Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Нада ідзі! зноў падняўшы палец угору, сказаў немец. Валока таксама ўстаў, узяў у рукі аўтамат, недаўменна паглядзеў на яго, не ведаючы, куды прыбраць гэтую рэч, і пасля надзеў цераз галаву за спіну. Так ён заўсёды будзе пры ім і не дужа перашкодзіць у працы.
Немец узлез па цэгле ў самую гару, скурчыўся там у змроку і пачаў кідаць уніз цагляныя зломкі. Ва ўсёй яго цяперашняй паставе і абліччы баец не бачыў нічога варожага, нічога недаверліва хітраватага, немец быў просты, рухавы і нават, адчувалася па нечым, чулы і шчыры чалавек. Валока падлез да яго ў змрок і, зусім зацяўшы ў сабе падазронасць, спытаў:
Як цябе зваць?
Немец спыніў працу, праз пыл павярнуў да яго твар ён не разумеў пытання.
— Завуць як? — гучней, бы глухога, запытаў Валока.Мяне Іван, а цябе? Ганс? Фрыц?
Фрыц! Я, я! Фрыц Хагеман, нібы ўзрадаваўшыся сваёй здагадлівасці, ахвотна абвясціў немец і засмяяўся.-
Іх Фрыц, ду Іван. Гут! I ён зноў засмяяўся, у дробныя зморшчынкі сабраўшы свой немалады ўжо твар.
— Гут-то гут, разважна, але паддаючыся яго лёгкасці, сказаў Валока. Толькі не дужа. Вось вылезем, а тады што?
Але на немца гэты Валокаў клопат не зрабіў уражання. Ён па-ранейшаму рупна выдзіраў з груды наваленыя сюды кавалкі нейкае разбуранай сцяны і кідаў іх уніз. Баец прымасціўся побач і, нязручна сагнуўшыся ў цеснаце, пачаў рабіць тое ж.
4
Невядома, колькі мінула часу. Яны ўжо багата перакідалі ўніз друзу, пад столлю можна было стаць там, у змроку і пыле, сапраўды была праломіна некуды ўгору і ўбок, толькі яе моцна заваліла. Праменьчык са шчыліны знік, цяпер адтуль нясмела клалася ў пыл толькі маленькая плямка знадворнага святла, і ў сутарэнні панаваў густы, ледзь-ледзь прышарэлы змрок. Як-колечы прызвычаеныя да яго, дзве пары вачэй трохі бачылі паблізу, і людзі працавалі. Абодва яны наскрозь прапыліліся, немец разпораз чыхаў, а Валока цяжка, дыхавічна кашляў. Тое, што яны ўсё ж намацалі выхад, крыху абнадзейвала байца, цяпер ён ужо не думаў, што прападзе па-дурному. Затое новы, куды большы і складанейшы клопат усё настойлівей пачаў агартаць яго.
Які нячысцік звёў яго з гэтым недарэчным немцам, думаў Валока. Праўда, пакуль яны былі тут і разам выкараскваліся з аднае бяды, баец сяк-так мог пагадзіцца на гэтае іх сяброўства. Але што рабіць, калі яны вылезуць? I хто там наверсе свае ці немцы? Калі свае, то гэта яго клопат яшчэ палова бяды: немца можа як-небудзь пашанцуе залучыць у палон. А калі немцы? Зноў біцца? Дык ці не лепш забіць яго тут?
Але Валока толькі думаў так, адчуваючы, што застрэліць цяпер гэтага чалавека ўжо не можа. Як было страляць яго,
калі між імі рушылася галоўнае для таго узаемная нянавісць, калі раптам у варожым мундзіры з’явіўся перад ім зважлівы, рупны, працавіты, самы звычайны чалавек, які і да Валокі ставіўся не як вораг-фашыст, а як супольнік і сябра. Здаецца, гэта быў зусім неблагі немец, і недзе ў сподзе пачуццяў баец адчуваў у сабе няёмкасць ад таго, што нядаўна ледзьве не задушыў яго. Але зноў жа вельмі нават магло стацца, што і ён забіў бы Валоку. Незвычайна гэта было і дзіўна — адчуваць яго тут, побач з сабой; хвілінамі нават забывалася, што яны ворагі. Задумаўшыся, байцу хацелася падрабязней распытаць яго пра нямецкае ўмельства ў сталярнае справе, хацелася сесці, пакурыць, мірна і па-добраму пагутарыць; здавалася, у тае іх разважнае добразычлівасці адкрыецца нешта значнае і цікавае.
