Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау, на гарадской ускраіне ў садку, дзе з тыдзень да наступлення перафарміроўваўся іх полк. I быццам яшчэ не было гэтага наступлення, але ўжо ўсё, што здарылася цяпер з ім, стала мінулым, і Валока не стараўся зразумець, чаму гэта так. I быццам быў жывы камбат Папрэнка, забіты яшчэ пад Оршай; ён выклікаў Валоку ў штаб, і баец з цяжкім сэрцам прыйшоў у бліндаж, хоць ведаў, што ў Брэслау штаб батальёна змяшчаўся ў ладным катэджы з балконамі, а не ў бліндажы. Але ў бліндажы чамусьці аказаўся не камбат Папрэнка, a капітан Воранаў. «Ну што, нямецкі шпіён?» Такім папрокам сустрэў ён Валоку, хапіў яго за плечы, здзёр пагоны, потым пачаў настаўляць пісталет у кружочкі медаляў на ягоных грудзях. «Немца хаваў? Bopara тытунём частаваў? Чаму не забіў?»
Валока вельмі хацеў вытлумачыць, што і як сталася з ім у гэтым склепе, але мову ў яго адняло, і ён адчуваў, што зараз будзе пагібель. I сапраўды, Воранаў стрэліў, але болю Валока не адчуў і тады здагадаўся: медалі. Медалі яго ўратавалі ад кулі. Але ў той жа час у Воранава замест пісталета апынулася супрацьтанкавае ружжо гэта ўжо была пэўная смерць.
«Здраднік! Пракурыў Радзіму? Вышэйшую меру табе!» гучалі страшныя словы, і Валока азірнуўся ў пошуках выйсця. Але раптам аказалася, што ззаду роўнае поле, Воранаў некуды знік, і ён, Валока, як у даўнія, даваенныя часы, сядзіць у вясновы дзень на краі баразны, паставіўшы босыя ногі на мяккі вільготны глей. Побач шнурком сядзяць калгаснікі, яго аднавяскоўцы, у барознах адпачываюць коні, а ззаду, па раллі, клюючы вялікіх белых чарвякоў, скачуць гракі. Усе кураць, жартуюць, снедаюць тым, што папрыносілі ім дзеці і жонкі, п’юць квас. Валоку таксама вельмі хочацца піць, але сняданка яму ніхто не нясе, бо яго дом чамусьці далёка адсюль. Ён адзін тут вайсковец, на ім салдацкія галіфэ і гімнасцёрка, толькі яна без дзягі, якая разам з аўтаматам і скаткай ляжыць воддаль на раллі, і на скатцы сядзіць вялікі, нейкі нерухомы чорны грак. Усе смяюцца і кураць, а Валока ведае, што яму ўжо сняданка не будзе, бо ён асуджаны да смяротнае кары, і што ўсё тое, што ляжыць пад граком, ужо здадзена старшыні, які зняў яго і са сталавання.
Пасля таго коні, людзі і гракі знікаюць, толькі той, нерухавы, усё сядзіць на скатцы і крумкае. Аказваецца, гэта воран. Валока палохаецца настойлівай загадкавай птушкі, прабуе ўскочыць, тузаецца і ачынаецца.
6
За пакутную ноч памутнела яго свядомасць, і Валока не адразу ўцяміў, дзе ён і што з ім сталася.
Перш-наперш яго здзівіла блізкая, устрывожаная страляніна. Недзе таропка патрэсквалі аўтаматныя чэргі, бахалі вінтоўкі. Аднойчы нават данёсся крык, але Валока не зразумеў, у якім баку ён раздаўся. Перамагаючы санлівую аслабеласць, баец расплюшчыў вочы.
У склепе было светлавата. Па-над сцяной, дзе яны выдзіралі зломак, ляжала новая куча друзу, відаць, тая, што абрынулася на яго, і над ёю яркім дзённым святлом блішчала дзірка. Валоку адразу скаланула радаснае
імкненне, ён тузануўся ў доле, сеў, але боль у галаве прымусіў яго пакутна схіліцца набок.
Як-колечы ён, аднак, утрымаўся, перамог слабасць, трошкі аддыхаўся і паварушыў у ботах адубелыя ад сцюжы ногі. Пасля ён усё ж сеў і паволі падняў галаву, абкручаную нейкай анучай, шкумат якой звісаў каля вуха. Валока асцярожна памацаў гэты скрываўлены турбан і тады, ураз прыпамятаўшы, што з ім сталася, з удзячнасцю падумаў пра немца.
