Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Яны трошкі аддыхаліся, услухаліся: зноў стала выразна чуваць, як блізка на вуліцы, страляючы, беглі людзі. Данесліся і крыкі, толькі Валока не разабраў слоў, а немец, раптам устрапянуўшыся і размахваючы рукамі, кінуўся па друзе ўгору. Аднак бегчы ў ламаччы было не дужа зручна, ды ён яшчэ і кульгаў, але ўсё ж далёка адарваўся ад байца, які, ледзьве перастаўляючы ногі ў грудах цэглы, брыў следам. Фрыц першы дабраўся да таго месца, адкуль можна было саскочыць на вуліцу, выпрастаўся ўсёй сваёю паджарай постаццю на фоне нябеснае яснасці, і тады Валока вельмі выразна і непапраўна, як смерць, пачуў узрадаваныя галасы ворагаў:
Хагеман! Хагеман! Ком! Ком! Хагеман!
Валока чакаў іх, увесь ранак быў гатовы на горшае, і ўсё ж у гэтую хвіліну яны абрынуліся на байца неспадзявана. Ён асеў у дол, а Фрыц, крутнуўшыся да яго на цагляным абрыве, з радасцю на раптоўна ажыўленым твары крыкнуў:
Іван! Іван! Ком!
I памкнуўся скочыць, каб бегчы туды, куды звалі яго таварышы.
Стой! — не так гучна, але з няскоранай рашучасцю прамовіў Валока,Стой!
На момант на немцавым твары мільганула разгубленасць, нават боль, а можа, спалох, затым ён узмахнуў у паветры рукамі і знік па той бок руін.
Валока таксама на момант быццам самлеў, разгубіўшыся ад такой нечаканасці, а затым, не зважаючы на сваю знямогу, прыпадаючы на рукі, бягом кінуўся наверх, туды, дзе знік Фрыц.
Хагеман далёка не адбег, вуліца таксама скрозь была завалена рэшткамі дамоў, і ён пералазіў цераз цагляныя глыбы якраз пад тым месцам, дзе з’явіўся Валока. Насупраць, па-над чыгуннай агароджай скверыка, адстрэльваючыся і прыгінаючыся, беглі немцы.
Стой! крыкнуў Валока, убачыўшы яго,Фрыц! Стой!
Немец аж скалануўся ад яго голасу, прыўзняў галаву твар яго, здалося Валоку, зморшчыўся, нібы ад болю. I немец на момант спыніўся, зірнуў на байца, затым на скверык, дзе немцы усе, колькі іх было, прымарудзілі хаду, некаторыя выпрасталіся, здзіўлена ўгледзеліся ў іх двух. Але гэта толькі на імгненне. Зараз жа там загаварылі, і зычны камандзірскі голас, як бізуном, ляснуў па руінах:
— Хагеман, ком! Шыссен!
Фрыц кульнуўся цераз глыбу, што перагароджвала яго шлях да сваіх, а Валока, адчуўшы, што зараз усё скончыцца, але ўжо не думаючы пра сябе, а толькі з усяе свае ўпартасці не жадаючы аддаць ворагам гэтага чалавека, стрыкнуў па-над ім чаргою. Кулі з пералётам і недалётам у розных месцах абсыпалі навокал яго руіны.
Тады немец яшчэ раз ускочыў, крутнуўся, зірнуў угору на Валоку у яго вачах адбіўся ўжо страх і азвярэлая лютасць чалавека, у якога не было выйсця. Баец, сцяўшыся, упаў між ламачча, не зводзячы з немца позірку, і ўбачыў, як той ліхаманкавым рухам выхапіў нешта з кішэні, ірвануў другою рукой і, коратка размахнуўшыся, шпурнуў у яго. Яно, гэтае невялікае і імклівае, чорнаю птушкай мільганула ў ранішнім небе і, не даляцеўшы да Валокі, гулка-коратка шчоўкнула.
«Граната!» чамусьці са спазненнем бліснула здагадка, і Валока, адчуўшы канец і не маючы ні сілы, ні якое магчымасці ўратавацца, ірвануў да пляча аўтамат.
Чаргі ён, невядома чаму, не пачуў, у нейкую долю секунды згледзеў толькі, як апруцянела хіснуўся Фрыц Хагеман, і ў той жа час вышэй ад Валокі, ударыўшыся ў прасценак, аглушальна рванула граната. Гарачы імпэтны ўдар сцебануў яго па плячы, і зараз жа ўсё патанула ў пыле, які ўдушлівым воблакам накрыў байца.
Пыл яго і выратаваў.
