Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
...Ачнуўся, калі з паўдзённага неба свяціла высокае сонца. Было ціха, між шархоткіх сцяблін трыснягу снавалі зялёныя стрэлкі, санліва плёскалі ля берага хвалі. Спалоханы цішынёй, я выскачыў з вады: у якіх пяці кроках ляжаў мой Алёшка — ляжаў нерухома, уткнуўшы твар у празрыстую мель узбярэжнай вады.
Здаецца, я зноў страціў прытомнасць...
Пасля, адубянелы ад холаду і мокры, я стаў на калені. Адарваўшы рукаў гімнасцёркі, прамыў сваё прастрэленае куляй плячо і, угледзеўшыся ў люстраную гладзь вады, знячэўку ахнуў. Мая васемнаццацігадовая нястрыжаная галава, нібы пацярушаная снегам, свяцілася разам з аблокамі дзікай недарэчнай сівізной...
1959 г.
«Цябе пакрыўдзілі?..»
Пасля смерці маці Люся пакінула восьмы клас, адступіла суседзям свой пакойчык і ўладкавалася нянькай да знаёмай настаўніцы Дзіны Васільеўны.
Кожнага дня зранку Дзіна Васільеўна, таропка сабраўшыся, бегла на аўтобусны прыпынак, а Люся апранала маленькіх Валерыка і Наташку і заставалася гаспадарыць, Яна прыбірала ў пакоях, мыла бялізну, купала дзяцей, рыхтавала сняданак, бегала з судкамі па абед у сталоўку. Памочнікаў у яе не было. Дзіна Васільеўна, прыйшоўшы пад вечар са школы, адразу садзілася за тоўстыя кіпы вучнёўскіх сшыткаў, якіх у яе ніколі не меншала, і ўсе хатнія справы па-ранейшаму ляжалі на Люсі. Ёй было цяжка ў шаснаццаць год несці на сабе ўвесь цяжар бясконцых хатніх клопатаў, ніхто не суцяшаў яе, асабліва не дзякаваў, але дзяўчына адчувала сваю неабходнасць у гэтым доме і старалася, як умела. Так яна і пражыла ў настаўніцы болей за два гады.
Але, відаць, так уладкаваны свет, што ўсё, што мае пачатак, мае і канец. Аднойчы позна ўвечары, калі паснулі дзеці, Дзіна Васільеўна паклікала Люсю з кухні. Люся дамывала посуд і так, у фартушку і з мокрымі рукамі, увайшла ў пакой. Настаўніца сядзела за круглым сталом над раскладзенымі паперамі, але не пісала, а, зябка хутаючыся ў пуховы шалік, задуменна пазірала перад сабой.
Люся спынілася ў парозе, думаючы, што гаспадыня штонебудзь скажа ёй наконт звычайных заўтрашніх спраў і яна пойдзе дамываць посуд. Аднак дзяўчына нечакана ўлавіла нейкую заклапочаную разгубленасць у змораных,
нясвежых пад вечар вачах гаспадыні, і яе сэрца ооязна варухнулася ў грудзях.
-	Ідзі сюды, Люся,неяк асабліва мякка паклікала Дзіна Васільеўна,Я табе хачу сказаць...
Яна нерашуча зірнула на няньку, агледзела свае худыя тонкія пальцы і змоўкла. Люся, аднак, стаяла ўсё ля дзвярэй — яна занадта добра ведала гаспадыню, каб не здагадацца, што яе, Люсю, напаткала нейкае другое пасля смерці маці няшчасце.
-	Знаеш, справа такая, ужо болей рашуча працягвала гаспадыня. Я надумала аддаць дзяцей у садзік... На лета гэта будзе якраз няблага... Тым больш — немалыя, падраслі ўжо... Я, канешне, шкадую вельмі, ну, але ты сама разумееш...
Люся зразумела ўсё, і нешта недарэчна крыўднае заварушылася ў яе пачуццях, стол і чырвоны абажур пакрывіліся ў вачах, яна патупілася ў падлогу і маўчала.
-	Ты прабач мне, Люся, адчуўшы яе збянтэжанасць, сказала гаспадыня, якая ўжо крыху ачуняла ад сваёй ніякаватасці. Ты прабач, я вельмі ўдзячна тебе за Валерыка і Наташку, ну але ўжо вось падраслі... Я цябе, вядома, не пакіну так... Месца табе ўжо падшукала, заўтра сходзіш, паглядзіш, там табе добра будзе...