Фрыц Хагеман сядзеў побач, прысланіўшыся спіной да пагнутае бэлькі, і спаў. Галава яго звесілася на плячо, валасы растрапаліся, ніжняя губа адтапырылася. Шчацінне на яго шчоках за ноч пабольшала, і ўвесь ён выглядаў вельмі стомленым, пажылым чалавекам. Ля яго ног стаяла каска з рэштаю вады. Валока адразу памкнуўся за ёю, але, узяўшы ў рукі, зноў апусціў на зямлю. Вада дужа смярдзела потам, і байца ледзь не зблажыла. Гэта была нямецкая салдацкая каска, сотні якіх валяліся на месцах баёў; хлопцы іх заўжды адкідвалі з-пад ног ботамі,тым больш што трапляліся акрываўленыя, прастрэленыя, усякія. Каска адразу напомніла байцу пра варожае і агіднае.
Валока паморшчыўся, зноў прыслухаўся і агледзеўся. У куце за прыступкамі, на закіданай друзам падлозе, цямнела вільготная пляма, і чуваць было, як мерна капае недзе вада: кап-кап-кап. 3 трубы, пэўна, падумаў Валока і зноў паглядзеў на немца. Відаць, прытаміўшыся за ноч, той моцна спаў, і баец стаў напружана думаць у цішы, што яму рабіць далей.
Трэба вылазіць. Здаецца, ён здолеў бы сам як-небудзь выкараскацца адсюль дзірка ёсць,што яму цяпер немец! Хай спіць, а прачнецца — хай сам дбае; без яго Валоку спакайней, ды і бяды менш будзе. Толькі... Толькі хто там, наверсе? Страляніна, здавалася, яшчэ болей пашырылася чутна стала і ў адным баку, і ў другім, раз за разам непадалёк гахнулі тры выбухі. Хто гэта? Нашы? А калі немцы? Калі немцы яму будзе кепска з яго праламанаю галавой, а калі нашы пападзе немцу. Нарвецца на якога аўтаматчыка, не паспее і рук падняць, як той прашые яго
чаргой. Хлопцы ёсць бязлітасныя, у многіх свежыя раны ў сэрцы усё можа стацца.
He, прыйдзецца, відаць, разам — здаць Фрыца ў палон, і на душы будзе спакайней.
Так разважаючы, Валока сядзеў каля немца і азіраў таго, соннага, без асаблівай варожасці да яго і без вялікай прыязнасці. Уначы было інакш ён бачыў толькі яго асветлены запальнічкаю, звычайны, як і ва ўсіх, чалавечы твар,— а цяпер перад ім сядзеў немец у прапыленым, з адарваным пагонам мундзіры, у нізкіх скураных ботах, побач валялася ягоная каска з арлом на баку, не хапала толькі нямецкага аўтамата. Валокаў ППШ ляжаў зводдаль, і баец па салдацкай звычцы пацягнуўся да яго рукой, зачапіў за почапку і павалок да сябе. Магазін заскрыгаў па жарсцвянаму долу, і немец, раптам абарваўшы мернае роўнае дыханне, прачнуўся.
Спачатку ён таксама, відаць, збянтэжыўся, залыпаў вачмі, а затым, пазнаўшы байца, усміхнуўся і трохі здзіўлена азваўся:
О, Іван, лебенд? Гут, гут.
Заўважыўшы, што Валока прыбраў сабе аўтамат, ён заклапочана варухнуў бровахМІ. У вачах адбіўся кароценькі неспакой, але ён зараз жа падавіў яго і зноў бадзёра, стараючыся як мага выразна вымаўляць кожнае слова, сказаў:
Можна ідзі. Туда ідзі. Дзверы туда іх махен...
Дзверы?
Валока хацеў усміхнуцца, але ў галаве ўраз балюча кальнула, і твар яго зморшчыўся ў пакутнай грымасе.
Болна?
— Ладна, — паморшчыўся баец. — Жывы будзем не памром.
Ён не хацеў паказваць немцу свае слабасці крый Божа, не застагнаць і, дапамагаючы сабе рукамі, устаў на ногі. У галаве адразу закалола, перад вачмі расплыліся рудыя кругі. Ён асцярожна і з вялікай натугай выпрастаўся, але не прастагнаў, стрымаўся. Трошкі пастаяўшы так, аслабела ступіў па друзе да дзіркі ў куце. Фрыц хацеў падтрымаць яго, але Валока ўпарта адняў руку.
