Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
гаварыў ён, паказваючы далонню да шыі. Немец, здаецца, нічога не зразумеў і казаў сваё:
Плёха рус кальхас... Бедна...
Баец адчуў, што не дужа абхітрыш гэтага немца, які прайшоў палову Расіі і, пэўна, нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца.
Мала што дзе там бедна. А ў нас багата. Во. Мы хлеба па сто пудоў палучалі. I бульбы. I гароху. I масла па пуду, і грошы тысячу рублёў. Тысячу, разумееш? — з пафасам назваў ён суму, якая ў даваенным сялянскім разуменні была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякім разе за гэтыя грошы можна было купіць добрую карову. А гэта было ўжо нямала. Немец нахмурыў лоб, імкнучыся штосьці зразумець у запальчывай гэтай гамонцы, і Валока пальцам вывеў на запыленай сцяне палачку і тры нулі.
Тысяча! От!
Таўсенд! Кілёграм масле? здзівіўся немец і недаверліва паглядаў то на лічбу, то на байца. А той, адчуўшы, што немец памыляецца, але, бачачы яго захапленне, не стаў выкрываць непаразумення і нахабнавата пацвердзіў:
Ну! А ты думаў...
Немец загасіў у вачах недаверлівы агеньчык і паскроб патыліцу.
Усё было. Да вайны,гаварыў далей Валока з такім адчуваннем, бы рашыўся на штосьці адчайна забароннае, адкуль назад ніякага ходу ўжо не было. I ён лез напралом.Радыё было раз,пачаў ён загінаць на левай руцэ пальцы,Лісапед.Для нагляднасці ён падабраў ногі і пакруціў, бы педалямі, у паветры.
Рад,здагадаўся немец.
Во, во, рад два.
Іх імель крафтрад, матацыкль,аб’явіў немец.
Матацыкл? Матацыкл што? Матацыкл ерунда. А ў мяне была... ведаеш што? Гэта што плавае чых-чых-чых! Маторка звалася. Во! паведаміў ён, знайшоўшы свой галоўны ў гэтай спрэчцы козыр.
Лодка?
— Ага, лодка. От жылі. Каб не вы, фашысты...
Фрыц падумаў, яшчэ паўзіраўся ў байца, наморшчыў лоб і ўздыхнуў, няпэўна супакойваючыся. «Паверыў»,коратка, з надзеяй, падумаў Валока.
Фашызм нікс гут. Плёха фашызм, сказаў Фрыц, і баец цяжка падняўся з месца. Немец таксама ўстаў, услухаўся, але скрозь было ціха.
Яны зноў пачалі разбіраць завалле, выцягваць каменныя вывараціны з праломіны ў сцяне, але канца гэтае справе не было відаць. За праломінай ішла суцэльная сцяна друзу, і хутка з яе ўжо нічога нельга было выдраць так там усё было туга спрасавана. Абодва за той час дужа ўходаліся, запыліліся. Валока, не перастаючы, кашляў ад пылу. Урэшце ён вылаяўся і вылез на вальнейшае месца. Стала відаць, што калупацца там справа дурная і марная.
Яны памаўчалі, змарыўшыся, пасля Валока пайшоў абмацваць усе закуткі гэтага падзямелля. Запальнічка свяціла слаба, і ён больш вобмацкам, чым бачачы, натрапіў на нейкую патарчаку, што высоўвалася ўгары са столі. Гэта было ў баку ад таго месца, дзе ўдзень прабіваўся праменьчык. Баец іукнуў, і Фрыц прынёс сюды свой мізэрны свяцільнік. Мільготкая іскрынка праплыла ў цемры і, толькі калі немец падняў яе ў кулаку пад самую столь, трошкі асвяціла цьмяны кавалак бетону.
Слабенькае святло хліпка блукала па столі, два твары напружана ўзіраліся ўгору. Валока напяўся зломак кратаўся. Немец свяціў адной рукой, а другой таксама ўпёрся ў край гэтае вывараціны.