Але пагадзя Валока пачынаў сумнявацца. 3 выгляду немец быў неблагі чалавек, працавіты,пэўна, лёгкага, спагаднага характару (такога, як іхні санінструктар Корзан), але хто ведае, што ў яго сядзела ўнутры. Пэўна ж, усе яны добрыя ў палоне або забітыя, але хто тады нарабіў такога гора людзям, хто столькі пазабіваў, папаліў, абрабаваў, перавешаў, хто заліў крывёю ўвесь свет? Ды і што скажуць хлопцы і начальства, калі даведаюцца, як ён тут раскурваў маршанскую махорачку з гэтым фрыцам? А калі дазнаецца капітан Воранаў, маўклівы загадкавы чалавек са схаванымі пад бровы вачмі, як ён паставіцца да такой суполкі? Валока мог меркаваць што-колечы наконт гэтага ён ужо чуў за паўгода службы ў палку.
Пакутна было і складана даўмецца, як яму быць тут, у гэтай недарэчнай і такой нечаканай бядзе.
Зноў добра ўмарыўшыся, яны паселі на цэглу ў куце і пачалі адплёўвацца. Валока дастаў кісет, насыпаў у паперку махоркі і, прытрымліваючы яе пальцамі, перадаў кісет немцу. Той ахвотна пераняў. Калі Валока саслюніў цыгарку, ён услужліва пстрыкнуў запальнічкай, даў прыкурыць яму, затым прыкурыў сам. Мільготкі, маленькі, як іскрынка, агеньчык запальнічкі трохі разагнаў змрок, асвяціў пакарэжаную столь, вывараціны цаглін у сцяне і два ўшчэнт запыленыя невясёлыя твары. Патрымаўшы ў кулаку
запальнічку, Фрыц, пэўна, рашыў не тушыць яе і пачаў прыладжваць у вышчарбіне сцяны. Яна дрэнна ўсталёўвалася там, і Валока падняў з долу кавалак цагліны.
На вось прыпры.
Але немец раптам здрыгануўся, бялявыя бровы на яго твары саўгануліся на лоб, ён з жахам услухаўся ў нешта, што адбывалася знадворку. Валока ўзняў голаў наверсе, над самымі іх галовамі, пачуліся крокі туп... туп... туп... Праз бетон данёсся блізкі, аднак глухі, невыразны голас, недзе над прыступкамі штось грукнула і сціхла: чалавек, пэўна, спыніўся ці мо адышоўся далей. Баец ускочыў першым яго жаданнем было крыкнуць, азвацца, але ў той жа момант ён злавіў на сабе напружана ўмольны позірк немца і сам схамянуўся.
Хто? Такое пытанне ўраз маланкай пранеслася ў свядомасці абодвух, і, вядома, абодва яны прагнулі рознага. Гэтая хвілінная іх раз’яднанасць зноў застарэлай варожасцю захліснула Валокава нутро, але толькі на кароткі час. Адразу, як сціхлі крокі, сціхла і нясцерпнае жаданне азвацца цвярозая разважнасць падказвала яму, што трэба маўчаць і выбірацца з падзямелля самім.
Яны яшчэ паўслухоўваліся, мярцвеючы ад празмернае ўвагі, затым немец выдыхнуў, неяк абвяў з цела і пачаў паволі прыладжваць у сцяне запальнічку. Баец закашляўся, зацяў рот далонямі. Крокаў болей не было чуваць.
От папалі дык папалі,не так немцу, як самому сабе сказаў Валока, выдыхаючы ў трапяткую цемру зацяжку. Немец звесіў з калень цяжкія натруджаныя рукі і ўздыхнуў. Яго нядаўні, трохі бесклапотна-бадзёры настрой відавочна прыхмурэў, пэўна, ад працы ці мо ад гэтага трывожнага клопату.
Вайна нікс гут! раптам прыцішана, але з набалелай упэўненасцю азваўся ён, і баец ажно здзівіўся ад гэтае перамены ў настроі ворага.Вайна шайзэ!
Немец сказаў гэта з нейкім трудным, занятым адчаем у вачах. Валока, трохі разявіўшы рот, недаўменна, з прыхаванай іроніяй паглядзеў на яго.
Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру?
Фюрэр — шайзэ! строга абвясціў немец, відаць, толькі адно гэтае слова і зразумеўшы з доўгай Валокавай фразы. — Фюрэр своляч! Фюрэр эйнфахерменш нікс нада,— сказаў ён і стукнуў сябе кулаком у грудзі.Фрыц Хагеман нікс нада вайна. Хагеман нада фрыедэн, нада кіндэр аўфцыген, арбайт нада, хаўз нада! Шайзэ вайна.
