Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
«Дзе ж гэты Бабіч?» чамусьці ўсё назаляла думка, хоць з’явіўся цяпер большы клопат: трэба было неяк атакаваць кірху цераз плошчу, а гэтая справа здавалася яму нялёгкай.
Аўтаматчыкі, не дужа зладжана страляючы, выбягалі зза дрэў і залягалі пад агароджай. Далей бегчы не было як, і сяржанта дужа занепакоіла, як выбрацца з гэтага аблытанага дротам парку. Урэшце яго быццам нешта асвятліла знутры ён выхапіў з кішэні гранату і павярнуўся, каб крыкнуць іншым. Але што крычаць у гэтым грукаце! Адзінай магчымай камандай тут быў уласны прыклад, надзейны камандзірскі загад: рабі, як я. Лемяшэнка вырваў з запала чаку і шпурнуў гранату пад сетку агароджы.
Дзірка атрымалася невялікая і няроўная. Разадраўшы на плячы гімнасцёрку, сяржант праціснуўся праз сетку, азірнуўся следам, прыгнуўшыся, бег Ахметаў, ускакваў з кулямётам Натужны; побач грымнулі яшчэ разрывы гранат. Тады ён, ужо не азіраючыся болей, што было сілы рынуўся наперад, ляскаючы гумовымі падэшвамі па слізкай брусчатцы плошчы.
I раптам здарылася нешта незразумелае. Плошча хіснулася, збочыла, адным краем кінулася некуды ўгору і балюча выцяла яго ў бок і скроню. Ён пачуў, як коратка і звонка бразнулі аб цвёрдыя камяні яго медалі, блізка, ля самага твару, пырснулі і застылі ў пыле кроплі нечай крыві. Пасля ён павярнуўся на бок, усім целам балюча адчуваючы непадатлівую мулкасць камення, аднекуль, з сіняга неба, зірнулі ў яго твар спалоханыя вочы Ахметава, але зараз жа зніклі. Яшчэ нейкі час праз грукат страляніны ён чуў побач сцятае дыханне, гулкае тупаценне ног, а пасля ўсё гэта сплыло далей, да кірхі, дзе, не сціхаючы, грукаталі стрэлы.
«Дзе Бабіч?» зноў скаланула яго забытая думка, і кароткі забыты клопат за лёс узвода прымусіў напяцца і паварушыцца. «Што ж гэта такое?» свідравала пачуцці нямое запытанне. «Забіты, забіты», казаў нехта ў ім ягонымі думкамі, і невядома было, ці гэта пра Бабіча, ці пра яго самога. Ён разумеў, што з ім сталася нешта благое, але болю не адчуваў, толькі знямога скавала цела, ды туман засціў вочы, не даваў бачыць, ці ўдалася атака, ці выскачыў з парку ўзвод.
Пасля кароткага правалу ў свядомасці ён зноў адчуў сябе і ўбачыў неба, якое чамусьці ляжала ўнізе, бы адбівалася ў якім агромністым возеры, а зверху на самую яго спіну навалілася пляскатая роўнядзь плошчы з рэдкімі целамі прыліплых да яе байцоў.
Ён паварушыўся, спрабуючы ўбачыць дзе каго жывога плошча і неба загойдаліся, а калі астаяліся, ён пазнаў кірху, нядаўна атакаваную без яго. Цяпер там ужо не чуваць было стрэлаў, але з варот яе чамусьці выбягалі аўтаматчыкі і беглі за вугал. Закінуўшы голаў, сяржант углядаўся, спрабуючы ўбачыць там Натужнага ці Ахметава, але іх не было, затое наперадзе ўсіх ля рага ён пазнаў свайго навічка Тарасава. Прыгнуўшыся, гэты маладзенькі баец спрытна сігаў да рага, спыніўся, зухавата замахаў некаму «сюды, сюды!» і знік маленькі і кволы побач з высачэзным гмахам кірхі.
За ім пабеглі байцы, і на плошчы не засталося нікога. Тады сяржант напаследак уздыхнуў і неяк адразу і назаўсёды сціх.
Да перамогі пайшлі другія...
Сляды на зямлі
Галя прачнулася з прыкрым адчуваннем заўчасна патрывожанага сну.
Аднекуль знадворку ў ранішнюю цішыню пакоя ўрываліся магутныя, як выбухі, удары. Бух-бух-бух! мерна і гулка разлягалася за акном, і ад гэтых стукаў у пакоі пад расчыненай форткай уздрыгвалі дробныя лісткі герані. Было яшчэ рана, сонца, узнімаючыся з-за дахаў, асвяціла толькі верхнія вокны трохпавярховай школы, што стаяла цераз дарогу. Ніжэй на яе беленай сцяне ляжаў знаёмы цень ад іх двухпавярховага драўлянага доміка тры коміны, тэлевізійная антэна і магутная верхавіна суседскага вяза.