Валока адчуў, як немцы ўдарылі з аўтаматаў, некалькі куль раскрышыла цагліны побач, але ён, прыгнуўшыся, з раптоўным спрытам ірвануўся назад, упаў, ускочыў зноў, перакаціўся цераз вялікі зломак, аббег глыбокую варонку, з якой яны толькі што вылезлі, і, запаволіўшы хаду, выб-
раўся з руін на закіданы друзам падворак. Па дарожцы, вымашчанай бетоннымі пліткамі, дабег да шнурка нейкай калючай загарадзі, прадраўся праз яе гушчар і, падлезшы пад прадраную драцяную сетку, апынуўся ў нейкім вузенькім незнаёмым правулку.
Яго адразу ледзьве не збілі з ног хлопцы-аўтаматчыкі.
Гучна ляскаючы падэшвамі, яны шалёна беглі некуды,мабыць, напярэймы тым немцам, што адступалі ля сквера. Задні страхавіта зірнуў на яго скрываўленую галаву, але змоўчаў, не сказаў нічога. Ён быў знаёмы, гэты хлапец з рабацінкамі на пераноссі і яснымі насцярожанымі вачмі, але Валока не здолеў прыпамятаць, дзе ён бачыў яго, і адчуў, як забалела параненае плячо.
Правулак быў вузенькі і зусім пусты. Валока паглядзеў у адзін канец яго, у другі і, сцяўшы пад пагонам рассечанае асколкам плячо, хістаючыся, пайшоў туды, адкуль беглі аўтаматчыкі. Угары, у ясным вясновым небе, бахала, сіпела, калацілася гулкае рэха бойкі.
«Што ж гэта? Як жа гэта?» — толькі цяпер акрэслілася ў яго галаве яшчэ няўцямная думка-здзіўленне. Узрушаны і змардаваны, ён нечага ніяк не мог сцяміць ці, можа, не мог чагосьці ўспомніць разгарачаным нутром ён толькі адчуваў, што сталася вялікая, яшчэ не ўсвядомленая да канца несправядлівасць, перад магутнаю сілай якой і ён, і Фрыц Хагеман былі бездапаможнымі. I яму было вельмі пакутна ад таго і хацелася завыць ад крыўды, якая ашчаперыла і душыла яго.
1961 г.
Дарога дадому
— Што стаіш, Лёня! Аўтобус чакаеш?
Ну.
— Пайшлі пешкі. Столькі ў духаце праседзелі. А тут благадаць якая!
Ага, надвор’е наладзілася.
Усё ўрэшце наладжваецца. «Стремнтся обрестн равновесне», як пішуць у кніжках. Ды яно і зразумела. Без раўнавагі нішто не можа існаваць у гармоніі. Натуральны стан рэчаў раўнавага. Ты гэта, гляджу, хмурышся. 3-за Лагуна? Угадаў?
Ды што ўгадваць, Іван Нічыпаравіч, справа не ў тым... Чаму ён пра гэта раней не сказаў? Чаму са мной у аддзеле не пагутарыў? А тут раптам «Мой абавязак!», «Трэба прама сказаць!»... Дэмагог пракляты!
Ён не дэмагог, Лёня. Проста ён сабешнік. Ягоны прынцып — мяне не чапай і я не зачаплю. А ўжо калі зачапілі, дык будзе выкручвацца. Усімі сродкамі. Элементарныя прынцыпы маралі тады ляцяць у тартарары. Абы апраўдацца.
— Але ж пры чым тут — «палажа руку на сэрца», «невзірая на ліца», «мой долг рукавадзіцеля»? Ён жа мне дагэтуль ніводнай заўвагі не зрабіў.
— Бо ты яго не чапаў.
Ведаеш, Леанід, можа, мне і не трэба гаварыць табе, але ладна. Усё роўна дажывеш і ты да нашых гадоў. Пэўна, і загадчыкам яшчэ пабудзеш.
Дзе ўжо мне ў загадчыкі!
А што! 3 часам абламаешся, абатрэшся, падабрэеш. Злосці ўбавіцца. Патлусцееш, паважнееш. А так жа ты вокунь. Калючка!
— He дужа каго ўколеш. Таўстаскурыя ўсе сталі.
Ну не кажы. Колеш! Вось і Лагуна ўкалоў. Зрэшты, гэта, браце, каштоўная якасць ваша яршыстасць. Калі б усе з маладосці аберагалі яе да старасці, да высокіх пасад, было б цудоўна. Але ж дзе там! Вунь вазьмі Цімафеева. Я ж ведаю яго яшчэ з камсамола. Ужо нашто быў калючы — колькі начальству крыві перапсаваў. Ды і самому несалодка было. Але ўвогуле правільна. Крыштальнае сумленне меў хлопец. Працавіты быў да самаадданасці. А цяпер? Дапяўся да высокай пасады дача, машына, кватэра з пяці пакояў. I што? Нічога. Выступае заўжды па паперцы, з начальствам у дружбе, каньячком балуецца. Лагода! Куды тая яршыстасць падзелася?
