Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Раптам блізкая чарга ўгары гулкім грымоццем аддалася ў будынку, у вузкай, як калодзеж, лесвіцы, імкліва рассыпалася над горадам, і байцы ад нечаканасці сталі. Сяржант узняў да грудзей аўтамат, побач укленчыў на прыступках Сінцоў, за ім з раскрытым ротам і наморшчаным старэчым ілбом утаропіўся ўгору Чарняк. I калі яшчэ кулямётнае рэха зусім не заціхла ў гулкім нутры ратушы, зверху загрукацелі таропкія чалавечыя крокі.
Сяржант зірнуў на Сінцова і скамянеў ад увагі, хруснуўшы засцерагальнікам аўтамата. Але крокі прагрукацелі і сціхлі пэўна, чалавек спыніўся, можа, пачуў што ці проста перамяніў пазіцыю.
Тады сяржант, счакаўшы якіх паўхвіліны, марудна і няёмка, быццам на балючай шыі, павярнуў голаў, зірнуў
па чарзе на абодвух падначаленых і коратка кіўнуў Чарняку. Той прывычна падпарадкаваўся, але, ступіўшы крокаў два, чагосьці спыніўся, паглядзеў на сяржанта, і ў гэтым яго позірку востра адбілася нейкая незвычайная жаласлівая знямога.
Угары зноў нехта заварушыўся, ці то аддаляючыся, ці мо спускаючыся, і зноў доўгая кулямётная чарга громам раскацілася ў будынку. Байцы напружыліся, сяржант, на нешта рашаючыся, прыжмурыў вочы. Чарняк абедзвюма рукамі ўзяўся за карабін. I Сінцоў раптам прыпомніў, што Чарняк у гэтую вайпу шэсць разоў паранены, што ў яго дома старая маці і чацвёра дзяцей, а сяржант Вераб’ёў пайшоў на вайну з апошняга курса ўніверсітэта, меў два ордэны Славы і быў разумны, адукаваны чалавек. I баец, нервова перасмыкнуўшы вуснамі і адразу забыўшыся і пра сённяшнюю раніцу, і пра канец вайны, і пра свае клопатымары, шырока сігануў угору і апынуўся наперадзе.
Ён хацеў як мага хутчэй дабегчы даверху, не даць ашалеламу недабітку апамятацца і заўважыць іх. Падхопленыя яго парывам, ззаду беглі таварышы. Гумовыя падэшвы ботаў мякка прыглушалі іх крокі.
Кулямётчык з’явіўся раптоўна. Гэта быў нейкі даўгашыі гітлеравец у цыратовым зялёным плашчы укленчыўшы на запэцканых галубамі прыступках, ён вадзіў у акенцы кулямётным ствалом, збіраючыся націснуць на спуск.
Хэндэ хох!!! зычна крыкнуў Сінцоў, і ў той жа момант вораг з дзівосным спрытам адкінуў кулямёт, скочыў угору, і з яго рук грымнулі запар два стрэлы. Сяржант і Чарняк амаль адначасова ўдарылі з двух аўтаматаў немец бразнуўся на прыступкі, ляснуў аб каменні браўнінг, а пад самыя ногі байцоў ціха, без аніводнага стогну апусціўся раптоўна збялелы Сінцоў.
...Праз пяць хвілін на шырокі ганак ратушы Вераб’ёў і Чарняк вынеслі яшчэ цёплае цела таварыша. Пераскокваючы цераз клумбы сквера, да іх ужо беглі байцы, бег Туркоўскі, камандзір роты, а гэтыя двое моўчкі паклалі трэцяга на сцёрты граніт прыступак і стаялі так, збянтэжаныя і разгубленыя, баючыся зірнуць адзін аднаму ў вочы.
Чарняк крактаў усё, пераступаў з нагі на нагу, смаркаўся і размазваў па аброслым твары брудныя пісягі пад вачыма.
А з-за гор радасным рассыпістым бляскам пырснула запозненае сонца і весела асвяціла змрочную ратушу з вежай, шырокі ганак, недарэчна застылых у немай журбоце байцоў і таго, на зямлі, што на пяць хвілін не дажыў да чаканага дня.
1959 г.
У ліхую часіну
У Патапавых гора. Надвячоркам пісьманоска Нюра прынесла са станцыі тоненькі трохкутнік франтавога пісьма і невялічкую, памерам з падатковы квіток казённую паперку. Стары Ларывон стрэў дзяўчыну ў куце панадворка, дзе ён складваў пад страху падсохлыя на восеньскім ветры кізякі, і яшчэ зводдаль уцяміў, што здарылася страшнае. Ссунуўшы над пераноссем касмылявыя ссівелыя бровы, ён з натугай выпрастаўся над рассыпанай грудкай паліва і, як цяжкі прысуд, моўчкі ўзяў з рук прыціхлай Нюркі тыя вайсковыя весткі.