Дзяўчына звычайна спала позна, ужо тыдзень яна была адна ў гэтай гарадской кватэры і на ўласны густ ладзіла ўсе свае справы. Бацькі не ўзялі яе з сабой на прыгарадную дачу, бо яна мела пераэкзаменоўку па музыцы і таму, як казала маці, была прывязана да фартэпіяна.
Бух-бух-бух! усё неслася знадворку, і Галя, струхнуўшы рэшткі сну, зацікаўленая, падскочыла да акна. За цюлевай занавескай ляжаў завулак — неўпарадкаваны гарадскі закутак, бы канавамі, парэзаны з вясны засохлымі каляінамі самазвалаў. Улетку тут панаваў пыл, а ўвосень гразь; пасля таго як закончылася будаўніцтва школы, машыны ўжо не хадзілі, а пешаходы ў дажджлівыя дні пераадольвалі гразкія мясціны, трымаючыся за шчыкеціны агарожы.
Цяпер тут рабілася нешта новае.
У нізінцы наўкос ад Галінага акна, на месцы самай упартай лужыны, якая высыхала толькі ў сярэдзіне лета і куды жыхары скідвалі рознае смецце, банкі, бутэлькі, бітую
цэглу,у гэтым запаведніку хлапчуковых гульняу цяпер з’явіліся новыя людзі. Прыладжаны на камянях, бы перакуленая задымленая прызма, стаяў там вялізны асфальтавы кацёл, пад якім незнаёмы чалавек распальваў агонь, a другі — нейкі голы да пояса хлопец шырока расставіўшы ногі, лупіў шлягаю ў закураны жалезны бок.
Галя адчыніла акно і незадаволена паморшчылася заспаным кірпатым тварам, калі ён так будзе бухаць доўга, дык, відаць, і сёння не дужа дарвешся да музыкі. А папрактыкавацца як след было неабходна — заставаліся апошнія два дні, усе ж астатнія патрачаны на волі, якая выдараецца рэдка і заўжды так вабіць шаснаццацігадовую дзяўчыну, не надзеленую вялікімі абавязкамі.
Чароўная свежасць першых гадзін ранку лілася ў вокны рэшткамі застаялай начной прахалоды, роснай духмянасцю кветак з гародчыку, светлай вольнасцю шырокага пагоднага неба. Расхінуўшы гардзіны, Галя яшчэ раз агледзела завулак — над катлом, развяваючы наўкола гаркоту, ужо курыўся шызы дымок, а рабочы адышоў у бок і выціраў рукавом твар. Гэта быў стары сухенькі чалавек з пільнымі вузенькімі вачыма і маленькай галавою, накрытай захапанаю кепкай-аладкай. Якіх паўхвіліны ён думаў аб чымсьці, зазірнуў у кацёл і сказаў маладому:
Ну хопіць, ядрона рэпа.
Малады невялічкі, ладна збіты крапак паслухмяна апусціў шлягу і стаў, зморана аддыхваючыся, пабліскваючы матавымі загарэлымі да рудога лапаткамі. Калі хлопец павярнуўся тварам да вокан, Галя аж войкнула ад здзіўлення такі ён быў белы і вочы, і зубы, а валасы і бровы, бы заінелыя, аж свіцеліся на загарэлым смяшлівым твары. «Гэ, дзед Архіп і Лёнька»,чамусьці мільганула ў Галінай галаве, і яна засмяялася, нібы падгледзела што — патаемнае і сарамлівае. Адразу ёй стала чамусьці дурасліва і добра, знікла санлявасць і былая кароткая прыкрасць. Дзяўчына крутнулася ад акна і з зухаватай жвавасцю пачала прыбірацца. Двума ўдарамі Яна падбіла падушкі, страсла з коўдры заспанае кацяня, са спрытнай нядбайнасцю захінула пасцель. Пасля з гэткай жа лёгкай рухавасцю
памылася, апранула паркалёвую, у сіні гарошак сукенку і, закідваючы перад люстэркам галаву, некалькімі ўзмахамі грэбеня прычасала кароткія валасы. «Усё», сказала яна сабе і з налёту крутнулася на круглым фартэпіянным зэдліку.
Трэба было іграць надакучлівыя гамы.
Пальцы прызвычаена, самі сабой бегалі па клавішах, піяніна неахвотна выціскала скупыя разрозненыя гукі, a Галя неўзабаве адчула, што ёй карціць другое — паглядзець у акно. Нейкі час яна стрымлівалася, прымушала сябе да музыкі, але ўрэшце зноў расхінула гардзіны і аддалася цікаўнасці.