...Увесь той вечар у Люсі было вельмі цяжка на душы. Гаспадыня ўжо суцішылася ў спальні, ціха спалі дзеці, a яна ўсё не гасіла святла на кухні і не сцяліла сабе пасцелі. Ей было да млоснасці шкада пакідаць гэтую адзінокую працавітую жанчыну, шкада расставацца з Валерыкам, асабліва з Наташкай, якая пасталела на яе руках і прывыкла да нянькі болей, чымся да маці. Але ў той жа час на сподзе душы варушылася незразумелая і непадуладная ёй крыўда, што вось стала непатрэбнай, лішняй, што яна — чужая.
Назаўтра была нядзеля. Гаспадыня спала даўжэй, чым у рабочыя дні, а Люся ўстала раненька. 3 неадольным трывожным сумам падняла яна з ложка Наташку, апранула яе і, пакуль на керагазе грэўся чайнік, роспачна туліла малую да сябе, цалавала яе сонныя вачаняты, і сэрца дзяўчыны балюча млела ў грудзях. А Наташка, зранку рвучы-
ся да забаў і цацак, матляла ў яе на руках сваімі босымі, цёплымі са сну ножкамі і, зусім не разумеючы гаротнага болю нянькі, балбатала сваё, дзіцячае, смяялася.
За шырокім акном кухні, якое выходзіла ў сад, паволі зачынаўся пагодны вясновы дзень — самы сумны дзень за апошнія гады Люсінага жыцця. Напеставаўшы Наташку, яна пасадзіла дзяўчынку да цацак, а сама ўзялася гатаваць сняданак. 3 думак усё не выходзіла самотнае прадчуванне ростані. Праз нятоўстую сцяну чуваць было, як тупацелі па лесвіцы крокі прахожых, і ў Люсі ўвесь час замірала сэрца, як толькі з калідора даносіўся які стук.
Той шматзначны стук, якога яна зранку чакала і баялася, прымусіў яе палахліва ўздрыгнуць. Знячэўку яна выпусціла з рук шчотку, якой падмятала ў калідоры падлогу, нерашуча замерла перад дзвярыма. Яна ўжо ведала, што гэта за ёю, і гатова была ўцячы ад гэтага цвёрдага, упэўненага грукату яна западозрыла ў ім нешта варожае і нязладнае. Але ўцякаць не было куды, а з пакоя ў адчыненых дзвярах паказалася ў сваім квяцістым халаціку Дзіна Васільеўна і Люся павярнула ключ.
Дыхнуўшы ў кватэру нябачным воблакам нейкіх вельмі салодкіх духоў, парог пераступіла поўная, немаладая ўжо кабета, з маладжавым дагледжаным тварам. Падцяўшы пульхныя нафарбаваныя вусны, яна кінула на Люсю кароткі, усё разумеючы погляд, з прывычнай ветлівасцю заўсміхалася, калі ўбачыла Дзіну Васільеўну.
-	Вось, Люся, пазнаёмся, гэта Маргарыта Яўгеньеўна. Яна хоча ўзяць цябе.
-	Так, так, — мякка пацвердзіла Маргарыта Яўгеньеўна, уважліва разглядаючы Люсю падфарбаванымі вачыма. У нас сям’я невялікая, малых няма, работы будзе нямнога. Галоўнае — уборка, ну там які сняданак, какава ды пакупкі. У мяне хворае сэрца, я не магу бегаць па магазінах, муж заняты, а Ігарок не вялікі памочнік маці: ведама, юнак, у яго свае інтарэсы.
Яна пазірала на Люсю, чакаючы згоды, а можа і адкрытай радасці ад яе паведамлення пра добрыя ўмовы. Але дзяўчына круціла гузік на сваім сарафане і маўчала.
Ну дык як, дзетка?— пасля паўзы запытала Маргарыта Яўгеньеўна. — Ты згодна?
Люся ўсё маўчала, хоць ведала, што трэба нешта сказаць. Але новая гаспадыня нечым адштурхоўвала. Можа таму, што сваёй напышлівасцю і яўна задаволеным выглядам зусім не падобна была на сціплую, ціхую і такую прывычную Дзіну Васільеўну...
Ну, яна згодна, толькі не кажа. Яна, ведаеце, гордая дзяўчына, — лагодна зазначыла Дзіна Васільеўна, і ад гэтага яе тону Люсі стала безнадзейна горка і сумна.
— Тады збірайся, дзетка, a то мяне чакае таксі. Я думаю, што ты не пашкадуеш...