У пакамечаным і заштампаваным чорнымі пячаткамі пісьме старэйшы Ларывонаў сын Ігнат паведамляў бацьку, што ён жывы і здаровы, ваюе, хоць пакуль што адступае, але моцна б’е немцаў сваімі танкамі. Пісаў, што за абарону Смаленска яго прадставілі да ўзнагароды ордэнам Чырвонага Сцяга, прасіў, каб не турбаваліся дома, бо хоць цяжка і гаротна, але нічога — як-небудзь спыняць і адолеюць навалу, і ўсё абыдзецца добра. А ў казённай паперцы за подпісам нейкага падпалкоўніка і круглай пячаткай значылася, што пад горадам Вязьмай капітан Патапаў загінуў за свабоду Радзімы.
Патапавы сваё гора зносілі моўчкі. Стары Ларывон, негаваркі чалавек крутога характару, не знімаючы кажушка, як сеў у каморцы на зэдлік, так і не ўставаў да світання. Шырока расставіўшы ногі, аберуч ашчаперыўшы сівую галаву, ён быў змрочны, зацяты і страшны. Увечары вярнуўся з працы Піліп, дарослы, ужо запазнелы з жаніцьбай сын-камбайнёр, які па броні працаваў у МТС. Аб няшчасці ён здагадаўся, не распытваючы нікога, і таксама, не ска-
заўшы ні слова, гаротна прыткнуўся на ўслоне. Малодшы, семнаццацігадовы Грышка з’явіўся пазней за ўсіх, бо зранку вазіў здаваць у фонд абароны пшаніцу. Хлопец ужо дачуўся ў дарозе аб іхняй вялікай бядзе і, вячэраючы ля прыпеку, крыху пашморгаў носам ды так і заснуў, прысланіўшыся да астылай абшарпанай печы. Адна толькі старая хворая маці, не перастаючы, стагнала, вохкала, усхліпвала ў запеччы, упаўголаса выплакваючы матчына гора, і Ларывон насуперак сваёй завядзёнцы ні разу не крыкнуў на яе, не зазлаваў разумеў і маўчаў.
Калі густой ранішняй сінню азначыліся вокны, Ларывон пераставіў з месца на месца абутыя ў валёнкі старыя балючыя ногі, пакратаўся і цяжка ўзняўся. Пасля ён зірнуў на Піліпа, які ўсё нерухома сядзеў, аблакаціўшыся на стол, на прыціхлага, зморанага працай і горам Грышку, прыслухаўся да немачных уздыхаў за печчу і зразумеў, што маці не перажыве ўжо гэтага гора. Стары намацаў клямку звечара не зачыненых на засоўку дзвярэй, выйшаў на панадворак. Ранак выдаўся сцюдзёны, ціхі, пахла кізячным дымам, рыпаў калодзежны калаварот у суседзяў. На дварэ, у быльнягу ля плота і на стрэхах будынін ляжаў сівы пласт першага моцнага замаразку.
Вялікае гора тачыла сэрца старога. Канчала свой век жонка, да часу абарвалася жыццё першага, найбольш паважанага сына, перліся ў глыб рускай зямлі германскія войскі. Калючым клубком спавіліся ў старэчай душы спрадвечныя людскія беды і свае, і чужыя — і невядома было, якая мацнейшая, якая бліжэйшая ад усіх прыкра, балюча і самотна.
Над касматымі ад інею стрэхамі, праз голае голле вербаў паблісквала далёкая паска зары. Неба там святлела, ірдзела, налівалася ядранай свежасцю марознага восеньскага дня. Толькі яшчэ пачынаўся лістапад, а ўжо амаль кожную ноч да звонкай цвердзі закоўвалі зямлю немалыя марозы відаць, зіма збіралася ранняя і суровая. Ларывон павярнуўся ў другі канец вуліцы на небасхіле ляжаў густы чорны змрок туды адступала ноч.
Пагодная яснасць ранку надала старому рашучасці ў яго намеры, і ён патупаў у хату. Ад скрыпу дзвярэй і знаёмага тупацення ног заварушыліся Патапавы сыны. Ларывон, не ашчаджаючы цішыні, кінуў на лаўку рукавіцы і апусціўся на ўслон тварам у твар да Піліпа.