Ахтунг! Памалё! Малё трэба, Іван,засцярожліва сказаў ён, і баец пачуў яго цёплае дыханне ля вуха. Там, ззаду, за спіной, вісеў яго аўтамат, які лёгка можна было ўхапіць, але Валока ўжо не звяртаў на гэта ўвагі.
Што там «ахтунг!». Ану, дужэй. Раз, два, узялі! Шырока расставіўшы ногі, яны ўперліся, Валока папіхаў зломак у адзін бок, у другі, той яўна паддаваўся іхняе сіле. Тады баец напяўся яшчэ, і зломак зрабіў шырэйшы ход
туды і назад. Здавалася, у гэты раз яны сапраўды знайшлі выйсце. Валока аж акрыяў духам і, змораны, сабраў у сабе рэшту сіл. Зломак паддаваўся, вось-вось павінен быў выпасці, як раптам немец засцярожліва ўскрыкнуў, запальнічка ўраз пагасла, і нейкі жахлівы цяжар, прарваўшыся, рухнуў на Валоку. Ён і не ўцяміў нават, што сталася, уваччу бліснула аранжавая зарніца, і страшны боль у галаве пагасіў адчуванне.
5
He, ён не загінуў ён жыў, але навакольны свет даходзіў да яго свядомасці праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нібы ён дзесьці сцяты, сціснуты, бы ў якой зубатай пашчы, і страшны боль пранізвае ўсё яго цела. Асабліва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сілы, і было вельмі пакутна. Яшчэ больш балела спіна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасці Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкі якога разам з калючкамі асоту ўпіваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахіма, які жне побач на коннай жняярцы, але ніяк не можа выдавіць з сябе таго крыку. Праз хвіліну, аднак, ён бачыць жняяра; толькі гэта чамусьці не Трахім, а немец той Фрыц, з якім ён спаткаўся куды пазней, на вайне, і ў яго аўтамат,аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлівае на каленях зброю. Немец чамусьці гаворыць па-беларуску. Валока заходзіцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спыніць коней і застрэліць яго. Ён ездзіць па кру[зе] навокал байца, кругі ўсё звужаюцца, і зубы жняяркі ўсё бліжэй і бліжэй прысоўваюцца да яго ног. А тут яшчэ дужа пячэ сонца, так смаліць, што ажно разломваецца галава, унутры ўсё ссохла, і нясцерпна хочацца піць. Валока шэпча: «Піць, піць...» толькі слоў няма: вусны варушацца, а гук прапаў. Затым сонца пачынае зніжацца, падступаць да яго, але чамусьці робіцца маленькім, не большым за агеньчык
запалкі. Страх патроху мінаецца, толькі спякота ўсё ранейшая і ўсё хочацца піць. I яшчэ робіцца цёмна, прападае кудысьці поле і Трахім, а ён апынаецца ўжо на вайне. За пагоркам стракоча кулямёт, а недзе паблізу над галавой чуецца спагадлівы голас іх ротнага санінструктара Корзана: «Гут, Іван, гут! Жывы Іван гут...». Санінструктар гаворыць па-нямецку, толькі байца гэта чамусьці не здзіўляе, той рады, што побач чалавек ён дапаможа. I зноў загараецца ў цемры агеньчык і плыве некуды ўдалячынь. Валока жахаецца ад таго, што яго пакідаюць, ён ускрыквае ад жудасці, як некалі ўскрыкваў у маленстве, напалоханы жахамі сноў. I ўжо з большай рэчаіснасцю бачыць у змроку асветленую з таго боку постаць з адарваным пагонам, які целяпаецца па плячы. Постаць сунецца кудысьці ў цёмны кут, на момант слабенькаю плямай асвятляецца сцяна ў адным месцы, пасля ў другім. I вось у асветленай мясціне мільгае знаёмы абрыс аўтамата. Валока здзіўляецца гэта ж яго ППШ нумар НЛ 0482. Баец не цяміць яшчэ, што і як сталася папярэдне, не ведае, хто там, толькі здагадваецца, што гэта не санінструктар. I ўсведамленне таго, што яго абяззброілі, зноў жахам працінае байца. Пераадольваючы страшны боль у галаве, ён прыўзнімаецца з долу, пакутна сядае, падпёршы сябе дрыготкімі рукамі, намацвае нейкі цагляны абломак і