Лёнька ўжо болей не стукаў той аглушальнаю шлягай, а разам з Архіпам цяпер займаўся новаю справай. Стоячы па абодвух баках катла, яны даўжэзнымі лапатамі нешта мяшалі ў ім. Гэта, відаць, было вельмі цяжка. Стары, падобны на жука ў сваёй зашмальцаванай чорнай вопратцы, неяк па-маладому зухавата арудаваў лапатай. Напружваючыся з усяе сілы, ён уладарна падгінаў дзержанок пад сябе, пераварочваў у катле смалістую масу, крактаў ад напружання і задавальнення і паддзяваў зноў. Малады з другога боку, мабыць з яшчэ большай заядласцю, рабіў тое ж самае, намагаючы болей рукамі. На яго загарэлай спіне ад вялікай натугі цвёрдымі жаўлакамі варушыліся мускулы.
— Пры-смылела, пры-кіпела, нада-ела павярнісь! — прыпяваў стары, і Лёнька аж ззяючы бліскучым ад поту тварам, радасна варочаў дымнае чорнае месіва.
Міжвольна паддаючыся чароўнай сіле іх цяжкай працы, Галя ўжо забылася на свае абавязкі ёй было хораша і забаўна тут, з вышыні другога паверха, назіраць за гэтымі па-шчырасці працавітымі вясёлымі людзьмі. Яна ўжо здагадалася, што яны вараць асфальт для вуліцы, і ў дзяўчыны разам з цікавасцю да іх справы з’явілася яшчэ і ўдзячнасць за клопаты, якія мелі дачыненне і да яе.
Над завулкам паволі ўзнімалася сонца, вузелі цені пад сценамі, школа насупраць ужо ярка зіхацела шматаконным фасадам. Вуліца поўнілася гарачынёй, пыльнай сухменню і гарачым смалістым смуродам асфальту. 3 двароў
да незвычайнага відовішча пазбягаліся малыя на чале са сваім заўсягдашнім завадатарам Генькам, унукам школьнага дворніка. Гэты пяцігадовы карапуз у вялікай вайсковай фуражцы з чорнай аколышкай адчуваў сябе ў працы, як рыба ў вадзе, і цяпер круціўся пад самымі нагамі Архіпа і Лёнькі, гатовы, здаецца, улезці з цікаўнасці ў самы кацёл.
Галя зусім ужо згубіла ахвоту да свайго занятку, ёй таксама хацелася туды, да дымлівага вогнішча, але яна сарамяжліва стрымлівала сябе. «Во, каб пайсці ў смалакуры,— гарэзна падумалася дзяўчыне. Прыедуць скажу маме: паступіла ў рабочыя. Бывай музыка. Hi табе гамаў, ні практыкаванняў... Ось будзе перапалох!»
Ад такое свавольнае думкі яна засмяялася і адышла ад акна. У глыбіні душы ўзнікла і тлела нейкае невыразнае жаданне, цьмяная незадаволенасць нечым, імкненне кудысьці да лепшага. Новыя пачуцці неслі неспакой, шчымлівую заклапочанасць, але ці было тое смуткам ці цьмянай радасцю, дзяўчына не ведала.
На фартэпіяна чакалі яе два дні разгорнутыя практыкаванні, ды Галя ўжо забылася на гамы, яе душэўная ўзрушанасць прасіла чагосьці іншага вольнага і шырокага. Бяздумная і далёкая, яна кранула клавішы пальцы самі сабой натрапілі на дзівосныя такты любімага пракоф’еўскага «Вальса». Яна навучылася яго іграць даўно, яшчэ да музычнай школы, гэта быў яе любімы «твор для сябе», аднолькава блізкі ёй і ў гора, і ў радасць. Свежая, як ранак, мелодыя, поўная лірызму і летуценнасці, закружыла яе і панесла на сваіх бяздумна-салодкіх хвалях...
Невядома, колькі іграла яна, многа ці мала паўтарала з пачатку ў канец, асобна праіграла некаторыя мясціны, дзе-нідзе збівалася з рытму, парушаючы стыль, але гэта было нічога; яна прымала яго і з фальшывасцю — як умела. Урэшце, супакоеная і трошкі стомленая, дзяўчына падышла да акна. Праз занавеску яна кінула погляд у завулак — там былі адны хлапчукі. Яшчэ поўная зачараванасці музыкай, Галя задуменна зазірнула ўніз і ўжо другі раз ледзьве не войкнула. Вялікія сінія вочы з-пад высока ўзнятых бе-