Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Урэшце, не могучы зносіць невядомасці і чакання, тэлефаніст паклаў на салому трубку і выскачыў з бліндажа. У якім кіламетры на ўзараным касагоры пыхкалі і пыхкалі зусім неяк нястрашныя здалёку кусцістыя выбухі мін. Увесь схіл пагорка быў падзёўбаны іх чорнымі, падобнымі адна на адну плямамі, і сярод іх Пятрашкін убачыў маленькага ўдалечыні, неяк дзіўна павольнага і мізэрнага капітана Полазава. Ён, відаць, знайшоў канцы перабітага кабеля і, схіліўшыся, з усяе сілы сцягваў іх з пагорка, далей ад гэтага няспыннага скоку смерці. Наперадзе, ззаду і з бакоў афіцэра ўсё пырскалі, бы прарываліся з-пад зямлі, выбухі мін, а ён, не зважаючы на гэта, рабіў сваю справу. Пятрашкін, гледзячы на яго ў той час, чамусьці не адчуваў ужо страху за сваё жыццё яго апанавала прагнае, неспатольнае жаданне, каб хоць як-небудзь абмінула афіцэра бяда, дала зрабіць тое, што цяпер было важней за жыццё чалавека.
Але, відаць, немагчыма было доўга ўцалець у гэтай віхуры выбухаў, і неўзабаве тое непазбежнае спасцігла і капітана. Ужо амаль у самым нізе пагорка пырснуў і затуліў чалавека шырокі, клубчасты куст выбуху. Пятрашкін схаладзеў увесь і некалькі бясконцых секунд чакаў, пакуль асядзе пыл і зямля, і тады на краі новае чорнай плямы паказалася нешта жахлівае, што засталося ад начальніка сувязі.
У тое імгненне тэлефаніст адчуў, што настала і яго чарга. «Волга» ў камутатары злучана з «Клёнам», калі адновіцца лінія, яны адразу звяжуцца, а калі не... калі не, дык і ён тут усё роўна ўжо не будзе патрэбны. Натхнёны магутнай сілай яшчэ не выкананага загаду, ён абапёрся рукамі на бруствер і скочыў угору.
I тады ў бліндажы настойліва і гучна зазваніў апарат.
He адразу нават уцяміўшы, што здарылася, павіснуўшы жыватом на краі траншэі, Пятрашкін нейкі час нерухома слухаў залівісты выклік і потым кінуўся да камутатара.
«Рэзеда», «Рэзеда», як чутна?.. Дзе вы там прапалі?.. Гаворыць «Клён»...
Тэлефаніст зразумеў, што гэта выратаванне, і амаль фізічна адчуў, як упала з яго душы палова вялізнага гора. Шчыльна сцяўшы дрыготкія вусны, ён таропка злучыўся з «Волгай» і пасля, крыху перасіліўшы сябе, закрычаў у запацелую ля рота трубку:
«Волга», «Волга»... перадайце дваццаць першаму, іх загад выканан... Сувязь ёсць! Ёсць сувязь! Гаварыце з «Клёнам»... Што? Начальнік сувязі?.. Няма ўжо начальніка сувязі... Няма нікога... Гаварыце з «Клёнам»...
1958 г.
На сцяжыне жыцця
Дзверы былі старыя, высокія і цяжкія. Адчыніўшыся нават на вузенькую шчылінку, яны незадаволена, спаважна рыпелі: «хр-р-р-р-ы-іп» — быццам пратэставалі супраць парушэння іх старэчага лянотнага спакою. Фрузына некалі змазвала іх адмысловыя паржавелыя завесы, але дзверы, счакаўшы дзень-другі, зноў упарта пачыналі свой надакучлівы хрып. I яна спакваля прывыкла да гэтага іх голасу, таксама, як і да выгінастых медных ручак-поручняў, за якія было няспрытна брацца, як і да сваіх нескладаных абавязкаў вахцёркі. Дый дзіва было не прывыкнуць, калі мінуў ужо шосты год, як упершыню села яна за невысокай фанернай перагародкай у куце ля дзвюх доўгіх вешалак ды толькі і ведала глядзець, каб хто не вынес з будынка які ўстаноўскі набытак.