Кульгаючы, немец падаўся туды таксама, першы далез да дзіркі і зазірнуў угору; за ім узабраўся на друз і Валока. Яму балюча было закідваць голаў, і баец не змог паглядзець угору. У той час недзе паблізу пратрашчала чарга, другая, пачуліся галасы — нехта крыкнуў, пасля там, наверсе, загаварылі не ціха і не гучна, але так, што слоў разабраць было нельга. Валока сцяў сківіцы; немец, паўразявіўшы рот, з абвостраным неспакоем у шэрых вачах паглядзеў на байца. Яны нічога не сказалі адзін аднаму і на нейкі час замерлі пад тою праломінай. Зноў трывожнае, як подых пагібелі, пытанне «Хто?» секанула па іх свядомасці.
Але гамонка наверсе спынілася можа, людзі адбегліся, а можа, замоўклі,яшчэ праз хвіліну аднекуль здалёк данесліся доўгія кулямётныя чэргі. Нешта там адбывалася. 3 пачаткам новага дня ўсчыналіся новыя схваткі, і Валоку ахапіў неспакой.
— Трэба лезці, туды, наверх,паказаў ён немцу. Фрыц зразумеў, коратка пацвердзіў:
Я-я,і, пакульгваючы, замітусіўся, шукаючы, што б падкласці, каб зручней было дабрацца да дзіркі. 3 некалькіх кавалкаў бетону ён склаў невысокі падмостак, прымерыўся трохі было нізка, тады ён скульгікаў уніз, прынёс каску і паклаў яе наверх. Так можна было ўхапіцца за край праломіны.
Ён і сапраўды ўхапіўся і нават, прыўзняўшыся на руках, выглянуў, але ў нерашучасці апусціўся зноў. Зноў на імгненне сустрэліся іх вельмі сур’ёзныя позіркі, але ніводзін нічога не сказаў другому абодва толькі слухалі, як прастор наверсе калацілі стрэлы, і стараліся як-небудзь угадаць, хто там. Толькі ўгадаць не было як.
Тады немец нахмурыўся, рашуча напяўся, скочыў, высіліўшыся на руках, упёрся здаровым каленам у край і апынуўся наверсе.
Некалькі секунд ён стаяў там, азіраючыся, а знізу на яго напружана глядзеў Валока. Баец з натугай трымаўся на нагах, у вачах хісталася наваколле, але цяпер адчуваў ён рашалася найбольшае, і ён з першай жа секунды
не хацеў прапусціць яго. У Валокавай душы раптам узнялося нешта крыўдліва-пакутнае, нейкае адчуванне сваёй аслабеласці, падумалася нават,немец падасца адсюль, і ён застанецца адзін у гэтай яме. Валока адчуваў у сабе ўжо выразны зачатак прыхільнасці да гэтага незвычайнага ворага — цяпер ён быў яму гэтак патрэбны, як бывае патрэбны ў бядзе таварыш.
Толькі немец нікуды не бег. Ён пераступіў ботамі ля самае дзіркі, агледзеўся, з-пад абцасаў шархотка пасыпаўся ў склеп пясок, і затым з дзіркі ледзь не па локаць высунулася яго рука.
Іван, шнэль! Быстра!..
Валока ўзлез на падмостак, падняў насустрач руку, але немец незадаволена пераступіў, махнуў кісцю спярша ён збіраўся пераняць аўтамат. Баец зняў ППШ з пляча, бяздумна сунуў яму і раптам спалохаўся. Аўтамат апынуўся ў немца, і Валоку — кароценька, на імгненне — здалося: абхітрыў! Аднак немец не збіраўся ў яго страляць, а з салдацкай беражлівасцю да зброі паклаў ППШ на дол і працягнуў у дзірку абедзве рукі.
Напяўшыся, Валока даў свае, немец моцна ашчаперыў іх, пацягнуў, баец упёрся ботам у сцяну, да болю сцяў сківіцы, каб не застагнаць, і бокам пераваліўся цераз край праломіны.
Так абодва яны апынуліся наверсе ў руінах вялізнага дома, канец якога, задраўшы ў неба ўцалелую тарцовую сцяну, стаяў, нібы агромністы помнік разбурэнням вайны. На сцяне другога ці трэцяга паверха коса вісела карціна ў пазалочанай раме, неяк трымаўся яшчэ пасечаны асколкамі габеленчык з ласямі; зачапіўшыся за нешта, тырчаў дагары нагамі ложак з металічнаю сеткай. У выбітым, недарэчным цяпер на выгляд, акне варушылася на ветры фіранка. Ад вуліцы гэтае месца адгароджвала другая сцяна, якая рухнула ўнутр дома і вялізнаю плахай касабочылася ўгору з-пад самых іх ног. Там, недзе за вуліцай, у праяснелым ужо ранішнім небе ціха краталіся верхавіны ліп, у скверы ля якога ўчора хаваўся ад бомбаў Валока.