы ўчынак. Раптоўна кінуўшы палоннага, ён адскочыў убок, схапіў з долу вінтоўку і імгненна лязгнуў затворам.
    Стой, гад! Hi з месца!!!
    Немец крутнуўся, павёў плячыма, збянтэжана паглядзеў на яго і паволі ўсеўся на імшарыне з закладзенымі назад рукамі. Яго апушчаны твар быў скіраваны ўніз, але Турок адчуваў, што вораг спадылба пільна сочыць за ім. I Турок таксама не зводзіў з яго погляду, гатовы цяпер да новых варожых хітрыкаў.
    Так мінула гадзіна ці болей, немец і Турок чуйна ўслухоўваліся ў лесавую ціш. I аднойчы да Турковага слыху данесліся свежыя гукі. Спачатку гэта былі далёкія, ледзь чутныя галасы, яны вынікалі з таго кірунку, куды пайшоў
    капітан. Пасля недзе ў лесавых нетрах мільганула і прапала маленькая плямка святла з ліхтарыка. Пазней раздалося шамаценне галля, зноў галасы, і ўрэшце з кустоў вылезлі цьмяныя постаці ў шархаткіх плашч-палатках.
    Турок апусціў прыклад, узяў вінтоўку ў адну руку і, абяссілены, апусціўся на дол.
    У батарэю Турок ішоў на світанні.
    Ён брыў па лесавой сцяжыне няпэўнай, п’янай хадой ушчэнт знямоглага, змардаванага чалавека. Пасля дажджлівае ночы ў хмызняках стылі золкія клубы туману, елкі страсалі ў траву празрыстыя сцюдзёныя кроплі, з туманнай прыцьмеласці няпэўна праступалі вяршаліны дрэў. Мокры і знясілены, Турок ледзьве пераступаў нагамі і не вельмі нават узрадаваўся, калі сцяжына прывяла яго да знаёмай прагаліны на ўзлессі. Чатыры гаўбіцы спакойна драмалі ў тумане, гразкі і нейкі закінуты чарнеў недакапаны ім ровік. Ля тэлефонаў каля шырокага пня над патухлым цяпельцам драмаў тэлефаніст і тырчала бусоль з накінутым наверх футаралам. Ля крайняй гаўбіцы, ледзьве прыкметна шавелячыся, стаяў вартавы. Усё гэта здалося хлопцу знаёмым, перажытым і нецікавым. Ён выйшаў на прагаліну, агледзеўся салдат ужо не баяўся лейтэнанта Гаркавенкі; хлопцу нават хацелася ўбачыцца з ім, але афіцэр, мусіць, спаў. I Турок, заплятаючыся нагамі, падышоў да сваёй, чацвёртай, гарматы.
    Між станін на падасланым вецці, скурчыўшыся, у сырых шынялях, спалі хлопцы. Нехта надрыўна хроп, бы яго душыў хто, нехта заварушыўся, паторгаў нагамі і сціх, нацягнуўшы на голаў шынелак. Гэта былі хвацкія языкастыя хлопцы, умелыя батарэйцы, але, пэўна, ніводзін з іх не перажыў таго, што сёння напаткала Турка. Змораны, ён няўцямна аглядаў іх, і ў ягонай душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Ён яшчэ не ведаў чаму, але батарэя ўжо не здалася яму жаданай і роднай, як заўжды, калі ён вяртаўся ў яе пасля доўгай адлучкі.
    Турок сеў на ахопак вецця і прысланіўся спіной да вялізнага кола гаўбіцы. Яго поўнілі перажытыя і яшчэ не
    аблеглыя пачуцці, яны рваліся, бруілі, змагаліся ў ягонай душы. Турок быў сам не свой, бы тыя начныя пакуты як падмянілі яго, не даўшы часу даўмецца, усвядоміць, што гэта сталася з ім.
    Марудна і ляніва прышкандыбаў да яго вартавы, сонна паглядзеў на хлопца, лыпнуў вачыма, падумаў і запытаўся:
    Дзе гэта цябе ўходала так?
