Раяль з адламаным вечкам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 526с.
Мінск 2016
раптам тузануўся і стаў — зачапіўся задняю воссю за рог плота. На частаколіне заварушылася даёнка, і з перапуду, махнуўшы голымі крыллямі, ад карыта адскочылі цыбатыя кураняты.
— Ці не стары Кароль Нябожа прыехаў? — спытала чарнявая маладзіца, не азіраючыся на хату.
— Дзе? — Бабы пасхопліваліся з ложка і павіслі перад акном адна адной на плечы.
— Hoc у яго велькі, дальбог, пачуў гарэлку,— сказала некаторая з тых, што глядзелі праз другое акно.
— Гэты нос і так ужо набраўся.
Конь пацягнуўся да травы, і на вочы яму пасыпалася скалмачаная, у шышках ад дзядоўніку, грыва. Зноў затрашчаў плот.
— Дальбог, загарадзь паломіць! — забедавала вялікая бялявая гаспадыня, кінулася ў сені і не зачыніла за сабою дзверы.
Счакаўшы, за ёю выбеглі ўсе. Узяўшыся за цуглі, бялявая заварочвала каня: воз крута вярнуўся набок, аб драбінку шоргала пярэдняе кола.
— Назад, назад трохі дай,— крычалі ад парога бабы,— бо, дальбог, выкінецца чалавек з воза.— I беглі брацца за дышаль, каб адцягнуць воз назад.
— Авой, гэта ж ён нежывы! — крыкнула адна і адскочыла ад воза.
Разапрэлыя бабы раптам звялі, працверазелі і сціхлі. На возе ў палукашку, прутка выцягнуўшы ногі, ляжаў з адкрытымі невідушчымі вачыма сухі і скамянелы ў твары Кароль Нябожа. Шапка ў яго з’ехала — вецер перабіраў сівыя валасы...
* * *
Караля ў той дзень бачылі ў мястэчку: было гэта пад дванаццаць — ён стаяў з возам каля пераезда. Мільгаючы зялёнымі вагонамі, прайшоў прыгарадны цягнік, але шлагбаума яшчэ не падымалі.
— To адчыняй, чаго стаяцьму! — крыкнуў з воза Кароль. Ён сядзеў на анучах, натрамбаваных пад самыя драбінкі; яго востры і загнуты да губы нос глядзеў з-пад салявога мяшка, насунутага на самыя вочы: разышоўся той самы дождж, што рабаціў гладкае каменне на шашы і крапіў палеглую ад пылу траву ў канаве.
«Пераездчык>> усміхнуўся, не адкрываючы, а толькі расцягваючы губы, заткнуў за халяву скручаны жоўты флажок і пайшоў паднімаць шлагбаум; на канце брыля ў яго дрыжалі дажджавыя кроплі.
Недзе на станцыі аціхаў цягніковы шум, а тут, на пераездзе, яшчэ ляскалі мокрыя рэйкі. За чорным насмаленым дахам доўгага склада вяла ўставаў густы, хоць ты па ім качайся, белы дым. А тут пырскаў, шапацеў, як што шукаў, дождж. Блішчала мокрая бляшаная страха на пераезднай будцы. Цвіў зялёным лішаём на другі бок чыгункі нізкі плот.
Кароль думаў, што вот мокнуць анучы і, можа, прыйдзецца варочацца дадому і што вот круціць — абы дождж — руку, а ён ад самае зімы ніяк не збярэцца да доктара.
— Эй, чаго заснуў! — ляпнуў дзвярыма «пераездчык» і схаваўся ў будцы.
Кароль тузануў за слізкія лейцы, конь уздрыгнуў мокраю скураю, натужыўся і пайшоў. На пераездзе падкінула і пачало трасці воз.
Мястэчка было мокрае, соннае: па гонце на стрэхах, па цёмным бэзе ў гародчыках холадна расіў дождж. Нізкія прысадзістыя яблыні хавалі ў сваім лісці дробныя, з курачае яйцо, яблыкі. За рогам высокага плота востра трашчаў і раптам глух нядужы матацыкл: там была аўтобусная станцыя — конь завярнуў туды; ён ведаў дарогу сам. Тут ціханька мок пусты, з адчыненымі дзверцамі аўтобус, а бабы сядзелі пад навесам і чакалі «свайго».
Прыпёршыся да слупка, стаяў мужчына з перавязаным вокам, на хустцы цямнела, запёкшыся, кроў.
— Ці не Восіп? — Кароль адхіліў ад вачэй салявы мяшок і пазнаў з свае вёскі колішняга брыгадзіра,— Хто ж гэта цябе так?