Два разы ў дзень уранку і ўвечары — таропка тупаючы па прыступках на ганку і ў вестыбюлі, адзін за адным яе міналі супрацоўнікі ўстановы занятыя справамі, заклапочаныя, сур’ёзныя людзі. Яна ведала ўсіх і, нават заплюшчыўшы вочы, магла ўгадаць кожнага па яго кроках, па тым, як ён адчыняў ці зачыняў дзверы або ішоў па лесвіцы. З’яўленне дырэктара Івана Кузьміча Фрузына пазнавала па яго аўтамабілю, які заўсёды раптоўна паяўляўся за акном насупроць установы. Яна чула кароткі пошчак дзверцаў машыны, а затым праз нейкі час з працяжным асаблівым скрыпам адчыняліся вялікія дзверы і ўваходзіў ён. Ён быў вялізны, тоўсты і надзьмуты з твару, яго вельмі паважалі ўсе, а Фрузына баялася і таму першая казала «дзень добры». Іван Кузьміч чамусьці заўсёды незадаволена падціскаў ніжнюю губу і толькі адным ледзь прыкметным рухам правага брыва адказваў на яе прывітанне.
Пяць год узапар па два разы ў дзень Фрузына бачыла яго толькі такім, інакшым яго не ўяўляла ён быў для яе загадкавы і далёкі.
Гэткім жа далёкім і незразумелым быў яшчэ таварыш Петрачэнкаў — вельмі худы, жоўты і надзвычай старанна апрануты чалавек. Фрузыне часам здавалася, што, апроч як выстаўляць напаказ свае адмысловай прыгажосці гарнітуры, паліто і паўпальткі, ён не меў інакшых абавязкаў у жыцці. Паводзячы сюды-туды маленькай лабастай галавою, Петрачэнкаў праз тоўстыя шкельцы акуляраў усё аглядаў свае плечы, рукавы, грудзі і тонкімі худымі пальцамі страсаў нябачныя парушынкі. Заўсёды ён быў заняты сабою, болей амаль нікога не прыкмячаў і рэдка калі вітаўся з Фрузынай.
Жанчын ва ўстанове працавала нямнога, і сярод іх самай прыкметнай была Нонка, маладая жонка немаладога і несімпатычнага намесніка дырэктара Дубчанкі. Зранку, калі пачыналі рыпаць дзверы, яна чутна была яшчэ здалёк, яшчэ з вуліцы, калі, дробна тупаючы абцасікамі па шматлікіх прыступках, узбягала на ганак. Маладзіца ўмела спрытна шмыгнуць у дзверы, здаецца, амаль не расчыняючы іх, заўсёды спазнялася, заўсёды спяшалася, але ніколі не прамінала ветліва ўсміхнуцца вахцёрцы. Фрузына з прытоеным замілаваннем глядзела ўслед: Нонка падабалася ёй, падабалася, як малодшая сястра, як прывабная і недасяжная жаночая прыгажосць.
Яшчэ нешта прыхільнае ў сэрцы вахцёркі было да інжынера Шаўрова простага, вясёлага і гаваркога чалавека. Зранку ў гэтым вестыбюлі ён звычайна з’яўляўся першы, бо жыў тут недалёка, за рагом ля аўтобуснага прыпынку. Па-гаспадарску прыстукнуўшы дзвярыма і выціраючы аб дарожку падэшвы, ён жартоўна кідаў жанчыне:
Прывет, Фруза! Як жысць маладая?
Яна стрымана ўсміхалася, сарамліва, па-дзявочы азірала яго паўнаватую, у шэрым гарнітуры, постаць і апускала вочы. Здавалася Фрузыне, што інжынер бачыў у ёй нешта патаемнае, захаванае, у чым яна неахвотна прызнавалася нават самой сабе, і ад таго ёй рабілася няёмка.
He смуткуй вельмі не бяда. Вось падшукаем табе жаніха, адгрукаем вяселле, і будзеш жыць-пажываць ды дзяцей нажываць,казаў ён, узбягаючы па прыступках, азіраючыся і заўзята смеючыся шэрымі жвавымі вачыма.
Фрузына апускала вочы, разгладжвала на каленях спадніцу, а потым уздыхала і доўга пазірала ў акно.
Яна была адзінокая, працавітая жанчына, што не зведала ні ласкі, ні якой блізкай чалавечай спагады ў жыцці. Адзінай даступнай для яе радасцю была радасць працы. Яна працавала з маленства, як толькі пачала памятаць сябе, а можа, нават і раней. Няньчыла братоў і сястрычак, пасвіла жывёлу, пасля жала, касіла, арала, секла дровы. У маладосці яна магла падняць шасціпудовы мех збожжа, усцягнуць на зруб бервяно, забратаць бадлівага быка. Праца зрабіла яе моцнай, каржакаватай, засцерагала ад хворасці, загартавала да нягодаў жыцця, але жаночай прывабнасці, таго нечага патрэбнага і незаменнага, што вабіць мужчын, у яе, відаць, не было. Міналі гады, яе сяброўкі павыходзілі замуж, мелі дзяцей, а яна ўсё заставалася ў дзеўках і пакрысе старэла.
