Поўны збор твораў. Том 7
Апавяданні
Васіль Быкаў
Памер: 480с.
Мінск 2009
Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра,здавалася, вось-вось хрусне горла, і Валоку апанаваў страх, што вось так недарэчна даў загубіць сябе. 3 роспачнай нечалавечай сілай ён ірвануўся, як мог упёрся ў падлогу каленямі, напружыўся і дзвюма рукамі моцна крутнуў убок адну, найбольш учэпістую руку ворага. Каўнер байца затрашчаў; зноў нешта глуха стукнулася аб
падлогу, вораг засоп, размашыста шоргнулі па бетоннай падлозе ягоныя боты.
Ад некалькіх роспачных рыўкоў палепшала; Валока вызваліў шыю і, здаецца, пачаў асільваць немца. Тады ў пачуцці шыбанула злосць і недзе ў свядомасці мільгануў люты намер забіць адразу ж,— ён набавіў сілы. Баец цяпер зразумеў, што яму можа дапамагчы тут. Валтузячыся і сапучы, ён намацаў нагамі сцяну, зноў упёрся ў яе і пхнуўся ўсім целам на ворага. Той зноў апынуўся ўнізе — Валока нешта замычаў ад зларадства і, усё болын заходзячыся ад лютасці, урэшце дабраўся да варожае шыі.
— І-і-і, э-э! мычаў немец, і Валока адчуваў, што перамагае. Вораг прыкметна збавіў імпэт і толькі абараняўся, хапаючыся за разлютаваныя Валокавы рукі і шалёна тузаючыся. Валоку, аднак, вельмі замінала сумка з дыскамі, якая перакруцілася на баку, трапіла пад немца і почапкай трымала яго, як на прывязі. Пасля, змагаючыся, Валока зноў страціў апору, у валтузні недзе прапала сцяна; ногі шкрэблі па слізкай падлозе, але баец з усяе сілы трымаўся наверсе і не выпускаў варожае шыі.
Немец роспачна затрапятаў, заенчыў, захрыпеў, ірвануў аберуч ягоныя рукі, ляпнуўся аб бетон галавой, напружыўся, кінуўся ўбок выгнутым целам. Толькі Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапіў пяцярнёй горла і ціскануў.
Але ў той момант здарылася штосьці страшнае.
Грымотны пярун ударыў у вушы, здрыганулася і рухнула ў нейкае бяздонне падлога, чорнае падзямелле громам і грукатам абрушылася на чалавека. На галаву, спіну, плечы рынула цэгла, зямля, пясок, задушыла нейкім смуродам, балюча ўдарыла ў голаў, навалілася і прыціснула... Валока інстынктыўна хіснуўся ад немца, ускінуў над сабою рукі, затуліўся, бездапаможна падставіўшы абвалу потную, пабітую спіну.
Грымоцце, аднак, хутка спынілася, сціхнуў абвал, але ўсё Валокава цела скавалі цесната і цяжар. Нельга было ні выдыхнуць, ні варухнуцца, і толькі ў свядомасці бліскала кароценькая і радасная думка: «Жывы». Але не было па-
ветра, і ён задыхаўся ад пяску і нейкага смярдзючага ўдушша. Адчуўшы, што гіне, Валока рвануўся з тае магілы; нешта туга, але падатліва рассунулася над ім, ён шпарка задыхаў і расплюшчыў запарушаныя пяском, балючыя вочы.
2
Дзіва, як ён уцалеў.
Навокал ужо не было ранейшай цемры, разам з ёю знік недзе і халаднаваты прастор склепа. Было душна, і скрозь грувасціўся цагляны ды бетонны друз. Спачатку Валоку здалося, што выбухам ён адкінуты кудысьці з таго месца, дзе біўся з немцам, але, угледзеўшыся ў прыцемкі, пазнаў абсыпаныя шчэбнем уцалелыя крутыя прыступкі, з якіх ён зваліўся сюды. Іх было толькі шэсць; вышэй разламаная бетонная пліта, як крыга ў паводку, касабочыла са столі і, упершыся рабром у лесвіцу, загароджвала выхад. 3 другога боку, наўкось ад Валокі, урэзалася канцом у завалены цэглай дол шырокая двухтаўровая бэлька. Яна была сагнута,— пэўна, ад выбуху, і калі б упала на якіх паўметра бліжэй, дык наўрад ці давялося б цяпер Валоку бачыць яе.