Ну, Лагун яршыстым ніколі і не быў. Ціхоня.
-Лагун? Лагун, браце, іншага сорту рыбіна. Перш за ўсё ён дурань. Старанны, добрасумленны, цягавіты дурань. Ёсць такі тып дурня. Усё робіць з празмернай нават стараннасцю, з такой адмысловай правільнасцю, што, па сутнасці, шкодзіць таму, што робіць. Бо ў кожную справу трэба ўкласці сябе. Самому ў яе верыць. Быць перакананым у яе неабходнасці. Адухатварыць яе чалавечнасцю. У яго ж усё выходзіць дужа старанна, але бяздушна. I таму фармальна правільна, а на справе дык нават шкодна. Так, так, не глядзі з гэткім недаверам.
Ды я нічога. Проста...
Звычайная рэч! Казёншчына ў адносінах між людзьмі ніколі не здольна з’яднаць. Наадварот, раз’ядноўвае. Праўда, аб тым ва універсітэтах не вучаць.
— He вучаць. Гэта... Іван Нічыпаравіч, можа, зойдзем? Па куфлю свежанькага?
Свежанькага? Ну зойдзем, калі свежанькага. Хоць я, прызнацца, піва не дужа... Вінца каб. Сухога, балгарскага. Харошыя ў іх сухія.
— Ды ну яго, віно... Толькі перавод грошай. Калі ўжо піць, дык няма лепш за «Маскоўскую». Класічнае пітво.
— Гэта каму як. Я таксама некалі гэтак жа думаў. Але гады.
He, не!.. Іван Нічыпаравіч! Гэта ўжо я. Мая ініцыятыва, так што схавайце вашыя. Дзевушка, два піва! Та-ак! Трымайце. Во сюды, да сценкі, каб не замінаць дужа.
А! Хораша. Свежае, праўда.
Харошае. Дык вы кажаце, Лагун дурань? Можа, і праўда, набрахаў, а цяпер і сам перажывае.
Ну гэта не! Праз цябе ён перажываць не будзе. I злавацца на цябе таксама не будзе. Але калі цябе будуць, не дай Бог, звальняць, ён і пальцам не варухне. У тым жа і справа, што кранае яго толькі тое, што яго асабіста датычыцца. Астатняе яму да лямпачкі.
Ну але ж гэта свінства!
Лёня, ведаеш што? На, закуры і паслухай. Я табе раскажу адну гісторыю. 3 вайны яшчэ. Ты ж, мабыць, вайну слаба і помніш? 3 якога года?
Я? 3 трыццаць восьмага.
Ну вось. Калі табе напаўзло чатыры гады, я ўжо быў чырвонаармейцам. Якраз перад самай вайной. Служыў на Украіне, пад Драгобычам. I быў у нас ва ўзводзе, як цяпер памятаю, такі хлапец па прозвішчу Шумак...
Лёня, прывет!
Здароў.
— П’янствуем, значыць?
П’ем піва. Давай да нас.
— He, хлопцы вунь. Кампанія.
— Што, са стадыёна?
Ну. Тры-ноль у нашу торбу. Макавеенка малайчына! Галавой пад самую штангу.
— Галавой?
Ну. На апошняй мінуце. Клас!
А Сідоранка?
Сідоранка трыбуха. Хіба ён што можа! Гнаць яго трэба даўно. Колька, Колька, хвілінку. Ну, мужыкі, прашу прабачэння, там свае...
Давай. Дык прадаўжайце, Іван Нічыпаравіч.
Ну што... Толькі гэта даўняя гісторыя. Калі, можа, часу мала, дык на другі раз.
Часу хопіць. Кажыце.
— Шумак, значыць. Прозвішчаў пазнейшых колькі з галавы вылецела, а гэтага памятаю, як зараз. На першы погляд такі свойскі хлопец, у казарме быў суседам маім па ложку. Так, увогуле, нішто жылі. Праўда, аднойчы здарылася адна замінка, трохі мяне насцярожыла. Ну але, думаў, драбяза. Справа ў тым, што ў яго вадзіліся грошы, з дому падсылалі. Ну і часам у гарадскім звальненні ён штоколечы купляў з шамоўкі. Ведама ж, маладыя былі, апетыт воўчы. Раз неяк прынёс каўбасы з паўкіло і пернікаў. Яшчэ мяне частаваў. А тумбачка ў нас агульная, толькі ягоная палічка верхняя, а мая ніжняя...