— Ну што, сын? са знарочыстай строгасцю сказаў стары. Цяпер ты?
Піліп адкінуўся ад стала, апусціўшы на лоб нерасчэсаныя пасмы валасоў. Ён зразумеў бацьку, бо абодва яны думалі аб адным.
Цяпер я,— адказаў ён і ўстаў, тужэй зацягваючы дзягу. Паснедаю і — у ваенкамат. Калі што — Грышка падменіць. Хлопец кемлівы, налаўчыўся за лета.
Піліпа ўзялі. Ларывон сам адвёз яго ў старшынёвым вазку на станцыю, пацалаваў у лоб і, не дачакаўшыся адпраўкі, паехаў назад. У брыгадзе патрэбны быў конь.
На прамёрзлую, бугрыстую, у каляінах дарогу, на бяскрайні стэпавы прастор з няўбранай кукурузай, на вялізны прасцяг незабуртаваных, у кучках буракоў клалася ранняя марозная зіма. Шэрае маркотнае неба ўсё церушыла і церушыла на дол дробныя калючыя сняжынкі. Апусціўшы хвасты, самотна сядзелі на тэлефонных слупах вароны. Ларывон патроху варушыў лейцамі і думаў.
Гадоў 25 назад гэтай самай дарогай на станцыю, на тую ж самую справу, што і сын, ішоў і ён, малады унтэр запасу. Гаманілі п’яныя мужыкі, плакала, ідучы поплеч, Мальвіна. Яна несла на плячы мужыкову катомку, а ён туліў да грудзей трохгадовага Ігнатку, які ўсё мацаў на яго галаве захаваны са службы картуз. Да самай станцыі ныла сэрца ад балючай самотнай ростані, горла душыў крыўдны камяк, але Ларывон трываў, зацяў у сабе гора і маўчаў. Пасля былі акопы, атакі, шрапнель, кроў, гразь і вошы. Лясныя беларускія прасторы Аўгустоў, Сувалкі, Ваўкавыск, гора бежанцаў, руіны гарадоў і жах германскай навалы. Узводны Патапаў ненавідзеў несправядлівасць, меў цвёрдую руку, быў люты да ворага святой лютасцю помсты, і праз паўгода палкавы камандзір прычапіў на яго
грудзі першы крыжык Георгія. Пісьмаў дамоў Ларывон не пісаў, сказаў Мальвіне: заб’юць начальства даведаміць. Жонку шкадаваў, глыбока схаваўшы тое нават ад самога сябе. У шаснаццатым надарыўся палон, а з ім доўгія гады пакут, здзекаў. Рэвалюцыя прынесла волю, потым — мір, які даў зямлю, і на ёй труднае, але людскае жыццё.
I вось зноў паўтарылася старое...
Шкада, што мінула столькі гадоў, што выветрыла жыццё яго чалавечыя сілы. Праўда, у новыя часы прыйшлі новыя людзі, павырасталі сыны, адстойваць радзіму — цяпер ужо іхняя справа. Вось толькі цяжка рабілася ў вёсцы: усюды няўпраўка, хоць разарвіся ў працы, а тут яшчэ жонка... Калі б хоць болей паліва, а то з калгаса не далі ні пуда саломы, а кізякоў толькі да новага года.
Дарога вілася доўгая, і перадумана было многа.
Калі ён прыехаў, упарадкаваў каня і датупаў дадому, настаў ужо вечар. У астылай хаце было па-нежылому сцюдзёна, пуста і самотна. Грышка на досвітку пайшоў дамаўляцца ў МТС, старая стагнала ў запеччы.
Ларывон адхукаў азяблыя рукі, адхінуў пасцілку, паглядзеў на жоўты, схуднелы твар жонкі. На момант у душы стала нечага крыўдна і балюча, чагосьці шкада. Але ён перасіліў сябе і сказаў сваім звычайным чуць сярдзітым тонам:
Ну, можа хочаш чаго?
— He, ужо ўсё, — слаба адгукнулася жонка і пакратала на падушцы захутанай у лахманы галавой. Ужо ўсё, Ларывонка.
Пасля памаўчала і дадала з папрокам:
Навошта Піліпку адправіў? He выпраўлялі ж яго, дзяржалі пакуль. Памру не пабачу абодвух сыночкаў...
Ён, відаць, не хацеў гаварыць пра гэта, адвярнуўся і выйшаў з запечча. Пастаяў, натапырыў бровы, бліснуў убок пацямнелымі строгімі вачыма, уздыхнуў.
— Нічога. Так трэба, старая...
Яно, можа, і так. Табе лепш ведаць... Толькі я ўжо памру...