чакае. Забіць, забіць, забіць у што б там ні стала, інакш заб’е той!.. Валока спрабуе ўстаць, сэрца яго надрыўна калоціцца ў грудзях, толькі ён дужа слабы, цяжкія рукі не слухаюцца, і страшны боль у галаве, мацнее. А вораг усё поўзае ў цемрывай далечы, высветлівае глухі мур сцяны што ён шукае? Затым плямка святла спыняецца, дрыжыць на адным месцы, коратка клацае затвор аўтамата. Валока, душачыся ад болю і знямогі, сціскаецца, у вачах мутнее, і тады ў куце грукае стрэл. Шырокі чырвоны бляск зусім асляпляе байца, рукі не вытрымліваюць, ён падае, але боль не павялічваецца чалавек жыве. Ён збірае ў сабе сілы крыкнуць, нясцерпна паміраць у гэтай нямой маўклівасці, але ў той час да яго слыху даносіцца мернае, вельмі лагоднае цвіркатанне вады. Ну вядома ж, так можа цвірчэць толькі вада! Валока ўжо
бачыць у цемры яе зіхаваты струмень і, адчуваючы, як пакідаюць яго рэшткі свядомасці, выдаўлівае з сябе стогн.
Наступным яго адчуваннем было далікатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыі; здавалася, нейкая жывая істота паўзла за каўнер, на грудзі, толькі на вуснах і ў роце стала лепш і нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы у зрок ударыла рассыпчатая яркасць іскраў; яны гойдаліся, скакалі на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклі. Пасля ён сцяміў, што ўсё гэта адбівалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзілі словы:
Трынкен, Іван! Трынкен!
Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалі аб край нейкай пасудзіны, а ў свядомасці коратка і выразна бліснула ява — ён згадаў, дзе ён і хто з ім. «Немец! Фрыц!» На момант адарваўшыся ад вады, ён зірнуў угору,над ім мільгала ў кулаку запальнічка і расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знізу, твар з вялікімі і валасатымі ноздрамі, брывастым ілбом, пад якім лыпалі выпуклыя жаўтлявыя бялкі вачэй. Вочы, аднак, таілі ў сабе лагоду і спагадлівасць, і гэта супакоіла байца.
Трынкен, Іван. Трынкен...
Ён зноў апусціў голаў да пасудзіны; у глыбіні яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнічкі. Чамусьці Валоку зрабілася блага ён хіснуўся ад вады, Фрыц штосьці сказаў, пабурчаў і прыбраў ваду ўбок.
Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй спякотны жар уняўся, толькі галава, плечы і нешта ўсярэдзіне тупа балелі. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, і раптам прахапіўся ад думкі дзе аўтамат? Чалавек ірвануўся з долу немцавы рукі адразу прытрымалі яго, настойліва паклалі назад, і Валока ў нейкім раптоўным прасвятленні здзівіўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калі цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былі ўвесь век і цяпер сталі самыя найбліжэйшыя адзін аднаму і самыя патрэбныя. I таму — прэч усе падазрэнні,
засцярожлівасць, недавер! Усё, што стала над іх чалавечаю сутнасцю,— усё, наслоенае іх нацыянальнаю рознасцю, палітычнай варожасцю, вайной,усё гэта, аддзеленае ад іх магільнаю тоўшчай руін, засталося там, наверсе, у беззваротным мінулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнікі былі тут людзі і толькі дбалі пра тое, як абодвум застацца жывымі дзеля іх сем’яў, мірнае справы, дзеля самых звычайных і незаменных чалавечых радасцей.
Валока памацаў рукой немцава калена побач і слаба паціснуў яго. Фрыц жыва адгукнуўся, падняў яго руку, таксама далікатна паціснуў яе ля локця і асцярожна паклаў на дол. Тлумачыць адзін аднаму нічога не трэба.
Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Невядома, ці гэта быў сон, ці трызненне хворага, толькі пакутныя здані і прывіды доўгі час не пакідалі яго.