Павярнуўшыся, баец вызваліў ад завалля рукі, прыўзняўся, але ногі былі яшчэ моцна нечым прыціснуты. Ці ён аглух, ці сапраўды было зусім ціха, толькі ў вушах нешта віскліва, працягла і балюча звінела. Пакрысе ён павярнуўся на бок і паспрабаваў устаць. Ногі, здаецца, уцалелі, рукі таксама, толькі адна вельмі балела ў плячы. Ссыпаючы з сябе пыл і абломкі, ён прыўзняўся на руках, выцягнуў зпад друзу адну нагу, пасля другую і сеў. I тады з грудзей яго прарваўся сударгавы нястрымны кашаль. Валока аж захліпаўся ад удушша, грудзі разрываліся; пыл і пясок забілі, мусіць, усе лёгкія. Уздрыгваючы ўсім целам, некалькі пакутных хвілін чалавек кашляў і адплёўваўся, і пасля, калі палегчала, зноў агледзеўся наўкола.
Так, яго добра заваліла тут. Заваліла лесвіцу і склеп, уцалеў толькі змрочны закутак за прыступкамі ды якіх метры са два ля выхаду. Той бок склепа, насупраць ад
увахода, быў зусім забіты цэглай, бетоннымі глыбамі; столь над ім скасабочылася, разламаўшыся на кавалкі, і з чорных шчылін дзе-нідзе тырчала ржавая арматура. 3 адной такой шчыліны ў паўзмрок сутарэння цадзіўся знадворку тоненькі мільготкі праменьчык. У ім, роячыся, густа бліскалі пылінкі, і ён ледзьве прабіваўся да долу, дзе клаў на цагляны зломак прыцьмелую плямку святла. Ад гэтай яго кволай спробы прабіць змрок і было тут трошкі відна.
Паматаўшы галавой, Валока вытрас з вушэй пясок і ўчуў, як глухімі ўздыхамі з-пад зямлі данесліся сюды гукі вайны выбухі, далёкі маторны гул і глухаватыя кулямётныя чэргі. Гэта насцярожыла і заклапаціла; падумалася, што трэба хутчэй вылазіць, бо рота, мусіць, ужо адышлася далёка. Баец падняўся на ногі і, спатыкаючыся, пабрыў было да прыступак. Там ён агледзеўся, убачыў і выцягнуў з-пад шчэбня свой згублены аўтамат, рукавом выцер яго ад пылу. Тое, што знайшлася зброя, трохі супакоіла яго; чалавек аддыхаўся і адчуў, што болей за іншае баліць плячо. Упершыню ён успомніў тады пра немца. Вядома, таму ўжо капец; прыбіла, напэўна, у куце; так, дзякаваць Богу, не давялося і душыць, падумаў Валока. Да немца, мёртвага, у байца злосці ўжо не было.
Угары зноў прыглушана загрукацелі чэргі, то наш «дзягцяр»; Валока пазнаў бы яго дзе хочаш. Гэта ўзбадзёрыла байца. Прыгнуўшы голаў, ён абмацаў навіслую над прыступкамі глыбу, паднатужыўся, паштурхаў, аднак нічога нідзе не кранулася. Мусіць, зверху яго тут добра прываліла нечым. Але як жа тады выкараскацца? Пакутуючы ад болю, ён сышоў з прыступак, угледзеўся ў змрок пакарэжанага падстолля. Нідзе ніякае дзіркі, ніякай адтуліны, здатнай для таго, каб можна было пралезці. Зрушваючы абломкі цэглы, баец ускарабкаўся на кучу друзу пад промнем і ў другім месцы памацаў рукамі скасабочаную патрэсканую столь. Адзін кавалак бетону кратаўся, але толькі ледзьледзь — хоць і быў разламаны, ды ўсё ж трымаўся, пэўна, на арматуры. Валока зазірнуў у шчыліну, але там, апроч добра асветленых на зломе тоўстых яе краёў, нічога не было відаць.
Што ж рабіць,як вылезці, няўжо няма ніякага ходу? А можа, трэба крыкнуць, паклікаць на дапамогу? А калі тут паблізу немцы? Хто ведае, ці ўтрымалі нашы той сквер? Такая бамбёжка, мусіць, дала немцам якую карысць. Ён злез з друзу, зазірнуў у цёмны куток збоч лесвіцы скрозь пыльнае цаглянае завалле. Колькі трэба перакапаць яго, каб дабрацца да якой праломіны! Дык што ж рабіць!