— Хто ж, як не свой! Швагер вунь...— Чалавек падняў галаву.— У бальніцу іду, хай спраўку дадуць.
— Ага...— Кароль скіраваў у вулачку між глухою сцяной хаты і драцяною загараддзю ў дзве столкі. За ёю ўжо цвіла ліловым, як вылінялым, цветам ранняя картопля.— Б’юць? А табе і не вадзіць. Думаў — век будзеш цараваць? Прыйшло і на цябе...— Кароль ужо гаварыў сам сабе.
Колы шоргалі па пяску, ён браўся на шыны і адвальваўся ў каляіны сырым цестам.
За картоплямі, за драцяною загараддзю на голым дворышчы шэрхлі на дажджы козы: у аднае на шыі целяпалася качалка. Каза паднімала абедзве нагі разам і скакала да калючага дроту, у картоплі.
— Куды цябе нясе? — крыкнула і адлучылася ад шэрае сцяны блізкае хаты босая кабета без хусткі.
Кароль пазнаў дурнаватую Бортнікаву дачку — вярнулася хворая з Нямеччыны, так і не выздаравела. Бортнік памёр нагле на згоне зімы. Кароль так і застаўся вінен яму тры рублі — пазычыў яшчэ восенню.
— Тпру! — Кароль прыпыніўся і пачаў абмацваць на грудзях кішэньку — там меліся быць грошы.— «Трэба аддаць, аддаць хоць ёй. Чужога не спажывеш».
Прыпынілася і маладзіца. Яна была ў адной сукенцы на голае цела. У белых, роўных, як пруткі, валасах сядзеў грэбень. У руцэ яна трымала сукаваты, з сухое грушы, кіёк.
— Як жа цябе зваць? — абедзвюма рукамі Кароль зняў з галавы мяшок. За шыю пачаў церусіць халодны дождж.
— А ты не ведаеш, ці што? — Маладзіца калупала сукаватым кійком пясок.
— Ведаю, таму і хачу аддаць табе грошы. Некалі быў пазычыў у бацькі.— Кароль разгладжваў скамечаныя паперкі.
Маладзіца глянула спадылба і не падняла галавы.
— Мяне не вельмі купіш...
I пайшла, ступаючы шырока, па-мужчынску, і б’ючы грушавым кійком па калючым дроце: дрот звінеў, з яго пырскала вада.
— Но-о, каб на цябе воўк! — Кароль махнуў рукою, прыпаднімаючыся і шукаючы пад сабою пугу.— Вот зачапі такую. Но-о-о!
Кароль круціў над галавою лейцы. Конь туліў вушы, адварочваўся ад дажджу. Кароль скіраваў на цвёрдую, уезджаную машынамі вуліцу — яна спадала ў лагчынку, і конь пабег сам — напіралі калёсы.
Радзеў, перасціхаючы, дождж. На нечым коміне асіпла ад крыку мокрая варона. Кароль пазнаў страху Красоцкага — загадчыка базы «Утыльсыравіны». За абвіслаю на плот чарэшняю жаўцела шалёўкаю сухая з гэтага боку сцяна.
Кароль тузануў лейчыну — конь скіраваў на масток з круглякоў цераз канаву і стаў, упёршыся ў высокую з дошак браму. У двары гаўкнуў і зазвінеў дротам сабака. Кароль ссунуўся з воза, закруціў лейцы за шула і, прыгнуўшыся, знік за вузкімі веснікамі.
Сярод двара ў цабэрку з двума вушкамі мок фікус. У паліваную місу каля ганка цурком лілася са страхі вада. Сабака кінуўся з-пад буды, павіс на караткаватым ланцузе і захроп ад злосці — нашыйнік пераціскаў яму горла.
— I табе не брыдка? — Кароль патрос стусінавым пужальнем.— Жучок...
Сабака закруціўся на ланцугу, нехаця завіляў хвастом і пашыўся ў буду — аб дошкі за ім загрукацеў ланцуг.
У акне, што было на кухні, паказаўся кабецін твар і знік: Кароль убачыў жонку Красоцкага. Пашоргаў чаравікамі па драбінках, што ляжалі перад ганкам, і знарок загрукаў перад дзвярыма, каб было чутно ў хаце.
— Во, дзядзька Кароль прыехаў! — Прачыніўшы дзверы, кабета дзяржала адною рукою за клямку, другою трымала сабраныя за патыліцу валасы — ці не збіралася іх мыць. Рукі ў яе былі голыя аж да плячэй.
— To ідзіце ж у хату.— Кабета зняла з клямкі голую руку і пастаранілася.
— He... Я тут з канём. Прывёз дабро. А дзе гаспадар? — спытаў Кароль, не заходзячы ў сенцы.