Яна ўзнялася з крэсла, укормленая, у дарагіх панчохах, з бранзалетамі на ружовых запясцях. Люся, як толькі мела сілы, сціснулася, быццам каленам прытаптала ўсеабдымную роспач, і пайшла на кухню збіраць свой нямудры набытак. Яна павыцягвала ўсё з гаспадынінага чамаданчыка, якім карысталася, і, падумаўшы, завязала клункам у вялікую маміну шарсцяную хустку. Наташка ў новых сандаліках, прыбраная і святочная, тупала побач, усё шчабечучы неразумнае, а Валерка, нешта зразумеўшы, насупіўся і, стоячы ля дзвярэй, моўчкі назіраў за зборамі нянькі.
А чаму ты пойдзес да гэтай цёткі? запытаў ён.
Так трэба, Валерка, дрыгануўшым голасам адказала Люся.
А ты не ідзі да яе. Я цябе не пушчу...
Люся прыкусіла губу і маўчала.
— Я пайду скажу мамцы, каб яна прагнала яе.
I я пайду з табой, і я... — раптам зразумеўшы, што нянька кудысьці збіраецца, загаманіла і Наташка.
He, Наташачка, я цябе не вазьму, бо ўжо не буду болей з табою гуляць: ты пойдзеш у садзік,сказала Люся.
Ёй стала дужа шкада гэтай выпеставанай ёю дзяўчынкі, з якою толькі яна адна і ўмела ладзіць; падумалася, што ў садзіку дзяўчынку будуць крыўдзіць, і Люся не будзе ўжо мець да яе ніякага дачынення. Ад гэтай матчынай жаласлівасці ці яшчэ ад чаго яе вочы наліліся слязьмі, следам голасна заплакала і Наташка. На плач дачкі прыбегла
Дзіна Васільеўна, яна схапіла Наташу на рукі, але тая ўсё плакала і рвалася да нянькі.
Развітанне было пакутлівым і горкім.
Быццам у нейкім цягучым тумане, Люся пацалавала дзяцей, упершыню ў жыцці падала руку ўзрушанай Дзіне Васільеўне і сказала: «Не крыўдуйце, калі што...». I выйшаўшы за новай гаспадыняй, села ў «Пабеду»... Сабраўшы ўсе свае сілы, Люся намагалася стрымаць слёзы і таму не магла ні гаварыць, ні глядзець на Дзіну Васільеўну і дзяцей. Яна прыладзілася на заднім сядзенні і маўчала.
3 таго ўскраіннага квартала, дзе жыла Дзіна Васільеўна, машына выкаціла на цэнтральную гарадскую магістраль і шпарка шыбавала ў напрамку да цэнтра. Люся ніколі не ездзіла ў легкавой машыне і цяпер трошкі павесялела ад той асалоды, якую дае хуткая язда. Бы ў зыбцы, яна мерна пагойдвалася, на паваротах яе млосна хінула ўбок і прыемна круцілася ў галаве. Наперадзе, ля шафёра, з прывычным выразам уласнай важнасці сядзела яе новая гаспадыня.
На люднай шырокай вуліцы яны звярнулі ў пад’езд вялікага дома. У ладным, упарадкаваным двары з клумбамі і кустамі бэзу пад сценамі машына спынілася, і Маргарыта Яўгеньеўна нязграбна вылезла ў вузкаватыя для яе дзверы. Люся таксама пачала мацаць нейкія ручкі збоку, але дзверцы не слухаліся, і дзяўчыну мусіў выпусціць шафёр. Пасля яна дагнала гаспадыню, якая, ужо астудзіўшы прыветную ласкавасць у вачах, узнімалася па прыступках ганка.
— Вось наша кватэра, прыкмячай. Тут веранда, дзе мы п’ем чай. Дарэчы, трэба падвязаць галіны вінаграду — гэта ты ўвечары зробіш. Тут калідорчык, пярэдняя. Дываны і дарожкі будзеш выбіваць кожны ранак. Выбіваць будзеш вунь там, — паказала яна некуды ў кут двара. — Тут у нас ванная, тут гасціная.
Кватэра была вялікая і багатая. На блішчастай паркетнай падлозе ляжалі дарожкі і прыгожыя стракатыя дываны (прыбіраць будзе лёгка, міжвольна зазначыла Люся), у гасцінай стаяла дарагая канапа і два мяккія крэслы, са сцен хіліліся нейкія цёмныя карціны ў тоўстых пазалочаных рамах. У пакоі на кожным кроку стаялі нейкія столікі
і шафкі, на якіх, бы ў музеі, блішчэлі фарфоравыя і медныя фігуркі людзей і звяроў... Дзяўчына аж здзівілася, колькі тут было іх, і падумала: «Вось бы сюды Наташку столькі цацак!». Яна спынілася ў парозе, разглядаючы багатае ўбранства кватэры, а Маргарыта Яўгеньеўна кінула на канапу плашч, спіхнула нагой з нагі басаножкі і стомлена расселася ў крэсле.