Раптам на кучы цэглы і ламачча варухнуўся кавалак цагліны. Пасля, крануты аднекуль знутры, заварушыўся друз і яшчэ некалькі кавалкаў ссунулася ўніз. Валока здрыгануўся, сумеўся і ажно прыгнуўся, углядаючыся. «Вось табе і на!» без страху, поўны аднаго толькі здзіўлення, сказаў ён сабе. I ў той жа час згледзеў край чорнага, акаймаванага галуном пагона, засыпанае глінай плячо мундзіра, і раптам нечакана акрэсліўся дагэтуль не заўважаны ў паўзмроку твар немца. Яго немаладыя, вільготнага бляску вочы чамусьці вельмі напружана, быццам збянтэжана глядзелі на байца.
Валока ўнутрана сцяўся («Ах ты, пракляты, уцалеў!») і левай рукой падхапіў ствол аўтамата. Але былы страх знік, цяпер баец не дужа і баяўся гэтага недадушанага ворага. Немец, аднак, не варушыўся, яшчэ трохі паўзіраўся ў байца і затым тузануўся з ламачча. Твар яго пры гэтым скрывіўся ад болю, вораг прастагнаў і немачна заплюшчыў вочы.
«Забіць!» бліснула думка. Валока прывычна скіраваў на ворага аўтамат, гатовы вось-вось націснуць на спуск; гэта было так лёгка зараз і так проста. Але, мабыць, гэтая лёгкасць і прытрымала яго рашучасць. Немец зноў аслабела заварушыўся, намагаючыся вызваліцца з-пад абломкаў. «Ну лезь, паспрабуй! Падыдзі! — казаў сабе баец, пільна назіраючы за кожным аслабелым рухам ворага. — Вылезеш, тут жа і ляжаш!»
Гэта быў чацвёрты вораг, які трапіў яму пад аўтамат. Першага ён падстрэліў у сорак трэцім пад Прохараўкай з акопа, у часе нямецкай атакі. Той упаў тады на траву, павярнуўся, неяк здзіўлена паглядзеў на Валоку і сціх. 3 другім давялося трохі пазмагацца. Баец даганяў яго ў ако-
пе, той страляў з парабелума, параніў яго сябра Макіўчука,то быў нейкі афіцэр у фуражцы з кукардай, і Валока, загнаўшы яго ў тупік, прыкалоў штыхом. Трэцяга расстраляў там, у пад’ездзе. Цяпер вось гэты.
Але страляць яго ў доле было неяк няёмка. Валока чакаў, калі ён вылезе і што будзе потым.
Толькі вылезці яму было нялёгка. Немец патузаўся плячыма, разварушыўшы цагліны, выцягнуў з-пад завалля руку, пакрывіўся тварам ад болю. Затым застагнаў, умольна зірнуў на байца і зноў бяссільна абвяў.
«А, даняло, сабака!» прабурчаў Валока, усё напружана сочачы за ім. Але аўтамат ён апусціў. Немец пакутна торгаўся, разварушваючы драбязу і ўсё не могучы выдраць ногі, прываленыя нейкай бетоннай глыбай. Валока яшчэ пастаяў насупраць, назіраючы за марнымі намаганнямі ворага. Мусіць, ад таго, што немец страціў ужо былую небяспеку для яго, паволі асядала ў байцу злосць і мякчэла, адступала кудысьці рашучасць забіць. Немец застагнаў, апусціў голаў, кусаючы вусны. «Пераломаны ногі, ці што?» — падумаў Валока. Бачачы, што немцу не выбрацца без дапамогі, ён неяк не ў лад са сваім пачуццём ступіў бліжэй і, упершыся абцасам, адваліў убок вялізны пляскаты кавалак сцяны.
Затым сам аж здзівіўся, навошта зрабіў тое, — немец вальней заварушыўся, абапёрся аб дол рукамі і, схіліўшы ўніз галаву з разматлянымі пыльнымі космамі, паволі выцягваў з-пад друзу ногі. Ага!.. Цэлы... Ён ужо апынуўся на волі, але чамусьці не спяшаўся скарыстаць яе, мусіць, яго добра прыбіла ў часе абвалу. Тоячы ў душы супярэчлівую, перамешаную са спачуваннем зласлівасць, Валока стрымана назіраў за ім.
Абапіраючыся рукамі на загрувашчаны дол, немец нейкі час сядзеў, не могучы, відаць, саўладаць са слабасцю і болем. Побач, сцяўшы над пераноссем запарушаныя пылам бровы, з аўтаматам напагатове чакаў Валока. Немец усё мацаў сваю нагу ў калене, варушыў ботам. Затым, нібы чагосьці здзівіўшыся, зірнуў на байца і ўслухаўся. Знадворку глуха даносілася далёкая страляніна; грымнула некалькі выбу-