    У Турковых вушах усё яшчэ тлумна шумела галлё і скакалі, мітусіліся ўваччу прыцьмелая сцежка, барвовая нітка проваду і чарнела кульгавая капітанава постаць. Павекі яго ўсё цяжалелі, ён быў дужа знямоглы і не сказаў чалавеку нічога.
    Вочы яго ўжо заплюшчыліся, голаў павісла, увесь ён абмяк, нахіліўся і ўпёрся лбом у калені. I ўсе яго сённяшнія начныя турботы крыклівы Гаркавенка, капітан, якога ён болей не ўбачыў, і той выкрутлівы немец раптам зніклі, быццам і не было іх зусім. Турок заснуў глыбокім запрацаваным сном пазнаўшага сабе цану чалавека. Здаецца, у гэтай чацвёртай за суткі няўдачы ён знайшоў для сябе нейкую сілу, з якой лягчэй стала жыць.
    1961 г.
    Адна ноч
    і
    «Юнкерсы» з’явіліся раптоўна.
    Іх крыжастыя імклівыя цені нечакана выслізнулі з-за стромкіх, разбітых мінамі чарапічных дахаў і абрынулі на горад імпэтны грымотны рэў. Запаволіўшы бег, Валока ўстрывожана глянуў у задымленае пажарамі неба і, заўважыўшы, што ад бліжэйшага самалёта ўжо адваліліся першыя бомбы, скочыў пад чыгунную агароджу, збоч вуліцы. Некалькі доўгіх секунд гэты немалады ўжо, крутаплечы і рукаты баец у шапцы і цеснай старой гімнасцёрцы, сціснуўшыся нутром, чакаў. Бомбы рванулі ў скверыку за агароджай, зямля сударгава скаланулася, тугая гарачая хваля ўдарыла Валоку ў спіну, балюча аддалася ў вушах, нешта коратка і звонка бразнула побач, і затым вуліца, шэрыя дамы і сквер патанулі ў віхуры шызага пылу.
    «Паўтонная, не меней»,падумаў Валока, выплёўваючы з рота пясок. Наўкола лапацела ляскала аб дол каменне, цэгла, кавалкі асфальту; у паветры пыльнымі струменямі церушыла зямля; паволі асядаючы, доўга матляліся дробныя лісткі акацый, шматкі паперы, нейкае паленае рыззё. Недзе ўгары сярод дыму і рэву матораў прагрукацеў кулямёт — ад пашкрэбанага з балконамі дома насупраць сыпнула жарствой, і вялікая, з бабовы струк, жоўтая куля, цокнуўшы па камянях, шалёна закруцілася на тратуары. На чарговым заходзе зноў раўлі пікіроўшчыкі.
    Трэба было бегчы далей.
    У скверы між тоненькіх дрэўцаў ужо замільгалі прыгнутыя спіны, нехта выскачыў з-за агароджы і адразу кінуўся на другі бок вуліцы. Па цёмнаму лапіку на спіне Валока
    пазнаў сяржанта, аддзялённага з іхняга ўзвода. Узрадаваўшыся, што наперадзе чалавек, баец ускочыў і, прыгнуўшыся, падаўся следам.
    Сяржант у некалькі скачкоў перабег вуліцу і пад новы скогат бомбаў шаснуў убок, у падваротню. Валока ж трошкі адстаў, ззаду рванула, і калі, задыханы, ён уляцеў пад скляпенне, дык ад збянтэжанасці аж спаткнуўся: з двара на яго выскачылі два немцы. Валока ажно прысеў, але і немцы тут, відаць, не чакалі яго, пярэдні нешта гергетаў задняму, на імгненне ў яго расшыраных вачах бліснуў спалох і здзіўленне. У той жа момант Валока, не цэлячыся, ціскануў на спуск — аўтамат тузануўся, немец выпусціў з рук карабін і ляпнуўся тварам на брук. Яго новенькая блішчастая каска, забразгаўшы, крыва пакацілася на тратуар.