— Спіць. Улёгся, і каторая пара.
— Ат, такое бяды. To, можа, вы адамкняце хлеў? — спытаў Кароль, так і не пераступіўшы цераз парог. Рагі яго фуфайкі набрынялі вадою. Пад нагамі ўжо збіралася лужына.
— Чаму ж не, толькі акрыюся,— сказала яна і мільганулася за сцяну, недзе да вешалкі.
Ён пайшоў адчыняць браму.
— Хаця ж не едзьце — фікус возьдзека.
Ён зняў з прабоя зашчапіцу і аглянуўся на яе голас. Яна ўжо спускалася з ганка: у мужчынскім пінжаку з падкаснымі рукавамі, у белай хустцы, што гладка ляжала на галаве, завязаная недзе аж на патыліцы пад валасамі.
— Пачакайце, ці ж адна падымеце — гэтакі ценжар,— сказаў ён і тузануў да сябе дзверы — адчыніў браму.
Яна чакала яго: падвязвала, каб, мусіць, не раскалоўся, фікус. Сукня на ёй падцягнулася вышэй каленяў. Ён падышоў, пільна ўзіраючыся на яе яшчэ пруткія, цвёрдыя ногі, белыя пад каленьмі. Яму заўсёды падавалася, што яна была кругом як тая бежанка, хіба трохі нізшая.
Бежанку тую ён меў даўно, у другое ці першае лета пасля вайны. Была яна тады адных год з цяперашняю маладзіцаю — бралася пад сорак, была дзябёлая, толькі паўнейшая ў твары, вузшая ў клубах, такая ж русавая, і надта ж белае цела — можа, як і гэта.
Ён узяўся за другое вушка ў цабэрку з фікусам і адвярнуўся, каб не глядзець ёй у вочы: саромеўся, што пачало думацца старому пра ўсё брыдкае і маладое.
Яны маўчком панеслі фікус пад хату. На іх лілося са страхі, густа, як праз рэшата цэд, але дождж перасціх. На ясным небе за хлявом востра паднімала цёмны вяршок маладая высокая груша.
Mica каля ганка была поўная, як вока, кругом яе ўжо стаяла лужына, жоўтая, нібы з попелу луг, і ў пене. Маладзіца абмінула лужыну і пайшла да хлява, слізгаючыся па раскіслай гразі. Сабака высунуўся з будкі і скочыў лапамі ёй на ногі. Яна крыкнула на яго, адмахнуўшыся рукою,— на лытцы ў яе чарнела пісягаю гразь.
У адчынены хлеў Кароль уехаў з калясьмі. Пахла свежым гноем; у загарадзі рохкаў белы доўгі япрук і шоргаў спіною аб сцяну.
— Нябось, добрая скварка,— сказаў Кароль і павесіў торбу з сенам каню на шыю.
— Леташні быў, як лось, а гэты закажанеў, нічагутка не есць.— Маладзіца падняла з тока астаткі зелля, урэзанага картапляніку і макрыцы, і кінула за загарадзь.
Кароль згроб з воза мокрыя анучы і растрос па таку ў пустой старане, дзе ляжаў яго палукашак — пакінуў некаторы раз,— і сказаў:
— Гадаваў бо і я, але хто карміцьме?
— Узялі б якую, ці ж мала?
— He ў маіх ужо гадох,— Ён падышоў да воза і набраў бярэма ануч.— А быў панаравіў адну,— Ён ізноў падумаў пра бежанку.
— А кажаце — стары...
— He цяперака, а як бежанцы ехалі ў першы год пасля вайны,— сказаў ён ужо каля сцяны, дзе горбаю кінуў анучы. Вярнуўся да воза і сказаў яшчэ:— Маладая была, не раўнуючы, як вы цяпер,— і ўкалоў вачыма.
Маладзіца пачырванела і схавалася за каня — сышла з яго вачэй.
— I чаму ж, дзядзька...
— Дзеці асталіся тамака.
— Скуль жа яна?
— Недзе з-пад Варонежа, з сяла Ганны, казала.
— I многа дзяцей?
— Трое, казала.
— Удава хіба?
— Чаму ж? He.— Ён прынес і ўклаў у воз лазовы палукашак.— Інвалід толькі.— I яму прыпомнілася, што бежанчын, казала, прыйшоў з вайны без абедзвюх рук.— Трудна ёй прыйшлося, ой, як трудна,— сказаў Кароль і пайшоў знімаць з каня торбу. Завязаў яе і кінуў у палукашак, каб было мякчэй сядзець у возе,— Аб’ездзіў паўсвету, а назбіраў во — гляньце — жменю,— ён паказаў на анучы і ўзяў каня за