Валока зразумеў не ўсё, але ўцяміў прычыну абурэння гэтага немца, толькі спачуваць яму ён не збіраўся. Немец жа, мусіць, выліў свой даўні гнеў і на хвіліну змоўчаў. Баец тым часам дакурыў цыгарку і ўрэшце, наважыўшыся на тое, што ўвесь час непакоіла яго, сказаў:
Слухай, Фрыц. Вылезем туды, ён паказаў пальцам угору, давай палон. Рус плен — і вайна капут. Га?
Немец уважліва выслухаў, нешта зразумеў, але з раздумнаю цвёрдасцю пакруціў галавой.
Нікс плен. Плёхо плен. Рус энкеведэ дойч Сібір. Пуф-пуф дойч.
Ніхто цябе не будзе пуф-пуф. Чаго ты баішся? — загарачыўся Валока. Ты ведаеш, колькі ў нас вашых камарадаў плен?
Фрыц зноў уздыхнуў, нявесела ўгледзеўся ў агеньчык запальнічкі ў сцяне. 3 ягоных вачэй выплыла і атуліла ўвесь твар туга чалавека, які колькі ні прыкідваецца сам сабе, як ні абнадзейвае сябе, а ўсё ж ніяк не можа пазбыцца вялікага і нязбыўнага, як смерць, клопату. Задумаўшыся, ён трошкі памаўчаў, пасля заварушыўся, расшпіліў кішэнь мундзіра і дастаў нейкія паперы. Перабраўшы іх, знайшоў там надарваны канверт з пацёртымі краямі і дастаў адтуль картку.
Майн фрау унд кіндэр. Дрэздэн,сказаў ён і падаў картку байцу. Той няўмела, з ашчаднаю зважлівасцю да чужога, але зразумелага і па-чалавечы дарагога наблізіў картку да слабенькага святла запальнічкі.
3 фатаграфіі на яго пазіралі жанчына і трое малых. Старэйшы — галаногі хлапец у кароткіх штоніках стаяў каля крэсла, дзяўчынка сядзела на каленях у маці, сярэдні -
хлопчык год дзесяці — стаяў ля старэйшага і трымаў пад пахай паласаты мячык. Ззаду віднеўся невялічкі, але ладна адбудаваны і дагледжаны домік з верандаю, высокі чарапічцы дах, у прасценках густая лістота вінаградніку. На хвіліну баец ажно ўпіўся ў гэта вачмі.
Ладная дамоўка, нічога не скажаш, уздыхаючы, прагаварыў Валока, адчуўшы ў душы ціхенькі самотны боль не то ад разбуджанага суму па спрадвечнаму, мірнаму, гаспадарчаму жыццю, ці мо ад успамінаў аб сваіх там, дома... 3 прытоенай зайздрасцю і скрухаю ён аддаў картку назад.
Драй кіндэр! сказаў Фрыц, хаваючы ў кішэню паперы,— Плёха плен. Гаўптман гестапа Крафт шрайбен,— фрау, кіндэр ком, ком унд канцлагер. Плёха!
Валока зразумеў. Пэўна ж, так, яны, гэтыя немцы, не дужа там няньчацца і са сваімі — ён ужо чуў, што за такія справы сем’і гэтых фрыцаў па галовах не гладзяць. Ну, але што ж тады ім рабіць?
А Фрыц тым часам ямчэй усеўся на цагляным зломку і, памагаючы сабе рукамі, пачаў нешта тлумачыць.
Фрыц нікс буржуй, Фрыц арбайт! Нібы ў доказ таго ён выцягнуў перад сабой шырокія, дужыя, працавітыя далоні,Маркі мала-мала Фрыц. Айн хаўз Фрыц. Хагеман бедны чалавек. Рус Іван бедны чалавек. Цвай бедны чалавек,паказаў Фрыц два пальцы,Мі панімайт.
Ну гэта... Які я бедны? невядома чаму сумеўся Валока.Чаго Іван бедны? Што я, беспрацоўны? Калгаснік я.
— Я, я,— пагадзіўся немец,— Плёха рускі кальхаснік. Кальхас бедна.
«Што ён мяне тут ахмурае,— падумаў Валока.— Куды гне?» I яму дужа захацелася быць не горшым, чым гэты немец,не ўступіў жа ён яму ў нядаўняе бойцы, быў роўны ў працы, і цяпер вельмі ж нежадана было яму аказацца нейкім бедняком, вартым спачування. Унутры ў ім усё запратэставала супраць гэтага абразлівага варожага спачування.
Наш калгас багаты. Вось! У нас не такія у нас яшчэ лепшыя дамы. Мы шыферам крылі. I хлеба во! -