    Куды знік задні, Валока не згледзеў.
    Будынкі зноў скалануліся, захісталіся ад блізкіх выбухаў, недзе з грымотным грукатам рухнула сцяна, ззаду ў пад’езд шуганулі клубы рудога цаглянага пылу. Валока ўгнуўся, скокнуў цераз адкінутую немцаву руку, на якой яшчэ торгаліся кашчавыя, з пярсцёнкам, пальцы, і кінуўся ў нейкія расчыненыя дзверы. У дзвярах паката хілілася столь, і некуды ад парога ўніз беглі прыступкі; спяшаючыся, Валока не патрапіў на іх, аўтамат загрукацеў па прыступках, наверсе яшчэ раз ірванула, і, баец, трываючы боль у назе, паляцеў у цемру.
    Тут было ціха і цёмна. Засень і халодны бетон падлогі прыемна студзілі яго разгарачанае, потнае цела. Валока сцішыўся, услухаўся, ступіў раз, другі, мацаючы ў доле ўпушчаную зброю, шырэй загроб ля сябе рукамі і знячэўку жахнуўся: пальцы шкрэбнулі па нечых пыльных і яшчэ цёплых ад надворнае гарачыні ботах. Баец унутрана скалануўся, а боты тузануліся з-пад яго рук, і ў той жа момант нешта тупое і цяжкае гахнула яго ў спіну. Валока войкнуў, ухапіў ротам паветра і з усяе сілы рвануў у цемру тыя ногі. Свядомасць разанула здагадка немец!
    Вораг не ўтрымаўся, хіснуўся, але яго рукі паспелі ўхапіць Валоку за галаву і сашчапіліся на шыі. Баец напружыўся, ірвануўся, ды марна. Вораг, сагнуўшы яго, гнуў
    голаў уніз і, шкрэбаючы па падлозе падкутымі ботамі, намагаўся апынуцца наверсе. Валока, крыху супакоіўшыся, ухапіўся за вопратку немца, напяўся і са злосцю падумаў, што лёгка яму не паддасца. Сам намацаўшы падэшвамі апору, ён усім целам рынуў на ворага.
    Ы-ых!
    Валока, задыхаючыся ад болю ў шыі, адчуў, як грукнулі аб бетон варожыя косці. Ён цяпер апынуўся наверсе і кідаў туды-сюды свае ногі шукаў апору. Рукамі ж ён учапіўся ў варожыя рукі, што сціскалі яго шыю, і пачаў выдзіраць з іх галаву.
    Праз хвіліну ці меней, натужваючыся, як толькі можна было, і ледзьве адольваючы варожую сілу, ён вызваліў галаву, дужа падаўся наперад плячом і з натугай распластаў немца ў доле. Няпэўна яшчэ, але Валока адчуў, што сам дужэйшы за яго, цяжэйшы; толькі, відаць, той быў больш спрытны, бо не паспеў баец саўладаць з пругкасцю яго ўчэпістых рук, як тыя зноў ухапілі яго за горла.
    Немец гэта зрабіў нечакана і хвацка. Валока толькі крэкнуў ад неспадзеўкі і болю, на момант абвяў і разгубіўся, а немец крутнуўся пад ім, брыкнуў у бок нагамі і рвануўся наверх.
    — А-а-а! Сволач! Ы-ых! хрыпеў Валока.
    Ён не ведаў ужо, як супраціўляцца, і інстынктыўна ўчапіўся ў тыя рукі, што сціскалі яго шыю. Ён ірваў іх ад сябе, стараючыся разняць мёртвую хватку і не даць кіпцюрастым пальцам ашчаперыць глотку. Урэшце, выкручваючыся з апошніх сіл на падлозе, Валока ўсё ж ададраў адну руку, але другая тады спаўзла ніжэй і ўчапілася ў каўнер яго зашпіленай гімнасцёркі.