Адзінокае жыццё прывучыла яе многа думаць, пільна прыглядацца да людскіх адносін і спраў. Часта ёй здавалася, што людзі бываюць несправядлівыя да саміх сябе, не цэняць, не бачаць тое вялікае ў жыцці, што так цаніла і чаго доўгія гады прагнула яна.
3 ёй разам працавала вахцёркай Драздова сярдзітая, знерваваная, абсыпаная дзецьмі нестарая яшчэ кабета. Заўжды яна была незадаволеная, раздражнёная, лаяла ўвесь свет і асабліва свайго мужа Арцёма, маўклівага падатлівага цесляра з будтрэста. Зрэшты, гэтак жа груба ставілася яна і да дзяцей — усё крычала і скардзілася, што гэтая сям’я спарахніла яе маладосць. Фрузына, бываючы часам ва ўстанове ў яе дзяжурства, моўчкі без спачування слухала яе нараканні на шматлікія турботы жыцця і думала, што гэтая жанчына проста не бачыць свайго вялікага неацэннага шчасця. Нават маленькая частачка з таго, што гэтак дапякала Драздовай, магла б ашчаслівіць Фрузыну. Яна ніколі не лаяла б мужа за тое, што той з палучкі прапіў з
таварышамі якую дзесятку, што ён шмат курыць ці часам запозніцца з працы. Яна не сварылася б на дзяцей, маленькіх пяці-сямігадовых карапузаў, калі тыя, несучы маці на працу сняданак, зазяваюцца на вуліцах і астудзяць ежу. Яна вельмі б даражыла гэтым ціхім маленькім шчасцем, калі б толькі яно было ў яе. Але ішлі гады, і ніхто яшчэ не сказаў ёй ніводнага слова пяшчоты, усе былі заняты сваімі справамі, сем’ямі, і радасць толькі мроілася ў яе далёкіх, недасяжных марах.
Яна часта казала людзям і самой сабе: кожнаму сваё, што каму на раду напісана, таго не мінеш. I яна пакрысе прывыкла да адзінокага лёсу немаладой бабылкі, цешыла сябе людскім шчасцем, радавалася чужой радасцю і бедавала з чужых бедаў. Свайго ні добрага, ні благога, ні асаблівых трывог — у яе не было.
Так яна пражыла б да канца сваіх дзён, каб не тыя акалічнасці лёсу, што нарыхтавалі нечаканы паварот на яе сцяжыне жыцця.
Аднойчы ўжо глыбокай снежнай зімою, седзячы ля тых вялікіх дзвярэй, яна запрыкмеціла, як у адным месцы рассохліся старыя філёнкі, утварылася шчыліна, у якую прадзімае вецер. Жанчына прыбрала з прыпола клубок з недавязанай рукавіцай і праз чорны ход пад лесвіцай выйшла на панадворак. Тут быў гараж, у вялізных адчыненых варотах стаялі машыны, і Фрузына хацела ўбачыць каго са знаёмых шафёраў, каб папрасіць пакулля.
Аднак знаёмых нідзе не было. Параскіданыя ля гаража на ўтаптаным, заплямленым снезе валяліся цяжкія скаты, скрынкі, бочкі. Гарластая шафёрская братва падалася, відаць, у сталоўку, толькі ў апошніх дзвярах чуўся бразгат жалеза. Схаваўшы ў кішэнькі ватоўкі астылыя на марозе рукі, Фрузына нясмела падышла да гэтых дзвярэй і спынілася. У машыне з задраным угору капотам, перагнуўшыся цераз радыятар, калупаўся незнаёмы, нядаўна прыняты на працу шафёр, і яна звярнулася да яго з нясмелай сваёй просьбай.
Шафёр не адразу адказаў ёй, спярша прыкруціў у маторы нейкую трубку, пасля выпрастаўся, узняў да яе не-
малады ўжо, не дужа часта голены, замурзаны твар, выцер ватнім рукавом успацелы лоб і спытаўся:
Гэта куды? А, да дзвярэй. А што, некаму паправіць? А заўхоз дзе?
Ён казаў гэта грубавата, як чалавек, якому замінаюць, у якога безліч сваіх пільных спраў, і яна ўжо пашкадавала, што звярнулася да гэтага малазнаёмага шафёра. Але затым ён саскочыў з высокага буфера, узяў нешта ў кабіне і, упэўнена ступаючы шырокімі падэшвамі падшытых валёнак, накіраваўся ў будынак.